Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

АНІТА I ДЗІЦЯТКА ЕЗУС

Калядная п’еса

 

10 дзейных асобаў:

Аніта — дзяўчынка з лялечнай каляскай; Франчэска — старая сакрыстыянка з касцёла Сан Тама; Джузэпэ — сталяр і рэстаўратар; Джына — маладая працаўніца; Ма­рыо і Роза — суседскія дзеці; Джорджыо — хлопчык у ін­валіднай калясцы; маці Джорджыо; дзеці, дзіцячы хор ці маленькая музычная група.

(Гэтая п’еса можа быць пастаўлена ў касцёле, на школьнай сцэне ці ў класным пакоі. Для яе трэба зусім няшмат рэкві­зітаў. Паміж асобнымі сцэнамі могуць выконвацца кароткія песні ці музычныя творы.)

Сцэна 1

(У касцёле. Кветкі, запаленыя свечкі, яслі з Дзіцяткам Езусам — лялькай-немаўляткам; калі ёсць, то таксама фігуркі Марыі, Юзафа, пастухоў і г. д.)

(Франчэска з венікам для змахвання пылу і палівачкай прыбірае ў касцёле. Яна крыху пацешная, вельмі акуратная, крыху нязграбная і бурклівая.)

Франчэска (змахвае пыл з падсвечніка і ясляў). Ну вось, цяпер зноў усюды чысціня і парадак, і кветкі маюць свежую ваду... Ну, вось... І сена ў яслях складзена як мае быць. Цяпер можна замкнуць касцёл да вячэрняга набажэнства. Вось так...

(Набліжаецца гул дзіцячых галасоў.)

Ой-ой, нехта сюды ідзе. (Уваходзяць дзеці, сярод іх Аніта з лялечнай каляскай.) І да таго ж дзе­ці, толькі гэтага мне яшчэ не хапала! Заўсёды гэты галас. (Становіцца са сваім венікам каля ясляў, нібы дракон-вартавы.) Ціха! Не тупайце так! А гэта яшчэ з сабою лялечнаю каляску прыцягнула, гэта ўжо занадта! Зараз жа пакінь лялечную каляску ў тым куце! (Аніта ставіць лялечную каляску.) Гэта касцёл! Тут не гуляюць! Тут моляцца!

Дзеці (бягуць да ясляў, тоўпяцца, разглядаюць Дзіцятка Езуса, перабіраюць сена). Які міленькі! І якія прыгожыя кветкі! І такі бедны, толькі маленькая пялюшка на жывоціку.

Франчэска. Ц-с-с! Ціха! І не чапайце сянінак! Асцярожна каля кветак! Але ж з вамі і клопату! Кожны дзень пасля школы яны прыходзяць сюды паглядзець на Дзіцятка Езуса! І я не магу зам­кнуць... Ну, досыць наглядзеліся? А ці памаліліся вы хоць як мае быць? Ці падзякавалі за ўсё, што Дзіцятка Езус падарыў вам на Каляды?

Першае дзіця. Я атрымаў жоўтае медзведзяня.

Другое дзіця. А я — новы партфель.

Трэцяе дзіця. А я — дзве кнігі з каляровымі малюнкамі.

Аніта (не адрываючыся глядзіць на Дзіцятка Езуса).
Я так моцна прасіла Дзіцятка Езуса, прасіла столькі ўсяго, праз увесь Адвэнт, але Яно нічога не падаравала мне!

Франчэска. Так... аб чым жа ты прасіла?

Аніта. Эх... Каб Джорджыо ачуняў... ці хоць крыху павесялеў... каб Джузэпэ і Джына больш не злаваліся адно на аднаго... вось так...

Франчэска (крыху збянтэжаная). Можа, ты не дастаткова малілася?

Аніта. Я малілася так моцна, як толькі магу. Але Яно быццам аглухла да мяне, Дзіцятка Езус.

Франчэска. Ц-с-с, не кажы такіх ганебных рэчаў! Дзіцятка Езус... але не гэтае Дзіцятка Езус, тут толькі вобраз сапраўднага Дзіцяткі Езуса, ты ж разумееш гэта, ці не так? Сапраўднае Дзіцятка Езус — Яно чуе цябе, але Яно лепш ведае, што чалавеку патрэбна.

Аніта (не вельмі пераканана). Гм-м!

Франчэска. Паслухмяныя дзеці моляцца так: Дзіцятачка Езус, учыні, каб я была пабожнай, каб я апынулася на небе! Ці ж не так? Так! (Змахвае пыл венікам.)

