Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ПРАВАДЫР

З ПАРАСОНАМ

Афрыканская калядная п’еса

 

Каля 12 дзейных асобаў:

правадыр, першы герольд, другі герольд, жонка правадыра, вядзьмарка, Валуба, разьбяр, настаўнік, дзеці, жыхары вёскі.

Сцэна 1

(Пасярэдзіне сцэны стаіць хата правадырапераплецены кардон, намаляваны дах з пальмавых лістоў, адкрыты ўваход завешаны прыгожай коўдрай ці шкурай. Гэтую хату неабходна потым перарабіць у школу і ў хату вядзьмаркі.
З хаты правадыра даносіцца гучны, выразны храп. На сцэну выходзіць першы — маладзейшы — герольд. У яго ў руцэ парасон. Перад уваходам у хату першы герольд спыняецца, прыслухоўваецца, уздыхае, становіцца каля ўваходу. Ён разглядае парасон і спрабуе прыняць некалькі ўрачыстых позаў правадыра. Яму перашкаджае з’яўленне другога герольда, ён хутка зноў закрывае парасон і спрабуе стаяць з абыякавым выглядам. На жаль, гэта яму зусім не дапамагае.)

Другі герольд (старэйшы. Ён надае вялікае значэнне годным манерам. Грэбліва). Нконголо? Ці паводзіць сябе такім чынам герольд на службе ў правадыра?

Першы герольд (з нявінным выглядам). Але дзядзька Кваме... я не разумею...

(Другі герольд шматзначна пакашлівае).

Першы герольд (напаўголасу, каб не перашкаджаць правадыру, які спіць). Я стаю тут ужо вельмі доўга... стаю тут, як кол, і ахоўваю дрымоту нашага правадыра. (Паказвае на хату.)

Другі герольд (упэўніваецца, што правадыр спіць. Потым бярэ парасон з рук першага герольда). Ты сваволь­нічаў з парасонам нашага правадыра. Так, дакладна. Я бачыў гэта на свае ўласныя вачы. (Раскрывае парасон і сам дазваляе сабе прыняць некалькі позаў правадыра.) Ты хацеў перадражніць правадыра. Нконголо, гэта непрыстойна. (Закрывае парасон і задумліва раз­глядае яго.)

Першы герольд. Ах, дзядзька Кваме, прызнайся, ты б таксама хацеў мець такі прыгожы парасон!

Другі герольд. Не! Я ведаю, што належыць правадыру. Нконголо, я баюся, што ты нічога не варты герольд, і мне давядзецца цяжка папрацаваць, пакуль з цябе выйдзе штосьці вартаснае. Будзь удзячны, што табе дазволілі насіць за нашым правадыром знак яго адрознення.

Першы герольд (бурчыць). Гэтая заўсёдная ўдзячнасць таксама цяжкая праца.

Другі герольд (прапусціў міма вушэй гэтую дзёрзкую заўвагу). Табе яшчэ трэба шмат практыкавацца, мой пляменнік. Кожны раз, калі ты раскрываеш парасон, у мяне ўнутры ўсё пераварочваецца. Так: цак... вум-м... (хутка раскрывае і закрывае парасон). Не, спрактыкаваны герольд робіць гэта зусім інакш.
О наш валадар! Я хачу раскрыць твой пара­сон!
(Раскрывае яго.) О наш валадар, ён раскрыты! (З пак­лонам
у бок хаты правадыра. Гучны храп з хаты, герольды адскокваюць, другі герольд падае парасон першаму, яны становяцца па абодва бакі ад уваходу. Кароткае маўчанне.)

Першы герольд. Ён спіць далей... Як ён увогуле можа спаць пры такім шуме ў вёсцы? Школьнікі надрываюцца, гарлаючы гэтыя дзіўныя новыя песні, а вядзьмарка б’е ў бубен з самага ранку.

Другі герольд. Наш гаспадар стомлены з учарашняга дня.

Першы герольд. Ха, з сённяшняй ночы, ты, напэўна, маеш на ўвазе. Ён праваждаўся да поўначы, пакуль нарэшце ўладзіў спрэчку паміж ткачом і яго памочнікам. А потым адразу пайшоў спаць? Зразумела, не. Ён яшчэ запрасіў абодвух забіякаў на глыток пальмавага віна. Гэты глыток доўжыўся яшчэ гадзіну. Я ведаю гэта, бо стаяў за правадыром з раскрытым парасонам у руцэ і думаў: «Стаміцеся... Ці ж вы яшчэ не стаміліся... Вы павінны стаміцца!» (Пазяхае.)

Другі герольд. Ну, я ведаю правадыроў, якія п’юць сваё пальмавае віно адны і не бяруць на сябе клопату ўладжваць спрэчкі. Наш правадыр клапоціцца пра людзей у вёсцы.

Першы герольд. Ён клапоціцца занадта шмат. Праўда, гэта магло б быць мне ўсё роўна, хай важдаецца, калі мае ахвоту... але ж я павінен цэлы дзень суправаджаць яго з гэтым парасонам.

Другі герольд. Так-так, гультаям не пасуе быць герольдамі руплівага правадыра.

Першы герольд. Руплівага? Я скажу табе штось­ці. Але толькі зусім ціха. (Другі герольд нахіляецца да яго. Іх галовы знаходзяцца дакладна перад уваходам.) Ён зусім не руплівы. Ён толькі цікаўны! (Узрушаны храп правадыра.)

Другі герольд. Ц-с-с! Ён варушыцца!

Першы герольд. Не, ён храпе далей. Але часам мне здаецца, што ён нам штосьці выхрапвае.

(Другі герольд здзіўлена глядзіць).

Першы герольд. Ён штосьці нам выхрапвае, каб мы думалі, што ён спіць. Пры гэтым ён не спіць і падслухоўвае нашу размову. З чыстай цікаўнасці. Каб нічога не прайшло па-за яго ўвагай. Падчас яго прагулкі па вёсцы я вымушаны нават парасон трымаць настолькі высока, каб правадыр усё бачыў. Нашто тады ўвогуле парасон, пытаю я сябе.

