Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ЦУД СВЯТОГА ЮЗАФА

П’еса

з Паўднёвай Амерыкі

 

Каля 16 дзейных асобаў:

святы Юзаф; Марыя, маладая жанчына; Ніколас, малады сталяр; Себасцьян, вулічны музыкант; донна Крыстына; Разіта, служанка; Бальтазар, антыквар; Чэпэ, гаспадар гатэля; Эліза, афіцыянтка; Маціяс, салдат; Тобіяс, салдат; Антоніо, жабрак; Марыо, яго ўнук; гандляр гароднінай і садавінай; хатнія гаспадыні; госці гатэля.

(Месца дзеяння: маленькі паўднёваамерыканскі гарадок Сан Жазэ. Сцэна ці пляцоўка нагадвае кірмашовую плошчу.
У цэнтры на п’едэстале стаіць святы Юзаф з вянцом — арэолам святасці — і лілеяй. Злева і справа ад статуі — сяляне
і сялянкі каля сваіх кірмашовых прылаўкаў, скрыняў ці тачанкаў пад парасонамі. Яны прадаюць гародніну і садавіну. На левым краі сцэны, збоку гледачоў, відаць заезд Чэпэ са столікам
і табурэткамі, на правым краі сцэны
— сад, абгароджаны кветнікам, вароты і дом донны Крыстыны. Перад агароджай ся­дзяць Антоніо з маленькім Марыо і просяць міласціну.
Перад заездам Эліза абслугоўвае двух салдатаў і анты­квара Бальтазара. Людзі ходзяць уздоўж кірмашовых прылаўкаў, спыняюцца, нешта купляюць. Вулічны музыкант
Себасцьян прыязджае на сваім веласіпедзе. Людзі на кірмашы сардэчна вітаюць яго. У Себасцьяна цераз плячо вісіць гітара. Ён спыняецца, прыхіляе веласіпед да п’едэстала статуі, складвае сваё понча, як падушку, сядае каля падножжа святога Юзафа і пачынае брынкаць на гітары.)

Людзі на кірмашы. Песню, Себасцьян, заспявай нам песню!

Себасцьян. Спачатку крыху перадыхну!

Бальтазар. Гэй, Эліза! Яшчэ адзін круг — за мой кошт!

(Эліза прыносіць збан і налівае ўсім траім.)

Маціяс і Тобіяс. За тваё здароўе, Бальтазар!.. За тваю справу!

Бальтазар. За вашага генерала! (Яны стукаюцца чаркамі.)

Маціяс і Тобіяс. За ўсіх прыгожых дзяўчат!

Бальтазар. За вашу перамогу над паўстанцамі!

Тобіяс. Пятнаццаць з іх мы ўжо ўчора вылавілі! У іх не было ніякага шанцу!

Маціяс. Было мора крыві. Яны былі слаба ўзброеныя і вельмі маладыя... Брудная гэта работа!

Бальтазар. Тост! Каб вы павыганялі ўсіх паўстанцаў з іх мышыных нораў! Тады вы будзеце
ў маёй краме ўжо непатрэбныя! Тут не патрэбны салдаты — хіба што ў якасці пакупнікоў! Тост!

Антоніо (адначасова). Падайце што-небудзь!.. Давай, Марыо, пачынай хныкаць!

Марыо. Падайце міласціну!.. Хоць акрайчык хлеба!.. Яны сёння зноў глухія, дзядуля!

(Донна Крыстына ў суправаджэнні сваёй служан­кі, якая нясе два кошыкі, выходзіць з варотаў саду. Яна злуецца, убачыўшы жабракоў.)

Донна Крыстына. Ты толькі паглядзі на гэта, Разіта! Вось ужо новы зброд перад маім домам!

Разіта. Але, донна Крыстына, гэта ж толькі стары Антоніо!

Донна Крыстына. Няхай ён жабруе ў якім-небудзь іншым месцы!.. Заўсёды адны і тыя ж пры­красці з людзьмі! Спадзяюся толькі, што цыстэрна для вады ў паўднёвым квартале зноў функцыянуе. Інакш зноў усе, якія толькі можна, шэльмы
і жабракі будуць цягацца да мяне па ваду!.. Але скажу табе, Разіта! Я больш ніводнага не пушчу ў свой сад! Яны мне растапталі кветкі вакол калодзежа толькі з-за сваёй смагі! Мой муж паскардзіўся ўладам! Няхай спыняць гэтую нядбайнасць і належна забяспечваюць вадою, каб не абцяжарваць прыстойных людзей... Прагані адсюль гэтага жабрака!

Разіта (ціха да Антоніо). Мая донна ў дрэнным настроі! Антоніо, перасядзь у якое-небудзь іншае месца! Інакш яна пакліча паліцыю!

(Антоніо адыходзіць разам з Марыо да статуі і сядае там.)