Аніта. Але я хачу, каб ужо цяпер было добра,
і каб ніхто не сумаваў, не хварэў і не бурчэў...
А Дзіцятка Езус не дапамагло. Можа, таму, што Яно занадта мала ведае. Бо Яно заўсёды замкнутае
ў касцёле. Калі б Яно апынулася ў горадзе — на на­шай вуліцы Кале Роса ці на П’яцца Пікола — тады б Яно ўбачыла, што Яму трэба было б зрабіць!

Франчэска. Дзіця, што ты выдумляеш... Але з мяне ўжо досыць. Мне трэба замыкаць. Цяпер выходзьце, дзеці! Чуеце? Вы можаце вярнуцца сюды вечарам ці заўтра! (Дзеці, акрамя Аніты, вы­хо­дзяць.) Чуеш?

Аніта (аглядаецца, адчайна спрабуе адцягнуць увагу Франчэскі). Вы ўжо закончылі выціраць пыл? Мо­жа, я магу дапамагчы Вам яшчэ што-небудзь? Вунь
у святога Антонія яшчэ пальцы на нагах запыленыя!

Франчэска. Што? Запыленыя пальцы на нагах! (Адыходзіць.) Няўжо ты думаеш, што я забылася пра святога Антонія? Вось дык надакучлівае дзіця. (Пакуль яна бурчыць і мармыча, Аніта бяжыць да лялечнай каляскі, падцягвае яе да ясляў і вымае адтуль Дзіцятка Езуса, укладвае Яго ў лялечную каляску.)

Аніта (паспешліва і ўпотай). Так, цяпер Ты пой­дзеш са мною! (Хуценька выходзіць.)

Франчэска (з бурчаннем вяртаецца да ясляў). Запыленыя пальцы на нагах... Дарагі святы Антоній, што толькі выдумляе гэтае дзіця. Ну, нарэшце, яна пайшла! (Праходзіць міма ясляў, хрысціцца і з цяжкасцю кленчыць.) Абарані мяне на маёй дарозе, адары ўсіх нас Тваім благаслаўленнем, о дарагое, о наймілейшае... Ці не раскідалі гэтыя дзеці сена... (Паварочваецца, утаропліваецца ў пустыя яслі.) А?.. (Падыходзіць бліжэй, ускрыквае, ляпае далоняй па вуснах.) Няма Дзіцяткі Езуса! Укралі!.. Укралі?.. Зразумела, гэтая падазроная дзяўчынка з лялечнай каляскай... але як жа гэта!.. Хіба ж гэта магчыма! (Ходзіць туды і сюды.) Ну і што мне цяпер рабіць? Ісці шукаць! Але куды? П’яцца Пікола... яна сказала... штосьці такое. (Выходзячы.) Гэтая маленькая свалата выкрала Дзіцятка Езуса
з ясляў! Але ж трэба было такому здарыцца!

Сцэна 2

(Майстэрня маладога сталяра Джузэпэ. Стол, на якім ляжыць рамка для карціны, стаяць бутэлька і шклянка, ля стала — адно-два старыя крэслы. Джузэпэ склейвае рамку ды зноў і зноў выпівае. Аблічча ў яго панурае. Час ад часу ён ад­кладвае працу і ўзіраецца кудысьці перад сабой.)

Аніта (набліжаецца з лялечнай каляскай, гаворыць
ляльцы)
.
Цяпер будзь уважлівае, Дзіцятка Езус, мы едзем у майстэрню да нашага суседа Джузэпэ. Яго майстэрня зусім маленькая. Ведаеш, улетку ён можа выставіць куфры і скрыні на вуліцу і працаваць пад голым небам. Ён рамантуе старую мэблю і нанава яе размалёўвае, атрымліваецца вельмі прыгожа — кветкамі і птушкамі альбо залатымі завіткамі, а турысты назіраюць за яго працай. Зімой Джузэпэ можа працаваць толькі з маленькімі рэчамі, напрыклад, аднаўляць рамы для карцінаў. Але Джына так злуецца з-за гэтага! Бо, разумееш, ён такой працай зарабляе нашмат менш, чым іншыя на фабрыцы. Таму яны і сварыліся. Усе людзі з нашай вуліцы чулі гэта. Кожны вечар, калі Джына вярталася з працы дадому. «Хопіць ужо звягаць!.. З табой ніхто не вытрывае!» — «Ну, тады я пайду адсюль! Тады бывай!» І яна сапраўды пайшла ад яго, Джына, і жыве цяпер праз пару дамоў, там, каля мастка. Джузэпэ з таго часу такі маркотны, што мне ўжо зусім не хочацца прыходзіць да яго. А яшчэ ён шмат выпівае. Тады становіцца злым і бурклівым... Бачыш, Дзіцятка Езус, чаму мне вельмі хочацца, каб Ты штосьці зрабіла для Джузэпэ. Каб ён зноў павесялеў. Што ж, пастукаю.

