Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

МАЛЕНЬКІ НІКОЛАС

Адвэнтавая п’еса

з Гватэмалы

 

 

Каля 16 чалавек:

апавядальнік (ці апавядальніца), гандляр Ніколас, яго жонка, маленькі Ніколас, сястра Тоня, селянін Талья­но, індзеец-майя, яго сын Чус, яго дочкі Ліля
і Леля, бабуля, Томас (сябар Чуса), індзейцы-майя і іх дзеці.

(Месцы дзеяння — перад касцёлам, дом гандляра Ніколаса, на полі, перад хатай бабулі, на вясковай вуліцы — толькі злёгку пазначаны).

Сцэна 1

(Перад касцёлам. Сястра Тоня выходзіць з ін­дзей­скімі дзецьмі і раздае ім бразготкі і бубны. На сцэне ствараецца штурханіна, бо кожнае дзіця хоча атрымаць бразготку ці бубен. Ліля і Леля тузаюць Тоню за накідку.)

Ліля. Сястра Тоня...

Леля. Паслухай жа, сястра Тоня...

Ліля. Наш брат Чус прыйдзе пазней.

Леля. Ён яшчэ ў полі.

Ліля. Томас таксама яшчэ выполвае пустазелле, я бачыла.

Тоня. Добра, хлопчыкі прыйдуць пазней. А мы тым часам паўторым першую песню для працэсіі. Хто адважыцца заспяваць са мною першую страфу?

(Яны развучваюць песню, сястра Тоня хваліць або робіць заўвагі, нарэшце яны спяваюць усе разам.)

Песня для працэсіі

Мы зайграем і заспяваем усе разам песню,

каб суцешыць Марыю і Юзафа, Яе мужа,

на далёкім і цёмным шляху ў Бэтлеем.

Мы ідзем разам з Марыяй і Юзафам, Яе мужам,

і падтрымліваем змучаных, калі яны

                                                      ўжо не могуць ісці далей,

на далёкім і цёмным шляху ў Бэтлеем.

Мы запальваем свечкі, столькі, колькі ў нас ёсць,

як святло для Марыі і Юзафа, Яе мужа,

на далёкім і цёмным шляху ў Бэтлеем.

Тоня. Ну, гучыць ужо значна лепш, чым у мінулы раз.

Ліля. Прыгожая песня, і праўдзівая таксама — асабліва тое месца, пра свечкі...

Леля. Так, наша бабуля заўсёды кажа, што калі б дзядзька Маціяс тады не вяртаўся з кірмашу адзін і меў пры сабе святло, магчыма, яго не за­стрэлілі б салдаты.

Ліля. Яны б убачылі, што ён проста селянін, а не партызан.

Адно з дзяцей. Ой, яны страляюць і ў сялян. Асабліва, калі галодныя і бачаць, што селянін нясе мех кукурузы...

(Прыходзяць Чус і Томас, у руках трымаюць матыкі, якімі працавалі ў полі. Іх ажыўлена вітаюць.)

Тоня. Цудоўна, што вы прыйшлі, Чус і Томас. Ці памятаеце вы яшчэ мелодыю нашай песні для працэсіі? Мы зараз напяем яе...

(Усе напяваюць мелодыю пад суправаджэнне музычных інструментаў. Святло пражэктара пераходзіць з групы дзяцей на апавядальніка.)

Апавядальнік. Так, дарагія гледачы, цяпер вы пазнаёміліся з дзецьмі з Сан Марціна. Сан Мар­цін — гэта маленькая вёска ў гарах Гватэмалы. Тут жывуць індзейцы — патомкі старажытных майя. Адзіны ладзіно* ў вёсцы — гандляр Ніколас, калі не лічыць салдатаў. Яны, дзякуй Богу, прыходзяць толькі зрэдку — толькі калі яны лічаць, што тут схаваліся паўстанцы, «гарылы». Потым яны прылятаюць на верталётах і страляюць па ўсім, што рухаецца... (Адна страфа песні гучыць крыху мацней, потым зноў спяваюць напаўголасу. Апавядальнік працягвае.) Індзейцы-майя — сяляне. Бедныя сяляне. Яны вырошчваюць кукурузу і бабы. Многія мужчыны пакінулі вёску і пайшлі працаваць на ўзбярэжжа, дзе размешчаны кававыя плантацыі багатых землеўладальнікаў. Часам яны прысылаюць дадому крыху грошай, але часцей за ўсё так зрабіць не выпадае. Тады маці з дзецьмі павінны самі клапаціцца пра сябе. Тут, у Сан Марціне, само па сабе зразумела, што дзесяцігадовыя хлопчыкі, як Чус і Томас, працуюць у полі, як дарослыя. Ні школы, ні настаўніка тут няма. Праўда, урад час ад часу пасылае настаўніка, але ні адзін доўга тут не вытрымлівае. На шчасце, тут ёсць сястра Тоня. Яна жыве з дзвюма іншымі сёстрамі ў маленькім кляштары за касцёлам. Тоня вучыць індзейскіх дзяцей. Яна вучыла б і сына гандляра, маленькага Ніколаса, калі б не...