Другі герольд. Вы, маладыя людзі, ужо адвыклі ад старых звычаяў. Правадыр носіць з сабою парасон нават у сонечныя і бязвоблачныя дні. Парасон правадыра — гэта не проста парасон, а знак яго годнасці. Парасон вылучае яго з усіх нас, звычайных людзей. Запомні нарэшце, інакш мне будзе сорамна, што я рэкамендаваў цябе ў якасці герольда. «О наш гаспадар, — сказаў я яму, — вазьмі майго пляменніка за герольда, у яго вы­ключнае пачуццё такту, асабліва да годнасці правадыра...»

Правадыр (адхіляе заслону ў бок). Не бурчы на свайго пляменніка, мой дарагі Кваме, ён яшчэ навучыцца гэтаму.

(Герольды кланяюцца, прычым другі дакорліва глядзіць на першага).

Першы герольд. О наш гаспадар, ты добра адпачыў?

Другі герольд. Добрай раніцы, о наш гаспадар, добрага блакітнага, бясхмарнага... (да першага герольда). Раскрый парасон, дурань!

Першы герольд. О наш гаспадар, я хачу раскрыць твой парасон! (Парасон з цяжкасцю раскрываецца, герольд няўмела раскрывае яго.) О наш гаспадар, твой парасон раскрыты.

Правадыр. Вы, нягоднікі, чаму вы дазволілі мне спаць так доўга! У мяне шмат справаў. Ну... што новага ў вёсцы? (Другі герольд махае назад. Жон­ка правадыра прыносіць веер і келіх для піцця, правадыр ківае ёй і п’е.) Як справы ў маленькай Мамуэ?

Герольды. Мамуэ?

Жонка правадыра. Наш гаспадар мае на ўвазе маленькую дачку каваля, у якой учора так страшна балеў жывоцік.

Правадыр. Вы не даведваліся пра яе, вы, нягоднікі?

Другі герольд. Ах, маленькая дачка каваля! Ну так, яна зноў здаровая.

Першы герольд. Гэта быў толькі моцны запор, о наш гаспадар! Адвар з кары, прыгатаваны нашай вядзьмаркай, хутка падзейнічаў.

Правадыр. Гэта добрая вестка. Так, наша вядзьмарка, Янга, яна разбіраецца ў сваёй справе. Мы зойдзем да яе і пахвалім.

Жонка правадыра. Я прынясу маленькі падарунак для вядзьмаркі, ты зможаш перадаць яго ёй у знак падзякі. (Дае другому герольду веер і выходзіць.)

Правадыр (прыслухоўваецца). Што гэта? (Герольды прыслухоўваюцца.) Ах, так, школьнікі спяваюць. Яны зноў стараюцца. (Усе перастаюць прыслухоўвацца.) Але я чую там яшчэ нешта: (у гэты час за сцэнай чуваць ціхія гукі барабана) вядзьмарка б’е ў бубен! Але тое, як яна сёння барабаніць, мне не падабаецца! Вядзьмарка раззлаваная, ай-я-яй...

Першы герольд. Яна спявае і б’е ў бубен ад узы­ходу сонца. Людзі кажуць, што сёння яна сіпіць, спяваючы.

Правадыр. І пра гэта вы не паведамілі мне адразу? Яна сіпіць, спяваючы? Гэта нядобрая навіна.

Жонка правадыра (вяртаецца з кошыкам і бутэлькай). Яйкі для вядзьмаркі, пальмавае віно для ахвяры продкам, дарагі гаспадар!

Правадыр (да герольдаў). Пачнем наш абход! Але пачнем з чагосьці радаснага. Пойдзем у школу. Мне б хацелася ведаць, як у дзяцей ідуць справы з гэтымі новымі песнямі... Падымі парасон трошкі вышэй, мой добры Нконголо. Вось так добра. Ты ж ведаеш, я заўсёды хачу ўсё бачыць! (Правадыр
з герольдамі прагульваюцца па сцэне. Час ад часу першы герольд крыху стукае парасонам правадыра па галаве, пры гэтым другі герольд кожны раз пакутліва ўздрыгвае. Другі герольд ідзе, балансуючы веерам, кошыкам і бутэлькай з выключным пачуццём элегантнасці.)

(У час прагулкі правадыра сцэну «перабудоўваюць», а менавіта: хату крыху адсоўваюць, перад уваходам вешаюць іншую заслону, можа быць прымацавана шыльда з надпісам «ШКОЛА». У гэты час жонка правадыра і жыхары вёскі сядзяць на кукішках уздоўж сцэны на рампе і спяваюць.)

Сцэна 2

Жыхары вёскі з жонкай правадыра (рэчытатыў з плясканнем у далоні і суправаджэннем бразготкаў. Строфы можна спяваць на выбар):

Наш правадыр па вёсцы гуляе,

наш правадыр з парасонам.

Што сапсавана — ён узнавіць загадае,

наш правадыр з парасонам.

Наш правадыр па вёсцы гуляе,

наш правадыр з парасонам.

Колы, што гучна рыпяць, змазаць ён загадае ,

наш правадыр з парасонам.

Наш правадыр па вёсцы гуляе,

наш правадыр з парасонам.

Хворага ён вядзьмарцы лячыць загадае,

наш правадыр з парасонам.

Наш правадыр па вёсцы гуляе,

наш правадыр з парасонам.

Слухаць павінны мы ўсё, што ён загадае,

наш правадыр з парасонам.

 (У гэты час настаўнікі і дзеці занялі месцы за хатай-школай, з боку гледачоў іх не бачна.)

Правадыр (скончыў свой абход, паказвае на школу). Ведаеце што, мае дарагія герольды? Цяпер мы падкрадземся да школы. Зусім ціха, каб не перашка­джаць дзецям. Бо калі настаўнік мяне заўважыць, ён адразу ж зноў загадае дзецям расказваць на памяць вершы, альбо мне давядзецца слухаць, колькі ангельскіх словаў яны ўжо вывучылі. Не, не. Ці памятаеце вы маё апошняе афіцыйнае наведванне школы? Маленькі Ніуры запнуўся пасярэдзіне верша, а я нават не мог падказаць яму.

Герольды. Загадвай, о наш гаспадар, і будзем красціся. (Яны падкрадваюцца да школы. Са школы чуваць спеў, тупанне і плясканне ў далоні.)

