АДВЭНТАВАЯ БАТЛЕЙКА
Гісторыя пра адвэнтавую
батлейку мае сваю перадгісторыю. Гэта прыгода з
адвэнтавым вянком, якая здарылася так...
У доме нумар пяць на Гердэргасэ, на
першым паверсе, ёсць вялікі свабодны кут паміж ліфтам і паштовымі скрынкамі.
Раней там заўсёды стаяла дзіцячая каляска сямейства Фрэнцэляў, але іх малодшая
дачушка Ангеліка ўжо падрасла і ўсюды можа хадзіць
сама; ёй больш не патрэбна каляска. Стэфан, дзевяцігадовы брацік Ангелікі,
задумліва агледзеў пусты кут.
— Што нам цяпер рабіць са свабодным
месцам, гер Конрад? — спытаў ён у вартаўніка.
— Няўжо паўсюль
нешта мусіць стаяць? — прабурчаў гер Конрад.
— Не абавязкова «стаяць», — сказаў
Стэфан. — Мы можам увагнаць у столь крук і пачапіць
на яго адвэнтавы вянок, каб кожны, хто тут праходзіць, радаваўся Божаму
Нараджэнню.
Было гэта летась, напрыканцы лістапада.
Вартаўнік увагнаў у столь крук.
Калі фрау Cабельмайер,
якая жыве на чацвёртым паверсе, адчыніла дзверы сваёй кватэры і ўбачыла гэта,
яна злосна ўскрыкнула:
— У гэтым доме
ніколі няма спакою!
Стэфанава маці ўздыхнула і ціха
прамовіла: «Калі гэта так неабходна...» — і спляла яшчэ адзін, вялікі адвэнтавы
вянок.
Старэйшая сястра Гелі павыварочвала ўсе
кішэні ў джынсах, шукаючы дробныя грошы, і ўсклікнула:
— Свечкі мы купім
на свае кішэнныя грошы. Няхай гэта будзе наш, дзіцячы, адвэнтавы вянок.
Дзеці з другога паверха, Фрыц і
Клаўдыя, таксама прыбеглі сюды. Усе разам яны купілі чатыры свечкі: тры фіялетавыя і адну ружовую. Маленькая Ангеліка
тупала ножкамі і верашчала:
— І я хачу купіць свечку! І я! — Гэты
крык разносіўся па ўсім доме.
Фрау Конрад, вартаўнікова жонка,
нарэшце злітавалася. Яна знайшла недзе залацістую стужку, паклікала да сябе
маленькую Ангеліку і дапамагла ёй абвіць гэтаю стужкаю
зялёны вянок.
І вось адвэнтавы вянок спускаецца са
столі і надзвычай упрыгожвае пусты кут.
Раніцаю наступнага
дня вартаўнік заўважыў на вянку новае аздабленне: маленькую саламяную зорачку,
прычэпленую да вянка чырвонаю шаўковаю ніткаю. І да сённяшняга дня ніводзін
чалавек у доме нумар пяць па Гердэргасэ не ведае, хто прывязаў да вянка гэтую
зорку. Гер Вэбер з першага паверха, які працуе афіцыянтам і вяртаецца
дадому позна ноччу, адразу сказаў, што гэта не ён, яго не цікавяць такія
дзяцячыя забаўкі. Студэнтка з другога паверха, бялявая Міхаэла, усміхнулася
геру Вэберу і сказала:
— Але яна добра глядзіцца, гэтая зорка.
А праз пяць хвілін дзяўчына прынесла
калысачку, зробленую з арэхавай шкарлупіны і пачэпленую да вышытай стужкі. У
гэтай калысачцы ляжала немаўлятка з драўлянай пацеркай
замест галоўкі, і Міхаэла спытала ў вартаўніка, ці можна ёй павесіць тут
арэхавую калысачку. Той прабуркатаў, што гэта ж не ягоны адвэнтавы вянок, і дазволіў.
