Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

АДВЕДЗІНЫ БАБУЛІ

Калядная п’еса

 

Прыкладна 20 дзейных асобаў:

Ганна і Яўхім, іх суседка, асёл (яго могуць паказваць двое дзяцей), мытнік і яго маленькі сын, гандляр тканінай, людзі ў чарзе перад мытняй, стары пастух, малады пастух, гаспадар, Марыя і Юзаф
з Дзіцяткам у яслях, мудрацы з Усходу са сваёй сві­тай, слуга.

Дэкарацыі для розных сцэнаў (напрыклад, сцяна дома,
мытны барер, вогнішча, пячора...) могуць быць усталяваныя адна ля адной і па чарзе асвятляцца. Дастаткова будзе сцэнічных намёкаў, напрыклад, карчомнай шыльды. Паміж асобнымі сцэнамі могуць выконвацца кароткія музычныя інтэрмедыі альбо песні. Песу, з невялікімі зменамі, можна паставіць і ў лялечным тэатрывобраз асла праявіўся б нашмат выразней.

Сцэна 1

(Перад хатаю. Яўхім сядзіць на лавачцы перад сцяною
і рамантуе сандалі. Ягоны кій прыхінуты побач з ім да сцяны. Яўхім крыху глухаваты, з ім трэба размаўляць гучней. Ганна басанож завіхаецца ля асла і накладвае на яго плеценыя сумкі, гліняныя збаны, цыноўку для сну і коўдру, звязаўшы ўсё гэта ў клунак з чатырма кончыкамі.) Гарбузы і вязанку часнаку кла­дзе на асла, не прыкрываючы, толькі сям-там прывязваючы. Важданіна Ганны можа выглядаць крыху пацешна. Пазней прыходзіць суседка.)

Ганна. Калі яны засталіся ў Бэтлееме, то я знайду іх там. Гэта ж глухмень. Карчма, у лепшым выпадку.

Яўхім. Га?

Ганна. Я кажу, Бэтлеем — гэта глухмень.

Яўхім. Самы маленькі гарадок Юдэі.

Ганна. З адным толькі заезным домам. Але мне давядзецца распытваць і людзей з сустрэчных караванаў. Раптам гэта здарылася ў дарозе...

Яўхім. Га?

Ганна. Калі гэта здарылася ў дарозе, калі, так бы мовіць, ты стаў дзядулем у дарозе... Але спадзяюся, што яны дайшлі хаця б да Бэтлеема. Вось па­лічым. Тры дні ісці туды, у такім стане, ды яшчэ два дні адпачынку, калі Ёй было дрэнна...

Яўхім. Дрэнна?

Ганна. Уяві толькі — там трэба доўга стаяць і чакаць... пакуль улады запішуць цябе ў падатковыя спісы... Ага, скажам, два дні адпачынку, тры дні назад... Гэта ўжо два дні спазнення. Значыць, дзіця, хутчэй за ўсё, ужо нарадзілася. Я мушу пайсці і праведаць.

Яўхім. Пра мяне не турбуйся.

Ганна. Добра, мой родны, калі ты паабяцаеш, што будзеш рабіць усё разумна. Не будзеш надрывацца працаю...

Яўхім (з усмешкай). Працаю?

Ганна. Гэта праца, Яўхім. А ты ўжо немалады. Учора ты адрамантаваў два кошыкі, а пасля яшчэ цыноўку для суседкі. Яўхім, паабяцай мне, што будзеш працаваць толькі з раніцы, а ўвечары адпачываць тут. У самую спёку будзеш заходзіць у хату. Не дапускай, каб гарачае сонца напякло табе ў галаву. І пі болей. Я прыгатавала табе ў збанах гранатавы сок. Суседка будзе прыносіць табе ка­зінае малако і гародніну. Але не еш нічога, што ўспушвае жывот. Хоць я і сказала ёй, што ты кепска гэта пераносіш, але раптам яна забудзецца, то сам падумай, што ты можаш есці, а чаго не... Ах, Яўхім, ніколі ў жыцці я не пакідала цябе дома аднаго. А цяпер, на старасці...

Яўхім. Не лямантуй. Паклапаціся пра асла. Вунь, злева, за бутэлькаю з алеем, пачапі яшчэ збан з віном. Каб асёл быў нагружаны раўнамерна.

Ганна. Збан з віном?

Яўхім. Га?

Ганна. Як гэта збан з віном? Ён жа застанецца ў цябе.

Яўхім. Вазьмі яго з сабой. Згатуеш на ім для Марыі добрага гарачага напою, ты ж ведаеш, гэта добры падмацавальны сродак. З чаборам ці кветкамі язміну. І з мёдам. І падбі туды яйка. Гэта будзе карысна для яе. І для Юзафа таксама.

Ганна. Тады мне трэба ўзяць з сабою яшчэ
і гаршэчак з чаборам. Гм... Дык што, сапраўды ўзяць віно?

Яўхім. Успомні, як нарадзілася Марыя... табе таксама прыгатавалі такі напой.

Ганна. Зусім гэтага не памятаю. Пра нара­джэнне, так, гэта не забудзе ніякая жанчына, але што я тады піла... Дзіўна, што ты гэта яшчэ памятаеш.

Яўхім. Бо яны паслалі мяне па язмін... Я аббегаў увесь Назарэт, шукаючы жменькі язмінавых кветак... І ўвесь час твае стогны ў вушах... Пакуль жонка старога Ёшуа, з верхняга завулка фарбавальшчыкаў, не злітавалася нада мною... «Вось табе га­лінка, бедны Яўхім», — сказала яна. — «Чаму бедны?» — спытаў я. — «Бо няма нікога больш бездапаможнага за мужчыну, у якога жонка нараджае першае дзіця, — сказала яна. — А замест язміну можна ўзяць і чабор, запомні гэта на наступны раз...»

Ганна. А наступнага разу не было... Ага, яйкі
і чабор. І віно.
(Хутка выходзіць.)

Яўхім. Так. Я абыдуся і без яго. Смешна пакідаць віно, калі яно можа спатрэбіцца дзецям... Ганна! (Яна выносіць з хаты рэчы і ўкладвае на асла.)

Ганна. Што?

Яўхім. Калі дзіця народзіцца ў дарозе, мужчына не павінен кідацца ў роспач і рабіцца бездапаможным. Ён павінен дапамагчы...

Ганна. Зразумела, яму трэба замяніць паві­туху.

Яўхім. Ці разбіраецца Юзаф у гэтым хоць трохі?

Ганна. Калі ён сам не даўмеўся, то Марыя ўжо навучыла, што яму трэба рабіць...

Яўхім. Так, але яна... яна ж сама такая мала­дзенькая...

Ганна. Яўхім! Але наконт гэтага ты можаш
не хва­лявацца за Марыю! Яна ж дапамагала Альжбеце!