Джузэпэ (буркліва). Хто там? А, гэта ты, Аніта. Даўно ўжо цябе не бачыў. Праходзь... (Аніта ўцягваe за сабою лялечную каляску так, што Джузэпэ не можа зазірнуць у яе.) Штосьці зламалася ў калясцы?

Аніта. Не. Чаму?

Джузэпэ. Ці ў ляльцы? Штосьці адрамантаваць?

Аніта. Не.

Джузэпэ. Ну, значыць... Ты прыйшла ў госці!

Аніта. Гэта калядаванне! (Падае яму руку.) Вясёлых Калядаў, Джузэпэ!

Джузэпэ (буркліва). Узаемна, узаемна... У мяне ня­ма нічога смачнага для цябе, ніякага пірага, нічога.

Аніта. Гэта няважна. (Сядае.)

Джузэпэ. Асцярожна, ён хістаецца, яго прынеслі для рамонту.

Аніта (праз пэўны час, спрабуе распачаць размову). Як ты маешся?

Джузэпэ. Цудоўна, цудоўна, хіба ты не заўважаеш?

Аніта. Ты нейкі пануры, увесь час п’еш і разводзіш вакол сябе страшэнны непарадак!

Джузэпэ. Ну вось, і гэта прыдзіраецца ды звягае... на гэта ўсе яны здатныя — і дарослыя, і малыя!

Аніта. Нядзіўна, што Джына з табою не вы­трывала!

Джузэпэ. Што? Змоўкні, Аніта, цябе гэта ўвогуле не датычыць! Зразумела?

Аніта (падымаецца і пачынае прыбіраць у майстэрні). Але ж я адна з тваіх самых даўніх сябровак, ці не так? Гэта мяне датычыць. Хіба ж не?

Джузэпэ (п’е; ледзь не папярхнуўся). Адна з маіх самых даўніх сябровак, сапраўды! Кожны раз, калі лялька ці лялечны ложак, ці штосьці яшчэ ламалася, дарагая Аніта была тут як тут! Дзіва што!

Аніта. Сёння нічога не зламалася, але, нягле­дзячы на гэта, я прыйшла. Джузэпэ, не пі так шмат! Я звару табе моцнай кавы, добра? (Ідзе ўглыб сцэны.) Так. Колькі лыжачак кавы ты сыплеш на адзін кубак?

Джузэпэ. Ідзі адсюль, Аніта, пакінь мяне ў
спакоі.

Аніта. Ведаеш, я не вельмі добра вару каву. (У той час, калі гатуецца кава.) Вось Джына спрытна гэта робіць. Так кажа мая маці. Яна проста не шкадуе кавы.

(Джузэпэ незадаволена бурчыць.)

Аніта. Калі Джына вяртаецца з працы, яна перш за ўсё варыць сабе каву. І толькі тады, як яна сама кажа, можа даглядаць дзяцей.

Джузэпэ. Якіх дзяцей?

Аніта. Ну, дзяцей сіньёры Барберыні, у якой яна цяпер жыве. Розу і Марыо. Гэта самыя капрызлівыя дзеці, якіх ты можаш сабе ўявіць, Джузэпэ. У параўнанні з імі я — «залатое дзіця», кажа Джына. Уяві сабе! Але яна вымушана даглядаць іх вечарамі, кажа Джына, каб заставацца жыць у сіньёры Барберыні. Гэта, так бы мовіць, адплата. (Падае Джузэпэ кубак кавы і забірае ў яго бутэльку з віном.) Ну вось, цяпер пакаштуй!

Джузэпэ (каштуе асцярожна). Божа мой!

Аніта. Ці моцная? Я ўзяла тры вялікія лыжкі!

Джузэпэ. Такая моцная, што я ўсю ноч не буду спаць!

Аніта. Не падманвай мяне, Джузэпэ! Калі ты ноччу не можаш спаць, то менавіта з-за таго, што думаеш пра Джыну, ці ж не так?

Джузэпэ (выцірае лоб). Аніта, ты — маленькі жах, разумееш? Джына для мяне больш не існуе, ёй больш даспадобы гэты балван Луіджы! Хопіць!

Аніта. Луіджы! Як ты мог такое падумаць! Ён ужо даўно не падабаецца Джыне, бо занадта дурны для яе. Альбо па іншай прычыне... Яшчэ кавы?

Джузэпэ. Ой не, злітуйся!.. Глянь, у шуфлядзе павінна быць яшчэ некалькі арэхаў. Вазьмі іх сабе.

Аніта. Дзякуй!.. (Кажа ляльцы.) Ён можа быць такім мілым, гэты Джузэпэ. Сапраўды мілым. Яго можна нават цярпець. Так, сапраўды можна цярпець. Таму я падумала, што трэба штосьці зрабіць для яго! (Да Джузэпэ.) Калі ў мяне зноў нешта зламаецца, я абавязковы прыйду да цябе. Слова гонару! Не пайду ні да кога іншага.