Праз некалькі дзён побач з арэхавай
калысачкай вісела залатая сасновая шышка, а настаўніца-пенсіянерка
з чацвёртага паверха, фрау Лашы, склікала ўсіх дзяцей з гэтага дома і сказала:
— Адвэнтавы вянок без запаленых свечак
несапраўдны. Давайце запалім сёння дзве свечкі і
заспяваем ля іх агеньчыкаў песню.
Настаўніца іграла на гітары, таму
спяваць было зусім проста. Пачуўшы дзіцячыя спевы,
фрау Сабэльмайер расчыніла свае дзверы і прарэзліва закрычала:
— Зноў няма спакою ў гэтым доме!
* * *
Усё гэта адбывалася ў леташні Адвэнт.
Гэтай восенню, прыблізна ў сярэдзіне
лістапада, стары гер Лашы сказаў вартаўніку:
— Не забудзьце толькі зноў павесіць
адвэнтавы вянок!
З гэтага і пачынаецца гісторыя пра
адвэнтавую батлейку.
Стэфан задумліва глядзіць на пусты кут паміж ліфтам і паштовымі скрынкамі і кажа геру
Конраду:
— Гер Конрад, я прыдумаў штосьці новае!
Мы маглі б зрабіць адвэнтавую батлейку, Вы і я!
— Ты і я, як гэта? — бурчыць гер Конрад. — І што гэта такое, адвэнтавая
батлейка?
— Я толькі што яе прыдумаў, — кажа
Стэфан. — Гэта нешта падобнае да звычайнай батлейкі, з яселькамі, але на ўвесь
час Адвэнту, і кожны дзень у ёй можна нешта мяняць.
Марыя і Юзаф блукаюць ад аднаго заезнага двара да другога і нідзе не могуць
знайсці прытулку... Пастухі сцерагуць авечак, а дзесьці збоку, за пагоркам, ужо
спяшаюцца тры святыя каралі, і іх зорка кожную ноч
пасоўваецца крыху бліжэй. Хіба ж гэта не цудоўна?
— Абмяркуй гэта са сваім бацькам, —
бурчыць гер Конрад.
— У яго ніколі няма часу, — сумна кажа
Стэфан. — І да таго ж ён не ўмее майстраваць. Штораз, калі ён за нешта возьмецца па гаспадарцы, маці мусіць
перавязваць яму пакалечаныя пальцы... Вы, гер Конрад, напэўна, зможаце зрабіць
адвэнтавую батлейку...
— Не ўяўляю, як... — мармыча гер
Конрад.
— Нам патрэбны стары
стол, — кажа Стэфан. — Мы паставім яго ў гэты пусты кут. Пад адвэнтавы вянок. А
на стальніцы зробім батлейку — змесцім тут які-небудзь
краявід, як для дзіцячай чыгункі — з пагоркамі, са стаенкай і некалькімі
хаткамі. На самым высокім узгорку паставім яселькі. Але пакуль што пустыя. Яны
спатрэбяцца нам толькі 24 снежня. Авечкі могуць пасвіцца з самага пачатку.
Магчыма, з авечкамі нам дапаможа Фрыц...
— Хвілінку, хвілінку, — кажа гер Конрад. — Ты хочаш змайстраваць усю батлейку з
пап’е-машэ, так? Не, мой даражэнькі, з пап’е-машэ мы ў лепшым выпадку можам
зрабіць стаенку і адзін-два маленькія пагоркі. Мы возьмем пенапласт. Выражам з
яго тэрасы, якія ты размалюеш альбо разам з іншымі дзецьмі пакрыеш мохам,
камянямі і маленькімі галінкамі. Фройляйн Міхаэла нядаўна
купіла халадзільнік, збегай да яе папрасі ўпакоўку з пенапласту!
