Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

КАЛЯДНАЯ ЯЛІНКА

ДЗЯДЗЬКІ ВІКТАРА

 

Калядная ялінка была вінавата ў тым, што ў нашага дзядзькі Віктара зявіўся шнар на левай назе. Часам ён крыху кульгаў. Перад святам Божага Нараджэння ён кульгаў мацней, і тады мы пра­сілі яго расказаць нам гісторыю пра яго калядную ялінку. Наш бацька сцвярджаў, што гэтая гісторыялухта і што ў дзядзькі Віктара шнар ад таго, што ён у дзяцінстве ўпаў з веласіпеда. Тады дзядзька Віктар падкасваў сваю левую калашыну і апускаў шкарпэтку, паказваў нам шнар, пераканаўча глядзеў на нас і пытаўся:

— Гэты шнар — ад няшчаснага выпадку на веласіпедзе?

Мы, дзеці, з дакорам глядзелі на нашага бацьку, ён уздыхаў, і тады дзядзька Віктар пачынаў сваю гісторыю. Калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам, дзядзьку Віктару дазвалялася дапамагаць упрыгожваць калядную ялінку. Кожны год ён шмат тыдняў майстраваў упрыгожанні для яе. Ён плёў саламяныя зоркі, размалёўваў драўляных конікаў і анёлаў, пакрываў пазалотай арэхі і загортваў цукеркі ў махрыстую паперу.

Калі ён падрос, яму ўжо дазвалялася дапамагаць выбіраць калядную елку на кірмашовай плошчы і несці яе дадому. Яшчэ пазней ён атрымліваў грошы і мог ужо адзін выбіраць і купляць елку. На жаль, грошай заўсёды хапала толькі на маленькую елку. А дзядзька Віктар марыў пра вялікую елку каля піяніна; і каб залатая зорка на яе верхавіне крайнім зубцом дакраналася да столі.

Дзядзька Віктар крыўдзіўся, калі яму з сям’ёй даводзілася наведваць на Каляды сваякоў і сяброў, бо тады яму даводзілася захапляцца чужымі ялінкамі.

У ягоных сяброў калядныя дрэўцы ўзвышаліся да столі. У іх былі елкі, якія займалі палову пакоя. І патрэбны былі драбіны, каб упрыгожваць гэтыя дрэўцы. Кожны раз яны вельмі падрабязна расказвалі сябрам, наколькі ім давялося падкараціць свае дрэўцы, каб яны ўвогуле маглі змяс­ціцца ў кватэры.

Дзядзька Віктар зайздросціў сваім сябрам.

Калі ён першы раз святкаваў Божае Нара­джэнне ў сваёй уласнай кватэры, у яго ўсё яшчэ не было грошай на вялікую елку. Ён прынёс з кухні табурэтку, святочна ўпрыгожыў яе залацістай зялёнай паперай і паставіў на яе маленькую елачку. Упрыгожыць яе было няцяжка. Дзядзьку Віктару не трэба было ўзбірацца на лесвіцу, яму нават не трэба было станавіцца на пальчыкі. Яму амаль што не давялося падымаць рукі. Ён упрыгожыў дрэўца старымі размаляванымі драўлянымі фігуркамі, пазалочанымі арэхамі і саламянымі зоркамі са свайго дзяцінства, расставіў свечкі па галінах і ўмацаваў на верхавіне зорку з залатой паперы. Самыя нізкія галіны, кароткія і радкавыя, пакідалі досыць месца для калядных ясляў. Дзядзька Віктар устанавіў іх, а таксама хлеў з валом і аслом, Марыю, Юзафа і паклаў Дзіцятка ў яслі. Паміж самымі нізкімі галінамі ўсё яшчэ заставалася месца. Дзядзька Віктар паставіў двух пастухоў і трох авечак, а таксама маленькага фарфоравага сабачку з карычневымі плямкамі.

Дзядзька Віктар разглядваў сваё дрэўца.

Ён паківаў галавою.

— Эх, вось калі б ты было вышэйшым, — сказаў ён. — Калі б ты магло расці! Гэта было б маім адзіным калядным жаданнем: каб ты магло расці, каб у мяне, нарэшце, была прыстойная, вялікая калядная ялінка!