Марыо. Але гэта няўдалае месца для нас, так, дзядуля?

Антоніо. Таму мы павінны крычаць мацней! Падайце што-небудзь!

Марыо. Прашу, падайце міласціну!

(Донна Крыстына разглядвае тавар на кірмашы і купляе неабходнае. Разіта нясе ў кошыку садавіну.)

Себасцьян (падыходзіць з гітарай да стала і грае).

Кветкі ў садзе донны Крыстыны

доўга вады чакаць не павінны,

вады там хапае,

у збан яна шпарка сцякае...

тра-ля-ля, ля-ля...

А дзеці на ўскраіне горада,

не маюць ні студні, ані крынічкі,

слухмяна чакаюць вады

і вучацца смагу цярпець...

тра-ля-ля, ля-ля!

(Простыя людзі ўхваляюць песню, донна Крыстына ігнаруе гэтае выступленне.)

Бальтазар. Стрымай свой брыдкі язык, Себасцьян. Гэтая дама — мая лепшая пакупніца, у яе выключны густ на прыгожыя старыя карціны і дарагую мэблю... Не крыўдзі яе!.. Заспявай якую-небудзь іншую песню!

Чэпэ (налівае Себасцьяну шклянку). Выпі ды заспявай нам песню пра святога Юзафа!

Донна Крыстына (адначасова). Вось, Разіта, падай гэтую манету дзіцяці, што жабруе каля статуі. Няхай людзі не думаюць, што я не люблю дзяцей. Гэта няпраўда...

Разіта (да Марыо). Вось табе... ад маёй донны.

Марыо. Дзякуй, донна Крыстына!

(Ніколас, малады сталяр, выходзіць на сцэну з правага боку і чакае перад варотамі ў сад.)

Разіта. Донна Крыстына, прыйшоў сталяр, якога вы выклікалі.

Донна Крыстына. Добра, добра, няхай ён адразу пакажа мне свае эскізы. (Паварочваецца направа.)

Ніколас. Добрай раніцы, донна Крыстына.

Гандляры (да Себасцьяна). Заспявай нам песню пра святога Юзафа!

Разіта (спрабуе затрымаць сваю донну). Ці не жадаеце і Вы паслухаць, донна?

(Донна крыху паварочваецца, слухае, Ніколас і Разі­та пры­слухоўваюцца з цікавасцю.)

Себасцьян (пяе пад гітару).

Калісьці, вельмі даўно,

прыйшоў адзін чалавек у Сан Жазэ,

ён страшэнна стаміўся ад доўгай дарогі,

а страўнік бурчэў у яго, бы ў сабакі.

«Людзі добрыя, злітуйцеся над маёю бядою!

Без вашае дапамогі пад раніцу я стану,

                                                   як дохлая мыш!

І згіну ад голаду і смагі!»

Для ўсіх ён быў чужы і незнаёмы,

але людзі шчодра напоўнілі яго торбу,

падалі яму кубак, поўны віна.

«Якія ж зычлівыя і добрыя людзі ў Сан Жазэ!

Я хачу вам аддзячыць перад тым, як пайду.

Аддзячыць карцінаю з каменю!»

І — удар за ўдарам — паўстаў наш святы Юзаф.

Незнаёмец развітальна махнуў рукою

і сказаў: «З гэтага часу вы

                                                   пад надзейнаю абаронаю.

Калі напаткае вас лютая бяда,

няхай святы Юзаф пра вас не забудзе

і здзейсніць у вашым горадзе цуд!»

(Працягвае, гаворачы.) Так, дарагія людзі, з таго часу ходзяць чуткі, што наш святы Юзаф аднойчы здзейсніць цуд — тады, калі гэта насамрэч бу­дзе патрэбна...

Антоніо. Усё сваё жыццё я чакаў цуду...

Донна Крыстына. Ах, гэтыя старыя показкі... Хто дбайна працуе, таму не трэба чакаць цуду... (Выходзіць у сад, Разіта і Ніколас ідуць за ёю.)

(Людзі абдарылі Себасцьяна воплескамі. На заднім плане, злева, з’яўляецца Марыя. Яна паволі набліжаецца, азіраючыся навокал. На галаве і плячах у яе завязана хуста. Марыя спыняецца і слухае.)

Чэпэ (да сваіх гасцей). Ну, час ад часу які-небудзь практычны, маленькі цуд — гэта было б нядрэнна, так?

Бальтазар. Вось бы мне знайсці клад пад сваім хламам...

Тобіяс. Стаць бы мне адразу капітанам...

Маціяс. Вось бы ўсіх партызанаў і паўстанцаў як перуном спаліла і нам не давялося больш рабіць ніякай бруднай работы...

Эліза. Прыехаў бы сюды прэзідэнт і ажаніўся са мною... (Яны смяюцца.)

