Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ЗАЎСЁДЫ

СВОЕЧАСОВА

Гісторыя з жыцця

святога Мікалая з Міры

 

Гатэль «У марскога змея» стаяў на ўзвышшы, на схіле нізкага пагорка, парослага аліўкавымі дрэвамі. Адсюль быў добра бачны порт Адрыяке, рыбацкія хаты на ўзбярэжжы, а воддальгустыя вінаграднікі; у зацішныя дні альбо калі вецер дзьмуў з кантынента, можна было выразна пачуць гук бразготкаў, якімі дзеці рабоў адпуджвалі птушак ад спелага вінаграду.

Гатэль уяўляў з сябе квадратны будынак з плоскім дахам і маленькімі вокнамі. Свежапабеленыя сцены блішчэлі на сонцы. Па абодва бакі ад уваходу стаялі альтанкі, абвітыя вінаграднаю лазою. Тут, у засені лісця, схаваліся драўляныя сталы і лавы. Над уваходам гаспадар сам намаляваў марскога змея. Яго лускаватае цела абвівалася вакол амфары дзвюма вялізнымі петлямі, лускавінкі, то сінія, то зялёныя, былі акуратна аблямаваныя чорнаю фарбаю. Змяіны хвост плаўна пераходзіў у вялікі плаўнік з сіне-зялёнымі палосамі. А ў пашчы змей трымаў дзве рыбіны і гронку сіняга віна­граду, яго чырвоныя вочы задаволена глядзелі на гэтую пажыву, намякаючы на асалоду, якая чакала госця. Пад змяіным целам лёгкімі штрыхамі былі намаляваныя сінія марскія хвалі, а пад імі, над самымі дзвярыма, знаходзіліся няроўныя літары: «Сардэчна запрашаем! Ешце, піце і весяліцеся!» Кожную вясну, калі пабелку аднаўлялі, даводзілася перамалёўваць і змея. Любімаю гульнёю гасцей было знаходзіць змены ў лускаватым целе змея. Некаторыя казалі, што змей павінен пазіраць больш жудасна, як сапраўдны казачны змей, пра якога баюць ва ўсёй міжземнаморскай прасторы.

— Не, — даводзіў гаспадар, — гэты змей павінен прывабліваць да мяне гасцей, а не палохаць іх, таму ён павінен быць ветлівым.

Але аднойчы ён шмат аддаў бы за тое, каб яго гатэль выглядаў не так прывабна. Госці, якія ся­дзелі ў альтанках, пілі, гаманілі і гулялі ў косці, зусім яму не падабаліся. Гэта былі рымскія салдаты і матросы, якія напярэдадні вечарам прыбылі на імператарскіх вайсковых караблях.

— Гэта толькі кароткі прамежкавы прыпы­нак, — растлумачыў гаспадару малады афіцэр, — толькі на тры дні, больш мы не застанемся. Нам патрэбны свежая вада і хлеб. Потым мы павінны плысці далей, нас чакае сур’ёзнае выпрабаванне. Імператар пасылае нас супраць тайфалаў, яны зноў узнялі паўстанне, дзесьці ў гарах Фрыгіі. Што і казаць, было б занадта добра, калі б у кожнай правін­цыі працяглы час панаваў мір...

Тры дні стаянкі! Ужо аднаго дня было зашмат. Гаспадар панура глядзеў на порт, на цэлы лес мачтаў. Над камандзірскім караблём развіваліся пад брызам рознакаляровыя вымпелы. Вартавыя навыцяжку крочылі туды-сюды. Не было відаць ні­воднага з трох палкаводцаў — Непаціянуса, Урсуса і Герпіліёна — дый гаспадар наогул яшчэ ніколі ў жыцці не чуў пра іх. Яны, напэўна, сядзелі ў сваёй каюце, абмяркоўвалі планы наконт фрыгійскай правінцыі і думалі, дзе шукаць паўстанцаў. Магчыма, яны сумавалі і па далёкім Канстанцінопалі, элегантным імператарскім горадзе, і ім зусім не хацелася ісці ў лікійскую зямлю. Адрыяке ў іх вачах, мабыць, быў убогай глухменню, маленькім портам невядомага правінцыйнага горада Міра. «Каб яны яшчэ і салдатаў сваіх трымалі на борце...», — панура думаў гаспадар.

На верхніх палубах драмалі на сонцы рабы-весляры. Некалькі салдатаў вартавалі іх: рабам нельга было пакідаць караблі. А салдаты мелі да­звол сыходзіць на бераг, яны рассыпаліся ва ўсе бакі, прагульваліся па навакольных вёсках, жадаючы папоўніць свае аднастайныя пайкі — словам, хацелі крыху пабавіцца перад тым, як пачнецца кампанія супраць бунтаўшчыкоў. Бавіліся яны на свой лад. Апустошвалі вінныя склепы, забіралі хлеб з печаў і ягнят з аўчарняў. Напіваліся, вытоптвалі маленькія, рупліва дагледжаныя сады і плявалі ў сялянскія прэсы для выціскання алею. З бедных рыбацкіх хацінаў яны рабавалі ўсё, што ім падабалася: бочачку салёнай рыбы, пацеркі з ракавінак, срэбныя манеты з пасагу, талерку з прыгожай разьбою... І паўсюль шукалі прыгожых дзяўчат.

Гаспадар загадаў сваёй дачцэ схавацца ў самым дальнім куце аўчарні, пад сенам. «Пане, Божа мой, — маліўся ён, несучы салдатам новы збан, — не дазволь ніводнаму з гэтых п’яных драпежнікаў агледзець аўчарню!»

Ён хуценька зірнуў на салдатаў і з палёгкаю пераканаўся, што яны цалкам занятыя віном
і гульнёю ў косці. Гаспадар паставіў перад маладым афіцэрам талерку з аліўкамі і сырам. Пасля міргнуў свайму памочніку, які наліваў віно, каб той цяпер браў горшае, бо гэтыя няпрошаныя госці, відавочна, больш не заўважаюць розніцы ў якасці.

Потым ён пайшоў у задні пакой гатэлю «У марскога змея» і зачыніў за сабою дзверы на засаўку. Тут, у гэтым цёмным вузкім памяшканні, сабра­ліся людзі, якіх турбаваў лёс Адрыяке: пробашч
парафіі ў Адрыяке, святары з маленькіх навакольных вёсак, дыяканы і святар з касцёла святога Себасцьяна, нават камендант маленькай партовай крэпасці. Ён сказаў:

— Супраць салдатаў імператара ты нічога не зможаш зрабіць У мяне сто чалавек. Сотня супраць арміі!

— Давайце адправім пасла да імператарскага намесніка, у Міры. Ён павінен паўплываць на палкаводцаў! — прашаптаў пробашч парафіі з Ад­рыяке.

Гаспадар заківаў галавой:

— У нас няма столькі грошай, каб падкупіць гэтага паганца і хоць аднойчы прымусіць яго зрабіць нешта прыстойнае, — буркнуў ён. — Пра прэфекта правінцыі можаце забыць!

— Мікалай! — сказаў адзін з дыяканаў. — Біскуп павінен нам дапамагчы!

 Гаспадар цяжка ўздыхнуў:

— Так, калі ён прыйдзе асабіста...

— Ён прыйдзе, у гэтым вы можаце не сумнявацца! — закрычаў камендант. — Хто бегае хутчэй за ўсіх? Я не хачу пасылаць салдата, гэта можа прыцягнуць увагу.

