Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ПЕСНЯ МАРЫІ ДАРЫЛЫ

Сцэны
з горнай краіны Перу

 

Гэтыя сцэны напісаны паводле нататкаў катэхетаў кампесіно з Перу. Гэтыя нататкі былі апублікаваны
ў бюлетэні «Vamos Camonando» («Выходзьма ў дарогу: вера, палон і вызваленне ў перуанскай серры»).

Каля 16 дзейных асобаў:

Марыя Дарыла, маладая сялянка з вёскі ў гарах Перу; яе сямя: бацька, маці, бабуля, малодшая сястра; кампесіно Пэдро Флорэс і Марсіал Луна; Сантас Марын, новы катэхет; сяляне і сялянкі; бурмістр Сан Андрэса, маленькага мястэчка ў гарах; начальнік паліцыі; музыкант Феліберто, ён сядзіць з гітарай збоку ад рампы і дае неабходныя каментары.

Сцэна 1

(Перад вясковым домам у гарах. Бабуля вяжа, маці гатуе, Марыя Дарыла таксама вяжа і адначасова калыша самага малодшага члена сям’і. На заднім плане сядзяць на ку­кішках маленькія дзеці.)

Дзеці. Мы хочам есці!

Маці. Зараз прыйдзе бацька. Будзем есці суп з бульбаю.

Дзеці. Так, калі нам нешта застанецца...

Бабуля. Я ведаю, хто вінаваты.

Маці. Маўчы.

Бабуля. Я ведаю, хто вінаваты ва ўсёй галечы. Самі сяляне. Бо яны не зрабілі феерверку ў гонар святога апекуна. Святы Андрэй у гэтым годзе яшчэ не атрымаў свайго феерверку. То хто ж тады благаславіць палі?

Маці. Маўчы. У нас няма грошай, каб кідаць іх на вецер.

Бабуля. Але мы вінаватыя ў тым, што не зрабілі яшчэ фее...

Маці. Сціхні нарэшце! І вы перастаньце хныкаць. Зараз бацька прыйдзе дадому. Будзем есці суп з бульбаю.

Марыя Дарыла (прыслухоўваецца і калыша дзіця на руках).

Феліберто (спявае).

Песня пра маленькае поле

Агароджу з зялёных агаваў,

сцяну з шэрых каменняў

я зрабіў вакол майго поля,

каб яны былі мяжою.

З майго поля ніхто нічога ўзяць не можа,

яно належыць толькі мне!

Але навошта мне права і мяжа?

Маё поле занадта маленькае.

Добра растуць кукуруза і бульба,

шчасце таму, хто іх мае.

Але галодныя дзеткі плачуць,

і ніхто з нас не будзе сыты.

(Ён звяртаецца да публікі.)

Вітаю вас, дарагія гледачы, на нашай п’есе. Мы пакажам вам гісторыю сялянкі Марыі Дарылы. Вы ўжо пазнаёміліся з яе маці і бабуляй. Марыя Дарыла — гэта тая дзяўчынка, якая дагэтуль сядзела моўчкі. Бачыце, яна калыша свайго малодшага браціка і нічога не гаворыць. Марыя Дарыла жыве ў гарах Перу, дзе бедныя сяляне — іх тут называюць кампесіно — на сваіх маленькіх палях змагаюцца за тое, каб выжыць. Але з нашай гісторыі вы даведаецеся, што Марыя Дарыла ўсё ж такі адважылася штосьці сказаць. І яна будзе першай з кампесіно, якая сама складзе песню. Сваю песню, са сваімі думкамі і сваімі словамі. І гэта неверагодна для сялянкі, якая нічога не мае, нічога не можа і нікому не патрэбная...

(Між тым сялянская сям’я знікае, на сцэну выхо­дзяць бурмістр і начальнік паліцыі. Яны разам трымаюць аконную раму і назіраюць за падзеямі на кірмашовай плошчы Сан Андрэса. Пры гэтым яны глядзяць прама ў публіку.)

Тут вы бачыце бурмістра Сан-Андрэса, беднага горнага мястэчка, якое мае нават свае ўстановы
і ведамствы. Побач з бурмістрам стаіць начальнік паліцыі. Яны глядзяць праз вакно на кірмашовую плошчу.

Сцэна 2

Бурмістр. Ну вось, калі ласка, паглядзіце самі! Расплюшчыце вочы! І толькі паспрабуйце мне зноў запярэчыць! Кампесіно на кірмашовай пло­шчы! Адназначна, гэта кампесіно, хоць сёння і не кірмашовы дзень! Перад домам святара сабраўся цэлы натоўп!

Начальнік паліцыі. Спадар бурмістр, я бачу чацвярых... пяцярых... шасцярых кампесіно. Вельмі бедныя сяляне ў зношаных понча. У іх няма чаравікаў, толькі сандалі, зробленыя са старых аўтамабільных шынаў. Паглядзіце самі. Шасцёра кампесіно. Пра натоўп тут казаць не выпадае. Яны, напэўна, прыйшлі наведаць святара, гэта зусім бяскрыўдна...

