ЖАБРАК ХВІЛІНАЎ
На кірмашы, што раскінуўся
на беразе Тыбра, Маркус украў цыбуліну і кавалак мяса. Але гандляры, разгружаючы
свае тачанкі, не заўважылі гэтага. Маркус быў самым нахабным і спрытным
маленькім жабраком у Рыме.
У шостым стагоддзі ад Нараджэння
Хрыстовага ў Рыме было вельмі шмат жабракоў. Яны сядзелі на касцёльных
прыступках, перад варотамі крытых кірмашоў, на абломках разбураных старажытных
храмаў. Яны ўчынялі бязлітасныя бойкі за лепшыя месцы. Бо Рым у той час не быў
багатым, асляпляльным горадам. Рым быў бедным горадам, агорнутым страхам і
поўным галодных бежанцаў, якія ўцяклі на поўдзень ад лангабардаў.* Штодзёная нястача
зрабіла ўсіх раздражнёнымі
і жорсткімі. Ужо самыя маленькія хлопчыкі-жабракі пераймалі ад бацькоў усе
іхнія прыёмы. Маркус, напрыклад, мог прыкінуцца сляпым, спаралізаваным ці
скалечаным, — якім заўгодна. У той халодны, ветраны снежаньскі дзень ён
прачнуўся яшчэ зацемна, каб заняць сваё месца ў крытай галерэі базылікі святога
Клеменса. Ён ведаў: жанчыны, якія будуць ісці на ранішнюю Імшу, паспачуваюць
маленькаму галоднаму хлопчыку-жабраку.
Яшчэ бегучы па прыступках у бок
калонаў, Маркус убачыў, што яго месца занятае. Нейкі незнаёмы сівавалосы жабрак
сядзеў, прыхіліўшыся спінаю да калоны. Маркус стаў перад ім, шырока расставіўшы
ногі.
— Ты сядзіш на маім месцы! Гэта
паскудства! Першая калона ад уваходу — мая! Сыдзі адсюль, а то я скажу свайму
верхаводзе, ён паб’е цябе і прагоніць!
Стары ўзняў вочы, аблічча ў яго было
ветлівае.
— Я не ведаў, што сяджу на тваім месцы,
хлопча!
— Уставай! — закрычаў Маркус.
— Я не магу, — сказаў стары. — Я
спаралізаваны.
— Я ведаю гэты прыём! — адказаў Маркус.
Тады стары жабрак адкінуў убок плед, у
які былі захутаныя яго ногі. Маркус скалануўся. Ногі старога былі худыя і
слабыя, як у дзіцяці, толькі калені тырчалі з лахманоў, быццам велічэзныя
вузлы. Маркус нахіліўся і зноў накрыў пледам гэтыя бедныя ногі.
— Калі прыйдзе верхавода, вы можаце
падсунуць мяне крыху далей, — сказаў стары. — Я не хачу забіраць тваё месца,
хлопча.
— З якой ты банды?
— Ні з якой, — сказаў стары.
Маркус не хацеў даваць гэтаму веры.
— Ні з якой? Ого! А хто цябе абараняе,
і каму ты аддаеш частку прыбытку?
— Калі я знаходжу кагосьці, хто не
назбіраў нічога, я дзялюся з ім, — сказаў стары чалавек.
Маркус утаропіўся ў яго. «Вар’ят ці
махляр!» — падумаў ён.
— Дзяліцца? Проста так?
Стары ўсміхнуўся.
— Я стары чалавек і мне няшмат трэба.
— А хто цябе сюды прынёс?
— Мой сусед. Ён вельмі зычлівы да мяне.
Ён прывёз мяне на тачанцы. Звычайна я сяджу ўнізе, на мосце, але пад голым
небам мне стала занадта холадна. — Стары чалавек правёў рукою па пледзе. —
Гэты плед падарыў мне таксама сусед.
— Гэта гунька, пакрывала для коней, — сказаў
Маркус. — Ад яго пахне коньмі...
«Добры, моцны плед, — падумаў ён. — І
такі вялікі, яго хопіць на дваіх. І пахне хлявом і цёплаю жывёлаю».
Ён паглядзеў на плед, што ахутваў
старога і яшчэ звісаў з прыступак. Маркус нясмела апусціўся побач са старым,
на край пледа.
— Ведаеш што? — сказаў Маркус. — Ты
даеш мне палову свайго прыбытку за дзень, а я дазваляю табе сядзець тут, на
маім месцы... Гэта добрае месца, убачыш. Я сёння буду прыкідвацца сляпым, а ты
будзеш маім спаралізаваным дзядулем. Добра? — Ён захіхікаў. — Галодны, сляпы
хлопчык, якому трэба клапаціцца пра свайго спаралізаванага дзядулю, — гэта
гучыць жаласліва.