Голас настаўніка. Так, вельмі добра, толькі слова «аллелюя» яшчэ раз, крыху больш выразна! Чаму «аллелюя» ў цябе гучыць так невыразна, Ніуры?.. Ніуры, перастань, калі ласка, жаваць гэтую жудасную жуйку, калі спяваеш «аллелюя». Калі ласка, выплюнь яе! (Нейкі хлопчык высоўвае галаву
з-за заслоны і плюе.)

(Правадыр адскоквае).

Голас настаўніка. Так, а цяпер яшчэ раз спачатку.

Дзеці.

Бог паслаў да нас свайго Сына! Аллелюя!

Брава, брава, аллелюя!

Сын Божы зрабіўся нашым сябрам! Аллелюя!

Наш брат, наш дарагі сябар —Божы Сын! Ура!

(У той час, калі дзеці рытмічна пляскаюць у далоні, правадыр выходзіць наперад да рампы і сядае на пераверну­ты чан.)

Правадыр. Вельмі прыгожая гэтая новая песня. Толькі словы для мяне незразумелыя. Нейкія незнаёмыя і нязвыклыя. Вы іх зразумелі?

Другі герольд. Я ведаю гэтую песню. Мой малодшы сын і дома яе развучвае.

Правадыр (нецярплівы жэст рукой). Ну, ну!

Другі герольд.

Бог паслаў нам свайго Сына, аллелюя...

Сын Божы зрабіўся нашым сябрам,

Aллелюя!

А потым ідзе, я думаю:

Наш брат, наш дарагі сябар —

Божы Сын! Ура!!!

Правадыр. Божы Сын — наш сябар і брат! Гэта нечувана!

Першы герольд. Гэтую песню напісаў Муціма, хрысціянскі святар.

Правадыр. Я ведаю Муціма з таго часу, калі ён быў во-о-ось такім маленькім. Муціма заўсёды быў добрым, сціплым хлопчыкам.

Герольды. О, так, наш гаспадар, зразумела, ён быў такім.

Правадыр. Ён быў другім сынам нашага вязальшчыка цыновак, і вельмі таленавітым. Мы далі яму магчымасць вучыцца далей. Ён добра вучыўся і нават стаў хрысціянскім святаром. Потым вярнуўся ў нашу вёску. Ён застаўся адным з нас, ня­гледзячы на яго хрысціянскую рэлігію. Тым больш я здзіўлены, што такі сціплы чалавек прыдумвае такую дзёрзкую песню! Божы Сын — наш брат... як непачціва!

Другі герольд. Гаспадар... але хрысціяне вераць, што Божы Сын стаў чалавекам!

Правадыр. Ах... і гэта дае ім права так фамільярна звяртацца да Бога і Божага Сына?! Калі я думаю пра нашага Гаспадара Нгвілмпу, які стварыў неба і зямлю, і ўсё навокал, у мяне галава круціцца. Я нават не адважваюся і думаць пра Яго. Ніколі я б не назваў Гаспадара, які там, наверсе, айцом ці братам, ці сябрам. Я не пакрыўдзіў бы яго фамільярнасцю, я, маленькі чалавек... чарвяк... (кідае погляд на герольдаў) нават калі сярод іншых людзей я, зра­зумела, вельмі вялікі чарвяк, я маю на ўвазе: пра­вадыр! Трымай парасон вышэй!

Другі герольд (да першага). Так, трымай жа парасон...

Першы герольд. Гаспадар, можна я раскажу табе штосьці пра Муціма?

Правадыр (з цікаўнасцю). Ну зразумела, мой дарагі хлопчык! Герольдам заўсёды дазваляецца расказваць штосьці новае, яны нават павінны расказваць. Ты ведаеш, я заўсёды... цікаўны. Ну!

Першы герольд. Муціма, хрысціянскі святар, гаворыць так: «Нгвілмпу — гэта імя, якое нашыя продкі далі Богу ў небе. Айцец у небе і Нгвілмпу — гэта адзін і той жа Бог, бо ёсць толькі адзін... — кажа Муціма, — але народ яшчэ надта мала ведае пра Яго».

Правадыр. Адзін і той жа? Ну, чаму б і не? У вёсцы ж таксама толькі адзін правадыр. А нашыя продкі былі недурныя. Яны навучылі нас, што Нгвілмпу — гаспадар над усім.

Герольды (урачыста). Нгвілмпу стварыў усё, але яго ніхто не ствараў!

Правадыр. Нгвілмпу жыве ў велічы ў сваёй вёсцы па той бок свету. Ён далёка ад нас, людзей.

Герольды. Вельмі, вельмі далёка.

Правадыр. Нашмат далей, чым правадыр можа быць ад жыхароў сваёй вёскі.

Другі герольд. Ці ж гэта не сумна, о наш гаспадар?

Першы герольд. Даволі сумна, о наш гаспадар? Калі ўяўляеш, як далёка Нгвілмпу... Я клічу, а мой голас губляецца на гэтым далёкім шляху...

Правадыр. Калі Гаспадар там, наверсе, хоча быць далёка ад людзей, ці можна з-за гэтага крыўдзіцца? Людзі спрачаюцца і шумяць. Яны з зайдрасцю глядзяць на суседскае поле. Яны пакутуюць ад болю ў жываце і іншых хваробаў і баяцца ду­хаў у кустах буша. Людзі ўбогія. Чаму Гаспадар Нгвілмпу павінен важдацца з імі?

Другі герольд (сядзіць на кукішках побач з правадыром, але вельмі паважліва). Прынамсі з правадырамі ён можа важдацца. Бо ты, о наш гаспадар, самы вялікі ў вёсцы, а ты ж важдаешся з самымі маленькімі людзьмі. Чаму ты гэта робіш, о гаспадар?

Правадыр. Герольд, сёння ў тваёй старой галаве блукаюць дзіўныя думкі.

Другі герольд. Прабач, гаспадар. Песні хрысціянаў зусім збілі мяне з панталыку.

