Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ДАРОГА МАГЛА Б БЫЦЬ

РАЎНЕЙШАЙ

Размовы паміж

бацькам і сынам

 

2 дзейныя асобы:

бацька, сын (прыкладна 11 год).

(Замест уступу некалькі тактаў лёгкай музыкі, якія паўтараюцца паміж сцэнамі і на заканчэнне.)

Сцэна 1

Сын. Паслухай, тата...

Бацька. Так, Марцін...

Сын. У школе становіцца ўсё больш невыносна. Цяпер нават гэтая Манашка дала нам заданне.

Бацька. Якая манашка?..

Сын.  Ну, наша настаўніца па рэлігіі. Маленькая бландынка з кірпатым носам. Мы павінны дома пра нешта там разважаць, уяўляеш?

Бацька. Ну, ваша Манашка, напэўна, лічыць урок рэлігіі сур’ёзным прадметам, а не магчымасцю для адпачынку.

Сын. Але ўсё ж такі... Дарэчы, яна сказала, што мы можам працаваць у групе.

Бацька. Гэта не так ужо і дрэнна, праўда?

Сын. Ты лічыш, што працаваць у групе ка­рысна?

Бацька. Так, карысна і вельмі важна. Табе гэта спатрэбіцца ў жыцці. Большасць справаў сёння вырашаецца калектыўным супрацоўніцтвам.
У кожнага ёсць свая ўласная сфера, але ён павінен узгадняць свае дзеянні з іншымі людзьмі. Для гэтага трэба быць гнуткім, здольным да паразумення. Калектыўная праца, напрыклад, у нашай канторы — зусім звычайная справа.

Сын. Тады табе зусім няцяжка будзе ўявіць, як нам гэтае заданне па рэлігіі выканаць у групе.

Бацька. Вядома.

Сын. Ты і я.

Бацька. Як???

Сын. Мы, ты і я. У групе.

Бацька. Паслухай, пад «мы» я ўяўляў што ты маеш на ўвазе Карла ці Рэнату з твайго класа.

Сын. Яны ўжо выконваюць калектыўную працу, але са сваёю сям’ёю. У Карла ёсць суперцётка, яна ўвогуле робіць для яго вельмі шмат, а Рэната да сваёй калектыўнай працы падахвоціла маці і бабулю. Бо гэта менавіта такая тэма, якая закранае сям’ю. «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму. Што гэта азначае ў паўсядзённым жыцці сям’і?»

Бацька. Я не разумею ні слова.

Сын. Гэта тэма нашай калектыўнай працы. Паназіраць, якія вынікі атрымаюцца, калі сур’ёзна прытрымлівацца словаў: «Раўняйце сцежкі Яму».

Бацька. Ну, але якія сцежкі, на ліха?

Сын. Глядзі. У час Адвэнту яны заўсёды маюць на ўвазе Яна Хрысціцеля.

Бацька. Хто «яны»?..

Сын. Ну, настаўнікі рэлігіі і святары, і чытанні ў касцёле, і наогул. Ян стаіць каля ракі Ярдан, прапаведуе і хрысціць усіх. Хрысціць нават Езуса.

Бацька. Я нешта пачынаю разумець, пачынаю разумець — гэта той, са шнуркамі на абутку.

Сын. Як?

Бацька. Ян паказвае на Езуса і кажа: «Пасля мяне прыйдзе Той, хто сапраўдны, — так пры­кладна, — а я нават не годны развязаць Яму шнуркоў на абутку...» Вось як далей гучыць дакладны тэкст, я ўжо не ведаю.

Сын. Тата, ты супер, Ян сапраўды казаў гэта, я акурат праверыў па кнізе, прагледзеў усе чатыры Евангеллі. А перад гэтым ён кажа пра роўную дарогу.

Бацька. Ага.

Сын. Яны хочуць выведаць у яго, хто ён такі, уласна кажучы, і Ян нагадвае ім пра старажытнага прарока, пра Ісаю, пра тое, як ён калісьці прадказваў, і кажа: «Я голас, які кліча ў пустыні. Раўняйце дарогі Пану!»

Бацька. Ну вось, ты ўсё ведаеш, Марцін.