Ён уздыхнуў, пачаў збіраць на стол і чакаць сваіх сяброў, з якімі хацеў сустракаць свята. Калі ўсе сабраліся, ён запаліў свечкі. Спачатку сябры не хацелі спяваць, але дзядзька Віктар сеў за піяніна, а перад яго выкананнем ніхто не мог устаяць. Сябры ўсё ж такі заспявалі. Яны глядзелі на полымя свечак і казалі, што гэта вельмі прыгожае дрэўца.

— Толькі, на жаль, вельмі маленькае, — сказаў дзядзька Віктар.

— Не такое ўжо і маленькае, — сказалі сябры.

Дзядзька Віктар паглядзеў на дрэўца, усміхнуўся і сказаў:

— Калі гараць свечкі, яно здаецца большым.

Свечкі мігцелі. Дзядзька Віктар падышоў да дзвярэй, каб зачыніць іх, але яны ўжо былі зачыненыя.

— А што тут так трашчыць? — пыталіся сябры.

Усе прыслухаліся, потым дзядзька Віктар
сказаў:

— Гэта, напэўна, ацяпленне.

Перш чым сесці за стол, яны патушылі свечкі. Дзядзька Віктар паспрабаваў задзьмуць дзве самыя верхнія, але гэта ўдалося толькі тады, калі ён стаў на пальчыкі.

— Як добра, што ты паставіў свае старыя яселькі, — сказала адна дзяўчына. — Шкада толькі, што няма авечак.

— Авечак? — спытаў дзядзька Віктар. — Авечак я паставіў.

— Я не бачу ніводнай, — сказала дзяўчына.

 Дзядзька Віктар ускочыў і падышоў да дрэўца. Ён адхіліў ніжнія галіны ў бок і падсунуў пастухоў з авечкамі бліжэй да камля. Маленькі сабачка з карычневымі плямкамі таксама быў схаваны ў галінах. Дзядзька Віктар пасадзіў яго побач
з яселькамі.

— Вельмі хораша, — сказала дзяўчына.

Пасля таго як паелі, ён зноў сеў за піяніна. Сябры ціха падпявалі. Дзядзька Віктар уздрыгнуў, калі нешта дакранулася да яго пляча, але гэта была толькі галінка яго каляднага дрэўца.

Сябры падзякавалі за свята і разышліся. Дзядзька Віктар прыбраў са стала і аднёс посуд на кухню. Вярнуўшыся ў пакой, ён убачыў, як рухаліся фіранкі, і вырашыў адразу пасля свята закітаваць рамы. Потым ён заўважыў, што паставіў дрэўца занадта блізка да вакна. Самыя ніжнія галінкі прыціскалі фіранку да падваконніка, так што на ёй утварыліся нейкія нязвыклыя складкі.

Дзядзька Віктар сеў на канапу і з замілаваннем разглядаў сваю калядную ялінку. Ён палічыў саламяныя зоркі. Ці ўсе ён павесіў? Некаторыя галінкі, асабліва самыя верхнія, здаваліся яму пустымі. І залатая зорка на верхавіне сядзела крыва, дзядзька Віктар убачыў гэта толькі цяпер, з канапы. Ён падняўся, падсунуў крэсла ад пісьмовага стала бліжэй да дрэўца, залез на яго і паправіў зорку. Самыя верхнія галінкі выглядалі яшчэ больш пустымі, чым перад гэтым. Дзядзька Віктар успомніў, што купіў на калядным кірмашы бліскучы дожджык і шкляныя шары. Напэўна, ён дзесьці схаваў іх, а потым забыўся.

Дзядзька Віктар шукаў ва ўсіх шуфлядках пісьмовага стала. Дожджык і шары ляжалі ў другой шуфлядцы справа, але выцягнуць яе было ня­проста, бо гэтак далёка працягнула дрэўца адну са сваіх самых ніжніх галінак. Дзядзька Віктар развесіў дожджык і шары на тых галінах, якія здава­ліся яму ўпрыгожанымі менш за ўсё. Ён падумаў, што самыя ніжнія, моцныя галіны спакойна вы­трымаюць некалькі яблыкаў, і прынёс з кухні маленькія чырвоныя яблыкі. Пачапіў іх за чаранкі ніткамі і павесіў на ялінку.