— Я рады, што ты дазваляеш мне сядзець
тут, — сказаў стары чалавек. Маркус разглядваў яго. У старога на шыі была
завязана хустка, але рукі заставаліся голымі. Знямелымі пальцамі ён сціскаў
клунак.
— Мне здаецца, што ты навічок, — сказаў
Маркус. — З навічкамі я працую не вельмі ахвотна. Яны псуюць усю справу. — Ён
паказаў на клунак. — Схавай гэта. Ты не павінен паказваць, што ўзяў з сабой
нешта з ежы. Інакш ніхто табе нічога не дасць.
— Хлопчык мой, — сказаў стары, і ў яго
голасе пачулася нешта іншае — цёплае, шчаслівае. — Хлопчык мой, у маім клунку
няма ежы. Гэта нешта каштоўнае. Хочаш паглядзець?
Ён развязаў клунак і дастаў з яго
вялікую старую кнігу. Маркус пакруціў галавою:
— Толькі кніга...
— Не нейкая там кніга! — прашаптаў
стары. — Гэта Святое Пісанне!
— Ты хочаш яе прадаць? — запытаў
Маркус.
— Не, мой хлопчык. Прадаць — ніколі.
Маркус хутка разважаў.
— Але ты мог бы яе прадаць. Кнігі
дарагія.
Я ведаю аднаго чалавека, які, можа, купіў бы яе
ў цябе. Калі ты паабяцаеш мне трэцюю частку пакупной цаны...
— Дзіця! — усклікнуў стары. — Я шмат
гадоў збіраў грошы, каб купіць гэтую кнігу.
«Вар’ят, — думаў Маркус. — Не махляр.
Але моцна звар’яцелы. Каб збіраць на кнігу...» Потым яму ў галаву прыйшла
думка. Ён свіснуў скрозь зубы і паважліва запытаўся:
— Можа... пачытаеш з яе людзям?
Сапраўды пабожным голасам. Гэта быў бы новы прыём! Ці... ці, можа, ты ўмееш
нават рабіць прадказанні са Святога Пісання!
— Я не ўмею чытаць, — сказаў стары. — У
дзяцінстве мяне ніхто не вучыў. Адразу давялося ісці працаваць. Потым я
захварэў, і мой гаспадар не мог мяне болей трымаць. І выгнаў. Я мог бы плесці
кошыкі, вось, і цыноўкі. Але хто возьме старога, хворага чалавека... Цяпер у
мяне ёсць час, каб навучыцца чытаць. Я нават спрабаваў гэта зрабіць, але мая
галава занадта старая і дурная... Ты ўмееш чытаць?
— Не вельмі добра, — сказаў Маркус. —
Толькі крыху, каб чытаць лістоўкі ці аб’явы пра пошукі злачынцаў, ці адозвы.
— Мой дарагі хлопчык, але ты хоць крыху
можаш... Бог мой, якое шчасце. — Дрыжачымі рукамі стары гартаў сваю кнігу. —
Дзіця маё, будзь ласкавы, прачытай мне — хоць некалькі радкоў...
— Ты вар’ят, — сказаў Маркус гучна,
потым крыху цішэй дадаў:
— Сляпы хлопчык не можа чытаць. Не
забывайся, што я сёння сляпы.
Ён выцягнуў шматок чорнай тканіны і
перавязаў ёю сваё левае вока. На правае ён наклеіў «струп», які зрабіў з гліны
і некалькіх кропель курынай крыві.
— Але з-пад павязкі я магу выглядваць,
— сказаў ён. — Паслухай, зараз прыйдуць астатнія: гарбаты Сімон, старая Джулія.
А вунь ідзе кульгавая Паўліна са сваім дзіцём. Мне зусім не трэба глядзець. Я
пазнаю іх усіх па кроках.
Жабракі прашмыгнулі міма калонаў, як
шэрыя цені ў бледным святле раніцы. Яны прыселі на кукішкі, цесна прыціснуўшыся
адно да аднаго і расціраючы свае халодныя твары. Паўліна зазірнула ў касцёл.
— Яны ўжо запальваюць свечкі, —
прамармытала яна. — Зараз пачнецца.
Перад Маркусам яна спынілася.
— Хто гэта каля цябе? — Яе голас быў
прарэзлівы, быццам вецер на вуліцах.
— Мой дзядуля, — сказаў Маркус. — А
калі ты маеш нешта супраць, я раскажу верхаводзе, што ты ўчора аддала яму
замала.
