РАЗМЕРКАВАННЕ
РОЛЯЎ
— Найбольшая цяжкасць для
нас, — кажа Ханэс, — гэта ўмелае і справядлівае размеркаванне роляў. Калі мы яе
пераадолеем, тады нічога кепскага ўжо не здарыцца. Пад размеркаваннем роляў я
маю на ўвазе не толькі тое, хто грае анёла-пасланца і пастухоў, але і тое, хто
шые касцюмы, рыхтуе дэкарацыі і піша музыку. І хто робіць запрашэнні на свята, і
хто чаруе над каваю і пірагамі.
— Самыя лепшыя касцюмы, — кажа Карл, —
шые маці Сабіны.
Спачатку Сабіна адчувае сябе ўсцешанай.
А потым яна палохаецца. Няўжо дзеці чакаюць, што яе маці возьмецца шыць усе
святочныя касцюмы?
— Я высветлю, — кажа Сабіна.
— Добра, з гэтым мы разабраліся, —
лічыць Сузі. — Музыку павінен напісаць мой стрыечны брат Готфрыд, але для
развучвання нам спатрэбіцца якое-небудзь памяшканне. У нас дома не атрымаецца.
Школа ў выхадныя дні зачынена.
— Сабініна кватэра знаходзіца ў цэнтры,
— кажа Ханэс. — Там мы зможам сустракацца з любой нагоды.
Сабіна і на гэты раз абяцае паспрыяць.
— Ну, некалькі накідак для пастухоў
вопратак я яшчэ змагу пашыць, — смела кажа Сабініна маці.
— Ага... — мармыча Сабіна. — Толькі,
акрамя пастухоў і анёла-пасланца, у нас ёсць іншыя ролі: гаспадары і госці,
прадаўцы газетаў, кіроўцы аўтобусаў, дыктары тэлебачання, прадавачкі ў
супермаркеце сярод усёй каляднай мітусні...
— Як гэта? — пытае маці.
— Мы самі прыдумалі ў класе гэтую
п’есу, — кажа Сабіна. — Анёл-пасланец павінен аб’явіць вестку пра Божае
Нараджэнне і шукае людзей, якія слухаюць яго ва ўсе часы. Мы разважылі так:
анёл не адносіцца да некага пэўнага часу. Ён — па-за часам, і таму зноў можа
апынуцца сярод самых бедных, бездапаможных, сярод пастухоў. І не трэба ўяўляць
пастухоў рамантычнымі і прыгожа
апранутымі, мама. Пастухоў тады прымалі за апошніх людзей. Без ніякіх правоў.
Але менавіта яны слухаюць анёла і вераць яму. Вось гэта мы хочам сыграць. Такім
чынам, тут вельмі шмат сцэнаў і касцюмаў.
— Ага, — кажа маці. — Але ж вы
разумееце, што ў такім выпадку наша хатняя гаспадарка на працягу наступных трох
тыдняў будзе вельмі занядбаная.
— Да яе час ад часу мог бы падключацца
і тата, — прапанавала Сабіна. — Рабіць пакупкі, гатаваць гарбату і іншае.
— Магчыма, — бурчыць бацька.
За наступныя тры тыдні Сабініна маці
праявіла вялікі арганізатарскі талент. Пасля працы ў канторы яна шые касцюмы
для чатырнаццаці актораў. З такімі дробязямі, як капелюшы, паясы і крылы
анёлаў, яна даручае спраўляцца бацьку. Маці дае і практычныя парады мастакам,
якія рыхтуюць дэкарацыі, і тыя ахвотна прыслухоўваюцца да яе. Бацька тым часам
вышуквае ў склепе прыдатныя шарніры, дошкі і стрыжні для заслоны. Не забываецца
маці і пра музыкантаў, шчодра рассыпаючы для іх пахвалы і заахвочваючы бацьку
запісаць песні на касеты, каб кожны мог папрактыкавацца ў сваёй партыі
самастойна. Бацька хуценька, перад самым закрыццём крамы, купляе касеты, а
пасля запісвае мелодыі для кожнага музыканта. Усе школьныя Сабініны таварышы
згодныя: няма больш цэнтральнай кватэры за гэтую, акрамя таго, яна нашмат
утульнейшая, чым школа. Сабіна бярэ прыклад са сваёй маці: хваліць усіх і
кожнага паасобку, падбадзёрвае, частуе бутэрбродамі, якія зрабіў бацька, і
гарбатаю, якую заварыў таксама бацька. У перапынках яна развучвае ролю
пастушкі.