Але з гандляром Ніколасам вы яшчэ не пазнаё­міліся. Ён жыве з жонкай і маленькім сынам у адзіным вялікім доме ў Сан Марціне. Там, наверсе. (Ён паказвае, дзе жыве гандляр; пражэктар перамяшчаецца
і асвятляе яго сям’ю. Гандляр займаецца спісамі і рахункамі. Жонка вышывае кашулю для маленькага Ніколаса, час ад часу яна прымервае яе да яго плячэй, каб паглядзець, як выглядае ўзор.)

Сцэна 2

Гандляр (лічыць і мармыча). Дваццаць... дваццаць пяць... дваццаць восем... Не забыцца наступным разам прынесці свечак з горада. Цяпер, перад Божым Нараджэннем, яны купляюць шмат свечак — для сваіх працэсій. На гэта ў іх грошы ёсць.

Ніколас. Мама, яны зноў спяваюць. Ты чуеш?

Жонка. Што, Ніколас?

Ніколас. Там, на вуліцы, яны зноў спяваюць. Ла-ла-ла... (Ён таксама спрабуе заспяваць.)

Жонка. У мяне не такі тонкі слых, як у цябе, мой маленькі Ніколас.

Ніколас. Можна мне пайсці туды і паслухаць, мама?

Жонка. Аднаму нельга, маленькі Ніколас, але калі я давышываю кветку...

Гандляр (успыхвае). Хлопчык застанецца тут! Ён застанецца тут, ты чуеш? Ён ні кроку не ступіць у гэтую глухмень! І нават разам вы не пойдзеце да гэтых брудных індзейскіх вырадкаў...

Жонка. Божа мой, Ніколас, дзіця пацешылася б, слухаючы, як спяваюць іншыя дзеці. Успомні толькі, як летась індзейцы ўрачыста ішлі са свечкамі па вёсцы, з фігуркамі Марыі і Юзафа... мноства ліхтарыкаў і флейты... Якімі вялізнымі вачыма глядзеў на гэта наш маленькі Ніколас! Але ты адцягнуў яго ад вакна і забараніў глядзець.... Хіба ж гэта можа яму пашкодзіць? У яго наогул няма ніякіх забаваў у гэтай вёсцы. Ніводнага сябра, з якім можна было б гуляць.

Гандляр. У наступным годзе ў яго будуць сябры. Мы пераедзем у горад. Мы столькі заробім, што зможам сабе гэта дазволіць.... Хадзі сюды, мой маленькі Ніколас, я нешта скажу табе... У наступным годзе ты ўжо будзеш такі вялікі, што зможаш пайсці ў школу. У прыстойную гарадскую школу. Там ты знойдзеш слаўных сяброў.

Ніколас. Ага, тата...

Гандляр. Тут адны індзейцы. Гэта нішто для цябе. Табе нельга з імі гуляць. Ды яны і самі не хочуць. Ты ім не падабаешся.

(Ніколас маўчыць).

Гандляр (ускоквае і дастае з паліцы скрынку). Глядзі, што ў мяне для цябе ёсць. (Звяртаецца да жонкі.) Уласна кажучы, я хацеў падарыць яму гэта толькі на Каляды. (Паварочваецца да Ніколаса.) Ну, адкрый скрын­ку. (Ніколас дастае цацачны грузавік з кубікамі і маленькімі мяшэчкамі.) Ну, што ты цяпер скажаш? Грузавік, такі, як мой, толькі нашмат прыгажэйшы.

Жонка (згаджаючыся). Такі добры грузавік, Ніколас, ты ж заўсёды марыў пра такі.