Джузэпэ. Ну, гэты гонар!.. (Кідае позірк на лялечную каляску.) Дазволь глянуць на яго, на тваё дзіця. Ну! Чаго так палохешся... (Глядзіць у каляску.) Якая ж ты дрэнная маці! У твайго дзіцяці будзе запаленне лёгкіх! Сярэдзіна зімы, а ты яго толькі адной пялюшкаю захінула!

Аніта. Дзіця так прывыкла!

Джузэпэ. Якая ж ты!.. Высунь другую шуфляду! Так. Там павінна быць хустка...

Аніта. Якая прыгожая... (Вымае хустку.)

Джузэпэ. Я падарыў яе некалі Джыне, на свята святога Паўла. Гэта быў мой першы падарунак ёй... Можаш забраць гэтую хустку для свайго дзіцяці.

Аніта (захінае Дзіцятка Езуса ў хустку). Дзякую.

Джузэпэ. Калі ласка, і цяпер больш не затрымлівай мяне. Работы па вушы. Было вельмі прыемна, Аніта. Прыходзь калі-небудь зноў у госці.

Аніта. Да пабачэння, Джузэпэ. Хачу яшчэ схадзіць да Розы і Марыо, гэтых страшэнных неслухаў. (Збіраючыся выходзіць.) Ты не хочаш развітацца з Дзіцяткам?

Джузэпэ (нахіляецца над лялечнай каляскай). Бывай, дзіцятка! Да пабачэння, мілая пані! Прыгожае
ў Вас дзіця, і захутанае ў такую прыгожую хустку.

Аніта. А хіба ж не так?! (Выходзіць.)

(Джузэпэ зноў сядае за стол, робіць глыточак кавы, ківае галавой і працягвае працаваць,злёгку насвістваючы.)

Франчэска (захутаная ў баваўняную хустку, паспешліва ўваходзіць). Джузэпэ! Джузэпэ!

Джузэпэ. Што здарылася?.. Уваходзь!

Франчэска. Джузэпэ, дарагі мой, ты з свайго акна добра бачыш вуліцу і кожнага, хто там праходзіць. Дапамажы мне! Ці была тут маленькая дзяўчынка з лялечнай каляскай?

Джузэпэ. А што з ёю?

Франчэска. Крадзеж! Нечуваная гісторыя! Уяві сабе, што зрабіла гэтае жахлівае дзіця!

Джузэпэ. Аніта? І крадзеж? Ды йдзі ты! Гэтую лялечную каляску я добра ведаю, бо рамантаваў яе мо ўжо тысячу разоў, а ў ёй не было нічога, апроч лялькі з пялюшкаю.

Франчэска. З пялюшкаю! Усё правільна! З пялюшкаю! Ах, Джузэпэ, тая лялька — гэта Дзіцятка Езус з касцёла Сан Тома!

Джузэпэ. Дзіцятка Езус...

Франчэска. Яна ўкрала Дзіцятка Езуса з ясляў!

Джузэпэ. Аніта ўкрала Дзіцятка Езуса з яс­ляў... і калядуе з Ім...

Франчэска. Ты мог бы крыху больш абурыцца, мой дарагі Джузэпэ! Думай хутчэй! Куды пайшла Аніта?

Джузэпэ. Куды... Пачакай... Яна ж мне сказала, куды збіраецца ісці... Вось толькі куды?.. Калі ты набярэшся крыху цярпення і дасі мне падумаць, я абавязкова ўспомню... Хочаш выпіць са мной кубачак кавы, пакуль я буду ўспамінаць?

Франчэска. Дзякуй, але, калі ласка, успомні, малю цябе. (Хоча сесці.)

Джузэпэ. Не на гэты! Ён хістаецца, яго трэба спачатку адрамантаваць. Хадзем на кухню! (Вядзе яе ўглыб сцэны.)

Сцэна 3

(Толькі контуры пакоя, у якім жыве сям’я Барберыні. Джына шые. Вакол яе шумяць Роза і Марыо. Яны ў ін­дзейскіх уборах і спрабуюць прывязаць Джыну да крэсла. З другога боку набліжаецца Аніта са сваёй лялечнай ка­ляскай.)