Яўхім. Так, дапамагала.

Ганна. Як добра, што яна была пры ёй!

Яўхім. Так... Яна ўжо павінна ўсё добра ведаць.

Ганна. Не ламай сабе галаву, Яўхім, скажы мне, куды пакласці інжыравы мёд.

Яўхім. Справа ззаду, каля пірагоў.

Суседка (уваходзіць). Ганна, паглядзі, што ў мяне для цябе ёсць!... Шалом, Яўхім!... На самым дне куфра... яшчэ з часу майго Ёнатана...

Яўхім. Га?

Суседка. Шалом, Яўхім! (Паказвае пакунак з пялюшкамі.) Глядзіце, што ў мяне ёсць! Тузін самых тонкіх, самых мяккіх пялюшкаў. Я іх памыла і выбеліла на сонцы. Панюхай, як пахнуць! Вазьмі іх з сабою, Ганна, для сваёй Марыі і перадай ёй шчырае прывітанне ад мяне!

Ганна (вельмі расчуленая). Такая тонкая тканіна.

Суседка. Так, іх ткала і падшывала яшчэ мая маці... (Ганна рассцілае коўдру, заварочвае ў яе пялюшкі
і ін­шыя рэчы, суседка дапамагае.)
Гэта той самы каптурок, што ты пашыла? Які прыгожы! А маленькія кашулькі! Ах, як гэта — раптам стаць бабуляй, га? Так, без нічога ніякага, шусь! І вось табе новыя клопаты. Ты будзеш глядзець, як дачка гадуе сваё дзіця, і да­кладна ведаць, што магла б зрабіць гэта лепш! Ах, так! Ганна, бабулі патрэбны моц і сіла, розум
і разважлівасць, і не ведаю, колькі ўсяго яшчэ. Стры­манасць, бо нельга ж умешвацца... Але, разважлівасць. Ты такая і ёсць, Ганна, стрыманая. «Бяры з яе прыклад», — сказаў мне мой муж. Бо я заўсёды хвалююся з-за дробязяў... А якая разважлівая ты была тады... Цябе не так проста ўзрушыць. Нават спалоху тады не было, калі Марыя вярнулася ад вашай сваячкі Альжбеты праз некалькі месяцаў... І ўвесь горад бачыў яе і ўсе ўзахлёб гаварылі: «Марыя цяжарная...» Ну, тады я дзіву давалася з вас... такія спакойныя вы былі... Ніводнага грубага, злога слова не было чуваць з вашага двара, ні крыкаў, ні лаянкі. І Юзаф добры хлапец. Але гэта я заўсёды казала. «Пашчас­ціла вам з гэтым Юзафам», — казала я...

Ганна (спрабуе спыніць лапатанне суседкі). Глядзі, што я яшчэ запакавала... (Дастае малюсенькія чаравічкі.) Іх Яўхім зрабіў для свайго ўнука!

Суседка. Чаго толькі Яўхім не ўмее рабіць! Гэтак добра адрамантаваў мне цыноўку, што і знаку не засталося да дзіркі... А цяпер гэтыя прыгожыя чаравічкі!

Яўхім. У мяне ляжаў кавалак скуры. «Навошта ён ляжыць без карысці», — падумаў я. Проста знайшоў прымяненне для рэшткаў скуры. Каб не сядзець рукі склаўшы, падпіраючы сцяну, калі ты ўжо не прыдатны да сапраўднай працы... Ганна, вось твае сандалі! Да Бэтлеема яны павінны вы­трымаць, а там Юзаф табе іх адрамантуе!

Ганна. Дзякуй! (Абувае сандалі.)

Яўхім. І ніколі не хадзі адна. Памятай пра разбойнікаў у гарах! Памятай пра рымскіх салдатаў! Далучайся да караванаў!

Ганна (асёл ужо цалкам нагружаны). Не бойцеся за мяне! Каму ж патрэбна старая бабуля! Яна не ці­кавіць разбойнікаў і салдатаў! Стары асёл і старая жанчына...

Яўхім. Ты яшчэ далёка не старая! Што за лухта! (Да суседкі.) Ці чула ты, суседка, калі-небудзь такія глупствы? (З цяжкасцю падымаецца, абапіраецца на палку, трымаючыся за паясніцу і крэкчучы, падыходзіць да асла.) Стары сябра, будзь разумным і сачы за сваёю гаспадыняю! (Правярае, ці ўсё добра прывязана. Да Ганны.) Ну, вяртайся здаровая дадому! І вітай дзяцей ад мя­не! І нованароджанага, калі ён ужо ёсць!

Жанчыны. Ну, гэта ўжо будзе! (Абдымаюцца.)

Ганна. Калі б я толькі ведала, хлопчык гэта ці дзяўчынка...

Суседка. Галоўнае, каб дзіця было здаровае!

Ганна. Так, гэта мы казалі і пра Марыю. (Яна залазіць на асла, калі канструкцыя асла дазваляе гэта, або цягне яго за сабою.) Ну, пайшоў! Паехалі! У Бэтлеем! (Выходзяць; яшчэ з-за кулісаў крычыць.) Глядзі, Яўхім, не еш нічога, што ўспушвае! І не сядзі на спёцы!

Суседка (крычыць). Я ўжо панаглядаю за ім! (Задумліва да Яўхіма.) Яна — скарб, твая Ганна!

Яўхім (бурчыць). Так, яна такая! І Марыя падобная да яе, дзякуй Богу!

Суседка. Яна заўсёды была вельмі-вельмі добрай дзяўчынкай, ваша Марыя... А цяпер сама стала маці... Цікава, да каго будзе падобнае дзіця...

Яўхім. Га?

Суседка. Я жадаю вам, каб дзіця было падобнае да вашай Марыі, калі-небудзь... Спачатку ж усе нованароджаныя чырвоныя і зморшчаныя, як леташнія яблыкі...

Яўхім. Толькі б яйкі не пабіліся ў дарозе... каб яна адразу магла прыгатаваць падмацавальны напой... Так. Сонца пачынае прыпякаць. Калі табе, суседка, трэба штосьці адрамантаваць ці залатаць, прынось заўтра ці ў любы дзень... Каб час не цягнуўся для мяне так доўга... (Выходзіць.)

Суседка. Шалом, Яўхім... Такія яны добрыя людзі. Што праўда, варта пажадаць ім менш клопатаў. (Выходзіць.)

Сцэна 2

(Мытня. Мытнік за сталом. Пад сталом сядзіць яго маленькі сын. Стаіць чарга людзей. Мытнік развязаў
і перакапаў клунак аднаго гандляра тканінай.)

Мытнік (радуецца, бо знайшоў у адным з сувояў сукна некалькі маленькіх шкляных бутэлечак.) Глядзі, глядзі, што тут ёсць... Фінікійскія шкляныя бутэлечкі, каштоўныя дарагія флаконы з духамі...