— Пойдзе мой сын, — сказаў гаспадар. —
Я зараз жа пашлю па яго. Ён вартуе мой віна­граднік. Што ж, цяпер вінаграднік застанецца без варты. Галоўнае, каб біскуп Мікалай як мага хутчэй даведаўся пра марадзёрствы!

Якраз у той момант, калі юны Лікас паўтараў пасланне, якое ён павінен быў перадаць біскупу Міры, рыбакі прынеслі яшчэ адну дрэнную вестку: салдаты імператара ў сваім свавольстве падпалілі хату, раззлаваўшыся з-за таго, што не знайшлі там ніякай нажывы, а потым у суседнім доме накінуліся на дзяўчынку...

— Бяжы, Лікас! — прастагнаў гаспадар. — Падумай, што будзе з тваёю сястрою!.. Бяжы!

Лікас пашыбаваў маленькім завулкам Адрыяке, стараючыся не прыцягваць увагі. Ён прайшоў міма некалькіх салдатаў, не зірнуўшы на іх. Толькі мінуўшы паўночныя вароты, хлопец пабег. Ён спадзяваўся, што па дарозе ў Міру не сустрэне рабаўнікоў. Бег уздоўж вінаграднікаў, узбоч аліўкавых гаёў, фігавых дрэваў. Цяпер на травяністых схілах не пасвіліся гурты авечак. Пастухі гналі жывёлу як мага далей ад узбярэжжа. Лікас бег так асцярожна, што ўзнімаў толькі маленькія воб­лачкі пылу. Да горада Міра было тры мілі, якія пехам ён мог лёгка адолець за паўтары гадзіны. Але цяпер трэба было пераадолець гэты шлях за паўгадзіны.

Ён часта бываў у Міры. І ведаў касцёл святой Ірэны, дзе прапаведваў біскуп, Львіную плошчу, палац намесніка і дом біскупа. Ён бачыў біскупа Мікалая падчас урачыстых набажэнстваў, чуў яго казанні. Лікас не баяўся прасіць дапамогі ў гэтага энергічнага чалавека. Кожны, хто меў нейкую па­трэбу, мог пайсці да біскупа без папярэдняга да­кладвання. Мікалай для кожнага меў цярплівасць і час. Моцна запыхаўшыся, Лікас падбег да гарад­скіх варотаў Міры.

 — Ваенныя караблі з Канстанцінопаля, — за­крычаў ён вартавым, — стаяць перад Адрыяке. Салдаты марадзёрствуюць. Мяне паслалі да біскупа, прапусціце мяне!

Адзін з вартавых паказаў юнаку дакладную дарогу.

— Лепш да Нікалаўса, чым да...

Ён змоўк, але другі вартавы скончыў:

— ...чым да «залатога кашалька».

Гэта была мянушка прадажнага намесніка.

— Шчасліва табе, хлопча. Бяжы!

Яны паглядзелі ўслед пасланцу.

— Іду ў заклад, — прабурчаў першы вартавы, — што прынамсі праз чвэрць гадзіны тут пройдзе шаноўны біскуп з ускалмачанаю барадою, бліскучымі вачыма і зведзенымі маршчынамі на ілбе.

— Не хацеў бы я апынуцца ні на месцы салдат-марадзёраў, — сказаў другі, — ні на месцы палкаводца з нячыстым сумленнем, калі туды прыйдзе наш біскуп!

Кухня ў біскупавым доме была невялікая, але зручна і практычна абсталяваная. Комін над мураванаю плітою выходзіў проста на вуліцу. Медныя катлы, патэльні, гаршкі і пожагі віселі на сцяне, пад рукою. На трывалым нізкім стале каля вакна стаялі два каменныя ручныя млыны і ступкі для драблення прыправаў, якраз на зручнай вышыні, так што не трэба было згінацца падчас працы, і спіна не стамлялася дарэмна. Усё гэта адмыслова ўпарадкаваў біскупаў кухар Эўтрэпсас, якому былі вельмі ўдзячныя абодва ягоныя памочнікі. З кухні па маленькай драўлянай лесвіцы можна было трапіць у халодны склеп, дзе захоўваліся харчовыя запасы, а менавіта, збаны з алеем і грушападобныя ёмкасці з паленай гліны, напоўненыя збожжам і напалову ўкапаныя ў зямлю. З кухні таксама можна было выйсці ў маленькі дворык, дзе знаходзіліся кало­дзеж і печ, даволі вялікі збожжавы млын і каменная ракавіна, у якую з глінянай трубы заўсёды ішла свежая вада. Эўтрэпсас захоўваў тут рыбу, ён наогул стараўся выкарыстоўваць толькі самыя свежыя прадукты. На лаве ў двары стаялі гаршкі з зелянінаю. За імі Эўтрэпсас даглядаў асабіста.

Гэтаю дбайнасцю падтрымліваўся не толькі дабрабыт біскупа. Эўтрэпсас кіраваў усёй хатняю гаспадаркаю, якая, зразумела, была занадта маленькай для такой значнай і выдатнай асобы: старая служанка і таямнічы, заўсёды маўклівы слуга Сімон прыйшлі яшчэ з бацькоўскага дома біскупа. Былі яшчэ тут сакратар біскупа і два маладыя памочнікі на кухні, якія пры неабходнасці маглі служыць і пасыльнымі. Няцяжка было наладзіць харчаванне для гэтых людзей; Мікалай быў сціплы, ажно занадта непатрабавальны ў вачах свайго повара Эўтрэпсаса. Трэба было ўгаворваць, проста ўпрошваць, каб ён хоць раз на дзень дазволіў сабе крыху цёплай стравы. Не, асноўная праца на кухні заключалася ў гатаванні густых супоў для бедных і хворых, якія два разы на дзень прыходзілі пад біскупаў дом. Часам біскуп сам заходзіў у кухню
і заглядваў у вялікія гаршкі на пліце.

— Не шкадуй, — аднойчы сказаў ён Эўтрэпсасу, — не шкадуй ежы для бедных і хворых братоў.

Пане! — усклікнуў Эўтрэпсас. — Ты хочаш пакрыўдзіць мяне? Пакаштуй гэтай юшкі і сам скажы, хіба яна мае горшы смак, чым тая, што я падаю табе!

Мікалай пакаштаваў, а пасля прамармытаў:

— О, з чаборам! — і ўхвальна паляпаў свайго повара па плячы. — Прабач мяне, Эўтрэпсас, я ж ведаю, што магу разлічваць на цябе!

Перад тым як стаць поварам біскупа Мікалая, Эўтрэпсас быў рабом у аднаго багатага рымскага купца. Той быў жорсткім гаспадаром і загадваў катаваць сваіх слугаў за найменшую правіну. Аднойчы ён узняў лямант з-за таго, што паштэт з жаваранкаў падаўся яму занадта салёным, і загадаў кінуць повара ў сажалку з рыбамі... Мікалай, які ў той час яшчэ не быў біскупам, выпадкова пачуў пра пакаранне, што пагражала повару, і Эўтрэпсас быў адразу выкуплены. Як вольны чалавек Эўтрэпсас мог бы, не вагаючыся, завесці кавярню і гатаваць для гасцей. Але ён папрасіў Мікалая, каб той пакінуў яго пры сабе.

З таго часу Эўтрэпсас гатаваў для гарадской беднаты і шматлікіх выпадковых гасцей. Зноў і зноў здаралася так, што Мікалай прыводзіў у кухню да Эўтрэпсаса просьбіта, пасланца ці дыякана з той ці іншай вёскі:

— Эўтрэпсас, у цябе, напэўна, засталося што-небудзь смачнае. Пачастуй майго госця!