Аніта (кажа ляльцы). Будзь уважлівае, Дзіцятка Езус! Цяпер мы едзем да сям’і Барберыні, гэта тая самая сям’я з непаслухмянымі дзецьмі. А бедная Джына вымушана іх даглядаць. Мая маці кажа, што даглядаць такіх дзяцей — проста гора. І я не павінна знацца з гэтымі неслухамі, інакш зраблюся падобнай да іх. (Настойліва.) Вось я і падумала, што Ты магло б штосьці зрабіць для гэтых дзяцей, каб яны не былі такімі свавольнымі, і каб Джына не бедавала з імі, і каб усе яны сталі больш міралюбівымі! Зрабі ж для іх што-небудзь... Цяпер я пастукаю.

Джына. Нехта пастукаў?

Марыо і Роза. Не! Йюп-пі! Йюі-йі! Да слупа, белатварая! Йюі-йі!

Джына. Цётка, якая падарыла вам на Каляды гэтыя жудасныя індзейскія ўборы, не ведала, да чаго гэта давядзе... Усю сям’ю і асабліва мяне!.. Усё ж такі нехта стукаў! Заходзьце!

Аніта (уваходзіць). Вясёлых вам Калядаў!

Джына. Прывітанне, Аніта... Роза, прынясі
з кухні талерку з пірагом!

Роза і Марыо. Аніта! Аніта! Ура! Хутчэй да ка­тавальнага слупа, бледнатварая! (Танцуюць вакол Аніты і лялечнай каляскі.)

Аніта (да Дзіцяткі Езуса). Ну вось, калі ласка! Ці ж няпраўду я Табе казала? Цяпер Ты чуеш гэта на ўласныя вушы! Яны нават не ўмеюць гуляць як дзеці! Толькі верашчаць!

Марыо і Роза. Што? Мы не ўмеем гуляць?! Да катавальнага слупа!

Аніта. Супакойцеся!

Джына (прынесла пірог). Супакойцеся, неслухі! Аніта нашая госця!

Аніта (да Джыны). Пачакай, я сама з імі пагавару! (Да дзяцей.) Йюп-пі! Гэй, вы, чырванаскурыя! Хіба вы аслеплі ад дыму? Ці ж не бачыце, што
я таксама чырванаскурая? Я — Правадыр Хітрая Ліса з суседняга племені, а ў гэтай калясцы спіць маленькі Сын Правадыра! А вас як завуць?

Марыо і Роза. Га?..

Аніта. Спадзяюся, што вы маеце сапраўдныя індзейскія імёны?

Марыо. Мяне... мяне завуць... як жа мяне завуць?

Роза. Мяне завуць Цудоўная Цяцерка.

Марыо. А мяне... а мяне...

Роза. Хі-хі, цяпер ён нават не ведае, як яго завуць... (Смяецца з яго, кароткая бойка.)

Аніта. Мір, мір, чырванаскурыя! Я памыляюся, ці гэта сапраўды Вялікі Правадыр Буйвалаў Рык?

Марыо. Так-так, Буйвалаў Рык.

Аніта. Можа, запросіце мяне да свайго вогнішча?

Роза. Ты наша госця, сядай! (Яны сядаюць вакол талеркі з пірагом. Джына назірае за імі.)

Аніта. Цудоўны кукурузны пірог у вас.

Роза. З мясам буйвала зверху.

Марыо. Ты што?! Гэта ж разынкі!

Аніта. Правадыр Буйвалаў Рык, пакаштуй яшчэ раз. Гэта ж мяса буйвала!

Марыо. Сапраўды! Мяса буйвала!

Роза. Гэй, твой маленькі Сын Правадыра зусім не падобны да індзейскага дзіцяці! (Вымае ляльку Дзіцятка Езуса з каляскі.)

Аніта. Ці не будзеш ты такой ласкавай і ці не пазычыш Яму пяро?

Марыо. Не, пяро хай будзе ад мяне!

Роза. Ад мяне!

Аніта. Гэта вельмі дарэчы; сыны правадыроў майго племені звычайна носяць па два пяры. (Упры­гожвае Дзіцятка Езуса двума пёрамі.) Я бачу, што вы тут злапалі беласкурую? Ці не жадаеце выкурыць люльку міру?

Роза. Давай, Джына, сядай да нас!

Джына. Але толькі з той умоваю, калі вы са­праўды станеце міралюбівымі. Я ўжо занадта стамілася, каб гуляць у такія дзікія гульні.

Марыо. Мір, слова гонару.

Джына (сядае да дзяцей на падлогу, люлька міру ідзе па крузе. Джына заўважае сваю хустку). Аніта, што гэта за хустка?! Вунь, на тваёй ляльцы?

Аніта. А, хустка! Яе пазычыў мне Джузэпэ!

Джына. Джузэпэ... так-так.

Аніта. Мы толькі што пілі з ім каву. Але я думаю, што яму больш падабаўся смак тваёй кавы.

Джына. Так... Вы размаўлялі пра мяне?

Аніта. Ну, ясна. Ён жа такі засмучаны і сёння зноў будзе дрэнна спаць. Ён жа вельмі адзінокі.