Гандляр. Яны... яны... яны толькі сувенір, падарунак для маёй залвіцы...

Мытнік. Мне ты можаш такое не расказваць, сябра. Ты прадаеш іх за вялікія грошы на кірмашы ў Ерузалеме. Усё разам — дваццаць драхмаў.

Гандляр. Дваццаць... Ты даводзіш мяне да галечы. Дваццаць драхмаў — гэта дваццаць працоўных дзён. Я толькі бедны фарбавальшчык і гандляр тканінаю...

Мытнік. Не галасі перада мною: дваццаць драхмаў або ты паварочваеш і прадаеш сваю тканіну дзе-нібудзь у іншым месцы, пастухам авечак у гарах...

(Гандляр плаціць.)

Хлопчык (між тым выпаўз з-пад стала свайго бацькі
і набліжаецца да Ганнінага асла.
Ён хоча пагладзіць яго.) Асёл, іа-іа?

Ганна. Хочаш яго пагладзіць? Асцярожна! Толькі паміж вушамі! Пачакай, я падыму цябе! (Яна падымае хлопчыка, ён гладзіць асла, яна зноў апускае яго,
бо цяпер падыходзіць яе чарга на мытні. Хлопчык праходзіць яшчэ пару крокаў і глядзіць, як гандляр зноў скручвае свае сувоі тканіны.)

Гандляр (мармыча сам сабе). Крывапіўцы брудныя! Мытныя вырадкі! Рымскія рабы! Каб яны паздыхалі са сваім патомствам!

Мытнік (між тым да Ганны). Ну, матухна, давай паглядзім, што ты хочаш прадаць на кірмашы
ў Ерузалеме!

Ганна. Я не матухна, а бабуля, і я еду не ў Ерузалем, каб штосьці прадаць на кірмашы, а наве­д­ваю свайго ўнука ў Бэтлееме. Гэта ўсё харчы!
І яшчэ пару дробязяў для нованароджанага!

Мытнік. Харчы! Але ж ты галодная, бабуля! Твой асёл ледзь не падае пад грузам тваіх харчоў. Імі можна забяспечыць цэлы ваенны лагер! Што ты мне тут расказваеш? Віно, алей, гародніна... Што там закручана?

Ганна. Салёная рыбка.

Мытнік. А тут?

Ганна. Сачавіца. (Ён перакапаў мех з сачавіцай.) Не, я нічога не схавала ў сачавіцы. Не старайся!

Мытнік. Ніколі невядома. А што гэта за кантрабанда ў коўдры?

Ганна (развязвае коўдру, паказвае пялюшкі, каптурок
і дзіцячыя чаравічкі)
.
Для дзіцяці.

Мытнік. Гм!

Ганна (паказвае яму свае сандалі). Ты думаеш, калі б я была гандляркай, то насіла б во-ось такія латаныя сандалі?

Мытнік. Ах, усе гэтыя прыёмы я ведаю. Ну, бабуля, адна драхма!

Ганна. Што? Цэлая драхма!

Мытнік. Гэта прадпісанне.

Ганна. Вось табе драхма. (Яна адводзіць асла ад мытнага стала і зноў нагружае яго, зноў скручвае коўдру і г. д.)

Гандляр (ціха да Ганны). Прадпісанне! Смеху варта! Палову ён кладзе сабе ў кішэню!

Ганна. Так заўсёды кажуць пра мытнікаў. (Па­праўляе паклажу.) Ох, пірагі зусім змяліся. Прыклеі­ліся адзін да аднаго... (Спрабуе ўратаваць тое, што яшчэ можна ўратаваць.)

(Хлопчык моўчкі глядзіць на пірог.)            

Ганна (заўважае гэта). Хочаш кавалачак? (Ён ківае.) Вось табе...

Хлопчык. Дзякуй.

Мытнік. Леві! Марш, сюды! (Хлопчык знікае пад сталом.)

Гандляр (да Ганны). Ты вар’ятка, матухна? Ты дорыш праклятаму патомству мытніка кавалак свайго пірага?

Ганна. Ах, ідзі ты! Гэта ж дзіцяці... у чым тут дзіця вінавата?

Гандляр. Ну, і як ты лічыш, кім ён стане, калі вы­расце? Зноў такім жа мытнікам, як яго бацька, — чалавекам, праклятым Богам, прыслужнікам рымлянаў, крывапіўцам, які апошняе з апошняга... Ці ты думаеш, што які-небудзь прыстойны рамеснік возьме такога вучнем?

Ганна. Магчыма, яму не застанецца нічога ін­шага, як таксама стаць мытнікам... (Са спачуваннем глядзіць услед хлопчыку.)

Гандляр. І такога ты корміш сваім пірагом... (Раз’юшаны выходзіць са сваімі сувоямі тканіны.)

Ганна (на пярэднім плане завіхаецца ля свайго асла). Ведаеш, вослік, я табе нешта скажу. Ён мае рацыю, гэты чалавек. І ўсё ж такі. Штосьці тут не дае мне спакою. Сапраўды, усе іх выракаюцца, гэтых мытнікаў, усе пагарджаюць імі, ненаві­дзяць, як крывасмокаў... Многія з іх пілі б кроў
з нашых жылаў, калі б толькі маглі... І ўсё ж такі... хтосьці павінен паклапаціцца пра іх. Каб яны перамяніліся да лепшага... Трэба даць ім шанец...
(Яна паляпвае асла па шыі.) Ну, вослік, да чаго толькі не да­думаешся, размаўляючы з табою... (Выходзіць, цягнучы за сабою асла.)

Сцэна 3

(На заднім плане пастухі каля свайго вогнішча. Ноч. На пярэднім плане Ганна рассцілае сваю цыноўку. )

Ганна. Эх вослік, адсталі мы ад свайго каравана, распытваючы ў кожнага сустрэчнага. Цяпер мусім адны начаваць пад голым небам. Калі б Яўхім ведаў гэта! Ён бы перажываў! Але ж гэта толькі на адну ноч. Бог будзе нас ахоўваць. А пастухі, якія сцерагуць авечак паблізу, спадзяюся, не будуць супраць нашага начлегу. (Знімае паклажу з асла.) Па­шчыпай крыху траўкі, мой харошы! (Сядае на цыноўку.) Заўтра з самай раніцы рушым далей. Да Бэтлеема рукой падаць. Можна было б і сёння дайсці, калі б не сцямнела. Заўтра мы зноў выправімся ў Бэтлеем! І знойдзем іх, вослік. У заездзе... Я ўжо галодная. Але да заўтра патрываю. Лепш зберагу хлеб. Мы паснедаем утраіх, Марыя, Юзаф і я... Спадзяюся, у яе хапае малака для маленькага... Вослік, як ты думаеш, яны ўзрадуюцца, калі мы прыйдзем? Я дык вельмі цешуся, што хутка настане гэты святочны момант... Спадзяюся, у іх усё добра. Яна заўсёды была вельмі далікатная, але ж разам з тым і вынослівая... Марыя пайшла ў Яўхіма, дзякуй Богу... Спадзяюся, у яго таксама ўсё добра. Святыя анёлы Божыя, наглядайце за маім Яўхімам. Каб яму нічога не сталася, хоць бы яму нічога не пашкодзіла... Вослік, што такое? (Два пастухі падыходзяць.) Ага, ім цікава, хто тут начуе...