Антоніо. Не смейцеся, людзі! Калі вы будзеце смяяцца з цудаў, святы Юзаф сапраўды не зробіць ніводнага! У цуды трэба верыць!

Себасцьян (з гітараю зноў сядае ля статуі). Дык вось, я крыху веру ў цуды...

Марыя (падыходзіць да яго). Я шукаю аднаго чалавека... Можа, ты мне дапаможаш? Ты ж, напэўна, ведаеш тут усіх людзей!

Себасцьян (брынкаючы). Ну, і каго ты шукаеш?..

Марыя. Яго завуць Мануэл, ён некалькі месяцаў таму прыйшоў сюды з вёскі, каб шукаць працу...

Себасцьян. О Божа! Так шмат хто робіць.

Марыя. Ён высокі і моцны, з цёмнымі валасамі...

Себасцьян. Селянін?

Марыя. Быў селянінам, але яго бацька мусіў прадаць амаль усе свае палі, — для Мануэла больш не было месца. «Спачатку я пайду адзін, а ты руш за мною, Марыя», — сказаў ён мне.

Себасцьян. Я не ведаю ніякага Мануэла з вёскі. Спытай старога Антоніо... Гэй, Антоніо...

Марыя (да Антоніо). Я шукаю чалавека, якога завуць Мануэл... ён вясковец...

Антоніо. Гэтыя вяскоўцы абкрадаюць мяне і забіраюць у тутэйшых жабракоў лепшыя месцы. Працы яны тут ніколі не знойдуць. Яны толькі загінуць... Спытай гаспадара заезду, Чэпэ.

Марыя (ідзе ў бок заезду, падыходзіць да стала. Усе гля­дзяць ёй услед, Себасцьян ківае галавою, уздыхае і брынкае). Пане, адно пытанне... Я шукаю свайго сябра, Мануэла.

Чэпэ. Тут сотні Мануэлаў...

(Эліза хіхікае.)

Марыя. У яго шнар над левым вокам... і з ім быў маленькі сабачка...

Тобіяс. Шнар? Маленькі сабачка? (Пераглядваецца з Маціясам.)

Маціяс. Стрымай язык, Тобіяс!

Бальтазар (праяўляе ўвагу). Ну, але ж вы нешта ведаеце!

Тобіяс. Нейкі велікан з маленькім сабачкам быў на мінулым тыдні там... сярод паўстанцаў...

Марыя. Праўда? А цяпер? Дзе мне яго знайсці?

Тобіяс. Ты яго ўжо ніколі не знойдзеш. Ён нежывы. Іх усіх расстралялі. (Марыя павольна апускаец­ца на табурэтку.) Ну, так. Але навошта ён звязаўся
з гэтымі паўстанцамі?.. Сам вінаваты...

(Марыя закрывае твар далонямі.)

Маціяс. У цябе заўсёды язык свярбіць...

Тобіяс. А што, трэба было ўсё стаіць, каб яна дарэмна працягвала шукаць?.. Гэй, дзяўчо, хадзі сюды... Вось, выпі трохі і вяртайся дадому, у сваю вёску. Ну?

Марыя. У вёску? Не... Я не ведаю, куды мне...
і з дзіцем, якое ў мяне народзіцца... з дзіцём Мануэла...

Маціяс. Яшчэ і гэта!

Чэпэ. Старая гісторыя!

Тобіяс. Ну, пашукай тут сабе працу, у Чэпэ, напрыклад.

Эліза. Тут ёсць месца толькі для адной афіцыянткі, і яно маё!

Маціяс. А ў Бальтазара, у яго антыкварнай краме... Ці не патрэбна пану служанка?

Бальтазар. Толькі ж не першая-лепшая дзеўка, што прыбегла з нейкай вёскі і да таго ж яшчэ цяжарная...

Марыя (падымаецца і адыходзіць да статуі, сядае і прыхінаецца да яе спінаю). Усё скончана, усё скончана.

Себасцьян (брынкае). Я таксама не ведаю, як цябе суцешыць.

Антоніо. Але жабраваць ты тут не будзеш! Мы самі ледзь перабіваемся! Я заяўлю ў паліцыю, калі ты станеш тут жабраваць...

Марыя. Я ўжо пайду.

Себасцьян. Куды ж ты пойдзеш?..

Марыя. Прэч... проста прэч... (Глядзіць уверх, на статую.) Тваёй Марыі было лягчэй, святы Юзаф... Пра Яе нехта клапаціўся... (Яна праходзіць каля сал­датаў.)

(Марыо выбірае момант, калі ўсе глядзяць услед дзяўчыне, і крадзе са скрыні некалькі пладоў).

Селянін. Ну вось, паглядзіце на гэтага свавольніка, украў у мяне банан! Я пакажу табе, бры­дзе малому... (Кідаецца на хлопчыка, стары Антоніо спрабуе яго абараніць, другі селянін прыходзіць на дапамогу першаму.)

