ПАДАРУНАК
Міхаэль хоча што-небудзь падарыць сваёй маме на свята Божага Нараджэння. Штосьці прыгожае, што ёй сапраўды спадабаецца. Ён намалюе для яе карціну. Фарбамі, якія лёгка змываюцца, на ярка-зялёным картоне.
— А я паназіраю,
— кажа Геральд свайму
брату.
Міхаэль кладзе
картон у кухні на падлогу і ставіць у рад тыгелі з фарбамі.
Яму не патрэбны пэндзлік
для малявання, толькі свае дзесяць пальцаў. Міхаэль дакранаецца ўказальным пальцам правай рукі да чырвонай фарбы, а левым указальным — да белай, і змешвае
фарбы ў прыгожы
ружовы колер.
Хлопчык наносіць
ружовы колер на сярэдзіну
картона і размазвае яго па крузе. Гэта
твар Дзіцяткі Езуса. Дзіцятка Езус ляжыць на ярка-жоўтай саломе ў карычневых яслях. Справа ад Яго
стаіць Марыя. На Ёй блакітная сукенка.
— Блакітны — гэта безгустоўна, — кажа Геральд.
Каб блакітны
колер не здаваўся безгустоўным,
Міхаэль упрыгожвае яго жоўтымі і
чырвонымі кропкамі. Злева стаіць святы
Юзаф. Міхаэль малюе яму капялюш з пер’ямі. Над хлявом ззяе калядная
зорка з мноствам
зубцоў і доўгім зорным шлейфам.
Міхаэль пыхціць
ад напружання. Валасы спадаюць яму на лоб. Калі ён адводзіць
іх назад, на ілбе застаюцца чырвоныя, блакітныя, жоўтыя палоскі. Міхаэль працуе абедзвюма рукамі. Асёл, сапраўды,
атрымаўся праўдападобны.
Вала таксама можна пазнаць. Справа ідуць тры святыя Каралі. Злева крочаць пастухі,
несучы з сабою падарункі: булку хлеба і гаршэчак, поўны
малака.
— Вельмі прыгожа, — кажа Геральд.
Міхаэль глядзіць
на малюнак. Раптам яму нешта прыходзіць у галаву. Ён таксама
хоча быць на малюнку. У якасці пастуха, які прыносіць Дзіцятку
падарункі. Пастух Міхаэль у
чырвоным світэры
і чырвонай лыжнай шапачцы. Ён дакранаецца пальцам да чырвонай фарбы.
— Гэта ж ты!
— кажа Геральд.
— Ясна, што гэта я, — кажа Міхаэль.
— А што ты нясеш? — пытаецца Геральд.
Міхаэль разважае.
— Гэта павінна быць штосьці
прыстойнае, — кажа ён. —
Мой новы складаны ложак, напрыклад, каб Дзіцяці не даводзілася ляжаць на сене.
І мяшок жуйкаў.
І мой веласіпед!
Геральд здзіўляецца.
— Ты б аддаў
Яму ўсё гэта?
— Паслухай, —
кажа Міхаэль. — Гэта ж Дзіцятку Езусу! Яму я аддаў бы ўсё!
— І новую паліцэйскую машынку? — пытаецца Геральд.
— І яе, —
кажа Міхаэль.
— Няпраўда, —
кажа Геральд. — Яе ты ніколі не аддасі!
— Аддам! — крычыць Міхаэль.
— Хлусня, —
кажа Геральд. Тады Міхаэль ускоквае і дае свайму
брату аплявуху, чырвона-блакітна-жоўта-зялёную
аплявуху. Геральд дае здачы. Вось
ужо яны качаюцца
па падлозе. Міхаэль больш моцны і
сядае на свайго брата.
— Здавайся! —
кажа Міхаэль.
Геральд здаецца.
— Міхаэль, —
кажа ён, — чаму ты не падорыш паліцэйскую машынку мне?
— Табе? — пытаецца Міхаэль.
— Я ўжо даўно хачу
яе, — кажа Геральд. — Падорыш
яе мне?
— Не, — абурана
кажа Міхаэль.
— Чаму? Дзіцятку Езусу ты ж даў бы? —
крычыць Геральд.
— Яму, канешне!
— кажа Міхаэль. — Але табе?
Ты ж толькі мой брат!
— Але ж Дзіцятку
Езусу ты ж ужо яе не падорыш, — кажа Геральд. —
А мне можаш!
Міхаэль глядзіць
на чырвона-блакітна-жоўта-зялёны твар
брата і раптам пачынае смяяцца.
— Ты, індзеец
у крапінку, — кажа ён. — Вазьмі гэтую
дурную машынку і знікні!
Геральд прыціх.
— Ты сапраўды
даеш яе мне?
— Так, — бурчыць
Міхаэль.
— Пазычаеш ці дорыш?
— У падарунак
ад мяне! А цяпер пакінь мяне
ў спакоі! — кажа Міхаэль. — Мне трэба дамаляваць карціну.
Геральд выдае
радасны індзейскі крык і знікае.
Міхаэль глядзіць на свой калядны малюнак. Пазірае на намаляванага Міхаэля, Міхаэля-пастуха
ў чырвоным світэры. Той усё яшчэ з пустымі
рукамі стаіць каля ясляў. Складаны ложак цяжка намаляваць.
Веласіпед намаляваць
яшчэ цяжэй.
А паліцэйскую
машынку — зусім проста. Міхаэль дакранаецца пальцам да фарбы. Вось і машынка
гатова.
—
Так! — задаволена кажа ён.
— Гэта сапраўды цудоўны падарунак.