— Адвэнтавая батлейка? — спытала
бялявая Міхаэла. — Ніколі не чула пра такое. Але чаму б і не. Можа, табе яшчэ
што-небудзь патрэбна, акрамя пенапласту, Стэфан?
— Заезд, — кажа Стэфан, — патрэбны
заезд, з якога выглядае гаспадар і крычыць: «Вы што, з глузду з’ехалі? У нас усё перапоўнена, усе пакоі занятыя, вам трэба было
зарэзерваваць сабе месца!»
— Разумею, — кажа Міхаэла. — Дамы тады былі пафарбаваныя ў белы колер, маленькія, быццам белыя
кубікі з дробненькімі акенцамі, садам на даху і дваром. Такія дамы можна
выразаць з пенапласту. Гэта робіцца хутка і проста,
Стэфан.
— Добра, — кажа Стэфан. — Але гаспадар?
Як нам зрабіць гаспадара?
— А як ён павінен выглядаць? — пытае
Міхаэла. — Можна, напрыклад, вылепіць яго з пластыліну ці з гліны.
Або пашыць з тканіны...
— У яго мусіць быць тоўсты
твар з абуральнаю мінаю, — кажа Стэфан. — І яшчэ ён можа мець фартух.
— Мы зробім яму лысую галаву з
драўлянай пацеркі, — смяецца Міхаэла. — А тулава наб’ем ватаю. Атрымаецца
мяшэчак, не большы за мой вялікі палец.
— Я ж ведаў, што Вы не зануда, — кажа Стэфан і тут жа звоніць у дзверы да Вэбераў.
— Стары стол у
пральні? — пытае гер Вэбер. — Так, ён калісьці належаў мне. Можаце ўзяць яго.
Але больш не дурыце мне галавы са сваімі дзіцячымі глупствамі. Адвэнтавая
батлейка! Гэта ж трэба!
Фрыц і Гелі лепяць з пластыліну Марыю і
Юзафа. У Марыі — блакітная накідка. Юзаф атрымаў белую бараду.
— А чаму ён з белай барадою? — пытае
Клаўдыя. — Хіба ж дзе-небудзь напісана, што Юзаф быў стары
і нямоглы? Можа, ён быў малады і ўдалы, ды іншыя дзяўчаты ў Назарэце казалі
Марыі: «Табе так пашанцавала, што Ты выйшла за яго замуж!»
— Па-мойму, ён сапраўды
быў малады і ўдалы, — кажа Фрыц. — Але старога Юзафа лягчэй рабіць.
Барада і капялюш з шырокімі палямі хаваюць твар, паглядзіце. Твары ў мяне
заўсёды дрэнна выходзяць.
Стэфан выляпляе пастухоў, Клаўдыя
спрабуе зрабіць авечку. Зубачысткаю яна малюе маленькія завіткі на
пластылінавай авечай поўсці.
— Мяне сапраўды здзіўляе тое, што гер Конрад так старанна вам дапамагае, — кажа гер
Фрэнцэль увечары сваім дзяцям.
— Я думаю, яму нас шкада, — кажа
Стэфан. — Бо ў цябе ніколі няма часу для нас! Вось ён і дапамагае нам
змайстраваць адвэнтавую батлейку.
Гер Фрэнцэль злуецца:
— Ніколі няма часу? Ад каго я гэта чую?
А хто ў мінулую нядзелю хацеў пайсці на прагулку, але кагосьці нельга было
адцягнуць ад тэлевізара?
— Калі мы ў наступную нядзелю выберамся
за горад, — хуценька кажа Гелі, — то зможам набраць камянёў, шышак і моху. Дзе
ў гэты час ёсць мох, татачка?
Гер Фрэнцэль трошкі пабурчаў, а потым
кажа:
— На гары
Святога Пятра. Але калі вы думаеце, што я пайду туды адзін, то...
Яны ідуць упяцёх — бацька і маці, Гелі,
Стэфан і Ангеліка — і збіраюць мох і шышкі, якіх
хапіла б на тры адвэнтавыя батлейкі.