Ніколас. Дзякую, тата.

Гандляр. Яго можна нагрузіць. Паглядзі, мяшкі з кавай. Ну, пагрузі іх. Бачыш. Можа, некалі ты будзеш гандляваць кавай. Было б нядрэнна. Гандляваць кавай на ўзбярэжжы. (Звяртаецца да жонкі.) Маленькі Ніколас павінен жыць лепш за нас. Навошта я, уласна кажучы, працую? Дзеля чаго надрываюся? Толькі дзеля таго, каб маленькі Ніколас некалі жыў лепш. Каб ён мог сябраваць з прыстойнымі людзьмі, а не з бруднымі індзейцамі.

(Ніколас ціха гуляе з грузавіком.)

Жонка. Так, Ніколас. Толькі часам я думаю, ты мог бы ўжо пусціць хлопчыка да сястры Тоні. Яна падвучыла б яго, каб у горадзе для яго не было ўсё такім новым. Рэлігія, спевы, маляванне...

Гандляр. Пра гэта няма чаго і гаварыць! Да гэтай жанчыны ён не пойдзе. Яна ж будзе вучыць не толькі яго, але і індзейцаў разам з ім, уяві гэта!

Жонка. Ты ўпэўнены?

Гандляр. Так. Я аднойчы гаварыў з ёю пра гэта. «Сардэчна запрашаем вашага сына на нашыя дзіцячыя заняткі», — сказала яна. Сказала мне гэта проста ў твар, і вокам не міргнула. Ні слова пра індывідуальныя заняткі... І яшчэ яна ўгаворвае сялян заснаваць таварыства. Каб выключыць мяне як гандляра. Вось яна якая, гэтая Тоня.

Жонка. Не... калі так...

Гандляр. Глядзі, як слаўна маленькі Ніколас гуляе са сваім грузавіком. Ён так захоплены гульнёю.... Мы спакойна можам пакінуць яго аднаго. Дапамажы мне паставіць новыя гаршкі на паліцы. (Выходзіць разам з жонкай.)

(Сястра Тоня і дзеці пачынаюць спяваць новую песню. Ніколас перастае гуляць, прыслухоўваецца, упэўніваецца, што за ім не сочаць бацькі, і ўцякае. Святло пражэктара плыве за хлопчыкам, калі ён падчас песні ўсё бліжэй падыходзіць да дзяцей.)

Сцэна 3

Песня

Мы ўсе Божая сям’я,

і ніхто больш не адзінокі.

Таму што Езус, Дзіцятка з Бэтлеема,

хоча быць нашым братам.

Дарагая Марыя, просім Цябе,

каб Ты стала нашай Маці!

Дзіцятку Езусу Ты сказала «так»,

не кажы таксама і нам «не»!

Ніколас (падпоўз да Чуса і штурхае яго). Паглядзі, паглядзі, хто тут!

Чус (паварочваецца да яго). Маленькі Ніколас!

(Ніколас сядае на кукішкі побач з Чусам.)

Тоня. Гэтую песню мы заспяваем, калі прынясем фігуркі Марыі і Юзафа ў наступную сям’ю. Нам яшчэ трэба вызначыць чарговасць.

Томас. Сястра Тоня, сюды падкраўся маленькі Ніколас. Ён слухае нас...

Чус. Не чапайце яго. Ён не зробіць нічога кепскага.

Адно з дзяцей. Але ён сын гандляра.

Чус. Ён не вінаваты ў гэтым. Ды ён такі маленькі, што нічым не можа нам пашкодзіць, праўда, маленькі Ніколас?

Ніколас. Я хачу спяваць з вамі.

Тоня. Вельмі добра. Маленькі Ніколас хоча спяваць разам з намі. Пачнем яшчэ раз.

Ніколас (паказвае на бразготку, якую трымае Чус).
Я таксама хачу бразгатаць.

Чус. Трэба казаць «калі ласка»...

Ніколас. Калі ласка. (Чус дае яму бразготку, Ніколас старанна бразгоча разам з усімі. Першую страфу спяваюць гучна , другую — крыху цішэй.) Гэй, Чус...

Чус. Што, маленькі Ніколас?

Ніколас. Ты мяне не прагоніш?

Чус. Не, навошта?

Ніколас. І будзеш размаўляць са мною?

Чус. Так...

Ніколас. А ці праўда, што ты мяне цярпець не можаш?