— Вельмі прыгожая елка, — сказаў ён. Потым ён дастаў бялізну з шуфляды ў канапе і сабраўся класціся спаць. У піжаме, босы, ён яшчэ раз падышоў да дрэўца. Шкляныя шары блішчалі. Яны павольна пагойдваліся туды-сюды на доўгіх залатых шнурочках. Дзядзька Віктар выцягнуў руку, вы­зваліў святога Юзафа з-пад іголак і падсунуў яго зусім блізка да яселькаў. Потым ён патушыў святло і лёг у ложак. Начная прастора была напоўнена шамаценнем і трэскам.

«Напэўна, зноў пахаладала, — падумаў дзядзька Віктар, — што дрэва так трашчыць...»

Звонкае брынканне абудзіла яго ад першага сну. Ён падняўся, хістаючыся, і ўключыў святло. На падлозе перад пісьмовым сталом ляжалі галіны і шкляныя аскепкі. Ён зірнуў на стол і ўбачыў, што самая доўгая галіна яго каляднай ялінкі скінула вазу. Дзядька Віктар нахіліўся, сабраў аскепкі
і галіны і аднёс іх у кухню. Аскепкі ён выкінуў у сметніцу, галінкі паставіў у іншую вазу, на піяніна. Пры гэтым нешта кінулася яму ў вочы. Самыя крайнія правыя галіны яго каляднай елкі апыну­ліся над табурэткай, што стаяла каля піяніна. Дзядзька Віктар утаропіўся ў табурэтку. Потым павярнуўся і ўпіўся вачыма ў дрэўца. Ён не хацеў гэтаму верыць, але потым адчуў, як яму зрабілася горача. Яго сэрца шалёна калацілася. Калядная елка вырасла. Яна ўсё яшчэ расла.

— Дзякуй! — сказаў дзядзька Віктар. — Нарэшце!

Адразу пасля гэтага ён вылаяў сам сябе.

— Ты вар’ят, Віктар! — сказаў ён гучна. — Альбо табе гэта сніцца!

Ён вярнуўся у ложак і выключыў святло.
У цем­наце яшчэ чуў, як патрэсквае дрэўца. Яно ўвесь час хрусцела, бо працягвала расці.

Такога не бывае, думаў дзядзька Віктар. Гэта пярэчыць усялякаму разумнаму сэнсу.

І думаў так, пакуль не заснуў.

Раніцай ён прачнуўся ад таго, што нешта вострае казытала яму шыю. Ён правёў рукой па
шыі, намацаў галіну і адкрыў вочы. Адным рыўком ён сеў.

Калядная елка займала палову пакоя. Яе галіны паўзлі па коўдры, дакраналіся да падушкі. З другога боку яны разрасліся над піяніна. Пісьмовы стол быў цалкам схаваны. А верхавіна каляднай ялінкі — дзядзька Віктар глыбока ўздыхнуў і павольна, павольна паглядзеў уверх — яе верхавіна дакраналася да столі. Зорка з залатой паперы, нібы раздзелены на две часткі веер, звісала з абодвух бакоў.

Дзядзька Віктар ускочыў з ложка, бо галіны драпалі яго па спіне.

«Я звар’яцеў», — падумаў ён.

Ён хацеў кінуцца да тэлефона і патэлефанаваць сябрам, але апарат стаяў на пісьмовым стале і знік пад густымі галінамі. Ціхі шолах на аконнай шыбе падказаў яму, што дрэўца ўсё яшчэ расло. Іголкі скрэблі і ўпіраліся ў шкло.

— Досыць! — закрычаў дзядзька Віктар.

Дрэва закрывала акно на дзве трэці. Яно перакрыла праход да піяніна. Радыё і тэлевізара больш не было відаць. Карціны на сцяне, фотаздым­кі яго сваякоў таксама былі заслоненыя галінамі.

А калядныя яселькі?

Яны былі схаваны пад густой зелянінай іголак.

А дрэва ўсё яшчэ працягвала расці.

Дзядзька Віктар хуценька апрануўся, зварыў каву і паспрабаваў падумаць. У пакоі патрэсквала.

Дзядзька Віктар кінуўся да канапы і адсунуў яе да дзвярэй. Вызваленыя галіны хісталіся туды-сюды. Ва ўсім пакоі моцна пахла елкай. Дзядзька Віктар хацеў адхіліць галіны, каб дабрацца да акна, але адчуў супраціўленне дрэва і спалохаўся.