Малады пастух (да старога). Асёл і жанчына... Шалом.

Стары пастух. Шалом, матухна. Зусім адна
ў дарозе?

Ганна. Зусім адна, бацюхна. Шалом. Заўтра раніцай мы пойдзем у Бэтлеем. Я хачу наведаць свайго ўнука.

Стары пастух. Калі матухна не баіцца... мы
з
радасцю пачастуем Вас глытком малака...

Ганна (узрадаваная). О, якія вы ласкавыя... з вялікім задавальненнем... (Малады пастух прыносіць малако.)

Стары пастух. Калі матухна згодная прыняць яго ад нас... Не кожны захацеў бы.

Ганна. Чаму?

Стары пастух. Бо мы брудныя пастухі...

Ганна. Лухта!

Стары пастух. Ёсць людзі, якія не хочуць мець з намі ніякіх стасункаў. Яны б не ўзялі ад нас ніводнага глыточка, як некаторыя знатныя паны ў Ерузалеме, напрыклад.

Малады пастух (дае Ганне маленькую місачку. Яна п’е). Гэта павінна спадабацца матухне.

Ганна. Ах, як смачна. Любата!

Стары пастух. Калі матухна хоча... можаце спаць у нас каля вогнішча. Так больш бяспечна. Ні адзін дзікі звер не адважыцца падысці да вогнішча.

Ганна. Вослік, хадзі, нам дазволілі спаць каля вогнішча. (Яны ўсе ідуць да вогнішча. Прывітанне-шалом.)

Стары пастух. Бог пасылае нам госцю, Ён не забыўся пра нас.

Ганна. Бог ні пра кога не забываецца.

Малады пастух. Так, але калі слухаеш, як гавораць разумныя людзі, якія могуць чытаць і пі­саць, кніжнікі, што ведаюць Святое Пісанне, тады мы, пастухі, выглядаем не вельмі... Мы — пракляты Богам народ. І нам няма на што спадзявацца.

Ганна. Лухта тое, што ты кажаш.

Малады пастух. Для нас няма ніякай надзеі. Бо мы не прытрымліваемся запаведзяў і прадпісанняў. Мы не выконваем іх, бо зусім іх не ведаем. Ніхто нам не тлумачыць. Мы не вельмі чыстыя, каб бываць у храме, бо ходзім каля жывёлы. Мы не чыстыя для Бога.

Ганна. Я так не думаю.

Малады пастух. Відаць, матухна вельмі слаба ведае законы. Таму матухна нават асмельваецца сядзець каля вогнішча пастухоў.

Стары пастух. Так, пані, пастухі праклятыя... хоць ёсць сярод іх такія, што расказваюць дзіўныя гісторыі...

Малады пастух. Хто ведае, ці было там што ад праўды, у гісторыі пра тую ноч, калі нібыта з’явіліся анёлы...

Ганна. Анёлы з’явіліся? Каму?

Малады пастух. Брудным, праклятым Богам пастухам...

Стары пастух. Ах, гэта расказвалі каля вогнішча, што знаходзіцца праз два палі адсюль...

Ганна. А чаму б анёлам сапраўды не прыйсці да пастухоў? Ці яны павінны прытрымлівацца наказаў, якія ўстаноўлены людзьмі?

Малады пастух. Матухна, але ж падумай... Найбяднейшым сярод бедных, адрынутым — хіба такім павінны з’явіцца анёлы?

Ганна. Я не думаю, што пастухі праклятыя, мой дарагі. Чаму ж тады ў песнях Бога параўноў­ваюць з пастухом?

Пастухі. Параўноўваюць з пастухом?

Ганна. Ведаеш, я няшмат разумею, але мой муж, Яўхім, заўсёды чытае мне са святых кнігаў.
І Марыя, мая дачка, і я ведаем святыя песні. Адна
з іх гучыць так.
(Напалову спявае, напалову кажа.)

Бог мой пастыр!

Ні ў чым не буду мець нястачы.

Ён дазваляе мне спачываць на зялёных пашах,

да водаў спакойных вядзе мяне.

Ён душу маю пажыўляе.

Накіроўвае мяне…

(Адкашліваецца.) Прабачце, што я не магу спяваць лепш... але цяпер мне ўсё роўна трэба практыкавацца, як бабулі...

Накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці

дзеля Імя свайго.

Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,

не буду баяцца зла, бо Ты са мною!

Твой жэзл і Твой посах ахоўваюць мяне!

Пастухі. Яго пастуховы посах ахоўвае мяне
і прыдае мне мужнасць!

Ганна. Ну што, цудоўна?.. А што сказалі анёлы? Я маю на ўвазе анёлаў, якія з’явіліся пастухам?

Стары пастух. Нас жа там не было. Мы, пастухі, ходзім з пашы на пашу, мы то тут, то там. Мы толькі чулі гэту гісторыю. Кажуць, была такая ж ноч, як сёння. І пастухі пільнавалі свой статак, як мы цяпер. Раптам яны ўбачылі анёлаў. Усё навакол залілося ззяннем. І яны вельмі спалохаліся.

Ганна. Гэта быў не сон?

Малады пастух. Яны кажуць, што не сон. Анёл супакоіў іх. «Не бойцеся», — сказаў ён. І абвясціў, што нарадзіўся Збаўца. Вялікая радасць для нас, пастухоў, і для ўсіх... Яны павінны толькі пайсці
ў Бэтлеем і прывітаць Яго.

Стары пастух. Анёл распавёў ім, як пазнаць Збаўцу. Дзіцятка ў яслях, загорнутае ў пялюшкі.

Ганна. У яслях?

Стары пастух. Так, у жолабе, кармушцы для жывёлы.

Малады пастух. І ўяві сабе, матухна, яны са­праўды выправіліся ў дарогу, сярод ночы пакінуўшы вогнішча, не пабаяўшыся звяроў — у цемру.
І расказваюць, што яны сапраўды знайшлі нованароджанае Дзіця ў кармушцы.

Ганна. Дзіця як Збаўца для нас... І праўда, калісьці ж павінен прыйсці Збаўца, якога Бог абяцаў нам. І зразумела, што Ён прыйдзе як Дзіця, ці не так? Як жа яшчэ Ён павінен прыйсці? Ужо дарослым?