У гэты дзень Эўтрэпсас таксама не здзівіўся, калі Мікалай прывёў у кухню худога, у запыленай вопратцы юнака.

— Эўтрэпсас, гэты хлопец заслугоўвае асаблівага пачастунка! Уяві толькі, за паўгадзіны ён прыбег з Адрыяке ў Міру. Гэта Лікас, сын гаспадара гатэлю «У марского змея». — Біскуп пасадзіў юнака на тапчанік. — Падсілкуйся і адпачні, дзіця маё! Я зараз жа выязджаю... Эўтрэпсас, можа здарыцца так, што я прывяду з сабою гасцей!

— Колькі і адкуль? — строга спытаў Эўтрэпсас. Кожнаму кухару хочацца ведаць, для якіх гасцей ён гатуе.

Біскуп ужо стаяў у дзвярах.

— Тры палкаводцы з Канстанцінопаля. Больш дакладна я яшчэ не ведаю, — і ён пайшоў, яго па­спешлівыя крокі гучалі ўжо па каменных плітах двара, што выходзіў на вуліцу.

— Тры палкаводцы! — завохкаў Эўтрэпсас. Ён ледзьве вырваў ад знясіленага юнага пасланца яшчэ некалькі падрабязнасцяў.

Нарэшце ён ведаў дастаткова, каб мець магчымасць абдумаць стравы. Пакуль Лікас еў і піў, Эўтрэпсас разважаў пра іх парадак: «Суп! Моцны, у меру салёны мясны булён. Біскуп ужо прынамсі цэлую гадзіну едзе на сваім муле пад сонцам. Ён, відаць, разгневаны, бо зноў трапіў на след несправядлівасці. Ён пацее, гучна гаворыць, хвалюецца і яшчэ больш пацее. Ягонаму арганізму будуць патрэбныя вадкасць і соль. Добра. Згатую суп. Палкаводцам трэба нешта мяккае, супакаяльнае, салодкае. Бо яны, напэўна, зразумеюць свае памылкі і павінны будуць задумацца над усімі дакорамі біскупа. Рыба ў соусе з мёду і шалфею. Потым яны будуць расказваць навіны з усяго свету, свабодна гутарыць, абменьвацца думкамі — паштэт з ягняці, з прыдатных кавалачкаў, без касцей, якія адцягваюць увагу, а да гэтага яшчэ моцнае чырвонае віно. Потым яны папросяць біскупа расказаць пра наш горад, і Мікалай атрымае нагоду згадаць прадажных чыноўнікаў — да гэтага два гатункі мясцовага сыру: авечы сыр у аліўкавым алеі і свежая зеляніна, і травы, а пасля — мая фір­менная страва: казіны сыр у марынадзе з віна і мё­ду, з цыбуляй і грэцкім горным чаборам. На дэсерт свежыя фігі і салодкае віно!»

— Але... але салдаты-марадзёры, — лепятаў юнак з Адрыяке. — Яны ў нас усё забяруць... ці зможа біскуп абараніць нас?

— Не бойся, дзіця, — сказаў Эўтрэпсас амаль што пяшчотна. — Хадзі, папі цёплага малака з мёдам і супакойся!

У той самы час, калі біскуп Мікалай разам са сваімі спадарожнікамі пакінуў Міру і накіраваўся ў Адрыяке, нейкі мужчына праціскаўся скрозь натоўп на Львінай плошчы, паўз кірмашовыя прылаўкі, фокуснікаў і дзяцей, якія тут забаўляліся. Твар ён амаль цалкам схаваў пад сваёю карычневаю накідкаю. Чалавек пракраўся да задніх варотаў палаца і пагрукаў у іх умоўным знакам. Слуга адчыніў. Праз некалькі хвілін мужчына ў карычневай накідцы стаяў перад намеснікам лікійскай правінцыі, перад самым магутным чыноўнікам у краіне, якога бедныя жыхары Міры і Адрыяке называлі «залатым кашальком».

Пане, — сказаў мужчына ў карычневай накідцы, — біскуп пакінуў горад. Ніхто не ведае, як доўга яго не будзе. Гэта зручны час для таго, што ты задумаў. Але дзейнічай хутка! Загадай, каб прывялі ка2та для трох абвінавачаных!

* * *

Для трох палкаводцаў было само па сабе зразумела, што біскупа трэба сустракаць з пашанай. Непаціянус, Урсус і Герпіліён сталі хрысціянамі не з абвяшчэннем Міланскага імператарскага эдыкта, у якім хрысціянская рэлігія была прызнана дзяржаўнай. Хоць у народзе пагаворвалі, што з таго часу некаторыя пыхліўцы ахрысціліся толькі дзеля таго, каб хутчэй зрабіць кар’еру, знаходзячыся ў акружэнні імператара ці служачы ў гвардыі. Гэтыя тры палкаводцы паходзілі ўжо з хрысціянскіх сем’яў.

Пачуўшы, што біскуп з Міры спяшаецца да порта, яны пакінулі камандзірскі карабель і вый­шлі насустрач.

— Благаславі нас, шаноўны пане, — папрасілі яны і нізка пакланіліся, — няхай нашае заданне, якое заключаецца ў аднаўленні міру ў правінцыі Фрыгія, з Божаю дапамогаю будзе хутка выканана.

— Міру? — закрычаў біскуп Мікалай, які, на здзіўленне палкаводцаў, і не збіраўся іх благаслаўляць. Наадварот, ён разгневана ўтаропіўся ў іх, чорная, кранутая сівізною барада затраслася, а густыя бровы тапырыліся, быццам маленькія шчотачкі. Твар шаноўнага біскупа пачырванеў і ўсыпаўся маленькімі кроплямі поту. — Міру? З такімі недысцыплінаванымі салдатамі-марадзёрамі вы хочаце ўстанавіць мір? Устанавіце мір тут, у Адрыяке і суседніх вёсках, дзе вашыя людзі чыняць злачынства за злачынствам! Толькі тады называйце сябе палкаводцамі імператарскай міратворчай місіі!

Да такой гаворкі палкаводцы не прывыклі. Ім зрабілася горача і забракла паветра.

Гучна, на думку палкаводцаў, занадта гучна для шаноўнага біскупа, Нікалаўс пачаў пералічваць ліхадзействы салдатаў:

— Я ледзьве стрымліваю тутэйшых жыхароў! Яны ахвотна кінуліся б на вашых салдатаў і патапілі б іх у моры. «Зброд гэта, а не імператарскія салдаты», — абураюцца яны і — клянуся Богам! — яны маюць рацыю. Калі вы зараз жа не ўсталюеце парадак і не пакрыеце ўсе страты, тут уздымецца паўстанне, якое выклікалі вы самі, а не фрыгій­скія мяцежнікі ў глыбіні краіны!

Разважлівы Непаціянус зрабіў адзінае, што магло быць разумным. Ён загадаў сваім капітанам трубіць агульны збор. Прарэзліва загулі сігналы над портам. Вартавыя атрады былі пасланы ў самыя бліжэйшыя вёскі.

Пане, — сказалі палкаводцы Мікалаю, — ты ж сам бачыш, што мы хочам усё выправіць!

Памякчэлым, ласкавым голасам адказаў ім Мікалай:

— Правядзіце мяне ў горад і паабедайце разам са мною! Тады я благаслаўлю вас на далейшую спакойную дарогу!