— Гэта няпраўда, ты, шэльма малая! —
закрычала Паўліна. Дзіця, якое было ў яе на руках, прачнулася і захныкала.
— Праўда ці не, — сказаў Маркус, —
прынамсі, я магу паклясціся ў гэтым усімі апосталамі
і мучанікамі...
— Ды супакойся ты, нягоднік, —
прабурчала Паўліна і села побач з Маркусам. — Вунь ужо людзі ідуць у касцёл.
Добра, што ёсць пабожныя людзі. Плач, Марыо, золатка маё.
Яна ўшчыкнула дзіця так, што яно
зараўло,
і сама пачала плакаць і галасіць:
— Ласкавы, добры пане, падайце беднай
маці штосьці для яе дзіцёнка... Паглядзіце на гэтага беднага малога чарвячка...
Злітуйцеся!
Да яе далучыліся іншыя жабракі. Маркус
заглушыў усіх сваім звонкім дзіцячым голасам:
— Дзеля Хрыста, будзьце літасцівай,
добрая пані! Я бедны сляпы хлопчык, мне трэба клапаціцца пра свайго
спаралізаванага дзядулю... Дзякую, дарагі пане!
Парафіяне раздавалі манеты і хлеб, і
галасы жабракоў прыціхлі, нібы вялізная хваля, што зноў адхлынула ад марскога
берага. Толькі голас старога мужчыны можна было яшчэ пачуць. Ён не падвываў, ён
не крычаў, а вельмі спакойна прасіў тых, хто праходзіў міма:
— Адну хвіліну! Дарагі пане, падарыце
мне толькі адну хвіліну!
Яны праходзілі міма, не гледзячы на
яго.
Маркус з-пад чорнай павязкі глядзеў на
медную манету ў сваёй руцэ:
— Дзень пачаўся някепска. Гэй, стары,
як цябе завуць? Мне ж трэба ведаць, як завуць майго дзядулю?
— Сэрвулюс. А цябе, мой хлопчык?
— Маркус. Паслухай, Сэрвулюс, я назіраў
за тым, як ты прасіў людзей. Ты паводзіш сябе, як няўпэўнены навічок. Табе
трэба выцягнуць рукі! І крычаць мацней! Табе трэба стагнаць і галасіць! Там,
каля твайго мосту, можа, было інакш, там у цябе былі свае пастаянныя кліенты.
Але тут... Яны цябе не бачаць. Яны зважаюць на цябе толькі тады, калі ты
равеш... Давай, вось зноў нехта ідзе!
Сэрвулюс крыху выпрастаўся. Ён
паглядзеў у бок парафіяніна і ўзвысіў голас:
— Крыху часу, мой пане! Падарыце мне
крыху Вашага часу! Тры хвіліны, пане!... Хвілінку! Вось, з гэтай кнігі...
прачытайце некалькі радкоў, пане, бо, пане, я не ўмею чытаць...
Чалавек, які ішоў у касцёл, спыніўся.
Ці ўзяў ён кнігу? Не, ён насупіў бровы:
— Чытаць... тут, у ранішнім прыцемку,
на холадзе! Дзядуля, у мяне няма на гэта часу. — Ён нахіліўся і паклаў старому
ў руку некалькі манетаў. Адчуўшы пах гунькі, ён насцярожліва прынюхаўся і
схаваў твар у сваім футравым каўняры. Ён хутка перасёк галерэю з калонамі і
ўвайшоў у касцёл.
Маркус паглядзеў на манеты:
— На тваім месцы я быў бы задаволены,
стары Сэрвулюс...
Сэрвулюс прыціснуў кнігу да грудзей.
— Ах, мой хлопчык... калі б у
каго-небудзь быў час, каб пачытаць мне. Бачыш тую пані, вунь там...
— Яна прыходзіць штодзень, — прашаптаў
Маркус. — На яе можна спадзявацца!
І ён ужо пачаў крычаць:
— Я галодны сляпы хлопчык, мне трэба
клапаціцца пра свайго спаралізаванага дзядулю!
Жанчына ўсміхнулася хлопчыку-жабраку,
і Маркус ледзь стрымаўся, каб не ўсміхнуцца ў адказ: ён жа быў сляпы. Хлопчык
толькі працягнуў руку. Жанчына паклала ў яе лустачку хлеба
з сырам.
— Вось, мой бедны хлопчык, а гэтая
манета для твайго дзядулі, я ж ведаю, што тут заўсёды сядзяць бедныя людзі!
Сэрвулюс прыўзняў кнігу. Яго рукі
дрыжэлі.
— Дарагая пані, ці можна папрасіць
Вас... тут... некалькі радкоў?