Правадыр. Чаму я важдаюся? (Падымаецца, першы герольд быў не гатовы да гэтага, ён стукае правадыра парасонам па галаве. Правадыр, уздыхаючы і паціраючы галаву.) Чаму я важдаюся?.. Але я лічу, што правадыр па­вінен важдацца, незалежна ад таго, прыемна гэта яму ці не. Зрэшты, для мяне гэта найчасцей прыемна. Я хачу быць з усімі. Я хачу быць нават з самым маленькім хлопчыкам, якому баліць жывоцік. Баліць жывоцік! Мы ж хацелі ісці да вядзьмаркі!... Ты зноў трымаеш парасон так нізка, што я амаль нічога не бачу! (Крочаць.) Па дарозе да вядзьмаркі я хачу прынесці ахвяру на магілах маіх продкаў. У цябе пальмавае віно?

Другі герольд. Вось бутэлька, гаспадар. (Абход вёскі. Жыхары вёскі спяваюць адну ці дзве страфы. Школьнікі, настаўнік і школа знікаюць. На пярэднім плане з’яўляецца магіла продкаў — пагорак з пераплеценага кардону, упрыгожаны некалькімі сукамі ці сухімі галінамі.)

Сцэна 3

Жонка правадыра і жыхары вёскі (спяваюць).

Наш правадыр па вёсцы гуляе...

Правадыр (на пярэднім плане побач з пагоркам продкаў, абодва герольды, поўныя глыбокай павагі, побач з ім. Гэтую сцэну трэба іграць вельмі сур’ёзна). О мае продкі! Прыміце гэты глыток пальмавага віна! (Вылівае крыху з бутэлькі над пагоркам продкаў.) Вы схаваныя ад нашых вачэй, але не ад нашых сэрцаў! Вы жывяце разам з намі і побач з намі, вы ахоўваеце нашу вёску. Я ведаю, што я адзін з вас. Да вас я прыйду, калі мой час скончыцца. Няхай ваша моц і ваша спрыянне напоўняць маё цела, тады я буду ведаць, што я не адзінокі ў сваім клопаце пра вёску! (Больш таемна, нахіляецца над пагоркам.) Будзьце літасцівыя, калі наша вядзьмарка ад імя ўсіх нас прыносіць вам ахвяры! Між іншым, о добрыя продкі, сёння яна зноў сіпіць! Яна сіпіць, спяваючы, а вы ведаеце гэтак жа добра, як і я, што гэта дрэнны знак. (Амаль што сяброўскім тонам.) Падарыце ёй добрыя думкі, добра? Дзякуй! (Да герольдаў.) Мы можам ісці далей!

Другі герольд (зноў забірае бутэльку). О наш гаспадар, як добра ты маліўся за нашу вёску!

Правадыр. Так, размова з продкамі даецца мне няцяжка, у рэшце рэшт я таксама калісьці стану продкам... Але так, як хрысціяне размаўляюць з Богам... (Круціць галавой.) Як, уласна кажучы, называецца свята, да якога дзеці рыхтуюць свае песні?

Першы герольд. Яно называецца Нараджэнне Божага Сына.

Правадыр. Нараджэнне — гэта заўсёды цудоўнае свята. А гэтае, напэўна, усе хрысціяне святкуюць разам?

Першы герольд. Нават хрысціяне з суседніх вёсак, о наш гаспадар.

Правадыр. Нават хрысціяне з суседніх вёсак! І пра гэта я даведваюся толькі цяпер! Трэба перад гэтым яшчэ раз добра прыбраць і вымесці вёску і падрыхтаваць намёты. Можа, некаторыя госці пажадаюць пераначаваць у нашых шатрах... Скажыце мне абавязкова, калі настане гэтае свята, я хачу таксама паглядзець!

Другі герольд. Ты жадаеш наведаць свята хрысціянаў, гаспадар?

Правадыр. Зразумела, я наведаю гэтае свята!

Першы герольд. Але, гаспадар, ты ж не хрысціянін.

Правадыр. Калі ў адной сям’і брат вясёлы
і святкуе, іншы брат сядае каля яго і святкуе разам. Таму ўсе ў вёсцы пойдуць на гэтае свята: і хрысці­яне, і іншыя таксама!

Герольды. Мы абвесцім твае словы, о наш гаспадар! (Усе трое выходзяць.)

(Будуецца хата вядзьмаркі, а таксама прыносіцца некалькі рэквізітаў — прадметаў, якія належаць вядзьмарцы. Магільны пагорак выносіцца. У гэты час жыхары вёскі спяваюць адну страфу сваёй песні.)

Жыхары вёскі.

Наш правадыр па вёсцы гуляе...

Хворага ён вядзьмарцы лячыць загадае...

Сцэна 4

(Вядзьмарка, упрыгожаная пацеркамі і футрамі, з бубнам у руцэ, выходзіць са сваёй хаты, падчас песні яна танцуе, робячы дзікія рухі.)

Вядзьмарка.

О духі кустоў,

о духі палёў,

о духі ценю магілаў...

Цсс-цсс-цсс...

я заклінаю вас,

ці чуеце вы мяне?

Цсс-цсс-цсс...

Я вам аддавала ў ахвяру курэй,

дарыла арэхі вам і карані,

о духі нястомныя, чуеце вы?

Хіба не спявала я мольбаў для вас,

ці не танцавала?!

О духі!

Чаму ж не шляце вы дажджу?

Чаму ж не шляце вы дажджу?

каб збавіць нас, бедных,

ад свята чужога Бога?

Не будзе на свяце тым месца для вас,

не будзе і месца для Янгі, вядзьмаркі!

(Яна апускае бубен і затуляе твар рукамі.) Цяпер вы тут, духі! (Апускаецца на кукішкі.) Я адчуваю, што вы тут! Пачуйце мяне! (На заднім плане з’яўляюцца правадыр і герольды.)

Правадыр. Прывітайце вядзьмарку, але ветліва, і скажыце ёй, што я жадаю яе наведаць!

Другі герольд. О наша мудрая вядзьмарка!

Першы герольд. Бабуля вёскі!

Другі герольд. Гаспадыня кракадзілавых чараў!

Першы герольд. Сяброўка духаў!

Правадыр (падказваючы). Любіміца самога правадыра!

Першы герольд. Любіміца самога правадыра!

Правадыр. З вядзьмаркамі трэба ўстанавіць добрыя адносіны, эй, нягоднікі без фантазіі! Працягвайце, старайцеся! Гаспадыня фантастычных сноў!

Другі герольд. Гаспадыня фантастычных сноў!