Себасцьян. З-за нікчэмнага банана! Людзі, хіба ж вам не сорамна! (Спрабуе развесці тых, што счапіліся ў бойцы.)

(Усе кінулі свае месцы і цікаўна назіраюць за бойкаю. Донна Крыстына, у суправаджэнні Разіты і Ніколаса, уваходзіць праз вароты саду.)

Донна Крыстына. Гэты зброд ніколі не дае спакою! Разіта, пакліч паліцыю!

Разіта. Але, донна Крыстына, супакойцеся!

Донна Крыстына (з візгам). Не, перад маім домам павінна быць ціха! Калі ж такое будзе?!

(Між тым святы Юзаф ажывае на сваім п’едэстале. Ён спускаецца, хутка аглядваецца, здымае накідку і кідае яе за п’едэстал, нейкі момант раздумвае, здымае свой німб і кла­дзе разам з лілеяй на п’едэстал. Потым ён нахіляецца, бярэ Себасцьянава понча і накідвае яго сабе на плечы. Цяпер святы Юзаф выглядае, як селянін. Ён сядае на веласіпед і едзе ўслед за Марыяй. Тым часам селянін адваяваў свой банан і дае маленькаму Марыо апошні кухталь.)

Селянін. Вось так, жабяня, будзеш памятаць!

Разіта (пранізліва крычыць. Усе глядзяць спачатку на яе, потым у тым кірунку, куды яна паказвае). П’едэстал! Пусты п’едэстал! Святы Юзаф знік!

Усе. О-о-ох!

Донна Крыстына. Ці значыць гэта, што ён цяпер недзе здзяйсняе цуд? А можа, ён проста нас пакінуў?

Бальтазар. Мне нешта не па сабе... Людцы,
я пайду... Трэба глянуць, як там у маёй краме...
(Выходзіць.)

Чэпэ. Проста знік... Але ж так не бывае.

Салдаты. Чараўніцтва!

Антоніо. Трэба выклікаць паліцыю!

Себасцьян. Людзі, нарэшце здарыўся цуд, а вы не хочаце гэтаму верыць...

Донна Крыстына. Трэба дакладна даведацца, ці цуд гэта ...

Ніколас. Калі б у нас дзе-небудзь здарыўся цуд, мы б адразу заўважылі гэта, ці не так?

Донна Крыстына. Гэты юнак мае рацыю. Мы б заўважылі гэта.

Себасцьян. Ну, значыць, з сённяшняга дня трэба быць асабліва ўважлівымі!

(Сяляне выходзяць са сваімі тачанкамі, донна Крыстына і Разіта вяртаюцца дадому, выходзіць Антоніо са сваім унукам, гаспадар заезду і Эліза прыбіраюць шклянкі. Салдаты ўтаропіліся ў пусты п’едэстал.)

Тобіяс. Ці трэба паведамляць пра гэта?

Маціяс (паціскае плячыма, потым кажа). Мне нешта не па сабе.

Тобіяс. Хадзем адсюль! (Выходзячы.) Можа, нас нешта чакае, нешта асаблівае... Можа, нам больш не трэба будзе рабіць гэтай бруднай работы...

Маціяс. Нарэшце ты зразумеў, што гэта брудная работа... Стаць бы мне зноў селянінам, вярнуцца дадому... (Абодва выходзяць.)

Ніколас (да Себасцьяна). Ты бачыў, як гэта здарылася? Ён растварыўся, ці ён... ён...

Себасцьян. Знік адным махам.

Ніколас. Ну, тады добра. Я ўжо думаў, што ён... Ну, так... Але ж ён каменны... камень не можа... Гм... я пайду. Донна Крыстына замовіла мне дзіцячы ложак, для самага малодшага сына.

Себасцьян. Ты шчаслівы чалавек. (Ніколас выходзіць. Себасцьян заўважае, што яго веласіпед і понча зніклі.) Але ж гэта... гэта нахабства! Хтосьці скарыстаўся сумятнёю і ўзяў мае веласіпед і понча!.. Ці... (Становіцца задумлівы, глядзіць на п’едэстал.) Гм! Дарагі святы Юзаф, я буду хадзіць пешкі... Я пачакаю. (Выходзіць з гітараю.)

(Змена дэкарацый. З дапамогаю шырмаў ствараецца штосьці накшталт нішы ў сцяне. Марыя сядзіць на кукішках у куце. Святы Юзаф праязджае міма, крыху вагаецца, а потым злазіць з веласіпеда.)

Юзаф. Ну вось... Гэй... (Яна маўчыць.) Гэта кеп­скае месца для цябе... Хадзі, мы пашукаем лепшае.

(Марыя ківае галавой).

Юзаф (сядае на кукішкі побач з ёю). Марыя, я хачу дапамагчы табе...