— Прачытаць? — сказала жанчына. —
Цяпер?
Яна вагалася.
— Але ж тады я прапушчу пачатак святой
Імшы.
Яшчэ невялічкае ваганне.
— Не, я сапраўды не магу.
Хуткімі маленькімі крокамі яна
дробненька пайшла да ўваходу.
Маркус пачуў, як стары ўздыхнуў.
— Ну, не журыся. Лягчэй выпрасіць трохі
хлеба і грошай, чым пару нікчэмных хвілін, так? Але табе далі паесці. Гэта
самае галоўнае.
— Не, маё беднае дзіця, — сказаў
Сэрвулюс. — Гэта не самае галоўнае. Прынамсі для мяне гэта не самае галоўнае.
Два, тры кавалкі для галоднага страўніка, каб не памерці з голаду, заўсёды
можна атрымаць. Але калі сэрца пустое — гэта самае горшае. З таго часу, як я
ўведаў гісторыі, напісаныя
ў гэтай кнізе, я зноў і зноў хачу пачуць іх. Я прагну гэтага. Гэта як голад,
Маркус, як голад.
«Вар’ят, — думаў Маркус. — Вар’ят,
вар’ят».
Але стары жабрак казаў далей, дыханне
маленькімі воблачкамі ўзнімалася ад яго вуснаў:
— Ты думаеш, што я вар’ят, мой хлопчык?
Не. Мяне толькі перапаўняе гарачае жаданне. Я чакаю. Я так прагну паслухаць іх,
што мне баліць сэрца. Чалавек жыве не толькі жменькаю ежы. Чалавек жыве тым,
чаго ён прагне. Няўжо ў цябе няма нічога, чаго б ты вельмі моцна жадаў, акрамя
ежы?
Маркус маўчаў. Калі ён прачынаўся
ўранку, ён быў галодны. Калі ён вечарам клаўся спаць, ён быў галодны. Калі ён
сядзеў і прасіў каля касцёла, ён бачыў, як міма праплывалі тоўстыя жываты
багатых людзей. Ён углядаўся ў гэтыя тоўстыя жываты, і нянавісць закіпала ў ім.
Ён уяўляў, як адбірае ў багацеяў іх поўныя міскі. Ён уяўляў, як пракрадваецца
з гэтымі поўнымі міскамі ў свой ціхі куток, сядае там і есць, зусім адзін,
есць, есць і есць.
— Я нічога не прагну, — злосна сказаў
Маркус.
— Бедны хлопчык, — прашаптаў Сэрвулюс.
— Толькі цяпер я бачу, які я шчаслівы!
— Шчаслівы? — Маркус засмяяўся, і Паўлініна
дзіця зноў захныкала.
Ён не звярнуў на гэта ўвагі.
— Шчаслівы? Ды паглядзі, які ты
змарнелы. Амаль шкілет, Сэрвулюс. Калі застанецца гэткая ж халадэча або яшчэ
больш пахаладае, ты зусім замерзнеш пад сваёй гунькай. Я дык магу схавацца, дзе
заўгодна.
Стары настойваў на сваёй думцы.
— Трэба да чагосьці імкнуцца, чагосьці
жадаць, Маркус. Ты не хочаш нічога, акрамя ежы?
— Га, жадаць! — Маркус гаварыў ціха, бо
ў прысутнасці кульгавай Паўліны ён не хацеў расказваць пра сябе. — Таго, чаго
жадаеш, усё роўна не атрымліваеш. Часам... але ты будзеш смяяцца
з мяне, Сэрвулюс!
Сэрвулюс сціснуў сваю кнігу.
— Не, я не буду з цябе смяяцца. Скажы,
мой хлопчык, мне ты можаш даверыцца.
Маркус крыху бліжэй падсунуўся да
старога:
— Часам мне хочацца, каб ад маёй ежы
нешта засталося. Жменька чагосьці або добрая костка... ці прынамсі некалькі
скарынак хлеба. Тады я спусціўся б да тых халупаў, што стаяць на руінах за цыркам.
Там бадзяюцца сабакі, якія нікому не патрэбныя. Яны ўжо зусім здзічэлі. Як
ваўкі. Галодныя і худыя, з ускалмачанай поўсцю. Я завабіў бы аднаго такога
сабаку сваёю косткаю. А потым назіраў бы за ім, як ён есць і радуецца. І, можа,
ён зрабіўся б даверлівым і дазволіў бы мне яго пагладзіць... Але я яшчэ ніколі
не меў столькі, каб нешта засталося... Сэрвулюс, вунь зноў нехта ідзе... Адну
мізэрную манетку для беднага сляпога хлопчыка!