Стары пастух. Матухне гэтая гісторыя не здаецца дзіўнай?

Ганна. Паглядзі, павінен жа Бог калі-небудзь сур’ёзна заняцца сваімі абяцаннямі. Усе прарокі чакалі гэтага. Мой Яўхім часта чытаў мне з іх. Пасля жудасных пачвараў прыйдзе хтосьці з чалавечым тварам, Сын Чалавечы, сапраўдны чалавек пасля шматлікіх бесчалавечных істотаў, якія нас мучаюць і прыгнятаюць. Яму, Сыну Чалавечаму, бу­дзе дадзена ўся ўлада і веліч, і Яго валадарству не будзе канца... А тое, што Ён у жолабе... Трэба абавязкова расказаць Яўхіму, калі вярнуся дадому.
І дзецям, калі я знайду іх. Якая цудоўная гісторыя...

Малады пастух. Можа, матухна хоча выпіць яшчэ місачку малака... для падмацунку... (падае ёй місачку) каб магла далей расказваць нам, пра што казалі прарокі.

Стары пастух. Гэта дае нам надзею.

Малады пастух. Адразу здаецца, што ты не такі ўжо і дурны, калі пачуеш штосьці такое. Не такі ўжо і пракляты... Разумееш, пра што я?

Ганна (выпіла малако). Я ведаю яшчэ адну суцяшальную песню для вас. Ісая склаў яе, калі нашыя продкі былі ў палоне, у Бабілёне. Ён даў ім на­дзею, што Бог вызваліць іх і прывядзе дадому. Паслухайце:

Сухі стэп павінны радавацца,

пустыня павінна квітнець!

Рознакаляровымі кветкамі

                                   павінна яна прыбрацца

і весяліцца, і крычаць ад радасці!

Малады пастух. Крычаць?

Ганна.

Крычаць ад радасці...

Мы ўсе ўбачым веліч нашага Бога!

Тады сляпыя змогуць бачыць, глухія чуць,

спаралізаваны будзе скакаць,

                                               як алень у лесе,

а хто быў нямы, той будзе радавацца!

Стары пастух. О, гэты дзень, калі б я толькі мог дажыць да яго!

Ганна.

У пустыні пачнуць біць крыніцы,

а там, дзе жылі жоўтыя пустынныя ваўкі,

узыдзе зялёны чарот...

Малады пастух. Зялёны чарот у пустыні?

Стары пастух. Хлопча, гэта сапраўды суцяшальная песня! Ты яшчэ не быў у пустыні. Але я, я ведаю, як там. Хто перасякаў калі-небудзь пустыню разам з жывёлаю, заўсёды шукаючы чыстую ваду, той ведае, што такое пустыня...

Малады пастух. Але чарот... менавіта чарот... Гэты Ісая, напэўна, быў вар’ят... Чарот у пустыні... каму такое прыйдзе ў галаву! Пра гэта можна толькі марыць!

Ганна. Так, якой жа моцнай павіна быць на­дзея, каб марыць пра чарот у пустыні....

Малады пастух (штурхае старога). У яе ўжо зліпаюцца вочы ад стомы! Зараз яе самую агорнуць мроі...

Стары пастух. Дзякуй табе, матухна, за тое, што згадзілася пасядзець з намі, і за добрыя словы... Твой унук будзе ўсцешаны, што яго бабуля ўмее так цудоўна расказваць... Дабранач!

Ганна (скрозь дрымоту). Вам таксама!

(Асёл крычыць).

Ганна. І табе таксама, вослік. (Засынае.)

Малады пастух. Чаму асёл так занепакоіўся? Ён глядзіць на неба?!

Стары пастух. Можа, ён заўважыў зорку з іс­крыстым шлейфам? Ці ўзыйдзе яна яшчэ, гэтая зорка?

Малады пастух (глядзіць). Так. Вунь яна! Над самым Бэтлеемам. (Ідзе да асла і паляпвае яго па шыі.) Добра, шэры, спакойна. Няхай твая гаспадыня паспіць. Да гэтай зоркі ты павінен прызвычаіцца. Яна ззяе цяпер кожную ноч.

Сцэна 4

(Светлы дзень. Заезны двор. Гаспадар карчмы стаіць каля дзвярэй. Ганна падыходзіць і цягне за сабою стомленага асла. Гаспадар вельмі акуратна прыбраны.)

Ганна. Як тахкае маё сэрца, нібы хоча выскачыць у мяне з грудзей... Вось карчма. Нарэшце! Ты гаспадар?

Гаспадар. Так, я. Матухна шукае месца? Нарэшце мы зноў можам крыху дзейнічаць. Але калі праходзіў запіс у падатковыя спісы, тут рабілася нешта страшнае.

Ганна. Я шукаю сваю дачку і яе мужа. Яны, напэўна, спыніліся ў цябе. Юзаф і Марыя. Марыя была цяжарная, акурат напярэдадні родаў.

Гаспадар. А, ты пытаешся пра гэтых дваіх?.. Так, яны размясціліся тут, паблізу. Калі ты маеш на ўвазе цесляра і яго жонку.

Ганна. Так. Дзе мне іх знайсці?

Гаспадар. Ведаеш, у сваім заезным двары я не мог іх прыняць. Ён быў бітком набіты людзьмі пяць дзён таму. Шум, крыкі... Наўрад цяжарная жанчына вытрывала б такое. Я знайшоў для яе спакойны куток, там яна і нарадзіла сваё дзіця.

Ганна. Дзе ж гэта, дзе?..

Гаспадар. У пячоры за вінаграднікам, дзе я часам зачыняю жывёлу...

Ганна. У пячоры?!

Гаспадар. Так, прынамсі гэта было лепшае месца, чым перапоўненая карчма, дзе цягаюцца п’яныя, лаючыся на рымлянаў, хіба ж не? У мяне добрае сэрца, вось я і пашкадаваў маладую жанчыну ды паслаў да яе служанку з гарачаю вадою, я сказаў: «Вы можаце заставацца тут колькі заўгодна, тут вас ніхто не патурбуе...»

Ганна. Яна нарадзіла дзіця ў пячоры...

Гаспадар. Матухна, павер мне, гэта было найлепшае выйсце...

Ганна. Дзе ты спаў гэтай ноччу?

Гаспадар. Я? У сваім пакоі. А што?

Ганна. Ты б мог саступіць ёй свой пакой...

Гаспадар. Што... а самому начаваць у пячоры?

Ганна. Так... Калі ўжо ты шукаў найлепшае выйсце... (Паварочваецца з аслом, каб ісці.) Ну вось, за вінаграднікам... (Выходзіць.)

Гаспадар (збіты з панталыку, глядзіць ёй услед). Дадумалася... Нейкім незнаёмым людзям сярод ночы саступіць свой пакой... Куды ж ісці самому?.. Ды гэта няўдзячны зброд. Калі дзіця ўрадзілася ў бабулю, то яно будзе мяцежнікам... (Выходзіць.)