Марыя (здзіўлена глядзіць на яго). Ты ведаеш мяне?

Юзаф. Н-не... А як жа цябе завуць?

Марыя. Марыя.

Юзаф. Ну, глядзі ты, як я ўгадаў!

Марыя. Здаецца, я цябе дзесьці бачыла... Ты ведаў Мануэла?

Юзаф. Я ведаю, што ён мёртвы.

Марыя. Я таксама больш за ўсё хацела б зараз памерці.

Юзаф. А тваё дзіця?

(Марыя глядзіць на яго).

Юзаф (устае, паднімае яе). Хадзем, пашукаем прытулку для цябе.

Марыя. У мяне няма грошай.

Юзаф. У мяне таксама. Але што-небудзь прыдумаем. Я не першы раз блукаю ў пошуках начлегу. Заўсёды нешта знаходзіцца... (Ён бачыць, як яна стамілася.) Ты ледзьве трымаешся на нагах ад стомы. Хадзі, сядай на веласіпед. Гэта не мой, праўда. Я яго пазычыў. (Яна сядае на веласіпед, і Юзаф вязе яе.) На асле было б зручней, так... Магчыма, нас прыме гэтая багатая дама, гэтая донна Крыстына.

Марыя. Ты думаеш?

Юзаф. Ну, мы ж павінны ёй даць які-небудзь шанец... (Абое выходзяць.)

(Шырма прыбіраецца, відаць кірмашовая плошча. Маленькі Марыо гуляе ў класікі. Юзаф і Марыя набліжаюцца да яго.)

Юзаф. Зараз мы пазвонім донне Крыстыне.

Марыо. Гэй, апоўдні яны заўсёды выключаюць званок.

Юзаф. Добра, тады мы паклічам... Донна Крыстына! Донна Крыстына!

Марыо. Ёй гэта не спадабаецца. Апоўдні яна заўсёды дрэмле пад апельсінавым дрэвам.

Юзаф. Донна Крыстына!

Разіта (усхвалявана падыходзіць да варотаў). Дзеля ўсіх святых, што гэта за шум!

Юзаф. Дзеля ўсіх святых, нам патрэбна дапамога!

Голас донны Крыстыны. Што там зноў здарылася?..

Разіта. Мне вельмі шкада, донна Крыстына...

Донна Крыстына (у варотах). Калі ты нарэшце навучышся праганяць гэты зброд... Навошта я цябе тут трымаю...

Юзаф. Донна Крыстына, мы шукаем прытулку для гэтай маладой жанчыны. Яна чакае дзіця. Твой дом вялікі...

Донна Крыстына. Так, і як вы сабе гэта ўяўляеце? Я ж не магу прымаць у сваім доме невядома каго!

Юзаф. Не невядома каго... Гэта Марыя. Ёй ня­ма куды ісці. Яна шукае працы і даху над галавою.

Донна Крыстына. Няхай ідзе да бурмістра.
Я не магу яе прыняць. У мяне хапае наймітаў... Колькі нахабства!
(Выходзіць.)

Разіта. Мне вельмі шкада. (Глядзіць на Юзафа.)
Я цябе... Я Вас ужо калісьці бачыла?

Юзаф. Можа, ты ведаеш які-небудзі куток?

Марыя. Гаспадар заезду мяне не возьме. Гандляр Бальтазар таксама.

Разіта. Так, уяўляю... Пачакайце! Я ведаю аднаго маладога сталяра, яго завуць Ніколас, за майстэрняй ён мае маленькую паветку, можа, там вы зможаце пераначаваць... Адсюль налева, праз дзве вуліцы. Ніколас.

Юзаф. Сталяр, гэта мне падабаецца. Ну, паспра­буем. Дзякуй, Разіта. (Абое выходзяць.)

Разіта. Ён ведае нават маё імя...

(На другім баку кірмашовай плошчы з’яўляецца Себасцьян.)

Разіта. Ну, Себасцьян, ці чуваць што-небудзь пра цуд?

Себасцьян. Толькі чуткі. Кажуць, што Антоніо знайшоў гаршэчак, поўны золата.

Марыо. Гэта поўная хлусня, Разіта.

Себасцьян. Генерал пабратаўся з партызанамі... гэта таксама няпраўда... У паўднёвым квартале, кажуць, з’явілася сем фантанаў...

Разіта. Себасцьян, я табе вось што скажу! Навошта святому Юзафу здзяйсняць цуд? У горадзе ўдосталь вады, яе толькі трэба справядліва размеркаваць. І няма патрэбы ствараць фантаны пры дапамозе чараўніцтва.

Себасцьян. Я таксама не веру, што ёсць гэтыя фантаны... (Ён сядае каля варотаў у сад і брынкае.) Праспяваць табе песню, Разіта?

Разіта. Ціхую, пяшчотную, такую, каб не разбудзіць маю донну...