Зноў хорам завылі жабракі. Сэрвулюс
выцягнуў уверх сваю кнігу.
— Мой пане, ці ёсць у Вас для мяне
крыху часу? Пане, ці ўмееце вы чытаць?
Мужчына ў цёмным салдацкім шынялі
спыніўся перад Сэрвулюсам:
— Я ўмею чытаць. А што?
— Тады я ўсім сэрцам прашу Вас, пачытайце
мне крыху з гэтай кнігі!
Мужчына ўзяў кнігу, пазнаў Святое
Пісанне, пагартаў і спытаў:
— Што ж ты жадаеш паслухаць?
— Я якраз разгарнуў на гэтым месцы, —
сказаў Сэрвулюс. — Там, дзе тырчыць маленькая чырвоная стужачка. Гэта калядная
гісторыя, дарагі пане.
Салдат адкашляўся, жабракі прыціхлі.
Здзіўлена глядзелі яны на старога жабрака, які падрыхтаваўся слухаць.
Здавалася, што Сэрвулюс прыслухоўваўся ўсімі порамі свайго цела.
І салдат пачаў чытаць: «Сталася ў тыя
дні: Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс
быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў
свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад
Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй,
заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць
Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо
не было ім месца ў заездзе».
— Не было месца! — закрычаў Сэрвулюс і
моцна схапіў Маркуса за плячо, так што хлопчык спужаўся. — Не было ім месца ў
заездзе! «Ідзіце адсюль, — сказалі яны Марыі і Юзафу. — Вы не бачыце, што ўсё
занята?» А Яна ж чакала Дзіцятка Езуса і, можа, Яна баялася. Многія жанчыны
баяцца нараджаць, праўда, пане?
— Не ведаю, — сказаў салдат.
— Вы думаеце, калі б людзі ведалі,
што павінен нарадзіцца Дзіцятка Езус, Збавіцель, Адкупіцель свету — калі б яны
гэта ведалі, то тады б знайшлося месца ў заездзе? — спытаў Сэрвулюс.
Салдат паціснуў плячыма:
— Пазней яны даведаліся, хто Ён, і
прыбілі Яго цвікамі да крыжа, — сказаў салдат і вярнуў старому жабраку кнігу.
— Гэта таямніца, вялікая таямніца, —
шаптаў Сэрвулюс. — Дзякуй Вам за тое, што Вы мне пачыталі.
Салдат махнуў рукою на развітанне,
потым пайшоў цераз плошчу перад базылікай і знік у адной з бакавых вуліц.
Маркус прыслухоўваўся да яго аддаленых крокаў.
— Дзіўна, згадзіўся пачытаць менавіта
той, на якога я не спадзяваўся б, — неразборліва прамовіў ён, запіхваючы сабе ў
рот хлеб і сыр.
Сэрвулюс пагладзіў кнігу, быццам яна
была жывая:
— У яслях, ты можаш гэта ўявіць? Сярод
жывёлаў... маленькага Сына Божага.
— Я б ахвотна жыў сярод жывёлаў, —
сказаў Маркус.
— Але ж Немаўля! Ці бачыў ты немаўля?
Якое яно маленькае і бездапаможнае? Зусім-зусім безабароннае! І такім Сын Божы
прыйшоў да людзей, без ззяння і велічы.
— Сэрвулюс, дзядуля, не хвалюйся! —
сказаў Маркус і адкусіў кавалак скарынкі. — Ты вельмі ўсхваляваны. Нібыта чуеш
гэтую гісторыю ўпершыню.
— Кожны раз я яе слухаю так, быццам чую
першы раз, — сказаў Сэрвулюс. — Быццам гэта здарылася толькі цяпер... цяпер...
так незвычайна, так цудоўна, так дзіўна. З велічы Нябёсаў... такой велічы, што
нам і не даўмецца... уніз, у наш мізэрны свет, у хлеў. А потым пастухі... гэта
напісана пазней, тое, як анёлы абудзілі пастухоў! Вось бы яшчэ хто-небудзь
прыйшоў і змог мне пачытаць... А потым тры святыя Каралі з Усходу... Як цудоўна
яны крочаць за зоркаю! Проста ідуць за зоркаю, бо спадзяюцца знайсці Езуса.
Маркус, уяві толькі...
— Уяўляю... — прамармытаў Маркус.
— Мудрыя Каралі пакідаюць свае краіны,
свае замкі і гарадскія ўмацаванні і ідуць праз пустыні, праз глухмень. І
давяраюць толькі зорцы і сваёй надзеі — гэта таксама таямніца, якую мне
хацелася б зразумець...