Сын. Так, але што гэта значыць для сям’і? Для нас? Для цябе, і для мамы, і для Бэрбель, і для мяне?

Бацька. Раўняйце дарогі... гэта?

Сын.  Так...

Бацька. Тады трэба даведацца дакладней, што сказаў гэты старажытны прарок і каму, і ў якой сітуацыі... Толькі тады ты зможаш разважаць пра тое, што гэтыя словы азначаюць сёння для сям’і... Калі я правільна зразумеў.

Сын. Не для нейкай сям’і. Для нашай сям’і.

Бацька. Але гэта датычыла б нашага прыватнага жыцця, гэта я лічу не зусім... гм...

Сын. Ведаеш, Манашка заўсёды хоча, каб мы не балбаталі пра агульныя рэчы, а разважалі пра тое, што кожны з нас асабіста можа зрабіць.

(Бацька мармыча нешта неразборлівае).

Сын. Я ўжо знайшоў, што канкрэтна кажа старажытны Ісая. Людзі, яго народ, юдэі, знаходзяцца ў бабілёнскім палоне і хочуць вярнуцца дадому, у Ерузалем. Яны ў глыбокай роспачы і смутку, і тады прыходзіць прарок, суцяшае іх і кажа: «Збаўленне блізка. Бог ужо ідзе вам на дапамогу. Але вы таксама павінны нешта зрабіць, раўняйце сцежкі Яму».

Бацька. Як там дакладна сказана пра дарогу?

Сын. Я прачытаю табе. «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І з’явіцца слава Пана, і адначасова ўбачыць яе кожнае цела».

Бацька. Марцін, гэта ж ясна, што меў на ўвазе прарок: калі людзі хочуць хутка і паспяхова дасягнуць мэты, то будуюць дарогу, а для гэтага якраз трэба выраўняць мясцовасць, паскопваць пагоркі, пазасыпаць даліны. Чым раўнейшая і прасцейшая дарога, тым лягчэй ісці наперад, ці не так?

Сын. Так. Але цяпер для нашай сям’і...

Бацька. Калі перанесці гэта сёння на сям’ю, гэта азначае... э-э... што паміж людзьмі ёсць пэўныя... пэўныя цяжкасці ў паразуменні, якія стаяць паміж імі, нібыта гара, і яны нават не бачаць адзін аднаго, ці... што паміж людзьмі ёсць прорвы, праз якія трэба пабудаваць масты, — кажуць жа: узводзіць масты, масты ад чалавека да чалавека...

Сын. Значыць, калі цяпер мама даглядае хворую цётку Штэфі і кожны дзень носіць ёй ежу, хоць цётка Штэфі раней заўсёды казала, што мама дрэнна гатуе і дрэнна нас выхоўвае, а мама казала, што цётка Штэфі — старая карга... то цяпер ёсць мост ад чалавека да чалавека, засыпаная даліна?

Бацька. Так, ты спакойна можаш згадаць гэта ў якасці прыкладу для свайго задання. Наконт канкрэтных дэталяў звяртайся да мамы, яна разбіраецца ў гэтым нашмат лепш за мяне. І, безумоўна, больш ведае — мае больш практычных магчымасцяў, каб працаваць у групе.

Сын. Але, шчыра кажучы, цяпер мне прасцей папрацаваць з табою. Ці не возьмеш ты ў мамы інтэрв’ю, са мною яна, на жаль, цяпер добра не пагаворыць.

Бацька. Нешта здарылася?

Сын. Ну, не зусім «здарылася». Але яна страшна нервавалася з-за таго, што рабілася ў маім пакоі. «Гэта проста сметнік!», — крычала яна. Гэта было перад тым, як яна паехала да цёткі Штэфі, каля паловы пятай. Ты ж ведаеш, яна заўсёды нервуецца перад ад’ездам, бо не хоча спазняцца і прымушаць цётку Штэфі чакаць. Тады кожная дробязь раз’юшвае яе.

Бацька. Дык што, у тваім пакоі зусім не было смецця?