* * *
У першую нядзелю Адвэнту батлейка
ажывае: на імшаным лугу з’явіліся прыгожыя авечкі, якіх ахоўваюць тры пастухі. Тоўсты гаспадар у заезным двары выглядае гасцей. Вялікі
наплыў у Бэтлеем пачнецца крыху пазней, тыдні праз два, калі імператар Аўгуст выдасць загад зрабіць перапіс насельніцтва.
Цясляр Юзаф стаіць у двары сваёй
маленькай майстэрні і пераглядае дошкі. Ён надзвычай умела апрацоўвае драўніну. Таму і вырабы цудоўныя.
Воддаль, каля нізкіх
дзвярэй, схіліўся анёл — цяжка з такімі вялікімі крыламі ўвайсці ў такую
маленькую хатку. Ён напоўніць пакой Марыі ззяннем і веліччу. Зразумела, што Яна
вельмі спалохаецца.
На адвэнтавай
батлейцы ўзвышаюцца разнастайныя лясы, і кожны складаецца прынамсі з трох
дрэваў: зацярушаны беллю лес з яловых шышак, пальмавы лес, зроблены з
пластыліну і зялёнай паперы, цярновы лес, якім у хуткім часе Марыя будзе ісці
да Альжбеты, а далёка-далёка, на другім баку ручая, — лес з шыпшынавых галінак. На голых галінках
палыхаюць цёмна-чырвоныя плады. А на самым вялікім
шыпшынавым дрэве — залатая зорка з іскрыстым хвастом. Клаўдыя пасыпала яго
бліскаўкамі, змазаўшы папярэдне клеем.
І вось гер Конрад запальвае першую свечку. Фрау Лашы настройвае сваю гітару.
А бялявая Міхаэла шпарка збягае па лесвіцы:
— Што гэта вы надумалі, пачынаць без
мяне! О, вось і ён, мой гаспадар, гэты мяшэчак з ватай! Дык што мы будзем
спяваць?
Яны спяваюць «Свет наш абмыйце» і
«Збаўца наш, Цябе чакаем». Дзеці абмяркоўваюць, як фігуркі
павінны быць расстаўлены на наступны дзень і хто іх будзе перамяшчаць.
— Я падсуну зорку бліжэй, — кажа
Стэфан.
— Я сама хачу яе падсунуць, — кажа
Клаўдыя.
— Я! — крычыць Ангеліка.
— Не! Ты замалая. Ты ўсё пабурыш!
Ангеліка енчыць.
Зверху даносіцца голас фрау
Сабельмайер:
— Перастаньце гарланіць! Ніколі не
будзе спакою ў гэтым доме!
Дзіўна, але ніхто не
чуў, як фрау Сабельмайер адчыніла свае дзверы. Можа, яна ціхенька стаяла на
чацвёртым паверсе і слухала песні?
— Ангеліка,
супакойся! — просіць Гелі. — Глядзі, ты можаш ужо цяпер падсунуць авечку
бліжэй, бачыш. Ну, вось так!
— Аднаго я не разумею! — кажа бацька Клаўдыі. — Чаму зорка ўжо цяпер павінна быць тут?
— Яна ж паказвае шлях тром святым
каралям, — кажа фрау Фрэнцэль. — Яны ж не могуць адным махам пераскочыць цераз
пустыні і горы. Перад імі доўгі шлях!
— Ага, — кажа гер Лашы. — Таму іх яшчэ
і не відаць!
— Праўда, іх можна ўжо расставіць
удалечыні, — уздыхае фрау Лашы. — Я ўжо зрабіла ўсіх трох. Але вярблюды!
Вярблюды!
— Што з вярблюдамі? — пытаецца гер
Фрэнцэль.