Бурмістр. Не, там, унізе, нешта адбываецца, ужо колькі дзён! Суседзі хвалююцца, усё наваколле. Я чуў нараканні і абвінавачванні. Гэтыя кампесіно хочуць заняць стары парафіяльны дом. Так, яны хочуць там акапацца, на гэта мне паскардзі­ліся суседзі. Магчыма, гэта акцыя пратэсту супраць новага дарожнага падатку.

Начальнік паліцыі. Спадар бурмістр... Спадар бурмістр... Гэты новы падатак незаконны, Вы гэтак жа добра ведаеце гэта, як і я.

Бурмістр. Ён незаконны, аднак мы будзем яго збіраць, бо я не спрачаюся з высокімі асобамі. Яны прымаюць законы, яны загадваюць, а мы выконваем іх загады.

Начальнік паліцыі. Але падатак незаконны.

Бурмістр. Нас, гараджанаў, ён не датычыцца, ён датычыцца кампесіно, так што не ламайце сабе галаву!.. Цяпер ужо дзевяць кампесіно тоўпіцца там, унізе! Давайце, выпраўляйце людзей, няхай яны пра ўсё дазнаюцца! Кожны мяцеж трэба задушыць у зародку. Ну што, рухайцеся, нарэшце, капітан! (Начальнік паліцыі выходзіць.) Гэта бяда, калі начальнік паліцыі сам родам з кампесіно. Кожны раз мне даводзіцца прымушаць яго, калі трэба нешта ўчыніць супраць кампесіно... (Далей назірае за кірмашовай плошчай.)

Феліберто (спявае).

Песня пра беднага Бога

Ах, калі б ведалі багатыя, заможныя,

што Бог стаіць на баку бедных,

што Бог ідзе плячо ў плячо

з прыгнечанымі!

Ах, калі б ведалі моцныя, пануючыя,

што Божая сіла кіруе нашым светам,

што Бог слабы са слабымі,

моўчкі нясе іх цяжар!

Ах, калі б ведалі гордыя, аслепленыя,

што Бог — наш брат, які нам служыць,

што Бог дапамае ўзняцца прыніжаным,

не забывае нікога з нас!

Начальнік паліцыі (зноў прыходзіць). Спадар бурмістр, Вы можаце не хвалявацца. Кампесіно тут з мірнымі намерамі. Святар абяцаў ім стары парафіяльны дом пад навучальную ўстанову.

Бургамістр. Пад навучальную ўстанову?

Начальнік паліцыі. Пад навучальны цэнтр, дзе будуць праводзіцца курсы. Для катэхетаў, якія выкладаюць рэлігію ў сельскай мясцовасці. Тут яны змогуць вучыць і кампесіно на катэхетаў, каб тыя дапамагалі бедным сялянам і падтрымлівалі святароў.

Бурмістр. Парафіяльны цэнтр. Навучальны цэнтр для кампесіно...

Начальнік паліцыі. Правільна. І больш нічога. Зразумела, суседзі ўсхваляваліся. Гарадскім жыхарам не падабаецца, калі кампесіно жывуць побач з імі. І таму суседзі святара хочуць пабіць кампесіно. Яны хацелі арганізаваць у доме святара моладзевы клуб. І кажуць, што кампесіно адбіраюць у іх дом. Але святар...

Бурмістр. Пабіць... Заўсёды гэтыя кампесіно правакуюць мяцеж, і пасля яны ні ў чым не вінаватыя. Мне гэта ўжо добра знаёма. Не, трэба іх за­трымаць. Капітан, разведайце, хто ўзначальвае кам­песіно-катэхетаў, і калі выявяцца два ці тры чалавекі, пасадзіце іх на некалькі месяцаў у астрог!

Начальнік паліцыі. Але, спадар бурмістр...

Бурмістр. Ніякіх «але»! Існуе небяспека для грамадскага спакою! Завадатараў у астрог! Гэта загад, разумееце? (Начальнік паліцыі выходзіць.) Гэта ж бяда, калі начальнік паліцыі сам родам з кампесі­но... Заўсёды гэта падазронае ваганне, перш чым выканаць загад... Заўсёды гэтае ўстрывожанае спачуванне ў голасе... (выходзіць з аконнаю рамаю, ківаючы галавою.)

Сцэна 3

Феліберто (да публікі). Начальнік паліцыі выканаў загад і пасадзіў двух катэхетаў у астрог. Большасць сялян у гарах увогуле не заўважыла, што на двух катехетаў стала менш. Іх больш хваляваў новы дарожны падатак. Вось двое кампесіно вяртаюцца з поля дадому. Адзін з іх — бацька Марыі Дарылы, а другі — яго сусед, Пэдро Флорэс. Мужчыны ў дрэнным настроі. З самае раніцы яны працавалі за мізэрную плату на вялікіх палях землеўладальніка Хуана Бенавідэса і толькі потым — на сваіх уласных, маленькіх. Цяпер позні вечар, і кампесіно стом­леныя і галодныя.

Бацька. Сёння на кукурузных палях Хуана была сапраўдная катарга. І ўжо амаль не заставалася сілаў, каб узяцца за свой надзел...

Пэдро. Калі б хоць Хуан Бенавідэс адпаведна плаціў нам! А так — ні добрага заробку, ні нармальнай ежы.