Себасцьян.

Мая бедная дзяўчынка,

                            як касцёльнае мышаня,

не мае ні хаткі, ні чаравікаў, ні грошай,

але яе вабная ўсмешка робіць мяне шчаслівым.

і кожная сустрэча з ёю — багатым.

Разіта. І праўда, чароўная песня.

Себасцьян. І як цудоўна, што мы гутарым з та­бою... (Ён ціха іграе, між тым сцэна перабудоўваецца з дапамогаю шырмы. Ствараюцца абрысы майстэрні сталяра Ніколаса.)

Ніколас (прыносіць на талерцы два бананы, акраец  хлеба і ставіць на стол перад Юзафам і Марыяй, якія сядзяць на лаўцы). Больш, на жаль, я нічога не маю.

Юзаф (да Марыі). Сілкуйся, я не галодны. (Яна есць.) Ніколас, калі ты дазволіш Марыі тут жыць... Я дапамагаў бы табе ў працы, я сёе-тое разумею
ў гэтым...

Ніколас. Тут ледзь хапае працы на аднаго... Мне трэба зрабіць дзіцячы ложак для донны Крыстыны, што-небудзь асабліва прыгожае, і некалькі дзіцячых крэслаў...

Юзаф. Але я ахвотна ахвяраваў бы штосьці на пражыцце... Калі б можна было што-небудзь прадаваць... Гм… багатым людзям падабаюцца старыя прыгожыя рэчы.

Ніколас. Яны вешаюць на сцены ўсё, што толькі можна.

Юзаф. Я часта назіраў праз вокны: нават выразаныя з дрэва загагулінкі ад спавядальняў, табэрнакулюмы з касцёлаў і маленькіх анёлаў яны бяруць для ўпрыгожвання сваіх дамоў... (Ён устае.) Марыя, я пайду, але ты не бойся, я не пакіну цябе ў бядзе. Я вярнуся з ежай і грашыма.

Марыя. Юзаф, не рабі нічога злачыннага, толькі дзеля таго, каб дапамагчы мне!

Юзаф. Не, не! Можаш не турбавацца.

Ніколас. Хадзі, я пакажу, дзе ты можаш спаць. (Выходзіць з Марыяй.)

Юзаф (адзін, сядае на веласіпед). У майго прыёмнага Сына быў сябар, Францішак, які прадаў усё каштоўнае з касцёла, каб дапамагчы бедным... (Выходзіць.)

(Шырма хутка знікае, відаць, як Юзаф едзе праз пло­шчу. Марыо адзін гуляе каля п’едэстала.)

Юзаф (да Марыо). Прывітанне, Марыо!..

Марыо. Бэ!

Юзаф. Але ж ты не надта ветлівы...

Марыо. А ты, напэўна, шпіён з паліцыі...

Юзаф. Хадзі сюды, я нешта скажу табе...

Марыо. Ты мяне не падманеш. Шпіёны заўсёды ветлівыя, бо хочуць штосьці выведаць...

Юзаф. Я не шпіён. (Ён працягвае руку і абмацвае верх п’эдэстала.) Спадзяюся, што ён яшчэ тут... (Ён бярэ німб і хавае яго под сваім понча.) І спадзяюся, што антыквар з’явіцца ў належны час...

Марыо. Ты чакаеш Бальтазара? Ён штодзень пасля абеду прыходзіць у заезд.

Юзаф. Я ведаю. (Ён сядае за стол, з’яўляецца Эліза, ён ківае галавою.) Дзякуй, я не буду нічога піць.

Бальтазар (падыходзіць злева і сядяе за стол, глядзіць збоку на Юзафа). Эліза! (Яна падносіць яму невялікі келіх.)

Юзаф. Добры дзень, Бальтазар!

Марыо. Гэй, ты, шпіён, ці разведаў ты ўжо пра наш цуд?.. Святы Юзаф пайшоў рабіць цуд.

Юзаф. І што ён павінен зрабіць, на тваю думку?

Марыо. Не ведаю. Мой дзядуля спадзяецца, што стане багатым.

Юзаф. А ты, Марыо, якога цуду хацеў бы?

Марыо. Каб святы Юзаф зрабіў мяне надзвычай спрытным і ніхто мяне больш не злавіў, калі я штосьці вазьму...

Юзаф. Эх, ты...

Бальтазар. Што ты хочаш, у гэтай Богам забытай мясцовасці малыя вучацца ў дарослых...

Юзаф. Не кажы так! Ніводная мясцовасць не бывае забыта Богам... Толькі людзі часам бываюць пакінутыя людзьмі... Бальтазар, у мяне для цябе нешта ёсць... Я хачу табе штосьці прадаць...

Бальтазар. Гэта павінна быць нешта выключнае... Я бяру толькі добрыя рэчы... чысты тавар...