Правадыр. Мне ўжо таксама больш нічога не прыходзіць у галаву!

Першы герольд. Яму ўжо таксама больш нічога не прыходзіць у галаву!

(Другі герольд дае першаму кухталя. Першы герольд спатыкаецца і стукае правадыра парасонам па галаве.)

Правадыр. Ой!

(Вядзьмарка падымаецца.)

Правадыр (выходзіць наперад да вядзьмаркі, паціраючы сабе лоб). Янга, мая дарагая, калі ты аднойчы прыдумаеш амулет ад дурноты, тады падары яго майму слузе, вось гэтаму!

Вядзьмарка. Правадыр, ты перашкаджаеш мне гутарыць з духамі?

Правадыр. Я перашкодзіў табе, каб перадаць гэтыя яйкі! (Другі герольд працягвае правадыру кошык з яйкамі, той падае яго вядзьмарцы.)

Правадыр (выходзіць далей наперад, зручна ўладкоўваецца на зэдлічку). Мамуэ зноў здаровая. Я дзякую табе за добрыя лекі. Гэтым самым ты дапамагла і мне, бо стогны маленькай дзяўчынкі да глыбіні ўразілі маё сэрца. Ведаеш, Янга, я вельмі рады, што ў нас ёсць ты! Такая руплівая вядзьмарка! І сёння, як мне паведамілі, ты ўстала на досвітку і ўжо б’еш у бубен? Няхай пачуюць духі ўсе твае добрыя жаданні!

Вядзьмарка. Духі пачулі мяне!

Правадыр (заклапочана). Ты задаволена! А якія... якія гэта былі жаданні?

Вядзьмарка. Я маліла духаў спаслаць навальніцу!

Правадыр. Навальніцу!... Табе заўсёды добра ўдавалася выклікаць дождж! Але нашто ж менавіта цяпер навальніца! Янга, мая дарагая, калі паміж намі: ці ж не даволі ўжо было дажджоў апошнім часам?

Вядзьмарка (у дзікім парыве). Я хачу знішчыць, затапіць іх свята! У вадзе, грамах і маланках усё раструшчыць дашчэнту!

Правадыр. Янга, дарагая мая, апамятайся, я ду­маю, ты дарэмна растрачваеш свае сілы! Ты, напэўна, маеш на ўвазе... гэтае нязначнае дзіцячае свята, да якога дзеці рыхтуюць свае песні?

Вядзьмарка. Не дай сябе падмануць, правадыр! Не такое ўжо бязвіннае гэтае дзіцячае свята! Яно вялікае і магутную сілу мае! Іх маленькі лагодны Бог жадае ўсіх нас знішчыць!

Правадыр (супакойваючы). Ты што, ты што!

Вядзьмарка. Яны хлусяць нам, што ўсе людзі стануць дзецьмі Божымі! Але я скажу табе, людзі ніколі не стануць дзецьмі якога-небудзь Бога! Я ведаю людзей. Яны замаўляюць у мяне злыя сродкі, каб падманваць гандляроў, і іншыя сродкі, каб іх саміх не ашукалі! І такія людзі павінны стаць дзецьмі Божымі? Хрысціяне падманваюць нас, бо хочуць забраць нашу ўладу! Яны хочуць заняць наша месца ў краі! Калі будзе правіць гэты маленькі Бог, ім больш не спатрэбяцца вядзьмаркі і правадыр са сваім парасонам!

Правадыр. Не спатрэбяцца вядзьмаркі? Але хто ж тады будзе дапамагаць ім нараджаць дзяцей, лячыць хворых, чараваць надвор’е? Янга, ты зусім дарэмна турбуешся!

Вядзьмарка. Ты таксама ўжо на іх баку, правадыр?

Правадыр. Я? Ты што, Янга!

Вядзьмарка. Хто не супраць іх, той з імі! Але я скажу табе, я пракляну ўсіх, хто будзе святкаваць разам з імі! Яны страцяць свае добрае імя! (Герольды пачынаюць пабойвацца.) Яны страцяць сваё добрае месца!

Герольды. О наш гаспадар, не дай вядзьмарцы праклясці гэтае свята!

Вядзьмарка (люта і дзіка). Хто спрычыніцца да гэтага свята, няхай стане вялым і стомленым! Хто спявае, няхай ахрыпне! Хто барабаніць, няхай у таго лопне бубен! А хто, як Валуба, выразае для свята маленькага Бога з дрэва, таму нож няхай пакалечыць палец!

Правадыр (да першага герольда). Нягоднік, перастань дрыжаць, парасон занадта хістаецца!

Першы герольд. Як жа мне не дрыжаць, чуючы гэтыя жудасныя пракляцці?

Правадыр (устае). Вядзьмарка, ты сёння не ў гу­моры! Няхай духі продкаў падораць табе мір!

Вядзьмарка (здзекліва). Мір? Дождж яны мне падораць і вельмі магутную сілу для маіх кракадзілавых чараў! (Ідзе ў сваю хату.)

Правадыр (задумліва, сам сабе). Бедная вядзь­марка!

Другі герольд (ціха). Бедная? О наш гаспадар, хіба ты не верыш, што яе пракляцці здзейсняцца? Злыя пажаданні маюць моц, гаспадар! Чаму ты маўчыш, гаспадар? Нам жудасна! (Маленькая паўза.) Паразмаўляй са сваімі слугамі, о наш гаспадар!

Правадыр (як быццам прачнуўшыся). Такая навіна!

Першы і другі герольды. Што мае на ўвазе наш гаспадар?

Правадыр. А вы пра гэта нават і не здагадваецеся, хоць я вам строга даручыў заўсёды ведаць пра ўсё новае!

Другі герольд. Якая навіна, гаспадар?

Правадыр. Валуба, наш разьбяр, выразае маленькага Бога! Ну вось, мы павінны зараз жа абавязкова пайсці да Валубы! Трымай парасон высока! Вышэй! Я хачу ўсё бачыць!

(Абход. Між тым хату вядзьмаркі забіраюць і ўзводзяць своеасаблівы паркан з цыновак. За ім сядзіць разьбяр Валуба і працуе.)

Жыхары вёскі (спяваюць).

Наш правадыр па вёсцы гуляе...