Бацька. Гэта была ежа, як для жывёлы. Яму здаецца, што для падзёншчыкаў усё сыйдзе!

Пэдро. Бедных заўсёды ашукваюць і выкарыстоўваюць. Раней — буйныя землеўладальнікі, цяпер — тыя, хто крыху больш разбагацеў.

Бацька. Тут нічога не зробіш. Багатыя, якія нешта маюць, моцныя. Мы — бедныя, і таму далей павінны маўчаць і працаваць, не разгінаючы спіны.

Пэдро. Заўтра я пайду ў горад. Хачу занесці на кірмаш сваю бульбу. Можа, гэтым разам за яе дадуць лепшую цану.

Бацька. Поспеху табе.

Пэдро. Пазычыш мне зноў свайго мула?

Бацька. Ахвотна. За шэсць солесаў.

Пэдро. Але ж, мой сябра, апошні раз ты даваў мне мула за чатыры солесы!

Бацька. Апошні раз быў апошнім разам! З та­го часу ўвялі новы падатак. А адкуль я вазьму грошы на яго? Мне шкада, Пэдро. Шэсць солесаў.

Пэдро. Гэта для мяне занадта шмат.

Бацька. Тады нічога не дам.

Пэдро. Але дзе я тады найму мула?

Бацька. Можа, у Хуана Бенавідэса?

Пэдро. Ага, у гэтага крывасмока! Ён патрабуе восем!

Бацька. Бачыш? А я толькі шэсць.

Пэдро. Ты ж ведаеш, што мне патрэбны мул! Ну, добра. Тады за шэсць.

Бацька. Забяры яго заўтра зранку. Дабранач! (Адыходзіць.)

Пэдро. Дабранач!.. Абдзірала! Брудны абдзірала!.. Адкуль я вазьму грошы? Ды яшчэ і на новы падатак? А я, дурная галава, на мінулым тыдні пазычыў старому Марсіялу Луну 20 солесаў! Ага, я ведаю, што рабіць! (Падыходзіць крыху наперад, стукае ў дзверы.) Гэй, Марсіял, сябра, ты ўжо спіш? Гэта я, Пэдро Флорэс.

Марсіял (выходзіць. Ён трымае ў руцэ яшчэ не даплецены саламяны капялюш). Пэдро! Сядзь, адпачні. Так позна ідзеш з поля?

Пэдро. Так. Цэлы дзень працаваў не пакладаючы рук.

Марсіял. Не ты адзін. Я таксама стаміўся. Гля­дзі, мне яшчэ трэба даплесці яго, перш чым пайсці спаць.

Пэдро. Ты робіш самыя прыгожыя саламяныя капелюшы ва ўсёй вёсцы.

Марсіял. За сёння я сплёў дванаццаць.

Пэдро. Я вазьму іх у цябе. Заўтра іду на кірмаш.

Марсіял. Гм... калі ты лічыш...

Пэдро. Два солесы за штуку.

Марсіял. Ты што, гэта занадта мала. Эўзэбіо прапанаваў мне тры солесы за штуку.

Пэдро. Два солесы. Альбо вярні мне тыя 20 солесаў, што я пазычыў табе на мінулым тыдні.

Марсіял. Ах, Пэдро, у мяне няма грошай.

Пэдро. Тады давай мне капелюшы.

Марсіял. Пэдро, ты гвалтуеш мяне і змушаеш.

Пэдро. Мне вельмі шкада. Але я не магу інакш. Мне патрэбны грошы.

Марсіял. Але я абяцаў капелюшы дону Эў­зэбіо...

Пэдро. Для яго ты спляцеш заўтра...

(Марсіял выносіць капелюшы з дому і аддае іх Пэдро.)

Гэта сапраўды прыгожыя капелюшы. Дзякую. Дабранач. (Адыходзіць.)

Марсіял. Калі б у мяне былі здаровыя ногі, я мог бы сам пайсці на кірмаш прадаваць свае капелюшы... Так, вось так заўсёды. Самага беднага прыгнятаюць і выкарыстоўваюць усе. Святы за­ступнік, вось дык бяда! (Выходзіць.)

Сцэна 4

(У сялянскай хаце сям’я Марыі Дарылы. Яны чакаюць бацьку.  Дзеці спяць. Марыя Дарыла калыша дзіця.)

Феліберто (спявае).

Песня пра прыгнёт

Так, ты можаш мяне прыгнятаць,

бо ты мацнейшы за мяне.

Ты гэта добра ведаеш, і таму прыгнятаеш мяне.

Я мушу гнуцца і ўсё глытаць,

усё цярпець, бо я слабейшы.

Але я знайду таго, хто яшчэ слабейшы,

і сам буду яго прыгнятаць!

Мы бярэм віну на сябе і пакутуем без выйсця.

Хто можа выратаваць нас і разарваць кола?

Ад усялякага зла можа выратаваць толькі Той,

Хто нам даруе і вызваліць нас ад правінаў,

Бог, які ведае нас і нашы імёны,

выратуе цябе!

Бацька (вяртаецца дадому). Я хачу есці!

Маці (спяшаецца). Зараз, Эладыё, я табе ўжо падагрэла!