Чус. Хто табе такое казаў?

Ніколас. Няважна... Я табе падабаюся, так? Я нават мог бы стаць тваім маленькім братам.

Чус (смяецца). З часам, магчыма. Калісьці ў мяне быў маленькі брацік, але ён памёр адразу пасля нараджэння.

(Святло пражэктара пераходзіць на апавядальніка.)

Апавядальнік. Сем гадоў таму, калі маленькі Ніколас з’явіўся на свет, таксама набліжалася свята Божага Нараджэння, як і цяпер. І індзейцы-майя насілі ад хаты да хаты фігуркі Юзафа і Марыі. (На заднім плане індзейцы запальваюць свечкі.) Гандляр Ніколас і яго жонка радаваліся нованароджанаму дзіцяці. Дарагія гледачы, зараз вы ўбачыце перадгісторыю нашай адвэнтавай п’есы. (Святло пражэктара пераходзіць на гандляра і яго жонку, якая трымае на каленях спавітае дзіця.)

Сцэна 4

Жонка. Гэта самае прыгожае дзіця з усіх, што я бачыла.

Гандляр. І такое дужае. Глядзі, як ён хапае мяне за палец.

Жонка. Спадзяюся, што ў яго будзе шчаслівы лёс.

Гандляр. Я запаліў у касцёле перад Багародзіцай самую вялікую і тоўстую свечку, якую толькі змог знайсці. З ружамі і залатымі зоркамі.

Жонка. Глядзі, ён засмяяўся... (Казыча дзіця.) Ну, усміхніся яшчэ раз, каб бацька ўбачыў, як хораша ты ўмееш смяяцца. (Стук у дзверы.)

Гандляр. Ніколі няма спакою. (Стук узмацняецца.) Нахабныя людзі, так позна...

Жонка. Можа, гэта індзейцы з Юзафам і Марыяй.

Гандляр. Як яны могуць асмеліцца нам цяпер пе­рашкаджаць... (Ідзе да дзвярэй, пражэктар асвятляе яго і селяніна Тальяно. Жонка застаецца ў цемры і калыша дзіця.)

Жонка. Але гэта прыгожы стары звычай... (Здалёк чуваць гукі бразготак і бубнаў працэсіі.)

Тальяно. Гандляр Ніколас...

Гандляр. Што ты хочаш? Кажы хутчэй!

Тальяно. Мне неабходна твая дапамога. Маю жонку трэба завезці ў горад, у шпіталь. У цябе ёсць грузавік, Ніколас.

Гандляр. Што? Цяпер, уначы, я павінен ехаць у горад? Ты з глузду з’ехаў?

Тальяно. Яна хутка народзіць дзіця. Але цяпер ёй стала кепска.

Гандляр. Дзіця? Тады пакліч Брухо, вашага шамана, да якога вы заўсёды бяжыце, каб ён вы­клікаў для вас духаў.

Тальяно. Ніколас!

Гандляр. Альбо ідзі да сясцёр у кляштар, яны разбіраюцца ў гэтым.

Тальяно. Я быў у Брухо, я быў у сясцёр. Яны не могуць дапамагчы маёй жонцы. Усе кажуць, што ёй трэба хутчэй у шпіталь.

Гандляр. Я не магу цяпер пайсці з дому. Я не магу пакінуць сваю жонку адну.

Тальяно. Тады пазыч нам грузавік, Ніколас.

Гандляр. Каб вы зламалі мне машыну! Па­кладзіце жанчыну ў гамак і адпраўляйцеся ў даліну. Яшчэ паспееце...

Тальяно. Богам прашу, Ніколас, дапамажы нам!

Гандляр. Пайшоў прэч, індзеец! (Тальяно знікае ў цемры. Святло пражэктара перамяшчаецца за гандляром назад, да яго жонкі.)

Жонка. Ну, хто гэта быў, Ніколас?

Гандляр. Ат, адзін селянін. Вельмі нахабны. Нічога асаблівага.

Жонка. Калі да нас завітаюць індзейскія деці са сваёй працэсіяй, то падары ім, калі ласка, некалькі манет і фруктаў.

Гандляр (утаропіўся ў яе). Манет? Як гэта?

Жонка. Ну, проста так. Каб пацешыць іх. Бо
я сама так цешуся з нашага маленькага Ніколаса.