Аглушальныя сігналы пачулі і госці гатэлю «У марскога змея». Малады афіцэр спешна заплаціў за абед. Потым сабраў сваіх падначаленых. Ён злосна вылаяўся, калі ўбачыў, што некаторыя ўжо не маглі нават стаяць на нагах.

— Колькі вінныя гэтыя нягоднікі?

Гаспадар развёў рукамі.

— Нічога, ні меднага гроша, калі ты прымусіш іх пакінуць мае альтанкі!

Калі апошні салдат, хістаючыся, спускаўся па дарозе да порта, гаспадар пабег у аўчарню і вывеў са сховішча сваю дачку:

— Усё і гэтым разам скончылася добра, дзякуй Богу і яго слугу Мікалаю!

Пасля, седзячы ў ценю аліўкавага дрэва, ён назіраў за тым, што адбываецца ў порце. Палубы ваенных караблёў былі чорныя ад мноства салдатаў. Металічныя рупары даносілі гукі капітанскіх прамоваў. Да гатэлю таксама даляталі абрыўкі фразаў. І гаспадар хмурна ўсміхаўся: «Ім не па­шкодзіць гэтае муштраванне!»

Пазней ён даведаўся ад аднаго госця, што два вайсковыя скарбнікі, седзячы за столікам каля дома начальніка порта, выплочвалі грошы тым, хто найбольш пацярпеў ад марадзёрства салдатаў.

А тры палкаводцы выправіліся разам з біскупам у горад Міру.

Вяртаючыся ў Адрыяке, малады Лікас сустрэў у дарозе біскупа і тых, хто яго суправаджаў. Мікалай пазнаў хлопчыка і памахаў яму рукою:

— Малайчына! Заходзь да мяне як-небудзь! А калі наступным разам будуць ладзіцца спабор­ніцт­вы на стадыёне, я загадаю, каб цябе ўнеслі ў спіс бегуноў!

Лікас ішоў задаволены. Як хутка разышлася вестка пра мір! Пад аліўкавымі дрэвамі з боку вуліцы авечкі зноў скубалі нізкарослую траўку між камянёў, а ў садах дзяўчаты выполвалі пустазелле з градкаў цыбулі.

Біскуп Мікалай радаваўся мірнаму абеду з трыма палкаводцамі. Але радаваўся занадта рана. Каля гарадскіх варотаў яго чакала яшчэ адна дрэнная вестка.

— Спяшайся, пане! — крычалі вартавыя. Здавалася, увесь горад быў на нагах. Вуліцы і завулкі поўніліся ўсхваляванымі людзьмі.

 Жыхары Міры кінуліся насустрач біскупу:

Пане, калі б ты быў тут! Тады намеснік не асмеліўся б асудзіць на смерць трох нашых лепшых мужоў!

Мікалай выскачыў з сядла.

— Прысуд ужо здзейснілі? — крыкнуў ён.

— Не ведаем, пане!

Бегма спяшаўся біскуп па звілістых гарадскіх вуліцах да Львінай плошчы. Тры палкаводцы беглі разам з ім. На плошчы сабраўся раздражнёны натоўп. Убачыўшы біскупа, людзі сцішыліся. Толькі нехта адзін закрычаў:

— Яны невінаватыя, пане! Намеснік падкуплены!

 — Яго падкупілі два чыноўнікі магістрата, Эўдоксіюс і Сіманідэс! Яны хацелі забраць маёмасць гэтых трох мужоў! Як абвінаваўцы, яны атрымліваюць грошы асуджаных!

— Ці жывыя яшчэ гэтыя мужы? — крыкнуў Нікалаўс.

— Іх вядуць на эшафот!

Мікалай сарваўся з месца і зноў пабег, за ім — тры палкаводцы.

Эшафот знаходзіўся за горадам, паблізу могіл­каў. Мікалай і ягоная світа пабеглі ўверх па вуліцы, якая вяла да Мартырыя. Так называлася месца, дзе калісьці знаходзіўся храм, а пасля былі пахаваныя старажытныя гарадскія мучанікі, забітыя ў часы ганенняў на хрысціянаў. Месца, дзе ка­лісьці аддавалі пашану братам-блізнятам Кастару і Палуксу, боскім дапаможцам маракоў, ператварылася ў хрысціянскае памятнае месца. Адсюль ужо было недалёка да эшафота. Уздоўж дарогі стаялі людзі і крычалі біскупу:

— Спяшайся!

— Яны яшчэ жывыя! Бяжы, Мікалай, бяжы!

Здавалася, усё гарадское насельніцтва спачувала асуджаным і прагнула ім дапамагчы.

Трое асуджаных стаялі ўкленчыўшы на зямлі, з завязанымі вачыма. Кат ужо трымаў меч напагатове.

Людзі, што сабраліся навокал, закрычалі яму:

— Стой! Спыніся! Біскуп прыйшоў!

Мікалай праціскаўся скрозь натоўп, і ў цішы­ні, якая раптам усталявалася, было чуваць яго цяжкае дыханне. Імгненна падбегшы да ка2та, Мікалай вырваў меч з ягоных рук.

— Гэтыя трое мужоў невінаватыя! Я сам гатовы памерці замест іх!

Кат адступіў перад біскупам:

— Крый Божа, каб ніколі не зайшло так далёка!

Мікалай зняў павязкі з вачэй асуджаных. Людзі падбеглі да эшафота і пачалі здымаць вяроўкі, якімі яны былі звязаныя. Турэмныя вартаўнікі моўчкі назіралі. Але ніхто не асмельваўся пярэчыць.

— А цяпер да намесніка! — закрычаў Мікалай. Некаторыя потым кляліся, што біскупаў голас прагучаў, як ільвіны рык, а валасы і барада, нібы львіная грыва, узняліся дыбам вакол галавы. Іншыя ўзгадвалі словы са Старога Запавету і крычалі:

— Справядлівы стаяў, нібы леў.

Прынамсі, нікому не прыйшло да галавы лепшае параўнанне, чым «леў».

Трое палкаводцаў са світы біскупа, якія за гэты дзень у шалёным тэмпе пераадолелі ўжо значную дыстанцыю, не адставалі, калі Мікалай спяшаўся вярнуцца ў горад. Ён крочыў проста ў палац намесніка. Пастукаў у вароты. Але ніхто не адчыніў яму, тады біскуп пачаў біць у вароты кулакамі.

— Адчыняйце! — крычаў ён. — Адчыняйце! Адчыняйце!

З палацу пачуўся гул усхваляваных галасоў.

Нарэшце спуджаны слуга адчыніў вароты.

— Прэфект, мой гаспадар, якраз адпачывае па­сля абеду, і ні ў якім выпадку нельга яго непакоіць!

Людзі ў натоўпе з’едліва засмяяліся.

— Намеснік, прачніся! — закрычаў Мікалай у бок палаца. — Мне трэба пагутарыць з табою!

— Нам таксама! — закрычалі тры палкаводцы. — Мы паведамім пра ўсё імператару!

— «Залаты кашалёк», выходзь! — крычаў народ.

Намеснік з’явіўся з ускалмачанымі валасамі
і бледным тварам. Дрыжачым голасам ён прывітаў біскупа:

— Шаноўны пане...

— Злачынец! — закрычаў Мікалай. — Крывапіўца! Прыгнятальнік! Злодзей і забойца! Ты не баішся Бога, а Ён жа ведае кожны злы ўчынак і будзе судзіць цябе! Невінаватых людзей ты загадваеш пакараць смерцю!