Сын. Я проста стараўся хутчэй змайстраваць свой паруснік. Таму ўсё, што ляжала на стале, пераклаў на канапу і дастаў з паліцы інструменты. Але спярша, каб дабрацца да іх, мне давялося зняць цэлы рад кніг. А іх я зваліў на падлогу... Таму, зразумела, што мама магла палічыць гэта за беспарадак. А я ўжо арыентаваўся, што дзе ляжыць.

Бацька. Хм-м.

Сын. На жаль, на стале яшчэ заставалася кропля клею, бо цюбік быў дрэнна закручаны, а такое мама бачыць адразу.

Бацька. Сын мой, гэтая кропля клею была, так сказаць, пагоркам на вашай дарозе, і без таго не надта роўнай...

Сын. Ну, так... а ўсё, што пазбіралася на кушэтцы, было ўжо, хутчэй, гарою...

Бацька. Каб выраўняць дарогу і захаваць мір у сям’і, ты павінен больш сачыць за парадкам, прынамсі з любові да мамы.

Сын. Да таго ж вызвалілася б месца для другой паліцы, паміж шафаю і дзвярыма...

Бацька. Так-так! Трэба падумаць...

Сын. Для таго, каб разабраць сметнік...

Бацька. З паліцай жа мы справімся, ты і я?

Сын. Слухай, тата, зараз мы ўсё вымераем...

Сцэна 2

(Чуецца грукат малатка і гул свярдзёлка.)

Бацька. Цяпер прасвідруй дзіркі для шурупаў.

Сын. Гэта будзе суперпаліца.

Бацька. Хм-м.

Сын. Бэрбель ужо пачынае мне зайдросціць. «Ты заўсёды ўсіхны суперлюбімчык, пястун», — нешта такое яна мне сёння сіпела. Яна лічыць, што гэта несправядліва. «Звычайна дочкі — любімі­цы бацькі, а сыны — любімчыкі маці, але ў нас інакш», — кажа яна. Заўсёды ўсе аддаюць перавагу мне, а да яе нікому няма справы.

Бацька. Але ж як яна можа такое гаварыць! Мы любім вас абоіх.

Сын. Так, але ёй кінулася ў вочы тое, што мы з табою больш размаўляем адзін з адным.

Бацька. З Бэрбель цяжка размаўляць, яна ж заўсёды ў навушніках.

Сын. Яна кажа, што вымушана іх насоўваць, каб не чуць нашых бясконцых прыдзіркаў.

Бацька. У Бэрбель цяпер самы цяжкі ўзрост.

Сын. Я ведаю; у Карла ёсць сястра, якой таксама трынаццаць. Бэрбель кажа, што Карлава сястра прынамсі прыгожая, і ёй лягчэй вытрымліваць жыццё, а сама яна такая брыдкая.

Бацька. Брыдкая? Ты што, Марцін, Бэрбель жа насамрэч выключна шыкоўная дзяўчына!

Сын. Я ж не кажу, што яна брыдкая. Яна сама так кажа. Яна не падабаецца сама сабе, абсалютна не падабаецца. Я казаў ёй: «Ты з глузду з’ехала? Ты ж выглядаеш цалкам нармальна». Тады яна раззлавалася на мяне і буркнула: «Дзякуй за спагад­лівыя словы...» — як быццам я сказаў гэта толькі дзеля суцяшэння. Можа, ты калі-небудзь пахваліў бы яе...

Бацька. Баюся, што ў гэтым узросце хочацца атрымліваць пахвалы не ад сям’і, а ад іншых лю­дзей. Сваім блізкім не верыш.

Сын. Але яна насамрэч не такая ўжо і невыносная. У маім класе ёсць значна брыдчэйшыя. Хірнбаўэр Фрэдзі, ведаеш, што ходзіць са мною на секцыю па плаванні, яму цяпер семнаццаць, ён заўсёды пытаецца, чаму Бэрбель не прыходзіць на трэніроўкі. «Шкада, што яна не прыйдзе, яна класная дзяўчына», — кажа ён заўсёды. Вось чаму я нават аднойчы штурхнуў яго так, што ён з’ехаў у ваду.

Бацька. Бэрбель ведае пра гэта?

Сын.  Не, адкуль?

Бацька. Ну, ты можаш калі-небудзь так, між іншым, згадаць пра гэта...

Сын. Калі ты лічыш, што гэта яе суцешыць...