Гандляр. Ну і задумы ў цябе... (памяркоўна.) Ну, добра, супакойся, калі індзейскія паскуднікі па­стукаюць, я дам ім што-небудзь...

Апавядальнік. Але ў гэтую ноч больш ніхто не пастукаў у дзверы гандляра Ніколаса... Сяляне той жа ноччу панеслі жонку Тальяно ў даліну, але да шпіталя ўжо не дайшлі. Жонка Тальяно і наро­джанае немаўлятка памерлі ў дарозе. Тальяно не захацеў вяртацца ў горы. Ён пайшоў далей, на ўзбярэжжа, шукаць працы на якой-небудзь кававай плантацыі. Яго дзеці — Чус, Ліля і Леля — засталіся з бабуляй.

(Тоня і дзеці ціха напяваюць першую страфу з песні пра Марыю. Пражэктар асвятляе на першым плане Чуса і Ніколаса.)

Сцэна 5

Ніколас. Чус, калі б у цябе быў маленькі бра­цік, ты гуляўся б з ім?

Чус. Калі б не быў у полі...

Ніколас. А ў што б ты гуляўся з ім?

Чус. Не ведаю. Можа, у шары.

Ніколас. У цябе ёсць шары?

Чус. Ага. Некалькі... (Вымае шары з кішэні штаноў.) Не шкляныя, як у твайго бацькі ў краме. Гэтыя я зрабіў сам. З гліны.

Ніколас. Давай пагуляем! Калі ласка...

(Яны гуляюць, кленчачы або лежачы на жываце. Томас і іншыя хлапчукі далучаюцца да іх.)

Тоня. Правільна, пагуляйце трохі. Сёння мы ўжо дастаткова пазаймаліся. Я зараз пайду ўпрыгожваць фігуркі Юзафа і Марыі для працэсіі.

Ліля. Ці будзе ў Марыі новая накідка?

Леля. А ў Юзафа новы плашч?

Тоня. Магчыма, калі я знайду дастаткова рэшт­каў тканіны.

Ліля. О, добра, я дапамагу табе.

Леля. І я. (Выходзяць разам з Тоняй.)

Ніколас (гуляючы ў шары). Чаму вы носіце фі­гуркі Марыі і Юзафа ад хаты да хаты?

Чус. Бо кожная сям’я хоча прыняць у сябе на адну ноч Марыю і Юзафа. На ўспамін пра Бэтлеем. Яны нідзе не маглі знайсці прытулку. Марыі давялося нарадзіць дзіця ў хляве.

Томас. Юзаф і Марыя былі беднымі людзьмі. Такімі ж беднымі, як і мы. Ніхто ім не спачуваў.

Ніколас. Я паспачуваў бы. Я пусціў бы іх. Тады ў нашым доме нешта змянілася б. Дзіця ў доме... Зусім маленькае! І я больш не быў бы такім адзінокім.

Томас. У цябе ж ёсць бацькі. У Чуса, напрыклад, мамы няма. А тата далёка ад дому.

Ніколас. Але ў яго ёсць сёстры. А ў мяне няма ні сясцёр, ні братоў. Затое ў мяне ёсць вы.

Томас. О, калі б гэта чуў твой бацька!

Чус. Маўчы, Томас... Ты выйграў, маленькі Ніколас. Гэты шар цяпер твой. (Святло пражэктара скіроўваецца да апавядальніка.)

Апавядальнік. Не, гандляр Ніколас не здагадваецца, як часта яго маленькі сын уцякае з дому і бяжыць да іншых дзяцей. Ён ніколі б гэтага яму не дазволіў. Ён клапоціцца пра будучыню свайго сына. І часам яму дакучаюць дрэнныя сны...

(Святло пражэктара пераходзіць на гандляра Ніколаса, які варочаецца ў сне. Жонка спрабуе разбудзіць яго.)

Сцэна 6

Гандляр (гаворыць у сне). Стукаюць у дзверы. Ты чуеш? Адчыні. Ім патрэбны грузавік. Хутка... Канешне, вы можаце ўзяць грузавік. Чаму ж не заводзіцца матор? Нам трэба ў даліну, уніз...

Жонка. Прачніся, Ніколас. Гэта проста жах­лівы сон.

Гандляр (прачынаецца). Што такое?.. Я гаварыў у сне? (Сядае.) А што я гаварыў?

Жонка. Пра грузавік, які не заводзіцца.