— Я паверыў абвінаваўцам! — лепятаў намеснік і баязліва касавурыўся на незадаволены натоўп перад палацам. — Адказнасць за гэты ня­шчасны выпадак нясуць Эўдоксіюс і...

— Ты даў сябе падкупіць гэтым паганцам, — сказаў біскуп. — Гэта проста шальмоўства і больш нічога!

— Я скасоўваю прысуд! — закрычаў намеснік, каб яго маглі пачуць усе. — Адпусціць асуджаных!

— Яны ўжо свабодныя, на тваё шчасце! — сказаў Мікалай.

Бо біскуп прыйшоў своечасова, — сказалі палкаводцы. — Мы былі сведкамі гэтага здарэння і паведамім пра яго імператару!

Твар намесніка зрабіўся шэрым, як попел.

— Мой пане і ойча, — пачаў ён прасіць біскупа, — дапамажы мне, што я павінен зрабіць...

Крыху мякчэй біскуп адказаў:

— Выпраў тое зло, што ты ўчыніў, і надалей паводзь сябе як справядлівы чалавек!

* * *

Кухар Эўтрэпсас ламаў рукі. Ужо двойчы соус з віна і мёду, дзе павінна была на слабым агні смажыцца рыба, ператварыўся ў густы адвар.

— Куды падзеліся госці? — хваляваўся Эўт­рэпсас.

Абодва ягоныя памочнікі на дыбачках пракраліся ў двор і пачалі працаваць на млыне. Трапіць на вочы Эўтрэпсасу, калі ён у роспачы, было небяспечна.

— А цяпер, — крычаў кухар, — а цяпер яны яшчэ і развальваюцца, і на іх нават нельга пакрыўдзіцца. Яны даволі доўга і мужна трымаліся, чакаючы гасцей!

«Яны» — гэта, відавочна, рыбіны.

Памочнікі схіліліся над млынам, калі кухар кінуўся ў двор.

— Вы, лянівыя паршыўцы! — закрычаў Эўтрэпсас. — Мігам! Злавіце мне новую рыбіну ў сажалцы! Нарвіце жменю шалфею!

— А што з рыбай, якая развалілася? — спытаў маладзейшы памочнік.

 — Вы з’ясцё яе самі! — загадаў кухар. — Але толькі тады, калі згатуеце новую рыбу!

Памочнікі радасна ўзяліся за працу.

Гарадскі шум, які даходзіў да маленькага дворыка ля кухні, здаваўся ў гэты дзень мацнейшым, чым заўсёды. Эўтрэпсас неспакойна хадзіў узад і ўперад.

— Там нешта здарылася! — мармытаў ён. — Мяне гэта вельмі хвалюе. Хто-небудзь павінен пайсці і ўсё высветліць... Хто-небудзь адзін! — за­крычаў ён, калі абодва памочнікі ўскочылі.

У гэты момант у кухню ўвайшоў стары слуга Сімон. На яго брыдкім, усыпаным шнарамі твары вочы гарэлі агнём. Кульгаючы, ён падышоў да пліты, асунуўся на табурэтку і выцягнуў кульгавую нагу да агню, у бок цяпла.

— Ён зноў прыйшоў своечасова, — прамармытаў ён.

Эўтрэпсас і ягоныя памочнікі ўтаропіліся
ў старога. Ім падалося, ці Сімон насамрэч нешта сказаў?

Сімон зноў загаварыў.

— І на гэты раз часу заставалася зусім мала, — прабурчаў ён.

— Хто? Дзе? Як? — крычаў Эўтрэпсас, але стары зноў змоўк. Па кіўку повара маладзейшы памочнік прынёс місачку з цыбуляй і сырам і па­ставіў яе перад Сімонам на пліту, а Эўтрэпсас падагрэў кубак глінтвейну. Сімон еў і піў, але не казаў больш ні слова.

Пра ўсе навіны яны даведаліся толькі ад біскупавага сакратара. Той спешна ўвайшоў і закрычаў Эўтрэпсасу:

— Госці тут! І ўсе спацелі, не толькі наш шаноўны гаспадар! Шаноўны гаспадар пытаецца, ці можна крыху моцнага мяснога булёну...

Эўтрэпсас пляснуў у далоні:

— Падаць суп! — крыкнуў ён. Памочнікі памылі твары і рукі, апранулі чыстыя тунікі і пакрочылі да гасцей з супавымі міскамі. Пры неабходнасці яны не толькі былі пасланцамі, але і прыслугоўвалі за сталом.

Эўтрэпсас тым часам маліў святога Пятра, каб рыба падсмажылася своечасова, і слухаў паведамленне сакратара.

— Так, наш добры Мікалай! — мармытаў ён. — Так, наш дарагі гаспадар!

Ён яшчэ раз наліў Сімону гарачага віна ў кубак і сказаў:

— Наш гаспадар робіць цуды, і ты, напэўна, ведаеш больш, чым мы ўсе, бо ты з самага пачатку быў яго верным слугою. Ты ведаеш пра ўсё, што здзейсніў Мікалай!

Сімон заківаў галавою.

Кухар зірнуў на яго збоку. І яму прыгадаліся ўсе незвычайныя гісторыі, пачутыя ў Міры, гісторыі пра маладога Мікалая і яго слугу, пра тое, як яны ноччу ўпотай хадзілі па горадзе і дапамагалі тым, хто трапіў у вялікую бяду. Гэтыя гісторыі, напэўна, не хлусілі. Эўтрэпсас ведаў аднаго старога чалавека, з якім час ад часу сустракаўся вольнымі вечарамі ў карчме «У залатой вінаградзіны». У жыцці гэтага чалавека, напэўна, здарылася нешта асаблівае, несумненна звязанае з Мікалаем. Эўтрэпсас успомніў, як гэты чалавек заходзіў у карчму разам з трыма сваімі ўнукамі, замаўляў кубак віна для сябе, а для дзяцей — зацукраваныя фігавыя палачкі і вінаград.

— Яны ўжо вялікія! — казаў гаспадар, кідаючы позірк на дзяцей. — Ой, як бяжыць час!

— Вялікія, здаровыя і вясёлыя! — згаджаўся мужчына. — Дзякуй Богу і добраму Мікалаю!

У дні вялікіх святаў Эўтрэпсас бачыў гэтага мужчыну з трыма ўнукамі і ў касцёле святой Ірэны. Ён па чарзе падымаў малых на рукі, каб яны маглі ўбачыць біскупа. Аднойчы Эўтрэпсас загаварыў з гэтым мужчынам пасля набажэнства:

— Слаўныя ў цябе ўнукі, дружа, і як яны гучна спявалі разам з усімі — праўда, на свой лад!

— Так, мы прыйшлі паглядзець на біскупа, — адказаў мужчына. — «Толькі паглядзіце на яго, гэта­га благаслаўлёнага чалавека, — сказаў я дзецям, — і добра запомніце яго! Пазней, калі вы станеце дарослымі, матулі раскажуць вам пра яго адну гісторыю!»

— Якую гісторыю? — запытаў Эўтрэпсас.

Мужчына ціха ўсміхнуўся.

— Мікалай забараніў нам расказваць яе, пакуль ён жывы. Так што будзь цярплівым, дружа, няхай біскуп жыве яшчэ доўга, і ты, і я таксама!