Сцэна 5

(Пячора з яслямі. Перад уваходам нацягнутая вяроўка
з пялюшкамі. Агмень на камянях.
На заднім плане чуваць грукат малатка: Юзаф працуе. З’яўляецца Ганна — калі дазва­ляе канструкцыя асла, пад’язджае вярхом на асле, у іншым выпадку неабходна інакш адаптаваць тэкст.)

Ганна. Прабач мне, дарагі вослік, што я пад канец яшчэ і сама залезла на цябе. Але пасля размовы з гаспадаром заезнага двара ў мяне ногі са­млелі... І дзяцей бы жах узяў, калі б яны заўважылі, што я ўсю дарогу ішла пешкі... Дык дзе ж тая пячора?.. О, бачу пялюшкі... пялюшкі... цікава, хлопчык гэта ці дзяўчынка... толькі б дзіця было здаровае... (Кліча.) Марыя! Юзаф! Прывітанне! Пагля­дзіце, хто прыйшоў!

Марыя (з Дзіцём на руках выходзіць з пячоры, адсоўвае пялюшкі ў бок, азіраецца). Матуля!

(Асёл пры выглядзе Дзіцяці падае на калені. Ганна і паклажа коцяцца ва ўсе бакі. Ганна крычыць і лаецца.)

Марыя. Юзаф, хутчэй, вазьмі Дзіця і пакладзі Яго ў яслі...

Ганна (з цяжкасцю падымаецца). Яслі... ці гэта новая завядзёнка, нованароджаныя ў яслях... (Яна
крэхча.)
Вось дурны асёл, увесь шлях ты пратрымаў­ся добра і раптам упаў на калені... Гасцінцы, па­гля­зіце на гасцінцы... ці ўцалеў гаршэчак з мёдам, бутэлька з віном... Бацька сказаў, каб я адразу ж зрабіла для цябе падмацавальны напой... Чабор трэба зараз жа спырснуць вадою, ён ужо амаль звяў...

Марыя (дапамагае ёй падняцца). Матуля, ты моцна пабілася? (Становіцца на калені побач з ёю, чысціць Ганніну вопратку.)

Юзаф (паклаў Дзіця ў яслі, выходзіць насустрач і абдымае Ганну). Матуля! Табе не сядзелася дома?

Ганна. Не! Але сустрэчу я ўяўляла інакш, неяк больш святочна... Вось дурны асёл!

Марыя (усміхаецца). Наш стары асёл і не мог павітаць маё Дзіця больш святочна...

Ганна (уважліва аглядае Марыю). Як ты маешся? Дай я пагляджу на цябе! Збялелая! Змучаная!
У цябе хапае малака для дзіцяці?

Марыя. Пакуль што ўсё добра.

Ганна. Я зараз жа згатую вам добрага супу, але спачатку хачу паглядзець на дзіця... (Падыходзіць да пячоры.) Так, дзе ж мой маленькі скарб? (Чуваць дзіцячы крык.) Ну, хто там так моцна крычыць? Ціха-ціха, я ж ужо тут, зараз бабуля возьме цябе на рукі... (Яна бярэ на рукі Дзіця, спавітае ў пялюшкі, выходзіць з Ім наперад.) У пячорнай цемры я нават не бачу твайго носіка. Хадзем на сонца... Ну вось, якое прыгожае дзіця! Якія смешныя кудзеркі, і як Яно гля­дзіць... Яно ўжо глядзіць, аж не верыцца! Як Яно глядзіць... (Вагаецца, глядзіць на Юзафа і Марыю.) Гм... а... а як Яго зваць?

Юзаф. Езус.

Ганна. Езус! Хлопчык! Гэта хлопчык!.. Зразумела, ад шчырага сэрца мы ўзрадаваліся б і дзяўчынцы. Але хлопчык! Калі б я толькі магла расказаць пра гэта Яўхіму! (Да Марыі.) У яго ўсё добра, суседка даглядае яго, ён пасылае вам прывітанне! (Забаўляецца з Дзіцём.) Так, хто ў нас тут?! Маленькі Езус у нас тут! (Марыя і Юзаф тым часам падымаюць з зямлі пакункі.) А ці даўно ён нарадзіўся? Марыя, колькі ж яму ўжо?

Марыя. Пяць начэй, чатыры дні, тры гадзіны...

Ганна. Ты што... і ўжо такі спрытны, і ўжо так глядзіць... Так, а дзе бабуля, дзе ж яна? Ён засмяяўся! Я клянуся вам, ён засмяяўся!

Юзаф (падыходзіць да Ганны і паказвае ўсё, што ўжо можа Дзіця). Ён звяртае вочкі на голас... Ён паварочвае галоўку на гук... Глянь! Езус! (Спяшаецца ў іншы бок.) Прывітанне, маленькі верабейчык! Ну? І гэта ў пяць дзён! Ён ужо вельмі моцны. Калі я кладу палец у Ягоны кулачок, то Ён моцна сціскае яго. Паглядзі! Вось, Ён не выпускае. Калісьці Ён зможа спраўна працаваць на кроквах цесляром, Ён лёгка пацягне самае цяжкае бервяно!

Ганна. А які ён прыгожы! Марыя таксама бы­ла надзіва прыгожым немаўляткам, але мушу пры­знацца... якія броўкі, і вы толькі паглядзіце на вейкі... (Марыя смяецца.) Марыя, гэта прывілей усіх бабуляў — быць улюбёнаю ў свайго ўнука...

Юзаф. Што ж, мне трэба працаваць далей... (Зноў пачынае стукаць малатком.)

Ганна (з Дзіцём на руках, ідзе за ім). Што ты там будуеш? Шчыт ад ветру для ўваходу ў пячору? Вельмі разумна! З гэтага боку дзьме наймацней. Каб наш маленькі Езус адразу ж не падхапіў чаго-небудзь...

Юзаф. Матуля, на жаль, гэта не шчыт ад ветру, гэта старыя дзверы, якія я рамантую для гаспадара. Ён сам папрасіў мяне. У якасці падзякі, так бы мовіць, за тое, што ён дазваляе нам тут жыць!

Ганна. Што? Гэты чалавек яшчэ і выкарыстоў­вае вас! Але я ўжо не дзіўлюся з яго! Зараз жа пакінь гэтыя дзверы! Такое нахабства з яго боку! Рабі шчыт ад ветру, зараз жа.

Юзаф. Матуля, засталося ўсяго некалькі цвікоў (стукае), вось зраблю тое, што паабяцаў гаспадару, а потым папрашу ў яго некалькі старых дошак на шчыт!

Марыя. Скажы яму, што для маладой жывёлы таксама лепш, калі з ветранага боку будзе невялічкі выступ!