— Яны ў мяне ўвесь час ламаюцца! — скардзіцца
фрау Лашы. — Ледзь толькі зраблю аднаго, быццам жывога, і пастаўлю, ён — плюсь,
і падае, падагнуўшы калені.
— А з чаго вы
іх робіце? — пытаецца Міхаэла. — З гліны?
— З пластыліну, — адказвае фрау Лашы.
— Вазьміце дрот, якім
прачышчаюць люльку, — раптам кажа гер Фрэнцэль. — Я сапраўды
не ўмею майстраваць, як вы ўжо добра ведаеце, але як курэц я ведаю, што
дрот для чысткі люлькі...
— Гэта выйсце! — крычыць фрау Лашы. —
Вярблюды з дроту для чысткі люлькі! Ангеліка, прыйдзеш
заўтра да мяне пасля садку — і мы будзем майстраваць вярблюдаў.
— Гэта так міла з
Вашага боку, — кажа фрау Фрэнцэль.
Фрау Біндэр,
маці Фрыца і Клаўдыі, прыйшла з вялікім падносам.
— Сапраўды, не скажаш, што на гэтай
пляцоўцы вельмі цёпла, і я вырашыла, што глыток гарачай гарбаты мог бы нас
сагрэць.
— А я спякла сырныя палачкі, — кажа фрау Конрад.
Тым часам дзеці дамовіліся, што ў
наступны дзень анёл Габрыэль знікне з адвэнтавай батлейкі. Ён прынёс сваю
вестку і ўжо можа адляцець.
— Двадцаць чацвёртага мы паставім яго
сярод іншых анёлаў, што будуць спяваць «Аллелюя», — кажа Гелі.
— Іх яшчэ трэба зрабіць, — кажа Стэфан.
— Міхаэла, нам патрэбна яшчэ некалькі анёлаў.
— Для анёлаў тут зусім няма месца, —
кажа Міхаэла. — Батлейка ўжо запоўнена пастухамі і авечкамі.
— Нябеснае войска спусціцца ўніз з
адвэнтавага вянка, — кажа Клаўдыя. — Ён вытрымае прынамсі дваццаць анёлаў!
— Гарачая гарбата была цудоўнаю
задумай, — кажа гер Фрэнцэль фрау Біндэр.
— І сырныя палачкі вельмі смачныя, —
кажа фрау Біндэр геру Конраду.
— Мая жонка наогул добра гатуе, —
мармыча гер Конрад.
Калі пан Вэбер уначы вярнуўся з працы
дадому, ён убачыў адвэнтавую батлейку ў куце паміж ліфтам
і паштовымі скрынкамі
— Дзіцячыя забаўкі,
— кажа ён і прыглядаецца, што пабудавана на яго старым стале. — Яны нават не
маглі пачакаць са святкаваннем, пакуль я не вярнуся дамоў. А святкаваць у
першай палове дня, гэта чамусьці не прыходзіць ім у галаву. З нашым братам
ніколі не лічацца!
Ён працягвае руку і адсоўвае адну
авечку да цярновага лесу.
— Якая-небудзь заўсёды заблукае!..
Нават сабакі ў іх няма! Чарада авечак без сабакі!
Назаўтра, з самай раніцы,
вартаўнік убачыў на пашы для авечак маленькага плямістага сабаку, адлітага з
фарфору. Ці пасуе ён да пластылінавых авечак? І ніводзін чалавек у доме не
ведае, хто паставіў сабаку на імшаную пашу.
— Гэта не я, — кажа гер Вэбер, — калі
раптам хтосьці падумае, што гэта быў я...
— О, сабака — гэта файна, — кажа
бялявая Міхаэла, усміхаючыся.