Але нездарма Эўтрэпсас быў такі цікаўны. Ад гаспадара карчмы ён усё ж такі нешта даведаўся пра гэтага мужчыну. Ён гандляваў збожжам, меў добрую жонку і трох прыгожых дачок. Аднойчы з яго караблямі здарылася няшчасце: яны ўшчэнт разбіліся падчас буры, каштоўны груз патануў. Сям’я апынулася ў вялікай нястачы. У доме ня­спынна чуўся плач малых дачок.

Але раптам да гаспадара карчмы «У залатой ві­наградзіны» прыйшоў гэты мужчына, відавочна ўзрадаваны, і папрасіў кухара і слугу для вяселля сваёй старэйшай дачкі. Неўзабаве пасля вяселля мужчына зноў пачаў гандляваць збожжам, выйшла замуж другая дачка і, нарэшце, — трэцяя, і жанчыны ў горадзе з пэўнасцю распавядалі, што прыгожыя нявесты атрымалі прыстойны пасаг...

— Сімон, — звярнуўся Эўтрэпсас да старога слугі, — ці памятаеш ты часы, калі Мікалай яшчэ не быў біскупам? Як склалася жыццё ў дачок таго чалавека, які гандляваў збожжам? Адкуль яны атрымалі свой пасаг?

Сімон цяжка падняўся, здавалася, што ў яго балелі ногі, твар старога ў гэтую хвіліну хмурна скрывіўся. І сам ён выглядаў неяк жудасна, стоячы так, нібы Фаўн. «Сапраўды, нібы Фаўн!» — падумаў Эўтрэпсас, згадаўшы часы, калі ён быў у Італіі. Там некаторыя сяляне, хоць і былі хрысціянамі, але ўпотай усё яшчэ ўшаноўвалі старога бога, які павінен быў шчодра адорваць іхнія палі пладамі, а жывёлу — плоднасцю. «Абачлівасць не па­шкодзіць, — думалі, напэўна, сяляне, — у касцёле Бог і Яго Сын, які стаў чалавекам, а на палях і ў хлявах Фаўн, што дае жыццё, жудасны ў сваім казліным абліччы». І вечарам 5 снежня, на свята Фаўна, сяляне сядзелі дома, і нават нагі іх не было на вуліцы, каб не перашкаджаць Фаўну, які цяпер праходзіў па дварах і хлявах, цёмны і ціхі, як ноч.

«Калі б у Сімона на галаве былі два маленькія рожкі, — падумаў Эўтрэпсас, — для любога мастака ён мог бы служыць правобразам старога паганскага бога. Так, ён выглядаў жудасна. Але Эўтрэпсас ведаў, што Сімон добры.

— Ну, ну, не хвалюйся, — мармытаў ён памяркоўна.

Стары Сімон трэці раз за гэты дзень адкрыў рот.

— Не пытайся, — пракрахтаў ён. — Усё выя­віцца своечасова.

Ён паставіў пусты кубак на стол і, кульгаючы, выйшаў з кухні.

Неўзабаве пасля гэтага на парозе з’явіўся Мікалай.

— Эўтрэпсас! — усклікнуў ён. — Усё вельмі смачна! Нашыя госці выказваюць табе асаблівую падзяку!

Эўтрэпсас быў усхваляваны. Ён падбег да біскупа, упаў на калені і абняў ягоныя ногі.

— Мой добры гаспадар, сёння ты здзейсніў цуд!

Мікалай засмяяўся, нахіліўся і дапамог свайму повару падняцца.

— Які цуд, Эўтрэпсас? Такі бедны грэшнік, як я, не можа здзяйсняць ніякіх цудаў. Бог усталёўвае справядлівасць і часам выкарыстоўвае для гэтага свайго слугу Мікалая! Для таго, што ты называеш цудам, патрэбны былі звыклыя чалавечыя рэчы: добрыя вушы, хуткія ногі і мужнасць своечасова крыкнуць: «Тут чыніцца несправядлівасць!» Няхай прабачыць мне Бог, сёння я зноў быў страшэнна раззлаваны...

* * *

Праз тры месяцы гаспадар гатэлю «У марскога змея», калоцячыся ад холаду і чмыхаючы, стаяў ля свайго дома і паглядаў на порт. З мора дзьмуў халодны вецер. Рыбацкія лодкі з рознакаляровымі залатанымі ветразямі пагойдваліся на хвалях, цяпер іх было значна больш, чым звычайна. Той, хто ўлетку і ўвосень займаўся вінаградарствам, узімку станавіўся рыбаком. Працы заўсёды хапала: рамантаваць нераты, перафарбоўваць лодкі, адвозіць у горад на продаж бочачкі з салёнаю рыбаю...

Гаспадар напружыў зрок.

Пане Божа, — мармытаў ён, — учыні, каб на гэты раз яны мінулі наш порт!

 Там, дзе мора і неба зліваліся ў адну тонкую блакітную лінію, замільгалі белыя ветразі вайсковых караблёў.

— Лікас! — закрычаў гаспадар. — Хадзі сюды! У цябе лепшыя вочы!

Лікас перадаў бацьку ўсё, што мог убачыць: караблі былі ўпрыгожаны рознакаляровымі сцягамі, плылі хутка, але курс трымалі не на Адрыяке.

— Пераможцы плывуць дадому, — з палёгкай прабурчаў гаспадар.

* * *

Тры палкаводцы паслалі ў Канстанцінопаль спешны карабель. Шчаслівы пасланец паведаміў імператару, што ў правінцыі Фрыгія ўсталяваны мір, і атрымаў за добрую навіну шчодры дар, як і належала паводле старога звычаю. Увесь горад рыхтаваўся з пашанаю сустрэць пераможцаў.

Толькі некалькі гвардзейскіх афіцэраў не па­дзялялі ўсеагульнай весялосці. Яны папрасілі аўдыенцыі ў гарадскога прэфекта Аблабіяса.

Пане, — сказалі яны, — улада гэтых трох палкаводцаў з гэтага моманту стане невыноснай. Народ весяліцца разам з імі, салдаты цвёрда стаяць на іх баку, яны маюць вялікі аўтарытэт. А раптам яны арганізуюць змову супраць трона і па­спрабуюць захапіць уладу ў дзяржаве?

Яны паабяцалі Аблабіясу падарунак, калі той паведаміць імператару пра гэтую небяспеку.

— Падарунак каля семнаццаці сотняў фунтаў золата, — сказалі яны.

У Аблабіяса заблішчэлі вочы:

— Становішча насамрэч такое небяспечнае?

— Вельмі небяспечнае, — сур’ёзна сказалі гвардзейскія афіцэры. Яны не маглі стрываць трыумфу палкаводцаў. Аблабіяс быў хітры. Ён пачакаў, пакуль сціхне ўсеагульная радасць ад здабытага міру і ў імператара зноў з’явяцца новыя клопаты. Гэта быў самы зручны момант, каб паведаміць імператару пра змову. Імператар Канстанцін пакруціў галавою.

— Непаціянус, Урсус і Герпіліён? — спытаў ён. — Гэтыя трое? Я не веру!

— О, мой уладар, — сказаў Аблабіяс. — Назаві мне тых змоўшчыкаў з доўгай гісторыі Рым­скай імперыі, якія б не былі лепшымі сябрамі ўладара. Успомні пра смерць Цэзара, успомні пра Тыберыя, успомні пра...

— Аблабіяс, — сказаў імператар, — дагэтуль ты аддана і добрасумленна служыў мне. Ідзі і добра ўсё правер, перш чым нам давядзецца арыштаваць гэтых трох мужоў.

Аблабіяс успомніў пра семнаццаць сотняў ззяючага золата.