Гандляр. Напэўна, мне снілася, што яны хацелі адабраць у мяне маленькага Ніколаса. Мне часта гэта сніцца: яны прыходзяць і забіраюць ад мяне маленькага Ніколаса!

Жонка. Хто — яны?

Гандляр. Індзейцы, гэтыя брудныя індзейцы. Не давярай ніводнаму індзейцу! Калі-небудзь яны адпомсцяць.

Жонка. За што, Ніколас? Хіба мы ім нешта зрабілі? (Гандляр маўчыць.) Бачыш. Табе не трэба турбавацца. Навошта ім забіраць нашага Ніколаса?

Гандляр. Ён тут, маленькі Ніколас? Ён дома?

Жонка. Ён дзесьці побач і гуляе з новым грузавіком.

Гандляр. Паглядзі, ці дома ён.

Жонка. Ніколас! Ніколас?.. Супакойся, ён, на­пэўна, каля дома!.. Ніколас!

Ніколас (прыходзіць брудны пасля гульні). Што, мама?

Жонка. Ніколас, дзе ты так упэцкаўся? Ты ўпаў?

Ніколас. Не. Я гуляў. У шары. Там трэба было ляжаць на жываце.

Гандляр (падыходзіць да абоіх). З кім ты гуляў? (Ён трасе хлопчыка.)

Ніколас. З Чусам і Томасам і...

Гандляр (б’е яго). Я павыбіваю з цябе гэтыя гулі з бруднымі індзейцамі. Каб ты больш ніколі так не рабіў, чуеш? Яны — брудныя індзейцы. Паўтары: брудныя індзейцы. Хто яны?

Ніколас. Брудныя індзейцы. (Бацька адпускае яго, Ніколас плача.)

Жонка (адводзіць хлопчыка ўбок). Хадзі, сынок, я дам табе прыгожыя, чыстыя штаны... ну, хадзі...

(Святло пражэктара пераходзіць на індзейскую хатку
і бабулю.)

Сцэна 7

Бабуля. Чус...

Чус (выходзіць, з матыкай на плячах). Я іду ў поле...

Бабуля. Чус, я ўжо даўно хацела нешта спытаць у цябе... Маленькі Ніколас усё яшчэ прыходзіць да вас?

Чус. Так. Нават у поле ён бяжыць за мною.

Бабуля. Не давярай ніводнаму ладзіно, Чус.

Чус. Але маленькі Ніколас нікому нічога не зробіць.

Бабуля. Калі ён вырасце, ён стане такім жа, як бацька.

(Чус маўчыць).

Бабуля. Чус, кажу табе яшчэ раз: калі б гандляр Ніколас даў тады твайму бацьку грузавік, твая маці і брацік, магчыма, не памерлі б...

Чус (раздумвае). Не памерлі б?..

Бабуля. У іх быў бы шанец.

Чус (пасля паўзы). Але ў чым вінаваты маленькі Ніколас, калі ў яго бацькі жорсткае сэрца?

Бабуля. Я расказала табе гэта, каб ты ведаў
і падумаў пра гэта. А цяпер ідзі ў поле.

(Святло пражэктара суправаджае Чуса і асвятляе іншых хлопчыкаў, якія працуюць у полі.)

Сцэна 8

Ніколас (у новых штанах, асцярожна набліжаецца да дзяцей). А вось і я!

Чус. О, маленькі Ніколас!

Ніколас. Пагуляем?

Чус. Цяпер не. Цяпер я заняты.

Ніколас. А пасля?

Чус. Яшчэ не ведаю.

Ніколас (глядзіць на хлопчыкаў).

Томас. Адыдзіся трошкі, маленькі Ніколас,
бо зямля можа трапіць на твае прыгожыя новыя штаны.

Ніколас. Так, мне давялося пераапрануцца, каб я не выглядаў як... як брудны індзеец.

(Дзеці ўтаропіліся ў Ніколаса.)

Томас (да Чуса). Ты чуў? (Да Ніколаса.) Прэч адсюль, хлуслівы ладзіно! (Ён кідае грудаю зямлі ў Ніколаса.)

Ніколас. Бацька загадаў мне так сказаць. Ён мяне пабіў. (З плачам уцякае.)

Чус (крычыць яму ўслед). Ніколас! Хадзі назад, маленькі Ніколас!

Томас. Хай бяжыць! Ён будзе такім жа, як бацька!