Бацька. Бульбяны суп! Хіба я гэтым наемся?

Маці. Так. А што мне гатаваць, калі ў хаце нічога больш няма і больш нічога не прыбывае?

Бацька. Гэта папрок, ці што? Я і так надрываюся!

Маці. Часам я думаю, што поле давала б болей, калі б ты мог яго лепш апрацоўваць...

Бацька. Што? Я што, павінен апрацоўваць сваё поле ўначы, калі вяртаюся з палёў Бенавідэса?

(Іх галасы становяцца ўсё мацнейшымі, дзеці прачнуліся і плачуць.)

Дзеці. Мы хочам есці! Мама, ці пакінуў нам тата супу?

Бацька. Ціха там! (Ён ідзе да дзяцей, яны разбяга­юцца.)

Маці. Што ж ты іх выганяеш?!

Бабуля (адначасова). Я ведаю, з-за чаго гэта ўсё. Уся галеча. Бо наш святы апякун раззлаваўся, што мы не зрабілі для яго феерверку...

Бацька (пагражае бабулі кулаком, яна забіваецца ў ку­ток, працягвае мармытаць сабе пад нос.)

Маці. Можна падумаць, што ты прыйшоў
з карчмы, а не з поля...

Бацька (б’е маці). Маўчы! Не табе казаць! Сачы лепш за сваёй гаспадаркай, не лянуйся. (Ён натыкаецца на Марыю Дарылу.) А ты, гультайка, не знаходзіш ніякага іншага занятку, апроч гульні з дзі­цем!
Зараз я цябе падганю...
(б’е і яе, яна бароніць дзіця.)
Так, ну а цяпер я пайду. Цяпер я пайду ў карчму!
(Вы­ходзіць.)

Марыя Дарыла. Мама, чаму ты мяне не абараніла?

Маці. Навошта? Гэта ж не дапаможа. Ён толькі яшчэ больш раз’юшыцца. Ведаеш, дзіця, ён не заўсёды такі дзікі. Напэўна, у яго нешта здарылася, што яго ўстрывожыла. Магчыма, нехта дрэнна абышоўся з ім.

Бабуля. Магчыма, ён з некім дрэнна абышоўся...

Маці. Сціхні! Сціхніце, абедзве!

Марыя Дарыла. Я не хачу ўвесь час маўчаць. Я не хачу, каб мяне білі.

Бабуля. Жанчын б’юць, спачатку бацька, потым муж. Прывыкай да гэтага!

Марыя Дарыла. Не, да гэтага я не хачу прывыкаць. Мой муж не павінен біць мяне, ніколі. І калі
я нешта скажу, ён таксама павінен мяне слухаць!

Маці. Ах, як ты, дурніца, сабе гэта ўяўляеш? Жыццё жанчыны кампесіно — гэта толькі праца
і пакуты. Насіць ваду, збіраць дровы, трымаць гаспадарку ў парадку, карміць дзіця, прасці воўну, вязаць, гатаваць, мыць бялізну, карміць жывёлу.
І акрамя гэтага, цярпець лаянку і пабоі. Гэта і ёсць жыццё!

Марыя Дарыла. Не! Не!

Маці. Пакуты, нічога, апроч пакутаў!

Марыя Дарыла. Не!

Маці. Не енчы ты так, упартая! (Яна б’е Марыю Дарылу па твары, потым выходзіць, каб прывесці малодшых дзяцей.)

Марыя Дарыла (на пярэднім плане сцэны з дзіцем на руках, гаворыць да дзіцяці). Бачыш, адзін перадае ўдары другому, далей. Калі б у мяне быў сабака, я цяпер магла б яму даць выспятка. У мяне няма нікога, на кім я магла б спагнаць злосць. А ты такі маленькі і слабы. Табе я не магу ўчыніць болю. Хадзем, спі спакойна, не бойся. Мы з табою самыя слабыя, мы павінны трымацца разам, ты і я. (Калыша дзіця.)

Бабуля (на заднім плане). Я ведаю, з-за чаго ўсё гэта. Я ведаю. Святыя гневаюцца, бо мы занадта мала зрабілі для іх. Ах, калі б у нас пасля апошняга збору ўраджаю засталося крыху больш грошай! Мы пайшлі б да святара і заплацілі б яму, а ён накрыў бы нас шаўковым пакрывалам Мадонны, кожнага з нас паасобку. Гэта абараніла б нас сёлета ад няшчасцяў! Але мы не маглі дазволіць сабе гэтага, шаўковага пакрывала Мадонны. Можа, Ёй патрэбна новае пакрывала, можа, старое ўжо занадта зношанае і вышыўка абнасілася, можа, Мадонна злуецца на сялян, бо яны не падарылі Ёй новага шаўковага пакрывала...

Марыя Дарыла. Божая Маці злуецца? У гэта я не паверу!

Бабуля. Ах, дзіця, што ты ведаеш пра святых?!

Марыя Дарыла. Я думаю, што ёсць Нехта, Хто не злуецца на нас. Ён нават любіць нас.

Бабуля. Збаўца на крыжы, магчыма. Але Яму самому трэба паспачуваць. Самы бедны, галодны, спрацаваны да крывавых мазалёў кампесіно павінен яшчэ паспачуваць Збаўцу на крыжы...