— Я загадаў, каб праверылі, пане, — сказаў ён. — Гэтыя пераможцы з кожным днём заваёўваюць усё больш прыхільнікаў для рэалізацыі сваіх планаў, яны абяцаюць ім павышэнні ў званні, грашовыя падарункі і, на жаль, усё больш людзей згаджаюцца на ўсё дзеля грошай! — Аблабіяс сумна ўздыхнуў.

Імператар асабіста падпісаў загад пра арышт трох палкаводцаў.

Гвардзейскія афіцэры былі незадаволеныя. Праўда, яны перадалі гарадскому прэфекту абяцаны падарунак, але абурыліся:

— Пасаджаны ў турму? Толькі пасаджаны ў турму? А ты не ўлічыў, што гэтыя мужы маюць уплывовых сяброў? Пакуль яны жывыя, мір у нашай дзяржаве знаходзіцца пад вельмі вялікай пагрозай!

Аблабіяс спалохаўся.

— Дайце мне трохі часу, каб знайсці зручны момант для размовы з імператарам, — сказаў ён.

* * *

Гіларыён, турэмны наглядчык, забяспечваў трох знакамітых зняволеных ежай, чыстым адзеннем і цёплымі коўдрамі. «Калі б усе зняволеныя былі такімі, як гэтыя трое, — думаў ён, — такімі спакойнымі, такімі ветлівымі, такімі стрыманымі. У іх чыстае сумленне. Яны вераць у справядлівасць імператарскага прысуду...»

Гіларыён не хацеў верыць сваім вушам, калі пасланец перадаў яму загад гарадскога прэфекта:

— Трое мужоў, за якімі ты пастаўлены наглядаць, прызнаныя вінаватымі. Наступнай ноччу іх чакае смяротнае пакаранне!

— Без судовага працэсу? — закрычаў Гіларыён. — Без вынясення прысуду?

Пасланец паціснуў плячыма.

— Кожны, нават самы апошні злачынец мае права на законны суд! — закрычаў Гіларыён.

— Гарадскі прэфект дзейнічае паводле загаду імператара, — сказаў пасланец. — А нам, маленькім, слабым людзям, лепш трымаць язык за зубамі і падпарадкоўвацца, калі яны там, наверсе, здзяйсняюць сваю ўладу!..

З плачам пайшоў Гіларыён да трох палкаводцаў, каб перадаць ім страшную вестку. Спачатку яны не хацелі гэтаму верыць.

— Дарагія мае! —усклікнуў Гіларыён у адчаі. — Паглядзіце ж у твар фактам. У вас засталося вельмі мала часу для вырашэння сваіх асабістых справаў. Я ахвотна дапамагу вам і зраблю ўсё, што змагу!

— Мы невінаватыя! — закрычаў Урсус. — Імператар паверыў здраднікам!

— Цяпер нам дапаможа толькі Бог, — сказаў Герпуліён. — Калі павінен прыйсці кат?

Паміж поўначчу і досвіткам, — сказаў Гіларыён.

— Яшчэ ёсць час, каб напісаць некалькі лі­стоў, — сказаў Урсус. — І паведаміць пра несправядлівасць нашчадкам. — Вусны ў яго скрывіліся. Ён не хацеў паказаць свайго хвалявання.

— Яшчэ ёсць час, каб памаліцца, — ціха сказаў Герпуліён.

— Імператар, дзеля якога я ў незлічоных бітвах рызыкаваў жыццём... — сказаў Непаціянус, — той імператар, якога я лічыў сваім сябрам...

Каму з іх упершыню прыйшла ў галаву думка папрасіць заступніцтва ў Мікалая, пазней ніхто не мог успомніць.

Прасіць дапамогі ў чалавека, які знаходзіцца так далёка ад іх, які нават не здагадваецца пра іх бяду? Але ў перадсмяротным страху яны ўсклалі надзею на чалавека, які так бясстрашна змагаўся супраць кожнай несправядлівасці. Магчыма, яны ўспомнілі крыкі людзей, што стаялі ўзбоч дарогі:

— Бяжы, Мікалай, спяшайся!

— Нікалаўс, дапамажы!

Яны ўпалі на калені. Непаціянус стаў маліцца. Гэтая малітва пасля не аднойчы згадвалася ў незлічоных гісторыях і легендах:

Пане, Ты Бог Твайго слугі Мікалая, Ты Бог, поўны сардэчнай дабрыні! Змілуйся над намі праз заступніцтва слугі Твайго Мікалая і выратуй нас, захавай нашае жыццё!

Яны разам моцна закрычалі:

— Мікалай, дзе б ты зараз ні быў, дапамажы нам сваім заступніцтвам! Звярніся да міласэрнага Бога, памаліся за нас! Ён выслухае свайго слугу!

Той ноччу Канстанцін вельмі слаба спаў, бясконца круцячыся на сваім імператарскім ложку. То яго калаціла ад холаду, то шаўковыя коўдры здаваліся занадта цяжкімі і цёплымі. Яму дакучалі дзіўныя сны, ён зноў і зноў прачынаўся ад страху. Ці не паклікаць яму слугу, каб той прынёс напою для сну, або музыкаў?

Падпісаны ім смяротны прысуд, не выходзіў у імператара з галавы.

Трое гэты мужоў так жахліва здрадзілі яму, скарысталіся ягоным сяброўствам, ягоным даверам, паставілі на карту мір...

Але хто тут з’явіўся ля ягонага ложка? Хто загаварыў з ім?

— Канстанцін, прачніся! Канстанцін, устань!

Канстанцін не ведаў мужчыну, які разбудзіў яго. Як ён апынуўся у палацы?

Мужчына быў чырвоны ад гневу. Маленькія кропелькі поту выступілі ў яго на ілбе, быццам ён у вялікай спешцы прабег доўгі шлях. Барада, пранізаная мноствам серабрыстых пасмаў валасоў, злосна траслася. Бровы натапырваліся, быццам маленькія шчотачкі.

Незнаёмец павысіў голас і загаварыў так гучна, быццам хацеў разбудзіць усіх слугаў у гэтым палацы:

— Устань, Канстанцін! Адпусці трох палкаводцаў! Яны абвінавачаны несправядліва! Ты асудзіў на смерць трох невінаватых! Ты будзеш адказваць за гэта калісьці перад Валадаром нябесным!

— Хто ты? — запытаў Канстанцін і, хістаючыся, падняўся з ложка. — Анёл? Пасланец Бога?

Чалавек заківаў галавою, яго голас палагаднеў:

— Я бедны грэшнік Мікалай, біскуп з Міры! — І паколькі ён заўважыў, што імператар адразу не можа успомніць, дзе ў ягонай вялізнай імперыі знаходзілася Міра, дадаў:

 — ...сталіцы Лікіі.

Імператар падышоў да свайго пісьмовага стала, узяў васковую таблічку і сеў.

— Я зараз жа напішу турэмнаму наглядчыку, — сказаў ён. Не атрымаўшы адказу, імператар узняў га­лаву. Мужчына, які назваўся біскупам Міры, знік.

Канчаткова абудзіўшыся, імператар зразумеў, што сядзіць за пісьмовым сталом. Ён перасіліў страх, які ахапіў яго.

Нядоўга думаючы, Канстанцін напісаў на таблічцы:

АДКЛАСЦІ СМЯРОТНАЕ ПАКАРАННЕ
ТРОМ ПАЛКАВОДЦАМ!