Джына. Адзінокі?

Аніта. Я думаю, таму ён і ўзрадаваўся, што
я наведала яго. Разумееш, ён нарэшце зноў мог пагаварыць з прыемным чалавекам. Ніхто ж да яго не завітвае. Я крыху прыбрала там. Уяві сабе толь­кі, у яго не было нават каляднага пірага.

Марыо і Роза. Нават пірага!

Джына. Ага, але ў гэтым ён сам вінаваты!

Аніта. Чаму?

Джына. Ён мог бы, напрыклад, купіць сабе пірог.

Марыо. Купіць! Калядны пірог! Але яго ж атрымліваюць у падарунак!

Аніта. Хто ж яму падорыць пірог? Я таксама не падумала пра гэта. На жаль. Ну, можа, у наступным годзе...

(Джына развінае Дзіцятка Езуса і трымае хустку ў руцэ.)

Аніта. Калі ты хочаш забраць сваю хустку, то, калі ласка! З Дзіцем нічога не здарыцца.

Роза. Я магла б пазычыць для тваёй лялькі сукенку маёй Ізабэлы.

Аніта. Гэта было б вельмі міла з твайго боку. (Роза прыносіць сукенку для лялькі, яны апранаюць Дзіцятка Езуса.) Дзякую, а цяпер мне трэба зноў ісці, калядаваць далей.

Марыо. Застанься яшчэ! З табою добра, ты гэтак слаўна гуляеш з намі.

Аніта. Заўтра я зноў прыйду. А цяпер зазірну да Джорджыо. Да пабачэння!

Роза. Да пабачэння, Правадыр Хітрая Ліса!

Марыо. Да пабачэння, Маленькі Сын Правадыра з двума пёрамі на галаве!

Джына (задумліва, калі Аніта ўжо даўно пайшла). Да пабачэння, Аніта. (Яна завязвае сваю хустку вакол шыі.)

(Франчэска і Джузэпэ прыбеглі задыханыя.)

Франчэска. Джына! Гэй, Джына!

Марыо. Джына, нехта стукаў!

Джына. Заходзьце!

(Забягае Франчэска, за ёй трохі павольней уваходзіць Джузэпэ, ён і Джына пазіраюць адно на аднаго, Франчэска адразу ж пачынае скардзіцца.)

Франчэска. Гэтая Аніта! Гэтая невыносная Аніта! Зараз жа прызнавайцеся, дзе яна хаваецца!.. Проста так, без нічога ніякага выкрасці Дзі­цятка Езуса!

Марыо і Роза. Што?!

Франчэска. Ці было ў Аніцінай калясцы дзіця, з пялюшкаю вакол жывата?

Марыо. Не. У прыстойным адзенні і з двума пёрамі на галаве!

Франчэска (падае ў крэсла). Пёры? Я звар’яцею! Дзіцятка Езус з касцёла Сан Тома — з пёрамі на галаве!

Джузэпэ (да Джыны). Аніта выкрала з касцёла Сан Тома Дзіцятка Езуса. Яна калядуе з Ім. І мяне наведвала...

Джына. Дзіцятка Езуса!.. Мы курылі люльку міру пры Ім!..

Джузэпэ (глядзіць на Джыну). Я ахвотна паўдзельнічаў бы ў гэтым!

Джына. Гм! (Яна мацней завязвае сваю хустку на шыі і распроствае канцы.)

Франчэска (лямантуе). Цяпер супакойцеся і ска­жыце, дзе мы можам знайсці Аніту. Куды ж яна пайшла?

Джына. Так, куды ж?

Роза. Ну, прынамсі, пайшла адсюль.

Франчэска. Калі ласка, успомніце!

Марыо. А ты будзеш сварыцца на Аніту, калі знойдзеш яе?

Франчэска. А як жа!

Марыо. Ну, тады я не ведаю, куды яна пайшла...

Джына. Можа, мы ўспомнім, калі вып’ем разам кавы...

Роза. Ёсць яшчэ пірог!

Марыо. З мясам буйвала зверху!

Франчэска. Гэта? Гэта ж разынкі!

Марыо. Ты думаеш? Хі-хі!

Джына. Хадзіце, калі ласка, у пакой!

Франчэска (ідучы). Калі ласка, успомніце! Калі ласка, успомніце!

Усе. Думаем! Ужо думаем!

Сцэна 4

(Пакой Джорджыо. Джорджыо сядзіць у інваліднай калясцы і чытае коміксы, побач з ім — маці. Яна пяшчотна гладзіць свайго сына.)