Юзаф (паказвае яму німб). Цудоўная работа... пазалочаны... дзвесце гадоў...

Бальтазар. Гм... гэта ж толькі кавалак... А дзе ж святы да яго?

Юзаф. Я прадаю толькі німб... Калі да яго вытачыць з дрэва Божае вока ці прыгожага галубка... Такія рэчы людзі вешаюць на сцены, я сам бачыў...

Бальтазар (разглядае німб). Гм!

Юзаф. Першакласная работа... Я ў гэтым сёе-тое разумею...

Бальтазар. А адкуль ён у цябе? Крадзены тавар, га?

Юзаф. Не, гэта мая асабістая ўласнасць.

Бальтазар. Усе яны так кажуць.

Юзаф. Не ўкрадзеная, не бойся. Сумленна прыдбаная.

Бальтазар (кладзе на стол пару манетаў). Ну, добра.

Юзаф. Усяго? Гэта каштуе больш.

Бальтазар. Магчыма, але не ў мяне.

Юзаф. Гэта несправядліва.

Бальтазар. Не кажы мне пра справядлівасць. Інакш я прывяду паліцыю, каб ты расказаў, хто ты і як да цябе трапіў гэты прыгожы німб. Ну?

Юзаф. Ты — хапуга.

Бальтазар. Кожны круціцца, як умее. (Бярэ німб і выходзіць.)

Марыо (назіраў за гэтаю сцэнаю). Перапрашаю, што я назваў цябе шпіёнам. Ты жабрак, як мы ўсе.

Юзаф. Калі Марыя застанецца тут, яна зможа крыху наглядаць за табою. Каб і ты не загінуў. (Выходзіць з веласіпедам.)

Марыо (раздражнёна ўслед). Наглядаць за мною, якая лухта!

(Себасцьян прыходзіць са сваёю гітараю і спявае, у гэ­ты час з дапамогай шырмы будуецца сталярная майстэрня.)

Себасцьян.

Кожны дбае толькі пра сябе,

Здаўна так павялося ў Сан Жазэ!

Ніхто тут ні на кога не зважае,

Як кажуць, мая хата стаіць з краю!

Так думае і бедны, і багаты,

І брат не мае літасці да брата!

Павінен стацца цуд!

Павінен стацца цуд!

(Святы Юзаф, несучы пад пахаю мех з прадуктамі, уваходзіць у майстэрню. Марыя дапамагае Нікаласу паліраваць дзіцячае крэселка.)

Ніколас. Яна замовіла ў мяне яшчэ пяць такіх крэслаў.

Марыя. Я ў дзяцінстве так марыла мець аса­бістае крэсла.

Ніколас. Я таксама. Сваё асабістае маленькае крэселка. Такое лёгкае, каб яго можна было самому падняць. І насіць з сабою то сюды, то туды — паўсюль, дзе можна паслухаць нешта цікавае ці пагуляць. І каб яно было замаленькае для дарослага. Вось такое крэселка.

Марыя. Ага.

Ніколас. Ну, можа, калісьці тваё дзіця атрымае такое. Гм? Хадзі сюды, не плач. Пажывём — убачым, так?

Юзаф (уваходзіць з прадуктамі). Вось што я купіў. Няхай Марыя прыгатуе нам супу, са свежай зелянінай... Падсілкуемся разам.

(Марыя выходзіць з прадуктамі.)

Юзаф (кладзе грошы на варштат). Вось усё што
я зарабіў!

Ніколас. Марыя можа спаць тут і без грошай.

Юзаф. Тады вазьмі гэта, каб купіць прадуктаў!

Ніколас. А ты?

Юзаф. Мне трэба вяртацца на свой пост! Там грошы не патрэбны.

Ніколас. А Марыя? Ты яе потым забярэш? Ці як? Хто будзе ёй дапамагаць? Хтосьці ж павінен ёй дапамагаць...

Юзаф. Так, павінен быць хтосьці, хто будзе ёй дапамагаць.

Ніколас. Ты толькі знайшоў яе, праўда? Ты не тутэйшы, так?

Юзаф. Так, я не зусім адсюль.

Ніколас. Але што людзі скажуць... Жанчына ў маёй майстэрні, ды яшчэ цяжарная.

Юзаф. Я-то добра ведаю, што тады кажуць людзі.

Ніколас. Ведаеш, яна мне падабаецца. Яна чымсьці прываблівае, праўда?

Юзаф. Калі яна табе падабаецца, то не слухай людзей і не бойся ўзяць Марыю да сябе. А кожнае дзіця — Божы падарунак.

Ніколас. Трэба даць ёй час. Няхай яна супакоіцца. Тады паглядзім.

Юзаф. Так.

Ніколас. Дый ці падабаюся я ёй?..

Марыя (прасоўвае галаву). А ты, Ніколас, які суп табе падабаецца?

Ніколас. Моцна прыпраўлены, вельмі моцна.