Сцэна 5

(Правадыр і герольды спыняюцца перад парканам з цыновак.)

Правадыр. Вунь працуе наш разьбяр! (Да друго­га герольда.) Увайдзі і спытай, ці магу я наведаць яго.

Другі герольд. Але гаспадар! Правадыру заўсёды дазволена! Ён не павінен пытацца!

Правадыр. Наш Валуба — вялікі мастак. У мастакоў трэба пытацца. Калі яны паглыбляюцца
ў сваю працу, у іх жывуць духі. Ім патрэбна цішыня і адзінота для іх творчасці.

Першы герольд. Духі? О наш гаспадар, можа, давайце лепш не будзем яго турбаваць?

Правадыр. Гэта добрыя духі. Схадзі і спытай, мой дарагі герольд! (Другі герольд знікае за парканам.)

Правадыр (прыслухоўваецца). І сюды даносяцца гукі бубна вядзьмаркі...

Першы герольд. Яна б’е, каб пайшоў дождж.

Правадыр (задумліва). Дождж, бура, навальніца і засуха. Я не ведаю, як яна ўсё гэта начаруе, я толькі ведаю, што яна гэта можа.

Першы герольд. Я чамусьці баюся гэтага свята хрысціянаў. Ты праўда хочаш яго наведаць, гаспадар?

Правадыр. Так, але калі ты баішся, Нконголо, можаш не ісці са мною.

Першы герольд. А як ты, гаспадар? Хіба ты не баішся страціць месца правадыра, самае пры­стойнае месца, якое чалавек можа займаць?

Другі герольд (выходзіць з-за паркану). Гаспадар, разьбяр Валуба рады твайму візіту! (Адсоўвае паркан з цыновак убок.)

(Бачна разьбяра Валубу. Ён сядзіць на лавачцы і выразае яслі.)

Правадыр. О, мой дарагі Валуба...

Валуба (у гэты момант нож падае ў яго з рук, і ён міжволі ўскрыквае). Пракляты нож!

(Першы герольд ад страху кідае парасон.)

Правадыр (хутка падбягае да Валубы). Што здарылася?

Другі герольд. Нож пакалечыў яму палец!

Першы герольд. Пракляцце вядзьмаркі!

Правадыр (строга). Ды не дрыжы ты і падымі вышэй парасон! (Да Валубы.) Пакажы мне сваю ру­ку! (Аглядае руку Валубы.) Рана вельмі баліць?

Валуба. Яна баліць, так, але гэта не самае горшае. Горш, што я не змагу далей выразаць; я не змагу трымаць нож і страціў адчуванне ўсіх тонкасцяў свае справы. (Разглядае нож і руку.) Не разумею, як гэта магло здарыцца! (Падымае кулак і паказвае ў той бок, адкуль даносяцца гукі бубна.) Пракляты бубен вінаваты ў гэтым!

Правадыр. О... гэтае нязначнае бум-бум-бум, якое даносіцца адтуль?

Валуба (глядзіць на правадыра). Гаспадар, я ведаю, як б’е Янга. І добра разумею мову бубна. Яна жадае мне зла.

(Герольды засмучана ківаюць адзін аднаму. Парасон таксама ківае.)

Правадыр (сур’ёзна). Валуба, паглядзі мне ў вочы! Калі ты верыш у злыя пажаданні, то таксама верыш і ў добрыя, ці ж не так?

Валуба. Зразумела, гаспадар. Але гэта павінны быць сапраўдныя, шчырыя пажаданні.

Правадыр (урачыста). Я, правадыр, сябра продкаў і неўзабаве адзін з іх, жадаю табе паспяховага завяршэння тваёй працы! Няхай благаслаўленне сыйдзе на твае рукі, каб ты мог добра тварыць!... Цяпер, Валуба, я цябе суцешыў?

Валуба. Дзякую табе, гаспадар!

Герольды. Гэта было надзвычай шчырае і магутнае пажаданне, о наш гаспадар.

Правадыр. Трымай парасон крыху вышэй,
я хацеў бы паглядзець на працу Валубы.

Валуба. Вось, паглядзі сюды. (Падае яму Дзіцятка, якое выразаў.)

Правадыр (разглядае Дзіцятка з ўсіх бакоў). Гэта ж маленькае Дзіця! Хлопчык, якому, хіба, чатыры тыдні! Ты прыгожа выразаў яго, Валуба!

Герольды. Вельмі прыгожа...

Валуба. З добрага, цвёрдага карнявішча.

Правадыр. А якія круглыя шчочкі ў дзіцяці. А ямачкі на локціках! Акурат так выглядалі і мае сыны. Дужыя, таўсматыя, з маленькімі насамі
і прытуленымі вушамі. Хто гэтае Дзіця, Валуба?

Валуба. Ён Сынам Божым мае быць, што чалавекам стаў, каб збавіць усіх людзей.

Правадыр. Хм-м. Ага. Цудоўна. У Дзіцяці ёсць маці?

Валуба. Маці я таксама ўжо выразаў. Вось Яна стаіць. (Паказвае на далейшую фігуру.)

Правадыр (абыходзіць вакол фігуры. Першы герольд
з парасонам ідзе за ім
).
Ох... ах... Яна нагадвае мне маю старэйшую жонку, сорак гадоў назад. Гэты прыгожы мілы твар! Валуба, ты майстра! Сапраўдны, вялікі майстра!

Валуба. Так, Маці Божая ў мяне атрымалася.

Правадыр. А там? Што гэта за фігура?

Валуба. Гэта мужчына, якому Бог даверыў свайго Сына. Яго імя Юзаф.

Правадыр. Дужы мужчына з разумным тварам. А як жа: Бог не даверыць свайго маленькага Сына абы-каму. Напэўна, ён старанна выбіраў гэтага Юзафа... А там? Там я бачу яшчэ трох мужчын? Гэта дзядзькі маленькага Сына Божага?

Валуба. Гэта тры мудрацы з Усходу. Яны вандравалі па гарах і пустынях, каб знайсці маленькага Сына Божага.

Правадыр. Ты добра разбіраешся ў гісторыі хрысціянаў.

Валуба. Так, гаспадар. Трэба ведаць, што выразаеш. Святар Муціма ўсё мне растлумачыў.

Правадыр. А што ты выразаў, калі параніўся нажом, скажы?