Ганна (у той час, калі Юзаф працуе, да Марыі). Вось, дзіця чуе кожны ўдар малатка. Яно ледзь не ўздрыг­вае... Гэта крыху замоцна для яго...

Марыя (пяшчотна, але рашуча). Так, да гукаў малатка і пілы Яму ўжо давядзецца прывыкнуць...

Ганна (уважліва разглядае Дзіця). О... о... а цяпер ужо зусім моцна... ён ажно пачырванеў... Марыя, у коўдру загорнуты пялюшкі, якія табе пасылае суседка, хуценька дастань адтуль некалькі... Трэба пераспавіць хлопчыка...

(Марыя разгортвае коўдру, яны нанава спавіваюць Дзіця.)

Ганна. Так, цяпер у нас зноў чысценькі хлопчык у чыстых пялюшках... вось та-ак... чысценькі з ног да галавы... У яго прыгожыя пальчыкі на ножках... Мне нешта ўспомнілася, гэтыя пастухі... Сёння я начавала каля вогнішча пастухоў, ведаеш, вельмі ветлівыя людзі, вельмі ўважлівыя... Дык вось, яны казалі, што з-за сваёй, часам бруднай, працы яны не чыстыя перад Богам — падумаць толькі! Але ж павінна быць розніца паміж знешняю і ўнутранаю чысцінёю... Я ніколі не думала пра гэта, але цяпер... Гаспадар карчмы ў сваім бялюткім фартуху, вычышчаны да лоску, але ж ён такая скаціна, сказала б я... Змушае нованароджанага туліцца ў пячоры...

Марыя. Я палюбіла гэтую пячору.

Ганна. Як ты думаеш, хто насамрэч чысты перад Богам?

Марыя (задумліва). Чысты перад Богам... той, каго Бог робіць чыстым... Хто дазваляе, каб Бог ачысціў яго. Хто кажа «так» на гэта...

Ганна (кладзе спавітае Дзіця Марыі на рукі). Так, вось у цябе ўсё свежае, дзіцятка... Не, брудныя пялюшкі замачу я... Маці, якая корміць грудзьмі, не павінна занадта часта плёскацца ў халоднай вадзе, так кажуць. Сядзь на коўдру і адпачні. (Кешкаецца ў пячоры з посудам.) Гэта ваш гаршчок? Ну, так, для супу з зяленіва ён будзе акурат... (Кешкаецца каля агменю, ставіць гаршчок на агонь.)

Марыя (сонная на коўдры, Дзіця на каленях). Цудоўна, што ты тут, мама...

Ганна (сядае побач з Марыяй, якая павольна схіляецца ўсё ніжэй, аж пакуль не пакладзе галаву на Ганніны калені і засне). Уладкоўвайся ўтульна, дзіця, уладкоўвайся так зручна, як толькі гэта магчыма... Яна з ног валілася ад стомы... (Асцярожна бярэ Дзіцятка Езуса на рукі.) Так, цяпер у мяне двое дзяцей на каленях... (Юзафу, які стукае малатком.) Юзаф, гэй, Юзаф! Ці можаш ты на колькі часу знайсці цішэйшую працу? Па­глядзі сюды...

Юзаф (прыходзіць і глядзіць. Ён заўважае ў Ганны, якая сядзіць, выцягнуўшы ногі, парваныя сандалі). Матуля, твае сандалі зусім парваліся, я паспрабую адрамантаваць іх табе...

Ганна. У мяне цяпер рукі занятыя...

Юзаф. А ў мяне абедзве свабодныя... (Нахіляецца і здымае з Ганніных ног сандалі, потым ідзе з імі за пячору.)

Ганна (паволі калыша Дзіця, ціха з Ім размаўляе). Ну вось, маленькі Езус, твая маці спіць... сярод белага дня яна спіць... Таму я здагадваюся, што яна перажыла за гэтыя дні... Цяпер мы з табою можам адны паразмаўляць, маё куранятка, маё маленькае, маё ягнятка, мой маленькі хлопчык... Ад сваёй маці ты ніколі не пачуеш ні слова скаргі, дзіця, яна ўсё пераносіць моўчкі... Але гэта ты зразумееш толькі пазней... Яна трымаецца Бога, па-свойму, поўная любові... Магчыма, ты зможаш навучыцца гэтаму ад яе. Абавязкова навучыся, дзіцятка... Чаму толькі я не навучылася на старасці гадоў па дарозе да вас, па дарозе да цябе! Яўхім здзівіцца. Гэтае здарэнне з дзіцём мытніка, потым пастухі... Суседка сказала б, што я паводзіла сябе зусім не належным чынам.
І як я сказала гэтаму вылізанаму гаспадару заезнага двара, што я пра ўсё гэта думаю... Паўсюль я пераходзіла агульнапрынятую мерку, дзіцятка, і кажу табе гэта цяпер, хоць ты яшчэ не можаш мяне зразумець. І ўсё ж такі, цяпер я магу радавацца, бо ся­джу тут і трымаю вас на каленях. Двое дзяцей на каленях. Мне хочацца крычаць ад радасці, як пустыня ў той старажытнай песні! Зразумела, я не крычу, бо баюся разбудзіць тваю маму... Але гэтая старажытная песня кажа праўду. Раней я была як нямая. Цяпер жа размаўляю з табою. Я гаварыла з пастухамі, я цвёрда пераканала іх, і я хачу пажадаць, каб ты таксама адкрыў вусны ў патрэбны момант. Я навучылася слухаць і глядзець у гэтай ванд­роўцы да цябе. Заўважаць патрэбы людзей, нават тых, якіх лічаць злымі, я мела магчымасць адгукнуцца на гэтыя патрэбы, дакрануцца да іх, стоеных глыбока ў душы, дзе іх звычайна ніхто не бачыць.

У пустыні пачнуць біць крыніцы,

а там, дзе жылі жоўтыя пустынныя ваўкі,

узыдзе зялёны чарот...

Дзіцятка, навучыся ж і ты верыць у гэты зялёны чарот... Але пра гэта яны ўжо паклапоцяцца, твая маці і Юзаф. Такое шчасце, што ў Яе ёсць Юзаф. Такі добры чалавек, цяпер ён пакутуе над маімі парванымі сандалямі... (Ціха напявае сабе пад нос.)

Сцэна 6

(Перад пячорай, уваход якой цяпер заслонены драўлянаю сцяною. На вяроўцы вісіць некалькі пялюшак. На сцяне пачэплена некалькі пасудзін, гаршчок, сіта. Недалёка ад агменю па­складваныя стажкі сена альбо травы. Усё выглядае крыху акуратней. Ганна басанож завіхаецца каля асла, нагружаючы яго ў дарогу.)