Маркус паклаў руку старому на плячо:
— Ц-с-с, дай мне паслухаць.
Ён прыслухаўся, потым баязліва сказаў:
— Сэрвулюс, я чую крокі верхаводы.
— Каго? — спытаў Сэрвулюс.
— Верхаводы нашай банды, ён робіць
абход, каб праверыць, ці ўсе яго людзі на месцы.
Сэрвулюс агледзеўся:
— Хлопчык мой, адкуль ён ідзе... можа,
ён умее чытаць?
— О, ды сціхні ж ты, — прашаптаў
Маркус. — Я сам з ім пагавару і паспрабую выгарадзіць нас.
Цяпер Сэрвулюс таксама пачуў блізкія
ўжо крокі, а паміж імі раздаваўся нейкі металічны гук, быццам палкаю з жалезным
наканечнікам стукалі па бруку. У маленькай групе жабракоў усталявалася
маўчанне. Моўчкі сустрэлі яны гэтага чалавека, якога вельмі баяліся.
Верхавода ішоў проста да Сэрвулюса.
— Ты хто?
— Ён пытаецца ў цябе, Сэрвулюс... —
прашаптаў Маркус.
— Бедны чалавек, — сказаў Сэрвулюс і
працягнуў верхаводзе кнігу. — Ласкавы пане, ці ўмееце вы чытаць?
— Маркус, — сказаў верхавода. — Хто
гэты стары побач з табою?
— Ён жабрак, але просіць не грошай... —
адказаў Маркус. — Ён нічога не забярэ ў нашых людзей.
— Так. А чаго ж ён просіць?
— Ты ж чуеш, — сказаў Маркус і
ўхмыльнуўся. — Ён просіць хвіліны!
— Падарыце мне крыху свайго часу, пане!
— пачаў маліць Сэрвулюс. — Прачытайце мне некалькі радкоў з гэтай кнігі, добры
Бог адплаціць Вам за гэта!
Верхавода нахіліўся да Маркуса і груба
штурхануў яго:
— Вар’ят, які займае лепшае месца...
Хлопча, чаму ты не паведаміў мне пра гэта?
Маркус спрабаваў выкруціцца:
— Я думаў, што ты згодзішся на гэта.
Бедны спаралізаваны дзядуля, пра якога павінен клапаціцца бедны маленькі
хлопчык, — такое заваблівае людзей, верхавода. Вечарам ты ўбачыш.
Верхавода адпусціў Маркуса:
— Калі не... хлопча, тады ты ведаеш,
што цябе чакае.
Маркус выглянуў з-пад чорнай павязкі.
Імгненна ён зноў памужнеў. Бо ўбачыў, што па плошчы крочылі мужчыны з
гарадской аховы.
— Ціха, верхавода, — прамармытаў ён. —
Гарадская ахова.
— Дзе?
— У цябе за спінаю. Яны ідуць проста да
нас.
Верхавода ўзяў кнігу, якую Сэрвулюс усё
яшчэ працягваў яму.
— Вось, дарагі пане, прачытайце мне,
калі ласка, гэтае месца!
Верхавода пачаў чытаць — паспешліва і
супраць волі:
— «У той ваколіцы былі на полі пастухі,
якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана
асвяціла іх. І сказаў ім анёл...» Глядзіце... гм, не, ён сказаў: «Не бойцеся, я
абвяшчаю вам вялікую радасць. Бо нарадзіўся вам сёння Збаўца...» Маркус! Ці
прамінула ўжо ахова?
— Кіраўнік стаіць за сем крокаў ад цябе
і слухае... — сказаў Маркус.
— Ага, тады далей: «І раптам з’явілася
з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на
Вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі...» Ён усё яшчэ глядзіць
сюды?
— Так, — сказаў Маркус. — Цяпер,
верхавода, увайдзі ў касцёл і праз бакавы ўваход ля сакрыстыі — у завулак
Канатчыкаў.
Потым ён моцна закрычаў:
— Дзякуй Вам, вялікі, высакародны пане,
збаў, Божа добрага пана!
Сэрвулюс узняў свае спакойныя вочы і
зірнуў на мужчыну:
— Вы прачыталі мне самае цудоўнае
месца, пане!
— Стары дурань, — сыкнуў верхавода і
кінуў кнігу Сэрвулюсу на калені. — Гора табе, калі раніцай я зноў цябе тут
знайду. Гэта наш участак.
Ён заспяшаўся ў касцёл. Маркус
усміхнуўся. Гарадская ахова пайшла далей.
— Чаго так баіцца ваш верхавода? —
спытаў Сэрвулюс.
