КАЛЯДНЫ МАЛЮНАК
ЯКАБА
Якаб робіць малюнкі да калядных святаў.
Цётка Хелі
хацела б, каб на малюнку былі яселькі
з Дзіцяткам Езусам, асёл і
вол.
Дзядзька Фрыц
жадае, каб на ім былі пастухі, што ідуць
у Бэтлеем.
Бабулі вельмі
хацелася б убачыць там анёла, які ветліва
пазірае на іх і кажа: «Не бойцеся».
Якаб малюе
воблачка ля вуснаў анёла і піша
ў ім: «Не бойцеся!» Потым ён кажа Катарыне:
— Цяпер у мяне для кожнага ёсць цудоўны падарунак!
— Толькі для Немаўляткі яшчэ няма! — кажа Катарына. — Для Езуса. У Яго ж на Каляды Дзень Нараджэння. Яму таксама трэба нешта
падарыць!
— Як ты думаеш,
ці ўзрадуецца Ён малюнку? — пытаецца Якаб.
— Калі малюнак прыгожы і рознакаляровы, то чаму не? — адказвае Катарына.
Якаб бярэ
чысты ліст
паперы. Ён малюе елку, упрыгожаную шматлікімі свечкамі,
шарамі і цукеркамі ў махрыстай
паперы.
— Я дапамагу табе, — кажа Катарына. Яна малюе кропачкі і зоркі на шарах, і залацістае ззянне
вакол кожнай свечкі.
— Вось так, —
кажа яна. — А цяпер аднясі Яму гэты падарунак! Аднясі яго ў святыню!
Якаб ідзе
ў касцёл, але брама зачыненая.
Якаб стаіць
на вуліцы і разважае, што яму рабіць. Малюнак трапечацца на ветры, Якабу даводзіцца аберуч трымаць яго.
Нейкая старая жанчына спыняецца каля яго.
— Такі вясёлы рознакаляровы малюнак! — кажа яна. — Гэта, напэўна, падарунак на Каляды?
— Так, — адказвае
Якаб.
А потым ён працягвае малюнак
жанчыне.
— Я дару яго
Вам!
— Не, не , што ты! — усклікае жанчына. — Так неспадзявана... дзякую...
Якаб імчыцца
дадому. Катарына ўжо чакае яго.
— Ну?! — пытаецца
яна.
— Елка вельмі
спадабалася Езусу, — кажа Якаб.
— Адкуль ты гэта ведаеш? — пытае Катарына.
— Ведаю, — кажа Якаб. — Ён перадаў мне, што спадабалася!