* * *
Праходзяць дні. Анёл Габрыэль ужо
адляцеў. З-за шыпшынавага лесу паказаліся каралі на сваіх
вярблюдах. Зорка вабіць іх за сабою ўсё далей
і далей. А цярновым лесам ідзе Марыя да сваёй цёткі
Альжбеты, якая ўжо з радасцю чакае Яе ля свайго дома. Ці бачыць яна, як Марыя
падымаецца па крутой камяністай дарозе? Яны кінуцца
ў абдымкі адна да адной, і Марыя будзе дапамагаць Альжбеце па гападарцы. Вось
тут, у двары, стаіць маленькая печка, якую вылепіў з гліны гер Біндэр, а на вяроўцы развешаныя пялюшкі і дзіцячая коўдра.
Трэба ж падрыхтавацца да нараджання маленькага Яна.
А дзеці ўжо запальваюць другую свечку
на калядным вянку і спяваюць «Радуйся, Марыя, Панна Найчысцейша».
Гаспадар заезду прагульваецца вакол
сваёй хаты, ён хоча купіць авечку, але пастухі не прадаюць яму ніводнай, і Фрыц з Клаўдыяй спрачаюцца, бо гаспадар ужо не
можа прапанаваць сваім гасцям смажаніны.
— І гэта з-за таго, што табе, дурной
гусыні, шкада адной авечкі! — крычыць Фрыц.
Цэлыя тры дні Марыя крочыць доўгаю
дарогаю да Назарэта, ідзе паўз імшаную пашу, і раптам
Яе накідка зачапілася за цярновы куст. Ангеліка
плача, але блакітную пластылінавую накідку можна выпрастаць. Юзаф прыводзіць
Марыю ў свой дом як жонку, і вось Яна стаіць цяпер перад яго майстэрняй, каля
Яе ног ляжыць малюсенькі кошык, у ім — зеляніна з імху
для вячэрняга супу. Вакол заезнага дома паселі маленькія белыя курачкі з
паперы, ніхто не ведае, хто іх туды пасадзіў, і гер Вэбер ківае галавою,
кажучы, што гэта дакладна не ён, але заезд без курэй — не заезд, і з гэтым
ахвотна пагаджаецца гер Конрад! Няўжо госці павінны есці толькі манную кашу?
— Чуеш? — пытаецца Фрыц у сваёй сястры Клаўдыі, і Клаўдыя крычыць:
— Але каб ніводнай з маіх
авечак!
— Ніколі, — кажа фрау Сабэльмайер фрау
Лашы, — ніколі ў час Адвэнту ў нашым доме яшчэ не было так шумна!
Фрау Біндэр
просіць Клаўдыю паводзіць сябе цішэй, калі яна працуе над адвэнтавай батлейкай,
а Клаўдыя пакрыўдзілася і кажа:
— Я ўсё раблю ціха. Гэта Гелі, яна
вішчыць, бо Стэфан заўсёды перастаўляе хваёвыя дрэвы.
Гелі, пачуўшы гэта, ціха-ціха
прамовіла:
— Я не вішчу! — і знікае ў кватэры, не
выходзячы ў гэты вечар нават спяваць.
Марыя і Юзаф выпраўляюцца ў дарогу ў
Бэтлеем.
* * *
Фрау Конрад пячэ зоркі на трэцюю
нядзелю Адвэнту — дзень, калі будзе запалена ружовая свечка. Гэта дзень
радасці, і зоркі да яго пасуюць, хоць гэтае печыва ўжо вельмі пахне Калядамі.
Гер Конрад запальвае свечкі толькі пад абед, каб гер Вэбер, нарэшце, аднойчы
таксама змог пасвяткаваць. Гер Вэбер радуецца і вельмі гучна спявае: «Ідзе
карабель, нагружаны...». Фрау Сабэльмайер рэзка адчыняе дзверы сваёй кватэры і
крычыць:
— Няўжо нават у абед не будзе спакою ў
гэтым вар’яцкім доме?
Каралі на сваіх
вярблюдах значна прасунуліся наперад, зорка са шлейфам іскрыцца на адным з
пальмавых дрэваў, а фрау Конрад раздае печыва. Ангеліка
з’ела адразу чатыры зоркі і потым, падчас сямейнага абеду, не хоча больш ні
кавалачка.