Феліберто (ціха іграе на гітары. Маці з дзецьмі ціха ўваходзяць. Бацька вяртаецца дадому, хоча класціся спаць, бачыць Марыю Дарылу.)

Бацька. Ну, ідзі таксама спаць, Марыя Дарыла.

Марыя Дарыла. Так. Калі дзіця зусім супако­іцца.

Сцэна 5

Феліберто (да публікі). Вы не думайце, што гэты бацька заўсёды такі жорсткі. Ён злуецца тады, калі адчувае сябе асабліва слабым і бездапаможным. Калі ён не мае выйсця. І калі адчувае згрызоты сумлення. Бо ён добра разумее, што сам трапіў у гэтае кола эксплуататараў і эксплуатаваных... Гэты селянін таксама можа быць ветлівым, зычлівым і гасцінным, як прынята ў с’ерры. Мы хочам паказаць вам і гэта. Бачыце, там, па крутой дарозе хтосьці падымаецца ўгору з даліны. Гэта малады чалавек. Новы катэхет Сантас Марын. Ён вандруе ад вёскі да вёскі, вучыць сялян і дапамагае ім быць мужнымі. Доўгі шлях у гэтую горную вёску ён дрэнна прадумаў. Таму ў дарозе яго заспела цемра. Ён не ведае, дзе знойдзе прыстанак і начлег.

(Сантас з клункам за плячыма, павольна выходзіць на сцэну. Ён садзіцца на ўскрайку дарогі, каб адпачыць.)

Феліберто (спявае).

Песня пра беднага госця

Уяві сабе, у цёмны вечар пасля доўгай вандроўкі

ты бачыш, нарэшце, святло перад сабой.

Ты падыходзіш да дома і стукаеш у дзверы,

такі, які ты ёсць, стомлены, незнаёмы чалавек,

і знаходзіш прыстанак і ветласць,

як гэта цудоўна, як цудоўна!

Не бойся, ты не прыходзіш без падарунка,

з табой прыходзіць Езус — Бог,

                                                      які стаў чалавекам,

і з Ім — вялікая ласка,

благаслаўленне за благаслаўленне гэтаму дому.

Уяві сабе, ты хочаш пасля доўгай дзённай працы,

у вечаровай цемры, нарэшце, пайсці спаць,

а хтосьці падыходзіць і стукае ў твае дзверы,

ён не мае прытулку, а ты не ведаеш яго

і ўсё ж такі запрашаеш у свой дом,

як гэта цудоўна, як цудоўна!

Бедны госць, ён не прыходзіць без падарунка,

з ім прыходзіць Езус — Бог,

                                          які стаў чалавекам,

і з Ім — вялікая ласка,

благаслаўленне за благаслаўленне твайму дому.

(Сантас падымаецца і падыходзіць да сялянскай хаты.)

Марыя Дарыла. Тата, там чыесьці крокі каля дзвярэй. На вуліцы нехта ходзіць.

Бацька. Так позна ноччу? (Ідзе і адчыняе дзверы.) Гэй, хто там? (Марыя Дарыла запальвае святло.)

Сантас. Сантас Марын, новы катэхет.

Бацька. Заходзьце, заходзьце, тут ёсць месца для адпачынку. (Вядзе яго ў хату.) Прабачце, тут усё так бедна. Мы нічога не можам Вам прапанаваць. Толькі лаву тут, калі яна не кароткая для Вас. Марыя Дарыла, прынясі вады папіць і памыцца. (Яна прыносіць міску, ручнік і ваду.)

Сантас. Вялікі дзякуй! Вялікі дзякуй!

Бацька. Тут Вы можаце спакойна пераначаваць, тут з Вамі нічога не здарыцца.

Сантас (плюскае вадой сабе ў твар, мые рукі, выціраецца, п’е). Ах, як добра! Дзякуй! (Марыя Дарыла выносіць міску.)

Бацька. Сядайце ж. Шлях угору доўгі. Вы новы катэхет? Сантас Марын... Вашага імя я ніколі не чуў.

Сантас. Я родам з Сальвацьерра. Я стаў катэхетам замест тых двух, якія сядзяць у астрозе. У мя­не працы на дваіх...

Бацька. Я чуў пра тое, што двух кампесіно арыштавалі, проста так. Яны ўсё могуць сабе дазоліць, тыя паны ў горадзе.

Сантас. Яны могуць сабе гэта дазволіць, бо мы маўчым.

Бацька. А што нам застаецца, апроч таго як трымаць язык за зубамі?

Сантас. Калі ўсе з’яднаюцца і выкрыюць несправядлівасць, яны не змогуць сабе гэтага да­зволіць.

Бацька. О... Вы так лічыце! Яны арыштуюць усіх!

Сантас. Усю вёску? Тры, чатыры вёскі? Вы лічыце, можна арыштаваць жыхароў усіх вёсак вакол Сан Андрэса?

Бацька. Не, гэтага немагчыма зрабіць. Але можна страляць у людзей. Касіць іх з аўтаматаў. З ве­р­талётаў.