— Яны шукаюць яго, — сказаў Маркус. —
Вулічныя бойкі паміж бандамі жабракоў, крадзеж, забойства падчас бойкі,
абрабаванне карабля з зернем. Верхаводы — вялікія паны, і мы мусім
падпарадкоўвацца ім. Толькі салдатаў гарадской аховы яны баяцца. Але часам яны
падкупляюць і іх.
— Ён пагражаў табе, — прашаптаў Сэрвулюс.
— І я ў гэтым вінаваты...
— Ён кожнаму пагражае, — сказаў Маркус.
— Але ён прачытаў мне...
Маркус засмяяўся:
— Ды з якой лютасцю ён чытаў! Вось дык
паскакаў дразда, ха! Варта было гарадской ахове наблізіцца ў патрэбны момант —
і ён вымушаны чытаць пабожныя гісторыі!
Маркус зарагатаў на ўсё горла, і іншыя
жабракі таксама засмяяліся разам з ім.
— Але, Маркус, словы ўсё роўна гучалі
прыгожа! — сказаў Сэрвулюс. — Прыгожа, нягледзячы на ягоную лютасць. Гэта не
сапсавала іх хараства. Спакой людзям добрай волі на зямлі. Спакой людзям. Бог
любіць людзей, Маркус, гэта самая вялікая таямніца...
— Але ж і думкі ў цябе, старэча! Для
мяне гэта няўцямна, — сказаў Маркус і падсунуўся на гуньцы крыху бліжэй да
старога. — Халадае, Сэрвулюс! Глядзі, снег пайшоў!
Вецер гнаў вялікія камякі снегу над плошчаю
перад базылікай. Хутка ўсе вуліцы пакрыліся беллю. У гэты снежаньскі дзень
сыпала вельмі моцна, незвычайна моцна для Рыма. Снег укрываў спустошаныя сады
памерлых імператараў, разбураныя храмы, трыумфальныя аркі і помнікі перамогі.
Ён зацярушыў фігуры старажытных багоў і статуі святых. Снег паглынуў увесь
гарадскі шум: скрыгатанне калёсаў, крык аслоў, лясканне бізуноў. У гэты
снежаньскі дзень ў Рыме было вельмі ціха.
Жабракі адзін за адным пакідалі свае
месцы ў крытай галерэі базылікі святога Клеменса. Яны згортвалі свае пакрывалы,
лічылі назбіраныя манеты, засоўвалі апошні кавалак хлеба ў рот і знікалі ў
вузкіх завулках, ціха і непрыкметна.
— Сэрвулюс, але ж ты і ўпарты, — сказаў
Маркус. — Хіба ты не заўважаеш, што мы адны тут засталіся? Сёння больш няма на
каго спадзявацца. — Ён зняў са сваіх вачэй чорную павязку і фальшывы струп. —
Канец працоўнага дня.
— А вячэрняя Імша, — сказаў Сэрвулюс.
— Пад вечар ты будзеш сядзець у
вялізным снежным сумёце, Сэрвулюс, калі застанешся тут тырчаць. Я схаджу да
твайго суседа і папрашу, каб ён забраў цябе.
— Яго цяпер не будзе дома, — сказаў
Сэрвулюс. — Але гэта нічога, мой хлопчык, мне зусім не холадна. Наадварот,
Маркус. У мяне цудоўнае адчуванне цеплыні.
Маркус скакаў паміж калонамі і лупцаваў
сябе кулакамі.
— Цудоўная адчуванне цеплыні — гэта ўжо
небяспечна, Сэрвулюс! Кажуць, што перад замярзаннем чалавеку становіцца вельмі
цёпла. Табе трэба варушыць рукамі, глядзі, вось так! О, мае пальцы на нагах
зусім ператварыліся ў ледзяшы! Мне трэба скакаць... скакаць...
Сэрвулюс шчыльней захінуўся ў гуньку.
— Маркус, ідзі дадому. Вазьмі гэтыя
манеты, што я назбіраў, і рыбу таксама, і сыр і хлеб.
Маркус спыніўся і ўтаропіўся ў старога.
— Не, — сказаў ён.
— Гэта табе ўзнагарода за тое, што ты
дазволіў мне сядзець тут!
— Я не хачу гэтай узнагароды, —
закрычаў Маркус.
Сэрвулюс усміхнуўся:
— Я не галодны, дзіця маё. Ты можаш
спакойна ўсё забраць.
Маркус падышоў на крок бліжэй.
— Добра. Палову...
— Не, бяры ўсё, — сказаў Сэрвулюс. —
Паласуйся. А калі наясіся, і калі ў цябе штосьці застанецца...