Валуба. Вось гэта, гаспадар.

Правадыр. О, гэта ж... гэта ж яслі для жывёлы!

Валуба. Так, яслі, гаспадар!

Герольды. Яслі, гаспадар.

Валуба (кладзе Дзіця ў яслі). У іх будзе ляжаць Дзіцятка.

Правадыр. Маленькі Сын Божы — у яслях?

Герольды. У яслях?

Валуба. У яслях.

Правадыр (узрушана). Але скажы мне, якая маці пакладзе сваё дарагое дзіця ў жолаб?

Валуба. У Яе не было нічога іншага. Калі Яна нарадзіла Дзіця, Яна якраз была ў іншай вёсцы. Там Яна нікога не ведала, у заездзе не было для Яе месца, і ніхто не запрасіў Яе ў сваю хату, незнаёмую і бедную... Ёй засталася толькі стаенка...

Правадыр. Валуба! Як ты можаш гэтак нахабна расказваць мне байкі!

Валуба. Муціма, хрысціянскі святар, апавядаў мне пра гэта!

Правадыр. З Муцімам мне трэба самому паразмаўляць! Сын Божы нарадзіўся ў стаенцы! Гэта ўжо занадта! Паветра! Мне паветра не хапае! Дзе веер? Абмахвай, Кваме, мацней!

Другі герольд. Я абмахваю, гаспадар, абмахваю.

(Першы герольд вымае насоўку і таксама абмахвае).

Правадыр. Сын Божы нарадзіўся ў такім убостве і беднасці? Гэтыя хрысціяне не ведаюць, што ім трэба рабіць. Калі мае сыны нарадзіліся, уся вёска святкавала! Кваме, ты памятаеш?

Другі герольд. Памятаю! Кожны раз гэта было пышнае свята!

Правадыр. Янга танцавала пад капішчам. Над магіламі продкаў мы рэзалі курэй і козаў, мае жонкі гатавалі поўны кацёл рысу, а мы, мужчыны, выпівалі з гарбузовых пасудзінаў шмат пальмавага віна!

Другі герольд. Безліч гарбузовых пасудзінаў, гаспадар, я добра памятаю!

Валуба. Божы Сын не хацеў нарадзіцца як сын правадыра. Ён хацеў быць бедным.

Правадыр. Ён адмовіўся ад сваёй годнасці? Гэтага я не разумею! Хто з’яўляецца ў гонары
і па­шане, таго людзі паважаюць і баяцца!

Валуба. Так, гаспадар. Але ці любяць яны яго пры гэтым?

Правадыр (вельмі сур’ёзна). Гэта... гэтага я не ведаю. Пра гэта мне трэба падумаць. Бывай, Валуба! Сустрэнемся на свяце!

(Правадыр ідзе наперад з першым герольдам.)

Другі герольд (ціха сварыцца з Валубам). Ты грубіян! Як ты можаш пытаць у правадыра штосьці такое, на што ён не ведае адказу?

Валуба. Але ж...

Другі герольд (цягнучы паркан назад). Так сапраўды нельга!

(Правадыр зноў робіць свой абход.)

Жыхары вёскі (зусім ціха).

Наш правадыр па вёсцы гуляе,

наш правадыр з парасонам.

Зноўку ён мудра пра штось разважае,

наш правадыр з парасонам.

Першы герольд. Гаспадар?... Гаспадар! Ці досыць высока я трымаю парасон?

Правадыр (задумліва). Га? Ах, так, парасон. Так-так, добра, дарагі хлопчык... (Выходзіць з герольдамі.)

Сцэна 6

(Заслону разьбяра забіраюць, прыцягваюць хату правадыра, на другім баку сцэны ўстанаўліваюць яселькі з Дзіцяткам Езусам. Настаўнік прыводзіць школьнікаў. Дзеці гуртуюцца вакол ясляў.)

Настаўнік. Ніуры, калі ласка, перш чым спяваць, выплюнь сваю жуйку!

(Адзін з хлопчыкаў выплёўвае жуйку.)

Так… а цяпер хуценька яшчэ раз рытм!

(Ціхае плясканне і тупанне нагамі падчас наступнай сцэны.)

Правадыр (выходзіць са сваёй хаты, за ім следам абодва герольды і жонка. Яны хутка пераапранаюцца ў святочнае адзенне). Хутка, маю накідку з малпавага футра!

Першы герольд. Вось яна, о наш гаспадар.

Жонка правадыра. Вось веер з пёраў і пацер­кі з леапардавых зубоў.

Правадыр (прыводзячы ў парадак складкі накідкі). Якая ж ты клапатлівая, мая дарагая... Дзеці яшчэ раз паўтараюць гэтае далікатнае месца, гэта добра. Яшчэ ўчора яны кожны раз рабілі там адну маленькую памылку.

Другі герольд. Настаўнік сказаў, што ён бу­дзе ціхенька падпяваць, о наш гаспадар.

Правадыр. Добра, добра, гэта добра. Магчыма, я таксама буду ціхенька падпяваць, тады абавязкова ўсё атрымаецца. О!.. а Валуба? Ці змог ён выразаць да канца яслі... (раз’юшана) гэты жолаб для жывёлы?!

Першы герольд. Не. Але калі ён пакладзе на яго некалькі пальмавых лістоў, гэтага не будзе відаць.

Правадыр (нервова важдаецца з кара2лямі і веерам). Гэты жолаб, ён уразіў мяне да глыбіні сэрца.

Першы герольд. І наогул, усё свята, о наш гаспадар. Так многа пракляццяў вядзьмаркі ўжо здзейснілася. Учора ў дзяцей парваліся тры бубны.

Правадыр (хоча ўсё змякчыць). Ах, тры бубны...

Другі герольд. Хрысціянскі святар Муціма зваліўся з лодкі, калі перапраўляўся праз раку,
і да­гэтуль не высветлена прычына. На яго напаў кракадзіл, і ён ледзьве змог дабрацца да берага.

Правадыр. Але ж з ім нічога не здарылася.
Я ўчора вечарам яшчэ заходзіў да яго. Ён проста змок. Нельга так страшна раздуваць гэтыя... гм... маленькія няўдачы.