Сантас. Гэта можна, але пра тое даведаюцца ва ўсёй краіне і ва ўсім свеце. Гэта значыла б, што ўраду патрэбна насілле, каб споўніць сваю волю,
і ўсе заўважылі б, што гэта дрэнны ўрад, што ў кра­іне ёсць шмат людзей, якія змагаюцца за справядлівасць. Нават сярод паноў у горадзе. Не ўсе дрэнныя ці ба­язлівыя. Але мы, сяляне, павінны абараняць сябе.

Бацька. Вы гаворыце, як мяцежнік, Марын Сантас.

Сантас. Не, я не мяцежнік. Я настаўнік. Ты ўмееш чытаць, Марыя Дарыла?

Марыя Дарыла. Крыху. Я хадзіла ў школу, пакуль у нас была настаўніца. Цяпер яе няма. Школа развальваецца, дах працякае.

Сантас (да бацькі). Бачыце, гэта таксама справа, якую мы, сяляне, павінны ўзяць у свае рукі. Адрамантаваць школу і патрабаваць у горадзе, каб прыслалі настаўніка. А да гэтага часу мусім вучыць людзей самі, па вечарах... Дык ты трошкі ўмееш чытаць, Марыя Дарыла? Я пакіну табе Біблію... (шукае ў клунку, дастае Біблію і разгортвае яе) каб практыкавацца ў чытанні. Бачыш, тут напісана нешта пра тваю святую, пра Дзеву Марыю...

Марыя Дарыла (запінаючыся, чытае). Анёл... сказаў: Вітай... Марыя... Пан... з Табою...

Бацька. Яна сапраўды ўмее чытаць...

Марыя Дарыла (радуецца). Ты... знайшла... ласку... у Бога... народзіш... Сына... і дасі... Яму... імя... Езус. Бо... Ён... выратуе... народ свой...

Сантас. Ведаеш, што значыць выратаваць?

Марыя Дарыла. Збаў нас ад злога...

Сантас. Так. Імя Езус значыць: Бог ратуе. Бог вызваляе. Ён вызваляе нас ад правінаў. Калі мы не паверым, што Бог даруе нам правіны, мы ніколі не зможам стаць свабоднымі... (Да бацькі.) Ведаеце, гэта таксама частка маёй працы, я павінен тлумачыць гэта сялянам у вёсках... Бог жадае, каб мы былі вольнымі ад правінаў. Гэта Яго падарунак для нас. Мы павінны яго прыняць. Мы павінны паверыць Яму і сказаць: «Так, Божа, Ты прабачаеш мне тое зло, якое я ўчыніў. Я магу пачаць спачатку як свабодны чалавек. Я магу выправіць зло. Я магу спа­дзявацца, што з гэтага моманту мне ўдасца здзяйс­няць больш добрых учынкаў, чым злых...»

Бацька. Марыя Дарыла, ідзі спаць! Заўтра ты зможаш далей чытаць гэтую кнігу. (Марыя Дарыла выходзіць. Праз нейкі час ён кажа Сантасу.) Паслухайце... Сёння я выкарыстаў чалавека, які такі ж бедны і слабы, як і я... Гэта мяне прыгнятае... Але калі праўда тое, што Вы кажаце... Калі я змагу вызва­ліцца... (Кажа да самаго сябе.) Я мог бы сказаць Пэ­дро заўтра раніцой: «Вось мул, я даю табе яго за чатыры солесы, як і раней...» Так, я мог бы зрабіць гэта.

Сантас. А цяпер уявіце сабе, што Пэдро таксама пойдзе і абыдзецца справядліва з тымі, каго ён раней, магчыма, выкарыстоўваў...

Бацька. Так... але гэта не прымусіць быць справядлівымі паноў там, наверсе.

Сантас. Гэта — не. Але гэта зробіць нас, беднякоў, адзінымі і моцнымі, калі мы не будзем больш выкарыстоўваць і прыгнятаць адзін аднаго...

Бацька. Напэўна, гэта так. Адзін павінен адважыцца і пакласці пачатак...

(Феліберто ціха іграе на гітары.)

(Бацька тушыць святло, мужчыны выходзяць. Зноў становіцца светла. Марыя Дарыла з дзіцем. Яна чытае маці і бабулі Біблію.)

Сцэна 6

Феліберто. Слухайце, дарагія гледачы. Марыя Дарыла добра напрактыкавалася. Яна ўжо ўмее добра чытаць.

Марыя Дарыла. Паслухайце, што я знайшла! Слухайце ўважліва. Тут напісана, што Бог сказаў Майсею... (чытае павольна і ўсё яшчэ запінаючыся.) «Я добра бачыў пакуты народа Майго..., Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб... вызваліць яго...»

Маці. Так, так, добра ты ўмееш чытаць, дзіця.

Бабуля. Кожнае слова зразумела.

Марыя Дарыла. Так, але вы сапраўды зразумелі, што там напісана? Бог хоча вызваліць народ!

Маці. Так, бо Ён убачыў пакуты...

Марыя Дарыла. Бог не хоча, каб народ пры­гняталі! Бог жадае, каб людзі былі свабоднымі і каб ім было добра! А вы заўсёды казалі мне, што жыццё — гэта нішто іншае як пакуты. Што трэба цярпець лаянку і пабоі!