Бацька. Калі я пазнаёміўся з вашай мамай, ёй было семнаццаць і яна была такая няшчасная з-за сваіх густых вяснушак. А яны ж мне неверагодна падабаліся!

Сын. Добра, паміж мамай і табой няма ніякіх далінаў.

Бацька. Што? Я не разумею...

Сын. Ну, каб іх засыпаць. Для больш роўнай дарогі. Ці гор, каб іх зраўняць.

Бацька. Ах, ты ўсё яшчэ думаеш пра сваё заданне.

Сын. Было б нядрэнна, калі б я мог напісаць што-небудзь і пра бацькоў, так, наогул.

Бацька. Ведаеш, Марцін, вось што я табе скажу: дарога не можа быць настолькі роўнай, каб яе немагчыма было зрабіць яшчэ раўнейшай. Заўсёды бываюць камяні, на якія можна спатыкнуцца. Маленькія камяні, якіх спачатку зусім не заўважаеш.

Сын. Прывядзі які-небудзь прыклад.

Бацька. Прыклад... цяпер мне нічога не прыходзіць у галаву.

Сын. А мне, магчыма, згадаўся адзін... Ну, напрыклад, тое, што ты ніколі не знаходзіш у тваёй шуфлядзе патрэбных шкарпэткаў, і мама заўсёды павінна ўсё табе шукаць...

Бацька (мармыча неразборліва). Падай мне іншы свярдзёлак, калі ласка, вунь той.

Сын. Ці тое, што мама крыўдзіцца, бо нам ніколі не прыходзіць у галаву думка самім прыгатаваць вячэру, калі яна ў цёткі Штэфі...

Бацька. Як гэта? Чаго яна крыўдзіцца?

Сын. Гэта яна яшчэ ўчора сказала Бэрбель. Мы не паварушым і пальцам, сказала яна, а яна вяртаецца ад цёткі Штэфі стомленая і вымушана адразу бегчы на кухню, бо нам не прыйшла думка, каб аднойчы самім...

Бацька. Так, трэба толькі ўсё разумна размеркаваць. Калі ты нешта купіш, а Бэрбель хуценька што-небудзь прыгатуе... каўбаскі ці яечню яна ж сасмажыць. Скажы, каб яна зараз жа што-небудзь прыгатавала на вячэру!

Сын. Бэрбель цяпер на курсах па француз­скай мове.

Бацька (раззлавана). У гэтай сям’і заўсёды ўсё ві­сіць на мне, дзе вы такое бачылі! Паліцы, заданні па рэлігіі, а цяпер яшчэ я павінен штосьці гатаваць...

Сын. Але ж я магу табе дапамагчы...

Бацька. Ці ёсць у доме бульба? А супавыя кубікі? Тады, можа, зробім хуткі лясны суп — ведаеш, у доміках для лыжнікаў гэта заўсёды было маёй кароннай стравай, мой лясны суп хвалілі ўсе.

Сын. Дык ты ўмееш гатаваць?

Бацька. Тое-сёе... Пры пільнай патрэбе... гм...

Сын. Вось здзівіўся б старажытны Ісая.

Бацька. З чаго?

Сын. З таго, што мы запаўняем даліну лясным супам...

Бацька. Ты са сваім Ісаем ужо паціху пачынаеш мяне раздражняць.

Сын. Не, тата, я, сапраўды, рады, што мы з табою знайшлі некалькі практычных прыкладаў вы­проствання дарогі...

Бацька. Хм-м.

Сын. Толькі... адзінае не дае мне спакою... сам бы я не справіўся. Ты павінен быў дапамагчы мне.

Бацька. Ну і што? Хоць я, праўда, не вельмі моцны ў рэлігіі, але я магу ўявіць, што твой старажытны Ісая ці Ян на рацэ Ярдан адказалі б на гэта: кожнаму чалавеку хтосьці павінен дапамагаць. Ніхто не будуе роўную дарогу адзін, саматужна. Я мяркую, што хутчэй так: з адного боку будуем мы, а з другога боку будуе Бог.

Сын. Гэта мне падабаецца. Я дапішу гэтыя словы. Роўную дарогу людзі будуюць не адны. Бог дапамагае ім у гэтым...

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.