— Сэрвулюс, — прашаптаў маленькі
хлопчык-жабрак.
— Рыбныя галовы ён, безумоўна, любіць,
той дзікі сабака з ускалмачанай поўсцю. А заўтра... — сказаў Сэрвулюс, — заўтра
раніцай раскажаш мне, ці ўдалося яго пагладзіць.
Маркус больш не глядзеў на старога
жабрака. Ён глядзеў на рыбу, глядзеў на хлеб. Ён прыціснуў гэтыя кавалкі да
сябе і цяжка дыхаў ад хвалявання, ён загарнуў рыбу, хлеб і сыр у чорную хустку.
А потым ускочыў і стрымгалоў панёсся па ціхім заснежаным горадзе. Стары жабрак
застаўся сядзець каля сваёй калоны. Ён чакаў і чакаў... «Калі б я мог чытаць,
—думаў Сэрвулюс. — Ці хаця б запамінаць гэтыя гісторыі. Старая дурная галава!»
Ён пачаў прагаворваць сам сабе, па
памяці, хвалебную песню Марыі: «Благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Вялікае ўчыніў мне Усемагутны. Імя Яго святое. Скінуў магутных з тронаў і
ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў. Багатых ні з чым адправіў....»
Ён уздрыгнуў. Можа, ён заснуў? Яму
нельга засынаць.
Але ён быў вельмі стомлены. Да вячэрняй
Імшы было яшчэ доўга. Яму захацелася крыху паспаць пад гунькай. Гунька
сагравала яго.
Яму было вельмі цёпла і добра.
Крокі?
Ён падняў галаву, вельмі павольна.
Да яго падыходзіць жанчына?
— Ласкавая пані, — пачуў ён свой голас
— Падарыце мне крыху свайго часу.
Яна была ўжо зусім блізка...
«Прачытайце хоць некалькі радкоў,
добрая пані. Будзьце так ласкавы. Вы ж умееце чытаць?»
«А Вы, пане, ці ўмееце Вы чытаць?
Дарагі пане, ці маглі б Вы пачытаць? Калядную гісторыю, вялікі дзякуй».
«Расказаць?.. Так, ласкавая пані, калі
Вы хочаце лепш расказаць яе мне? Вы так добра ведаеце гэтую гісторыю? Вы
таксама, пане?»
«Так, заезд быў ужо заняты. Да апошняга
месца. Не так холадна, як сёння.
У хляве... у хляве было цёпла».
«Я загарнула свайго Сына ў пялюшкі і
паклала ў яслі».
«Я так хацеў бы паглядзець на Яго, на
Вашае Дзіцятка. Я сумую па Вашым Дзіцятку».
«Я адвяду цябе да Яго, Сэрвулюс».
«О, так, калі ласка, калі гэта
магчыма... калі Вы хочаце адвесці мяне туды... Але я спаралізаваны».
«Уставай, Сэрвулюс».
«Устаць, я... Але я паспрабую. О, так,
атрымліваецца. Атрымліваецца, вельмі лёгка!»
* * *
Калі Маркус наступнай раніцай прыйшоў
да касцёла, месца каля першай калоны было пустое. Каля другой калоны сядзела
Паўліна, трымаючы на каленях сваё дзіця.
— Паўліна, гэй, Паўліна! — закрычаў
Маркус. — Ты што-небудзь чула пра Сэрвулюса?
— Пра старога вар’ята з ягонай кніжкай?
— спытала Паўліна. — Ён больш не прыйдзе. Па яго яшчэ ўчора вечарам прыйшоў
сусед. Але было ўжо занадта позна. Стары больш не захацеў прачнуцца.
— Ён не прачнуўся? — спытаў Маркус.
— Ён замерз, калі табе так больш зразумела,
— сказала Паўліна.
Маркус саслізнуў уніз па калоне,
згорбіўся
і закрыў твар рукамі.
— Маркус? Гэй, Маркус, дуронік, наш брат
не плача!
— Ён не быў вар’ятам, — прашаптаў
Маркус. — Вар’ят жа нікога не разумее. А ён мяне разумеў.
І гісторыю з сабакам... яе ён таксама зразумеў.
— З сабакам? З якім сабакам? — спытала
Паўліна.
— Ах, я ўчора пад вечар знайшоў сабаку.
І ён нават даўся пагладзіць сябе. Я так хацеў расказаць пра гэта Сэрвулюсу.
—
Ты таксама поўны вар’ят, — прамармытала Паўліна. І захістала галавою, калі
маленькі хлопчык-жабрак узняўся і адчыніў дзверы ў касцёл.