Маці. Так, для нас гэта так!

Марыя Дарыла. Але Бог не хоча гэтага!.. Па­слухайце, я яшчэ штосьці знайшла. Дзева Марыя вельмі моцна верыла ў Бога.

Бабуля. Зразумела, Яна верыла ў Бога.

Марыя Дарыла. Яна спадзявалася на Бога. Яна была ўпэўненая, што Бог дапамагае людзям. Бо ён не хоча, каб яны пакутавалі. І спявала песню пра гэта. Вось тут песня Марыі, паслухайце, што Яна спявае:

«Велічае душа мая Пана,

І ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы,

Бо ўзглянуў Бог на свае служкі пакору,

І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.

Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,

А Імя Яго святое.

І міласэрнасць Яго з пакалення на пакаленне

Над тымі, хто Яго баіцца».

Бо Яна стала Маці Божаю, разумееце? Але вось яшчэ. Слухайце:

«Моц аказаў сваёй правіцы;

Рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам,

Скінуў магутных з трону,

А ўзвысіў пакорных.

Дабром галодных насыціў,

А багатых ні з чым адправіў.

Прыняў свайго слугу Ізраэля,

Памятаючы пра сваю міласэрнасць».

(Невялікая паўза.) Бог на баку бедных! Бог з намі! Ён на нашым баку, і Марыя гэта ведала.

Маці і бабуля. Бог на баку бедных!

Марыя Дарыла. Калі б толькі ўсе ведалі гэта! Усе, хто нас прыгнятае, і ўсе, каго прыгнятаюць! Усе сяляне ва ўсёй краіне, усе кампесіно павінны гэта ведаць, Бог на нашым баку!

Маці. Так, малады Сантас Марын таксама кажа пра гэта. Ён ходзіць ад вёскі да вёскі і кажа пра гэта ўсім.

Марыя Дарыла. Калі б я магла дапамагаць яму ў гэтым!

Маці. Толькі паспрабуй! Ты застанешся са мною!

Марыя Дарыла. Калі б я змагла прыдумаць песню, новую песню! Я хацела б праспяваць такую песню, як Марыя. Я думаю, што я таксама магу скласці песню!

(Феліберто пачынае іграць на гітары.)

Бабуля. Цяпер гэтая дурная дзяўчынка хоча скласці песню, ці чулі вы такое!

Марыя Дарыла (павольна падыходзіць да Фелі­берто і пачынае гаварыць з ім. Калі ёсць пражэктары, у наступнай сцэне святло падае толькі на іх дваіх.)

Сцэна 7

Марыя Дарыла. Ты — той, хто ведае і спявае ўсе песні?

Феліберто. Так, гэта я, Феліберто, музыкант.

Марыя Дарыла. Я веру табе. У мяне ёсць словы для песні, і я ўяўляю нават, як гэта можна было б спяваць. (Ціха напявае.) Але ўсё ж такі я не ведаю, як зрабіць з гэтага сапраўдную песню.

Феліберто (наігрывае на гітары). Скажы мне
словы.

Марыя Дарыла. Мы спадзяемся на літасць Пана Бога. Ён добры. Ён стаіць на баку бедных. Ён дае нам мужнасць.

Феліберто (падбіраючы мелодыю). Мы спадзяемся на літасць Пана Бога.

Марыя Дарыла (працягвае). Ён дапамагае нам, так мы становімся свабоднымі. Ён стаіць на баку бедных. Ён і сёння дапамагае нам.

Феліберто. Варта яшчэ дадаць, хто склаў гэтую песню.

Марыя Дарыла. Я... Я толькі звычайная дзяўчынка з гор, я ніколі не рабіла нічога асаблівага. Але цяпер я прыдумала песню, як Марыя. (Яна ціха напявае.) Так можа быць? Можна гэта спяваць?

Феліберто (спявае, яна спявае разам з ім, гэтую сцэну можна сыграць больш дэталёва).

Песня Марыі Дарылы

Я толькі звычайная дзяўчынка з гор.

я ніколі не рабіла нічога асаблівага.

Але цяпер я, як Марыя,

склала хвалебную песню Богу.

Мы спадзяемся на літасць Пана Бога!

Мы спадзяемся на Бога. Ён добры.

Ён стаіць на баку бедных.

Ён дае нам давер і мужнасць.

Мы спадзяемся на літасць Пана Бога!

Ён дапамагае нам, так мы становімся

                                                                      свабоднымі.

Ён стаіць на баку бедных.

Ён і сёння дапамагае нам.

Марыя Дарыла. Калі ты сустрэнеш Сантаса Марына, перадай яму ад мяне прывітанне. Я пасылаю яму песню. Ён павінен праспяваць яе ўсім кампесіно. (Выходзіць.)