Сцэна 9

(Пражэктар асвятляе Тоню, дзяўчынак і ўпрыгожаныя фігуркі. Хлопчыкі далучаюцца да іх. Раздаюць музычныя інструменты і свечкі. Дзеці спяваюць першую страфу з песні для працэсіі.)

Тоня. А дзе маленькі Ніколас? Ён жа хацеў
удзельнічаць?

Томас. Ён, напэўна, больш не асмеліцца прыйсці сюды.

Адзін з хлопчыкаў. Ён абазваў нас бруднымі індзейцамі.

Чус. Гэта бацька ўбіў яму такое ў галаву.

Томас. Якая розніца? Ён гэта сказаў. Калі ён яшчэ раз з’явіцца тут, я паганю яго прэч! Я не хачу, каб ён удзельнічаў.

Тоня. А хто ўсё-такі хоча?

Чус. Я, нягледзячы ні на што, хачу, каб ён
удзельнічаў. Але яму трэба шмат мужнасці, каб зноў сюды прыйсці. Не ведаю, ці адважыцца ён.

Тоня. Калі ён прыйдзе і мы зноў прагонім яго, трэба будзе выключыць адну песню з працэсіі.

Ліля і Леля. Якую песню?

Тоня. Песню пра Святую Сям’ю. Мы яе ўжо не зможам спяваць.

Дзеці. Чаму?

Тоня. Бо маленькі Ніколас таксама належыць да Святой Сям’і. Дзіцятка Езус прыйшоў у гэты свет не толькі дзеля вас, але і дзеля маленькага Ніколаса.

Томас. Усё роўна. Ён так ці інакш стане такім жа, як бацька.

Чус. Бо мы не дадзім яму стаць іншым.

(Дзеці выстройваюцца ў працэсію. На шырокай падстаўцы нясуць фігуркі Марыі і Юзафа. Музыканты іграюць першую страфу песні. Тоня пачынае запальваць дзіцячыя свечкі. Падкрадваецца маленькі Ніколас і торгае Чуса за понча.)

Ніколас. А вось і я!

Чус. Маленькі Ніколас. (Прытуляе яго да сябе.)

Ніколас. Я хачу ўдзельнічаць, нават калі бацька потым паб’е мяне.

Ліля. Калі маленькі Ніколас удзельнічае, значыць, мы можам спяваць другую песню, праўда, сястра Тоня?

Тоня. Так, можам.

Томас. Няхай ён ідзе з намі, але каб больш не абзываў нас. Мы не брудныя індзейцы. Мы індзейцы-майя.

Ніколас (сур’ёзна). Індзейцы-майя. (Ён паказвае на бразготку.) Дайце мне бразготку, калі ласка. (Яму даюць бразготку.) І свечку, калі ласка. (Ён атрымлівае свечку.)

(Працэсія пачынаецца. Індзейцы іграюць і спяваюць. Гандляр Ніколас падыходзіць да дзвярэй, узнімае далонь над ілбом, узіраецца і кліча сваю жонку.)

Гандляр. Бо ты ніколі за ім не сочыш! Там... там ён ідзе з індзейскімі дзецьмі! Палюбуйся цяпер на гэта!

Жонка. Дазволь яму парадавацца! Пазней, калі ён вырасце, ён будзе глядзець на ўсё гэта іншымі вачыма!

Гандляр. Яны адбіраюць у мяне дзіця — не так, як я баяўся, але ўсё ж такі… яны адбіраюць яго ў мяне! (Хоча падысці да Ніколаса, жонка стрымлівае яго.)

Жонка. Цяпер не перашкаджай працэсіі. Растлумачыш яму пазней, што ты пра гэта думаеш. Ціха!

(Дзеці спяваюць першую страфу з песні Марыі, гандляр вяртаецца ў дом, жонка ўпотай махае маленькаму Ніколасу, працэсія праходзіць ля яе.)

Апавядальнік. Вёскі Сан Марцін, дзе адбылася гэта гісторыя, сёння не ўжо не існуе. Урадавыя войскі абстралялі і разбурылі яе, жыхары паўцякалі. Але такіх дзяцей, як Чус і Ніколас, яшчэ шмат ёсць на свеце. Будзем спадзявацца, што ім дазваляюць сябраваць. Дзякую за тое, што прыйшлі да нас! Да пабачэння!

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.