Аніта (прыходзіць з лялечнай каляскай). Будзь уважлівае, Дзіцятка Езус, цяпер мы едзем да Джорджыо. Ён сапраўды вельмі бедны. Улетку ён скочыў
з трампліна ў ваду, але там было недастаткова глыбока. Джорджыо моцна пакалечыўся. Ён больш не можа хадзіць і бегаць. Толькі сядзець. Цэлы дзень ён вымушаны сядзець у сваёй інваліднай калясцы. З таго часу Джорджыо больш ніколі не бывае вясёлым. Ён больш не хоча бачыць сяброў, ён і з матуляю вельмі грубы. Бяда з ім. Можа, Ты суцешыў бы яго? Паслаў бы яму іншыя думкі, калі ўжо няма надзеі на тое, што ён паправіцца. У яго ж здаровыя рукі, разумная галава, але гэта яго больш не цешыць. Ці не падорыш Ты яму крыху радасці? Што ж, я стукаю.

Маці. Заходзьце! (Аніта ўваходзіць і вітаецца.)
А, гэта ты, Аніта! Ты ў нас рэдкая госця! І вельмі прыемная госця, праўда, Джорджыо?

Аніта. Я жадаю вам вясёлых Калядаў!

Джорджыо (на момант адрываецца ад сваіх коміксаў). Вясёлых Калядаў, мне? Бач ты, чаго захацела!

Маці. Джорджыо! (Ветліва да Аніты.) Вясёлых Калядаў, дзетачка! Хадзі сюды і пачастуйся печывам! Табе падарылі на Каляды новую ляльку? Якая прыгожая! Вып’еш з намі кавы, Аніта?

Джорджыо (да маці). Ты зноў сёння языка не ўкладаеш!

Маці (супаковаючы). Не трэба так, сынок! Калі ж у нас бываюць госці! Я хуценька схаджу ў кухню і звару кавы. (Выходзіць.)

Джорджыо. Яна гаворыць не змаўкаючы! Са­праўды!

Аніта. Можа, таму што ты не размаўляеш.

Джорджыо. Ну, і што ж мне казаць, га? Што? Што я ахвотна пакатаўся б на каньках, га? Ці тое, што мне хацелася б сваімі нагамі дабегчы да канала, га?

Аніта. Калі ты хочаш яе засмуціць, можаш сказаць ёй гэта...

(Кароткая пауза. Джорджыо ўпарта чытае свой комікс.)

Аніта. Напэўна, цікавы комікс...

Джорджыо. Зусім не цікавы. Я ўжо ведаю яго на памяць.

Аніта. О, дык пазыч яго мне! А я за гэта дам табе пачытаць коміксы свайго старэйшага брата.

Джорджыо. Яны будуць такія ж нецікавыя.

Аніта. Табе ніводзін комікс не цікавы? Тады намалюй яго сабе сам.

Джорджыо. Што?

Аніта. Ты заўсёды добра маляваў! Нашмат лепш за мяне!

Джорджыо. Ну, так. Але не надта ўжо і добра.

Аніта. Памятаеш, як ты размаляваў маленькую мэблю для майго лялечнага пакоя? Малюсенькімі кветкамі? Так, як Джузэпэ, толькі нашмат прыгажэй.

Джорджыо. Яна яшчэ ёсць у цябе?

Аніта. А як жа! Я часта гуляю з ёю. На крэслах фарба крыху аблезла, бо імі я баўлюся найчасцей...

Джорджыо. Табе трэба размаляваць іх нанава.

Аніта. Мне? Ты звар’яцеў? Каб кожны адразу ўбачыў: прыгожая мэбля — гэта праца Джор­джыо, а брыдкая, размазаная — гэта мая?

(Джорджыо паціскае плячыма.)

Толькі калі ты мяне навучыш...

Джорджыо. Прыходзь як-небудзь са сваёю мэбляю; напрыклад, калі будзеш адносіць гэтыя коміксы.

Аніта. Добра.

Джорджыо. Раней мы шмат гулялі з табою, так? Хоць ты і дзяўчынка. У індзейцаў, звераловаў...

Аніта. У сям’ю... (Бярэ Дзіцятка Езуса з лялечнай каляскі.) Вось!

Джорджыо. Я бачу, табе ўсё яшчэ падабаюцца індзейцы.

Аніта. Ну так, час ад часу. Іншы раз я са сваімі братамі гуляю ў касмічныя палёты. Я — пілот у кабіне.

Джорджыо. У якой кабіне?

Аніта. Ці як гэта называецца?

Джорджыо. Самае большае, на што ты здольная — гэта быць памочніцай навігатара. Камандзі­рам касмічнага карабля быў бы я.

Аніта. Не, я прынамсі была б другім камандзі­рам, а ты павінен быў бы мне ўсё паведамляць. Прызямляючыся на незнаёмую зорку, яны заўсёды працуюць разам. Бо, скажу я табе, адзін можа разгубіцца.