— Сабіна непаўторная, а Сабініна маці
дык наогул... найвышэйшы клас, — кажа Ханэс Карлу.
Вечарамі рэпетыцыі часам зацягваюцца
дапазна, і звычайна гэта парушае спакой суседзяў. Бацька спрабуе дамовіцца з
імі і просіць іх зразумець сітуацыю. Затым ён бярэцца гатаваць гуляш з бульбаю
для ўсёй каманды. Прыкра толькі тое, што не ўсе настаўнікі ў школе ставяцца да
гэтага з разуменнем. Хоць кожны з іх ведае, што ўвесь клас старанна рыхтуецца
да свята, настаўніца па біялогіі патрабуе ад Сабіны рэферат пра абмен рэчываў у
жывёлаў падчас зімовай спячкі, а на занятках па ангельскай мове аб’яўлена, што
будзе тэст. Праўда, Сабіна можа спіхнуць рэферат на бацьку, але ж ангельскія
словы яна павінна вучыць сама. Для ўсіх гэта вельмі напружаны час. На шчасце,
бацька ўмее і прасаваць. Таму разгладжвае
адзенне для анёла і фартухі для гаспадароў. Маці цяпер штовечар валіцца з ног
ад стомы. У яе больш не хапае цярпення выслухоўваць па тэлефоне бабулю і цётку
Штэфі, калі тыя хочуць расказаць ёй пра далейшы ход падзей у тэлесерыяле.
Тэлефонныя абавязкі бацьку таксама давялося ўзяць на сябе. Калі маці і Сабіна
кладуцца спаць, ён ціха мые посуд на кухні і збірае на стол сняданак.Таму што
падчас стрэсавай сітуацыі асаблівае значэнне маюць дзве рэчы: каб сям’я
трымалася разам і каб кожны меў час на сняданак.
— Ці ўяўляеце вы, як я буду радавацца
таму дню, калі наша адвэнтавая п’еса будзе выканана? — пытае маці.
На свята прыходзяць не толькі вучні,
бацькі і настаўнікі, але і жыхары суседняга Дома для састарэлых. «Яшчэ ніколі,
— кажуць пенсіянеры ў час вялікага перапынку, — касцюмы не былі зроблены так
прыгожа, як гэтым разам. Толькі п’еса крыху незвычайная, асучасненая, бо што
гэта было б, калі б Божы пасланец так проста заходзіў у аўтобус ці на
тэлестудыю і аб’вяшчаў: „Бог паслаў вам свайго Сына! Ідзіце і шукайце Яго!“»
Дырэктар, жадаючы падзякаваць усім
удзельнікам, кожнага з іх — актора, асвятляльніка, музыканта — частуе
зоркаю-пернікам. Апошні пернік у выглядзе зоркі яна дорыць Сабінінай маці.
— У мяне няма слоў, няма слоў! —
ускліквае дырэктар. — Колькі ўсяго Вы зрабілі за апошнія тыдні! Ханэс расказаў
мне пра тое-сёе. Вы ахвяравалі сябе дзеля нашых дзяцей і былі душою ўсяго! Гэты
маленькі пернік можа быць толькі малюсенькім знакам маёй удзячнасці...
Сабініна маці радуецца.
Дырэктар звяртаецца да Сабінінага
бацькі:
— А Ваша Сабіна, бадай што, удалася
цалкам
у маці, так? Тое, што я чую ад яе школьных сяброў... Вас як бацьку гэта павінна
радаваць. Такая бойкая, захапляльная, пазітыўна настроеная дзяўчынка... Апошнія
тыдні, напэўна, прынеслі вельмі шмат турботаў вашай сям’і, праўда? Жонка і
дачка цэлымі днямі вельмі занятыя. Для Вас як главы сям’і гэта, напэўна,
таксама было нялёгка... Спадзяюся, Вы на нас не крыўдуеце? Ёсць бацькі, якія ў
такіх сітуацыях адчуваюць сябе зусім на мяжы...
—
Са мною гэтага не здарылася, — кажа з усмешкаю бацька. — Час ад часу я трохі
дапамагаў...