— З-за гэтай адвэнтавай батлейкі ўсё
пераблыталася! — кажа фрау Фрэнцэль.
— Яна забірае
багата часу! — бурчыць гер Фрэнцэль. — Яшчэ ніколі ў жыцці я не размаўляў так шмат з іншымі жыхарамі дома, як за апошнія тры тыдні!
* * *
Незадоўга да чацвёртай нядзелі Адвэнту
Стэфан пытаецца ў бялявай Міхаэлы:
— Прабачце, вы ўжо зрабілі анёлаў?
— Якіх анёлаў? — перапытвае Міхаэла.
— Анёлаў на дваццаць чацвёртае, — кажа
Стэфан. — Анёлаў, якія спяваюць «Хвалу» і «Аллелюя».
— Я наогул пра іх
не думала, — кажа Міхаэла, — і нават не памятаю, каб я абяцала іх вам! Мне яшчэ
трэба зрабіць калядныя падарункі для сваіх родных і
блізкіх!
Стэфан бяжыць да Фрыца.
— У нас яшчэ няма анёлаў!
Фрыц бяжыць да фрау Лашы.
— Мы забыліся
пра анёлаў!
— Ай-яй, — кажа фрау Лашы. — Я таксама
не магу вам дапамагчы, бо акурат гатую печыва на Каляды!
— Ну, не бядуйце гэтак, — кажа Стэфану
гер Фрэнцэль. — Анёлаў, якія будуць спяваць «Хвалу», можна зрабіць у адзін
момант. Акрамя галавы і крылаў, ім нічога не трэба:
крылы — каб лятаць,
а галава — каб спяваць, паглядзі!
Ён малюе аднаго такога анёла на краёчку
газеты.
Прыходзіць Ангеліка,
глядзіць і пытаецца:
— Што гэта за зубцы побач з поўняю?
— Ты нічога не
разумееш, — раззлавана кажа бацька.
— Ты насамрэч нічога не разумееш! —
кажа Стэфан.
Ангеліка надзьмулася і хоча
выплакаць сваю крыўду матулі, але ў маці няма часу на тое, каб суцяшаць яе.
Гелі таксама адштурхоўвае маленькую сястрычку.
— Вы дрэнныя! — крычыць Ангеліка.
Стэфан кажа:
— Ах, ты! Калі б
ты не перашкаджала тату маляваць, то ён дапамог бы зрабіць анёлаў! А цяпер у
нас няма анёлаў для батлейкі, і ўсё праз цябе!
Заходзячыся плачам, Ангеліка
выбягае з кватэры і спускаецца на першы паверх. Са слязьмі яна падыходзіць
батлейкі.
— Ну, што яшчэ зноў здарылася ў гэтым
доме! — кажа голас за ёю.
— У нас няма анёлаў, — усхліпвае Ангеліка, — і Стэфан кажа, што ўсё праз мяне!
— Яна заўсёды
нападаюць на самых маленькіх і слабых! — кажа голас за Ангелікай. — Я ведаю.
Усе яны такія!
Ангеліка паварочваецца. За ёю стаіць фрау Сабэльмайер.
Дзяўчынка з жахам усхліпвае, а потым
кажа:
— Але ў нас і праўда няма анёлаў.
— Хіба яны такія ўжо важныя? — бурчыць
фрау Сабэльмайер.
— Так, — кажа Ангеліка.
— Стэфан сказаў, што анёлы пасылаюць пастухоў да Дзіцяткі Езуса. — Яна моршчыць
лобік у роздуме. — А калі пастухі ідуць да яселькаў,
то бяруць з сабою падарункі для Дзіцяткі Езуса. Воўну, хлеб, сыр. Яны ўжо ўсё
падрыхтавалі. А калі анёлы не прыйдуць... — Ангеліка
ўсхліпвае. — А яшчэ яны спяваюць...