Джорджыо. Лялька была б нашым дзіцём, якое мы ўзялі б з сабою.

Аніта. Дзіця магло б крыху разбірацца ў навігацыі ці ў бартавых кампутарах.

Джорджыо (з лялькай на каленях). Пі-пі-пі-пі-пі, штосьці не так на нашым маніторы! Што гэта за новая зорка перад намі?

Аніта. Незнаёмая зорка?

Джорджыо. Яна нясецца на нас.

Аніта. Ратуйце! Зрабі што-небудзь!

Джорджыо. Не, мы нясемся на яе. Мы павінны адважыцца і прызямліцца.

Аніта. Адважымся, камандзір!

Джорджыо. Паведамленне для ўсяго экіпажа! Выконвайце меры засцярогі... (У той час, калі яны за­глыбіліся ў гульню, Франчэска, Джузэпэ, Джына, Марыо і Роза забягаюць у пакой.)

Франчэска. Дзякуй Богу! Вось Яно! (Хоча за­браць у Джорджыо Дзіцятка Езуса.)

Аніта (адкочвае інвалідную каляску Джорджыо ў другі бок). Трымай Яго моцна!

Франчэска. Дзіцятка Езус павінна быць адразу ж вернута ў касцёл!

Аніта. Не, Дзіцятка Езус павінна быць тут, менавіта тут, з намі!

Джорджыо. Дзіцятка Езус?!

Джына. Дзіця, не блазнуй! Пустыя яслі ў касцёле Сан Тома чакаюць Дзіцятка Езуса! Паглядзі, гэта ж толькі Яго вобраз.

Джузэпэ. І ён павінен быць там, каб нагадваць усім людзям пра Дзіцятка Езуса!

Франчэска. Пра што ты, уласна кажучы, думала, калі забірала Яго?!

Аніта. Пра што я думала? (Кароткая паўза, усе глядзяць на Аніту.) Я хацела, каб Дзіцятка Езус што-небудзь зрабіла для вас. Каб Яно дапамагло Джузэпэ, каб Яно ўціхамірыла гэтых непаслухмяных дзяцей, і каб Яно суцешыла хворага Джорджыо!

Джорджыо. Ну, гэта Дзіцятку Езусу ўдалося. Яно скіравала мае думкі на іншае; Яно амаль што стала нашым другім ці трэцім камандзірам. Ты дапамагала Дзіцятку Езусу ў гэтым, Аніта, ці ж не так?

Джузэпэ. Ты сёння забрала ў Дзіцяткі Езуса ўсю працу, ці ж не так?

Джына. Дзіцятка Езус, з дапамогай Аніты, скіравала ўсіх нас на іншыя думкі.

Маці (уваходзіць з кавай, ні пра што не здагадваючыся). Ну, я дзіву даюся, колькі сёння прыйшло гасцей! Мы радыя, праўда, Джорджыо? Да нас так рэдка прыходзяць госці, з таго часу... з таго часу...

Аніта (хутка). Заўтра я зноў прыйду.

Франчэска. Цяпер у нас яшчэ адзін неадкладны... гм... клопат. Мы павінны яшчэ да вечаровага набажэнства быць у касцёле Сан Тома. Яшчэ да вечаровай святой Імшы. Я не кажу, чаму, я толькі кажу: мы павінны там быць!

Маці. Але дарагая сіньёра Франчэска, не хвалюйцеся так моцна! Да вечаровага набажэнства яшчэ ёсць крыху часу, акурат на тое, каб спакойна выпіць кавы!

Джорджыо. Калі ўсе ідуць у касцёл Сан Тома, то і я хачу разам з вамі.

Маці. Але, сынок...

Джузэпэ. Няма праблемы, мы паедзем туды
з Джорджыо.

Аніта (беражліва забірае Дзіцятка Езуса з рук Джор­джыо і кладзе Яго ў лялечную каляску). Гэта была толькі кароткая прагулка, Дзіцятка Езус, так, але цудоўная. Наступным разам мне ўжо не трэба будзе вы­крадаць Цябе. Наступным разам я буду ведаць, што Ты заўжды са мною, таемна, у думках, і што я магу забраць у Цябе даволі шмат працы...

Марыо і Роза. Мы хочам везці лялечную каляску! Мы хочам везці лялечную каляску! Мы хочам...

Аніта. Па чарзе! Акуратненька, па чарзе!

Маці. А кава?

Джына. Потым! Пастаў яе ў цёплае месца. Мы хутка вернемся да вас.

Джорджыо. Гэта будзе цудоўны вечар!

(Усе ідуць адзін за адным за Анітаю і лялечнаю каляскаю. Гучыць калядная песня на развітанне.)

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.