На другой васковай таблічцы ён напісаў :

КАНСТАНЦІН ВІТАЕ АЛАБІЯСА.
ТЭРМІНОВА ПРЫЙДЗІ ДА МЯНЕ!

Ён выйшаў у пярэдні пакой, разбудзіў рабоў і загадаў тэрмінова перадаць лісты праз пасланцаў.

У той жа час гарадскі прэфект, калоцячыся, ляжаў на сваім скамечаным ложку і глядзеў на мужчыну, які з пагрозлівым выглядам стаяў перад ім. О Божа, што за жудасны голас быў у гэтага чалавека! Як дзіка ў яго натапырваліся ва ўсе бакі валасы і барада, нібы ільвіная грыва! А словы, якія адважыўся ўжываць гэты незнаёмец! Яшчэ ні­водзін чалавек так бессаромна не крычаў на гарад­скога прэфекта!

— Ты прагны мяшок з грашыма! Ты стары махляр! Хіба ты зусім страціў розум? З-за сваёй нястрымнай прагі золата ты загадваеш забіваць невінаватых людзей! Калі ты падманваеш нават імператара, то ці не збіраешся ты падмануць і Бога? Бойся Яго кары, Аблабіяс! Хутчэй устань і адпусці трох палкаводцаў! Інакш я паклічу суд Божы супраць цябе, і твой канец будзе жудасным!

У гарадскога прэфекта ногі амаль не слухаліся, калі ён устаў з пасцелі і, хістаючыся, скіраваўся да стала.

— Хто ты, — шаптаў ён, — хто ты, што адважваешся так размаўляць са мною? Хто дае табе гэтую ўладу?

— Уладу? — незнаёмы чалавек, здавалася,
усміхнуўся. — Я толькі бедны грэшнік Нікалаўс, біскуп Міры. Міры, сталіцы Лікіі!

Пасля гэтых словаў мужчына знік. Аблабіяс дрыжаў усім целам. Ён ледзьве змог надрапаць на воску літары:

АБЛАБІЯС — ГІЛАРЫЁНУ:

АДКЛАСЦІ СМЯРОТНАЕ ПАКАРАННЕ.

АБЛАБІЯС ВІТАЕ ІМПЕРАТАРА,

СВАЙГО ПАНА. ПРАШУ АЎДЫЕНЦЫІ ПА СПРАВЕ

СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ ПАЛКАВОДЦАЎ.

АДМЯНІЦЬ ПРЫСУД!

З’ЯВІЛІСЯ НОВЫЯ ФАКТЫ!

У начным Канстанцінопалі на сярэдзіне дарогі паміж імператарскім палацам і вілай гарадскога прэфекта сустрэліся два пасланцы. Два іншыя па­сланцы сутыкнуліся адзін з адным перад турэмнымі варотамі. Менавіта ў той момант, калі кат патрабаваў упусціць яго. Гіларыён плакаў ад радасці, чытаючы новыя загады.

— Я сёння не патрэбны? Тым лепш! — прабурчаў кат. — Тады я пайду дахаты і зноў лягу спаць...

На досвітку імператар загадаў склікаць сенат. Ён запрасіў туды і свайго гарадскога прэфекта. У прысутнасці сената ён загадаў прывесці трох палкаводцаў і спытаўся ў іх:

— Ці можам мы пагаварыць шчыра, мы, даўнія блізкія сябры? Ці разбіраецеся вы ў чараў­ніцтве?

— Не, пане, — адказалі тры палкаводцы.

— Ці задумвалі вы што-небудзь дрэннае супраць мяне ці супраць дзяржавы?

— Не, пане.

— А калі гэта можна будзе даказаць?..

— Тады, пане, мы гатовы памерці! Але, пане, нават у думках мы ніколі не задумвалі супраць цябе нічога дрэннага!

— Так! А што кажа вам імя Нікалаўс?

— Нікалаўс! — усклікнулі палкаводцы.

— Так, Нікалаўс. Хто ён і якое ён мае для вас значэнне?

 Тады яны расказалі імператару ўсё: пра іх першую сустрэчу з біскупам у маленькім порце Адрыяке, пра тое, як ён у апошні момант выратаваў трох грамадзянаў Міры і пра тое, што цяпер яны малілі яго аб дапамозе ў найвялікшай бядзе.

— Хоць ён быў ад вас так далёка?

— Хоць ён быў так далёка, пане.

Імператар разважаў. Ці прызнацца ім у сваім дзіўным сне? Ён павольна сказаў:

— Вы свабодныя! Дзякуйце за сваё жыццё не мне! Дзякуйце біскупу Міры, якога вы клікалі на дапамогу! Едзьце ў Міру і падзякуйце яму! І перадайце яму маё паслане: «Мікалай, біскуп Міры, я выканаў твой загад! Не гневайся больш! Заступайся за мяне і за ўсю імперыю! Няхай Бог, які валадарыць над светам, адорыць нас усіх супакоем!»

 Ён даў тром палкаводцам падарункі для Нікалаўса: два каштоўныя падсвечнікі і Евангелле ў залатой аправе.

* * *

Выцягнуўшы ўперад шыю, гаспадар гатэлю
«У марскога змея» назіраў, як прычаліла вялікае паруснае судна з імператарскім сцягам. У адзін момант увесь Адрыяке быў на нагах. Неўзабаве кожнае дзіця ведала, што прыехалі тры палкаводцы, каб падзякаваць добраму біскупу Нікалаўсу за цудоўную дапамогу. Яны прывезлі з сабой падарункі ад імператара!

— Сыне, — сказаў гаспадар юнаму Лікасу, — я думаю, што Эўтрэпсас будзе вельмі ўдзячны, калі ён своечасова даведаецца, што павінен гатаваць для трох знатных гасцей!

Лікас усміхнуўся і пабег.

Нікалаўс выйшаў на Львіную плошчу насустрач тром палкаводцам. Народ Міры быў сведкам таго, як тры мужчыны ўпалі на калені перад біс­купам.

— Калі ласка, устаньце! Устаньце ж! — спалохана папрасіў Нікалаўс. — Я яшчэ не ведаю, якую вы атрымалі дапамогу, але разумею адно: гэта Бог — Той, Хто дапамагае. Яму належыць уся пашана. А не беднаму слугу, якога Ён у сваёй міласці часам выкарыстоўвае як сваю прыладу!

Неўзабаве пасля гэтага кухар Эўтрэпсас пачуў спешныя крокі па каменных плітах у двары. Мікалай прыбег у кухню.

Мой дарагі Эўтрэпсас, яны памятаюць пра тваю рыбу ў мёдзе і віне! Ці не мог бы ты быць такім ласкавым і...

Эўтрэпсас паказаў на патэльні на пліце:

— Яна ўжо смажыцца, пане!

— І, Эўтрэпсас, у нас здзейснілася нешта цудоўнае! Радуйся разам са мною! Тры палкаводцы ахвяравалі вельмі шмат золата для тых гараджан, якія жывуць у нястачы! Яны не маглі ўчыніць мне большай радасці! Як ты думаеш, ці не варта з гэтага часу гатаваць для ўбогіх супчык тры разы на дзень...

— Усё, што пажадаеш, пане! — прамармытаў Эўтрэпсас. — А цяпер вяртайся да сваіх гасцей, малю цябе! Гэтая рыба ў мяне выдатна атрымалася і павінна быць з’едзена своечасова!

— Мы будзем слухацца адзін аднаго! — сказаў біскуп з ледзь заўважнай усмешкай і спешна пакінуў кухню.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.