— Я не ведаю, як рабіць анёлаў, — кажа
фрау Сабэльмайер. — Але ў маёй шуфлядцы ёсць рэшткі тканіны.
Прыгажэйшыя, чым гэтыя! — Яна паказвае на плашчы трох святых каралёў. — Я
адшукаю іх і пакладу сюды, для вас...
Фрау Сабэльмайер паказвае на пустую стаенку на самым версе батлейкі.
— Калі ласка, — шэпча Ангеліка.
Стэфан і Гелі не вераць, што фрау
Сабэльмайер хоча аддаць рэшткі тканіны. Але вечарам са
стаенкі відаць залатое і срэбнае ззянне.
— Бачыце? — крычыць Ангеліка.
Фрау Сабэльмайер знайшла прыгожыя рэшткі:
тонкі цюль, прашыты срэбнымі ніткамі, затканую золатам парчу, бліскучую
тасьму...
— Калі ўзяць драўляныя пацеркі для
галоваў анёлаў, — кажа гер Фрэнцэль, — а крылы выразаць з залатой фольгі... на ёй можна, так бы мовіць,
выціснуць узор...
— А ты можаш стаць галоўным майстрам, —
кажа фрау Фрэнцэль.
— Ну, гэта не, — кажа гер Фрэнцэль. —
Але прыкра, што ўсе думаюць, нібы я ніколі не выкройваю
часу для вас... Я даведаўся ў сваёй сакратаркі, як можна зрабіць анёлаў... — Ён
адкашліваецца і дастае з кішэні камізэлькі пару залацістых крылаў. — Вось, гэта
можа быць узорам.
У чацвёртую нядзелю Адвэнту Марыя і
Юзаф апынуліся перад заезным дваром. Фрау Лашы іграе на гітары,
а дзеці спяваюць «Хто там стукаецца?».
Каралі на сваіх
вярблюдах едуць пальмавым лесам. Раптам загараецца чырвоная кнопка ліфта, ён спускаецца ўніз і адтуль выходзіць фрау
Сабэльмайер. Усе ўтаропіліся на яе.
— Я толькі іду выкінуць смецце, —
мармыча яна. — Я не буду вам перашкаджаць.
— Глядзіце, фрау Сабэльмайер, — кажа Ангеліка, — глядзіце, яны ўжо стаяць перад заезным дваром!
Фрау Сабэльмайер ставіць на падлогу
сметніцу, якую трымала ў руцэ, і кідае позірк на адвэнтавую батлейку.
— Ага, — кажа яна.
— Дзякуй за тканіну, — кажа Стэфан. —
Гэта будуць суперанёлы.
— З крыламі з фольгі, — дадае гер
Фрэнцэль.
Фрау Конрад падае фрау Сабэльмайер
талерку з ванільным пячэннем.
— Пакаштуеце? Маленькае прадчуванне
Калядаў!
— Можа, кубачак гарбаты? — пытаецца
фрау Біндэр.
— Мы якраз абмяркоўваем планы на
дваццаць чацвёртае, — кажа гер Лашы. — Калі Дзіцятка Езус будзе ляжаць у ясельках і пастухі наблізяцца да
яго, мы хацелі б сабрацца тут разам. Гадзіны
ў чатыры... А пасля ўсе могуць разысціся, каб святкаваць Божае Нараджэнне ў
сямейным коле і раздаваць падарункі.
— У чатыры гер Вэбер ужо
павінен быць на працы, — мармыча фрау Сабэльмайер.
— Не, дваццаць чацвертага ў яго вольны
дзень, — кажа бялявая Міхаэла.
— І ён можа быць разам намі, — кажа гер Біндэр.
—
Ну, добра, — кажа фрау Сабэльмайер. — Можна і ў чатыры. У мяне, напэўна, нічога больш не запланавана.