Феліберто (да публікі). Гэтую просьбу я ахвотна выканаў. У хуткім часе ўжо шмат дзяўчат спявала гэтую песню, потым жанчыны, потым і мужчыны. Я быў там, наверсе, у гарах, калі яны вырашылі разам пайсці ў горад і патрабаваць вызвалення двух катэхетаў. І каб зрабіць усё адным махам, яны вырашылі таксама аб’явіць бурмістру, што ніхто з іх не будзе плаціць новы незаконны падатак. (Задні план сцэны запаўняецца сялянамі і сялянкамі. Бацька Марыі Дарылы і Пэдро падтрымліваюць капялюшніка Марсіяла Луну. Сярод жанчын Марыя Дарыла і яе маці з дзецьмі. Побач з ёю стаіць Сантас Марын, яны трымаюцца за рукі.) У бурмістра Сан Андрэса вочы на лоб палезуць! Цэлых сем вёсак на яго кірмашовай плошчы і навакольных вуліцах! Прабачце, калі ласка, але мне таксама трэба ісці туды, уніз, на плошчу! Я таксама бедны! (Адыходзіць назад і іграе, у той час як сяляне спяваюць другі і трэці слупкі песні Марыі Дарылы.)

Сцэна 8

(Бурмістр і начальнік паліцыі выходзяць на сцэну з аконнымі рамамі і глядзяць уніз на натоўп.)

Бурмістр. Гэта жахліва, гэта ж зусім жахліва, гэта ж мяцеж і гвалт! У мяне занадта мала паліцэйскіх! Пакуль я атрымаю падмацаванне, яны мне разнясуць увесь горад.

Начальнік паліцыі. Гэта няўзброеныя, вельмі бедныя кампесіно, прынамсі, іх столькі, што я не магу палічыць. Ці не жадаеце Вы спытаць у гэтых людзей, дзеля чаго яны сабраліся?

Бурмістр. Я? Я не размаўляю з такімі, што там, унізе. (Адыходзіць назад.) Спытайце, што ім трэба.

(Начальнік паліцыі трымае цяпер аконныя рамы адзін.)

Начальнік паліцыі. Гэй, сяляне, чаго Вы хочаце ад пана бурмістра?

Сяляне. Ён павінен адпусціць нашых катэхетаў, якія без віны сядзяць у астрозе! І ён павінен ведаць, што мы не будзем плаціць новага падатку!

Начальнік паліцыі. Яны просяць вызваліць абодвух катэхетаў. І заяўляюць, што не будуць плаціць новага незаконнага падатку!

Бурмістр. Спытайце, хто завадатары гэтага мецяжу, і адразу кіньце іх у астрог! Ну, хутчэй! Гэта загад! Выконвайце яго, вы — кампесіно, вы!

Начальнік паліцыі. Сяляне, хто вашыя кі­раў­нікі?

Сяляне. Мы ўсе! Мы ўсе сабе кіраўнікі!

Начальнік паліцыі. Так, так... але хто вас тут сабраў?

Сяляне. Мы ўсе! Мы самі сабраліся.

Начальнік паліцыі (з пэўнай задаволенасцю). Спадар бурмістр, там унізе стаіць прынамсі тысяча сялян-кіраўнікоў... (Сяляне зноў спяваюць.)

Бурмістр (праз плячо начальніка паліцыі глядзіць у вакно). І жанчыны тут, і дзяўчаты, і дзеці! Вы толькі паглядзіце на гэтую дзяўчынку, як яна спявае! Гэта нечувана. У яе на твары няма і знаку страху.

Начальнік паліцыі. Так, гэта цудоўна, што ў га­рах ёсць такія дзяўчынкі... Спадар бурмістр, гараджане замкнулі свае дамы і зачынілі крамы. Яны баяцца.

Бурмістр. Я таксама баюся... Капітан, вы добры хлопец, надзейны чалавек, той, на каго я магу спадзявацца. Улагодзьце гэта дзеля мяне! Супакойце гэтых людзей! (Ён хаваецца.)

Начальнік паліцыі. Такім чынам, я адпускаю катэхетаў, спадар бурмістр?

Бурмістр. Так. Нашто мне рызыкаваць з-за двух абарванцаў кампесіно?

Начальнік паліцыі. А падатак?

Бурмістр. Ці ж я выдумаў гэты падатак? Вы дакладна ведаеце, што я ніколі не прыдумваў гэтага праклятага, гэтага незаконнага падатку!

Начальнік паліцыі. Дарагія сяляне, пан бурмістр прыняў да ведама, што вы не будзеце плаціць гэтага незаконнага падатку! І вашых катэхетаў толькі што адпусцілі. Вы адразу зможаце ўзяць іх з сабою, калі цяпер пойдзеце дадому. (Радасныя крыкі людзей.) І мірна ідзіце дадому, прашу вас, ідзіце мірна.

(Людзі, спяваючы, выходзяць.)

Бурмістр (са свайго сховішча). Яны пайшлі прэч? Яны сапраўды пайшлі прэч? І што цяпер будзе?.. Пра што яны там яшчэ спяваюць? Вы што-небудзь разумееце?

Начальнік паліцыі. Бог стаіць на баку бедных.

Бурмістр. Што? Што гэта за мяцежныя погляды? Дзе стаіць Бог?

Начальнік паліцыі. На баку бедных, прыгнечаных, бяспраўных. Спадар бурмістр, ці не перайсці нам на бок Пана Бога, пакуль яшчэ ёсць час?

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.