Першы герольд. З сённяшняй раніцы Муціма зусім ахрып. Яму давядзецца з хрыпам прамаўляць сваю пропаведзь у капліцы падчас свята.

Правадыр. Ну і няхай хрыпіць. Нельга звяртаць увагі на такія дробязі! Як увогуле будзе праходзіць свята?

Другі герольд. Спачатку ўрачыстасць для дзяцей каля яселькаў, тут, на плошчы, потым святочная працэсія з яселькамі па вёсцы, песні і танцы, потым святкаванне ў капліцы, і на заканчэнне — святочны абед.

Першы герольд (глыбока ўздыхаючы). Прынамсі так задумана!

Правадыр. Не будзь такі сумны, паглядзі на неба! Блакітнае-блакітнае, няма нават малюсенькага воблачка!

Першы герольд. Хмары з’явяцца з хуткасцю маланкі, калі Янга начаравала іх!

Правадыр. Ха-ха, тады ёй трэба паспяшацца... Дзе мой парасон? (Першы герольд нязграбна раскрывае яго.) Гэй, лайдак, сёння ты сапраўды надта моцна дрыжыш! Дай сюды! Сёння я сам панясу свой парасон!

Першы герольд. Але, о наш гаспадар...

Правадыр (бярэ парасон). А калі ты баішся, запаўзі ў маёй хаце пад цыноўку, я думаю, ніхто цябе там не знойдзе.

Першы герольд. Калі ты настойліва загадваеш, гаспадар... (выходзячы) то я з ахвотаю!

(Жонка правадыра становіцца побач з дзецьмі. Другі герольд нясе веер з пёраў.)

Правадыр. Так, пачынаем! (Урачыста, пасярэдзіне.) Дарагія госці свята!

Усе. О наш гаспадар! О наш гаспадар! О наш гаспадар!

Правадыр. Я вітаю ўсіх на нашым свяце, асабліва дзяцей і дарагіх гасцей з суседніх вёсак! Давайце весела танцаваць і спяваць, бо, як я чуў, хрысціяне святкуюць у нашай вёсцы асаблівае свята, Нараджэнне маленькага Сына Божага. (Пляскае ў далоні.) Вітайце!

(Дзіцячы хор пад кіраўніцтвам настаўніка. Правадыр не можа стрымацца і дырыжыруе разам з ім. Другі герольд таксама раскачваецца ў такт, разам з пёравым веерам.)

Правадыр (яго парасон хістаецца ў такт песні). Як добра яны гэта вывучылі! Вельмі добра.

(Жыхары вёскі танцуюць. Гукі бубна і бразготкаў суправаджаюць спеў. Дзеці, трымаючыся за плечы адзін аднаго, во­дзяць вакол ясляў карагод.)

(Другі герольд торгае правадыра за адзенне і паказвае
на неба).

Правадыр. Ого! Вядзьмарка ведае сваю справу. Такія чорныя хмары. (Грукат грому за сцэнаю.) І вецер! (Выцягвае руку.) Вось... першыя кроплі! (Вельмі ўзлавана.) Прыкра, сапраўды прыкра! (Больш мякка.) Зразумела, вядзьмарка ж таксама баіцца за сваё месца!

(Моцны шум дажджу ствараецца пры дапамозе груку гарошынаў у бляшанках. Завыванне ветру. Гром. За сцэнай чуваць, як гучна і пранізліва смяецца вядзьмарка.)

Дзеці. Вядзьмарка!

Правадыр. Дзеці, не зважайце, не дазваляйце, каб вам перашкаджалі! (Махае сваёй жонцы. Яна разумее яго і ўзначальвае дзіцячы карагод. Танец працягваецца.)

Другі герольд. Ах, гаспадар, у мяне ногі свярбяць. Я ахвотна патанцаваў бы разам з імі!

Правадыр. Ну дык танцуй! (Другі герольд танцуе разам з усімі.)

Правадыр (стаіць адзінокі пад сваім парасонам). Вось, Янга, і што з твайго дурнога дажджу! Свята ж ты не спыніш. Толькі Дзіцятка ў сваіх яслях намокне!.. Яны ўсе прамоклі да ніткі, але танцуюць! Я б таксама ахвотна ... (азіраецца). Я адзіны ў сухім адзенні на вясковай плошчы. Я нібы востраў, сухі востраў пад сваім парасонам... Але я не хачу быць востравам. Я хачу быць разам са сваімі вясёлымі, змоклымі людзьмі. Мой парасон аддзяляе мяне ад іх... Ага, я ведаю, што зраблю з гэтым парасонам... (праціскаецца паміж танцорамі). Спыніцеся на хвіліначку! (Дзеці перастаюць танцаваць, толькі бубен ціха працягвае гучаць.)

Дзеці (расступаюцца, каб даць правадыру месца. Ён замацоўвае свой парасон над яслямі замест даху). О-о-о-о!

Правадыр. Мой парасон павінен быць Тваім дахам, Дзіцятка ў яслях! Так, цяпер у Цябе ёсць дах над галавой. Прыгожы, круглы дах. Для дзіцяці няма лепшага прытулку, чым у абдымках матулі, пакуль дождж барабаніць па даху!

Людзі. О наш правадыр! О наш правадыр!

Другі герольд. Гаспадар, што ты зрабіў! Твой парасон, знак тваёй годнасці! Над яслямі!

Правадыр. Над маленькім Сынам Божым!.. А цяпер я, неабцяжараны і лёгкі, магу танцаваць разам з усімі.

Другі герольд (у той час як дзеці зноў пачынаюць тан­цаваць). Ах, гаспадар, Янга мела рацыю! Ты згубіў сваё месца, сваё ганаровае месца! Але тое, што ты аддаў яго добраахвотна, так бы мовіць, наў­мысна, легкадумна...

Правадыр. З лёгкім сэрцам, мой стары герольд!

Другі герольд. Што аддзяляе цяпер цябе ад нас?

Правадыр. Нічога! (Смяецца.) Спадзяюся, нічога!

Жыхары вёскі. О наш правадыр без парасона! О наш правадыр без парасона!

(Дзеці бяруць правадыра за руку, каб ён стаў разам з імі ў карагод. Усе танцуюць і пляскаюць у далоні. Песня «Нарадзіўся, нам з’явіўся».)

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.