Ганна (да Марыі). А чабор ты лепш за ўсё палівай з самага ранку, перш чым на яго пачне свяціць сонца. Салёная рыбка застанецца свежаю яшчэ прынамсі дзесяць дзён, калі ты паставіш яе ўглыб пячоры. Скала захавае яе ў холадзе... Калі ў дзіцяці забаліць жывот, прыгатуй яму гарбату з фенхеля. І тады вельмі дапапамагае далікатна паціраць жывоцік рукою... Калі дзіця не хоча зрыгваць адразу пасля таго, як пап’е, то пакладзі яго сабе вось так на плячо і пагуляй з ім крыху, некалькі крокаў. Ну, ты разумееш? А зрэшты я спадзяюся, што вы хутка вернецеся дадому. Я б з радасцю засталася з вамі яшчэ даўжэй, бо хлапчанё такое мілае. Але мяне ўвесь час не пакідаюць думкі пра твайго бацьку. Ён чакае мяне, разумееш? Цяпер яго чарга. Усё ў жыцці мае сваю важнасць у свой асаблівы час, і распазнаць гэта — адна з неабходнасцяў, якую мы павінны засвоіць. Распазнаць патрэбны момант... ці ўмець дачакацца яго. І паглядвай, дзіця маё, каб Юзаф не працаваў так шмат на гэтага гаспадара. Але непрыкметна, разумееш, не падмаўляй Юзафа супраць яго. Будзь разумнай. А калі будзеш гатаваць Юзафу сачавіцы, якія засталіся, прыпраў іх часнаком і чаборам, і нарэзаным колцамі парэем, я ўспомніла, што так ён любіць больш, чым з цыбуляю... Так, мой добры вослік, дарога дадому будзе для цябе больш лёгкай, бо ў нас цяпер значна менш паклажы. Што гэта тут?

Марыя (хоча як-небудзь размясціць хлеб). Свежаспечаны лаваш для цябе ў якасці правіянту. А гэта пучок кіслага шчаўя для бацькі. Ён жа так любіць з яго салату. Я загарнула яго ў мокрую хустку і паклала ў пусты гліняны гаршэчак, так ён застанецца свежым.

Ганна. Ну, я не супраць кіслага шчаўя, бо ты сарвала яго спецыяльна для бацькі. Але каб узяць столькі лаваша, увогуле не можа быць гаворкі. Ведаеш, як шкодна для старога чалавека зашмат есці? Старому чалавеку проста менш патрэбна.

Марыя. Ты ж яшчэ не старая, матуля.

Ганна. Так, твой бацька таксама сказаў мне гэта. Такая лухта... «Ты яшчэ далёка не старая жанчына», — сказаў ён. Такім мілым ён можа быць, твой бацька... Вось, трохі лавашу дастаткова. Я буду глядзець, каб зноў пераначаваць у пастухоў, бо там такое смачнае свежае малако. Яны расказалі мне адну дзіўную гісторыю пра анёлаў, але
з-за хвалявання і стомленасці я, мабыць, не зусім правільна зразумела яе.

Марыя. Мама, у ноч, калі нарадзіўся Езус, пастухі таксама былі ў нас у пячоры. Яны хацелі ўбачыць Дзіця...

Ганна. Яны могуць быць вельмі ветлівымі, гэтыя грубыя хлопцы... Што ж, развітаемся. Але хуценька... вельмі хуценька, інакш я заплачу. (Падыходзіць Юзаф, абдымае яе, падае ёй сандалі.)

Юзаф. Да Назарэта яны павінны пратрымацца, потым бацька табе іх залатае.

Марыя (падыходзіць з Дзіцяткам на руках). Развітайся са сваёй бабуляй.

Ганна (пяшчотна). Божа, паблагаславі цябе, дарагое дзіцятка. Як цудоўна, што ты ёсць... Глядзі, ён зноў смяецца. Юзаф, ты бачыў? Ён сапраўды смяяўся. Нават вачыма. Калі вакол вачэй з’яўляюцца такія малюсенькія маршчынкі, тады смех сапраўдны, не выпадковае зморшчванне вуснаў... ці пазяханне!

Юзаф. Перадавай бацьку прывітанне ад нас!

Марыя (жартаўліва трымае Дзіцятка Езуса над аслом). Дзіцятка Езус, цяпер скажы нашаму старому аслу, каб ён паслухмяна ішоў за тваёй бабуляй і добра прывёў яе дадому!

Ганна (пацалункі, абдымкі). Так, пакуль наш маленькі Езус зможа ездзіць на асле, яму давядзецца яшчэ добра падрасці. Дзеці, беражыце сябе! Да хуткай сустрэчы! (Махаючы, выходзіць з аслом.)

(Юзаф і Марыя, цесна прытуліўшыся адно да аднаго, гля­дзяць ёй услед).

Сцэна 7

(На дарозе. Мудрацы з Усходу з вялікай світай. З другога боку выходзіць Ганна з аслом.)

Ганна. Ну вось, ты толькі паглядзі на гэты натоўп знатных людзей, мой стары асёл! Для нас ужо зусім няма месца на дарозе! Хацела б я ведаць, адкуль яны ідуць. Хутчэй за ўсё, з Усходу, з далёкага-далёкага Усходу. (Саступае дарогу і чакае на абочыне.)

Слуга (падыходзіць да Ганны, вельмі ветліва). Ці магу я задаць жанчыне адно пытанне? (У яго крыху заўважны іншаземны акцэнт.)

Ганна. Калі ласка, мой дарагі, пытайся.

Слуга. Можа, жанчына бачыла дом, над якім стаіць ззяючая зорка? Дом у Бэтлееме?

Ганна. Не, нешта не магу ўспомніць.

Слуга. Мае паны шукаюць нованароджанага Караля, яны бачылі, як узышла Яго зорка. Безліч начэй мы ідзём за зоркай.

Ганна. А ты спытай у Ерузалеме, мой дарагі.

Слуга. Там мы ўжо былі. Яны адправілі нас у Бэтлеем.

Ганна. Дзіўна. Я не заўважыла ніякай зоркі. Праўда, у мяне не было часу назіраць за небам. Калі ў цябе нарадзіўся ўнук, то з-за мноства клопатаў няма калі глядзець на зоркі. Мне вельмі шкада, што я не магу вам дапамагчы. Я думаю, вам трэба пачакаць вечара.

Слуга. Прашу прабачэння, што я затрымаў жанчыну.

Ганна. Калі ласка. (Ідзе з аслом далей.) Ззяючую зорку? Што толькі не прыйдзе людзям у галаву. Можа, ты бачыў ззяючую зорку, асёл? Хм-м? Ну вось, цяпер ён ківае, як быццам бы хоча сказаць «так». Ты сапраўды стаў даволі дзіўным аслом пад старасць. Ну, пайшоў! Хто ведае, да чаго я яшчэ дайду, гамонячы з табою... (Выходзіць.)

(На заднім плане праходзяць мудрацы са сваімі пада­рункамі.)

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.