— Так не пойдзе, дарагі сябра, — сказаў ён. — Ты адымаеш у мяне занадта шмат месца і хутка зусім выцесніш мяне, тут ужо я павінен дзейнічаць.

Ён абедзвюма рукамі абхапіў бліжэйшую галі­ну і хацеў яе зламаць. Дрэва моцна затрашчала. Віктару ўдалося надламаць самыя крайнія галінкі. Ён сарваў некалькі саламяных зорак і драўлянага коніка з наступнай галіны і яе таксама зламаў, але з гэтага моманту дрэва, здавалася, стала расці яшчэ хутчэй. Моцны трэск напаўняў пакой. То там, то тут на падлогу падалі арэхі, яблыкі, свечкі.

Дзядзька Віктар пабег у кухню і выцягнуў самую ніжнюю шуфлядку серванта, дзе захоўваліся інструменты. Ён знайшоў нажоўку, паспяшаўся назад у пакой і пачаў пілаваць. Галіна за галінай падалі. Дзядзька Віктар сціснуў зубы. Пот выступіў у яго на ілбе. Ён прасунуўся да ствала, але яму здавалася, што галіны, якія ён яшчэ не спілаваў, абхапілі яго і трымаюць, быццам жывыя.

Ён расчысціў сабе дарогу, выбег з кватэры, па ціхіх ранішніх прыступках кінуўся ўніз, у склеп. Дрыжачымі пальцамі дзядзька Віктар адамкнуў замок на дзвярах і схапіў сякеру. Ён зноў паімчаўся ўверх па лесвіцы. Калені ў яго дрыжалі, але ён яшчэ паспеў ускочыць у кватэру, каб убачыць, як моцна выраслае дрэва хацела сваімі галінамі пера­крыць дзверы ў пакой. Дзядзька Віктар праціснуўся праз шчыліну ў дзвярах і кінуўся з сякераю на дрэва. Гэта была жудасная бітва. Дзядзька Віктар біў па галінах так, што яны з трэскам падалі. Дрэва секанула яго сваімі галінамі па твары, парвала яму куртку, ён падрапаўся да крыві. Пагрозліва нахілілася ўніз верхавіна і ўдарыла дзядзьку Віктара па твары.

Дзядзька Віктар прарубаў сабе дарогу да яселькаў. Ён бачыў, як скрозь іголкі блішчэла сіняя накідка Марыі, убачыў пасля наступнага ўдару ружовае Дзіцятка Езуса, сілай прасунуў левы кулак скрозь зараснік і выратаваў яслі. Трымаючы Дзі­цятка і яселькі ў левай руцэ, правай ён замахнуўся сякерай па камлі. Ад удару атрымаўся глыбокі надрэз, ён замахнуўся зноў. Але пры наступным удары сякера не трапіла ў камель, дзядзька Віктар спатыкнуўся і ўсадзіў сякеру сабе ў левую нагу. Ён адхіснуўся назад, да дзвярэй, замок на якіх за­шчоўкнуўся, і падумаў: «Цяпер усё. Дрэва дабярэцца да мяне і задушыць».

У гэты момант дрэва надламалася пасярэдзіне, верхавіна з памятай залацістай зоркай апусцілася, усе галіны бяссільна павіслі. Дрэва было пераможана.

З нагі ў дзядзькі Віктара цякла кроў. Ён па­плёўся да пісьмовага стала, выцягнуў тэлефон
з-пад паламаных галінаў і патэлефанаваў на самую бліжэйшую стаянку таксі. Таксоўкаю ён дабраўся да станцыі хуткай дапамогі.

— І з таго часу ў мяне гэты шнар! — сказаў наш дзядзька Віктар. — І з таго часу я больш ніколі не хацеў мець вялікай каляднай елкі. Я быў задаволены маленькай елачкай, якая не перашкаджала глядзець на карціны на сцяне, на вакно, кветкі ў вазе, на яселькі з Дзіцяткам. Вялікія рэчы засланяюць краявід, запомніце гэта, дзеці!

Мы запомнілі. А калі забываліся, то ўспаміналі пра ўсё, калі дзядзька Віктар перад Калядамі зноў пачынаў мацней кульгаць.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.