Марыя. Я і здагадвалася. (Выходзіць.)

Юзаф (з усмешкаю). Я не хачу развітвацца. Перадай ёй ад мяне прывітанне. (Выходзіць.)

(Ніколас задумліва разглядвае дзіцячае крэселка.)

Голас Марыі. Усё гатова! (Ніколас выходзіць.)

(Змена дэкарацый. На кірмашовай плошчы. Святы Юзаф спешна пад’язджае, прыхінае веласіпед да п’едэстала, рассцілае на ім понча, залазіць на п’едэстал, бярэ лілею і накідку і зноў застывае ў выглядзе статуі. Толькі німба ў яго няма... Сяляне прыходзяць са сваімі тачанкамі. Эліза выцірае стол. Прыходзяць салдаты і Бальтазар, іх абслугоўваюць. Антоніо і Марыо сядаюць перад садовай агароджай і пачынаюць прасіць міласціну. Разіта суправаджае донну Крыстыну, якая купляе неабходнае. Злева падыходзяць Ніколас і Марыя з кошыкам для пакупак.)

Маціяс. Глядзі, Ніколас з дзяўчынай.

Тобіяс. Гэта не тая, учарашняя?

Маціяс. Магчыма.

Эліза. Такія заўсёды знаходзяць сабе кагосьці новага.

Донна Крыстына. Зноў перад маімі варотамі зброд сабраўся!

Разіта. Паклікаць паліцыю?

Донна Крыстына. Н-не. Не зважайма на іх.

Разіта. Вы сёння ў добрым настроі, донна Крыстына.

Донна Крыстына. Муж прывёз мне з горада такі прыгожы падаруначак! Яшчэ ўчора вечарам, проста так, як сюрпрыз.

Разіта. Што ж гэта такое?

Донна Крыстына. Разны пазалочаны німб
з промнямі, яго можна павесіць на сцяну. Сапраўды вельмі арыгінальны. Магчыма, гэты малады сталяр, Ніколас, зможа выразаць мне з дрэва галубка для яго, тады атрымаецца сапраўдная выява Святога Духа, для сталоўкі.

Себасцьян (падыходзіць, не спяшаючыся, і заўважае свой веласіпед). Мой веласіпед! (Глядзіць наверх.) Людцы! Святы Юзаф вярнуўся!

Усе. О-о-о-о-ох!

Чэпэ. Цуд! Цуд!

Донна Крыстына. Недзе, напэўна, адбыўся цуд. Разіта, здабудзь мне хуценька некалькі газет!

Разіта. У нашага святога Юзафа няма німбу!

Бальтазар. Як? Што! Гм! (Кашляе.)

Маціяс. Ну, не падавіся! (Стукае яго па спіне.)

Чэпэ. Святы без німбу... на нашай плошчы?! Можа, нам трэба сабраць трохі грошай. Калі кожны нешта дасць...

Донна Крыстына. Не! Я сама паклапачуся пра німб. Вунь крочыць малады Ніколас. Трэба па­прасіць, каб ён намаляваў нам эскіз — эскіз прыгожага німбу. Я заплачу яму.

Усе. Брава, донна Крыстына! (Яна вельмі ўсце­шаная.)

(Людзі прыціснулі Ніколаса да стала, сунуць яму ў рукі паперу і аловак, зазіраючы цераз плячо.)

Маціяс. Ніколас усё зробіць як след!

Донна Крыстына (разглядае эскіз). Гм! Ён яшчэ прыгажэйшы, чым той, што прынёс мне муж. (Яна разважае.) Ніколас, выраж мне з дрэва такі прамя­ністы німб! А ты, Разіта, хуценька бяжы дадому,
у маёй спальні, над камодам, вісіць сапраўды прыгожы вянец... Нельга ж змушаць нашага святога Юзафа чакаць так доўга...

(Разіта спяшаецца.)

Усе. Брава, Донна Крыстына!

Ніколас (абдымае Марыю). Ты ўсё гэта разу­мееш?

Себасцьян (да іх). Цуды не трэба разумець.
У іх трэба толькі верыць.

Чэпэ. Даведацца б нарэшце, дзе і калі адбыўся цуд. І ці адбыўся ён увогуле?

Эліза. Можа, гэта перададуць па радыё.

(Разіта прыходзіць з німбам. Маціяс прымацоўвае яго да статуі.)

Усе. Песню, Себасцьян, песню!

Себасцьян.

Цуд адбыўся ў Сан Жазэ

на нашых вачах.

Ніхто пра яго не чуў, ніхто яго не бачыў,

мы страцілі здольнасць гэта разумець.

Можа... можа, мы ўсе звар’яцелі,

але ёсць адчуванне,

што ўсё ж такі хтосьці здзейсніў цуд...

У Сан Жазэ...

У Сан Жазэ!

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.