Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

АНТОНІО А.БАРЭЛЛІ:
ФАЦІМСКАЯ ВЕСТКА: ТРАГЕДЫЯ ЦІ НАДЗЕЯ?

Прадмова: СЛОВЫ МАЦІ БОЖАЙ ПРА РАСІЮ

Невялікая па памерах кніга, якую мы з радасцю прадстаўляем вам, расказвае пра аб'яўленні Найсвяцейшай Маці Божай траім партугальскім дзецям у Фаціме з мая па кастрычнік 1917 года.

Праўдзівасць гэтых аб'яўленняў пацвярджаецца надзвычайным цудам - «танцам сонца», - што адбылося на вачах у пяцідзесяцітысячнага натоўпу людзей, які сабраўся на месцы аб'яўленняў Прачыстай Панны 13 кастрычніка.

Звяртаючыся да нас, Яна гаварыла і з усім светам. Люцыі, Жасінце і Францішку Маці Божая загадала данесці да ўсяго чалавецтва вестку аб Яе глыбокай журбе, якая выклікана грэшнасцю і распустаю людзей. Калі людзі не зменяцца, сказала Найсвяцейшая Панна, то прыйдзе надзвычайнае пакаранне, якое прывядзе да знікнення многіх народаў.

Як мы ўбачым, асаблівую ўвагу Маці Божая надала Расіі. З Яе весткі вынікае, што пакарання, якое грозіць, можна пазбегнуць, калі людзі навернуцца да Бога, а Расія будзе прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі і будзе ўведзена перапрашальная Камунія ў першыя суботы на працягу пяці месяцаў.

Пакланенне Маці Божай Фацімскай хутка распаўсюдзілася ў Партугаліі і па ўсім Захадзе. У Фаціме была пабудавана вялікая святыня, якой Святая Сталіца надала годнасць сабору. Сотні тысяч людзей - свецкія, святары, біскупы з усяго свету штогод наведваюць яе падчас паломніцтва ў Фаціму. Тут пабывалі і два Рымскія Першасвятары.

Усё, што стала вядома пра гэтыя аб'яўленні ў каталіцкім свеце, прыцягнула вялікую ўвагу да іх і па-за яго межамі. Гаворачы гэта, мы маем на ўвазе перш за ўсё Расію, якая сёння нібы прачынаецца і для свабоды, і для рэлігійнага жыцця.

Пра фацімскія аб'яўленні напісана мноства кніг - і папулярных, і багаслоўскіх. Наша кніга належыць пяру вядомага бразільскага аўтара Антоніо А.Барэллі. Яна вылучаецца дакладным і ясным раскрыццём тэмы.

Гэтая публікацыя, адметная сваёю аб'ектыўнасцю і ўнутранай перакананасцю, на Захадзе перавыдавалася 84 разы на сямі мовах агульным накладам 1 мільён трыццаць тысяч экзэмпляраў. Сам аўтар разам са сваімі шматлікімі чытачамі заўсёды хацеў, каб яго кніга трапіла ў Расію, якая заслужыла асаблівае ўпамінанне Маці Божай.

Рускае выданне твора звернута найперш да каталіцкага чытача, але таксама і да хрысціянаў іншых веравызнанняў. Так, у праваслаўных колах шанаванне Найсвяцейшай Маці Божай па-ранейшаму прыносіць плады, поўныя цудадзейнай сілы і запавету. Дзіўным чынам гэтае ўшанаванне праяўляе сябе моваю іконы; мы маем на ўвазе, скажам, вядомую ікону «Знамение», якая паказвае Найсвяцейшую Дзеву ў часе малітвы са Словам Божым у Яе сэрцы (гл. энцыкліку Яна Паўла ІІ Euntes in Mundum, прысвечаную тысячагоддзю хрышчэння Русі).

* * *

Расія з яе неацэнным культурным мінулым прадвызначана Провідам Божым быць паяднальным звяном паміж Захадам і Усходам. Народ гэтай краіны, нягледзячы на ўсе перыпетыі яе гісторыі, у сваёй калектыўнай памяці захоўвае бязмерную скарбніцу веры і паданняў. Адзін з яе вялікіх гарадоў носіць імя святога Пятра і, па задумцы яго заснавальніка, павінен служыць «акном у Еўропу». Але асаблівы подых гэтай старажытнай культуры адчуваецца ў Маскве, чыя гісторыя неаддзельна ад гісторыі ўсяе Расіі.

Увесь свет, аднак, праходзіць сёння перыяд бязладнасці і хаосу. Не абышоў такі лёс і Расію, дзе людзі асабліва пакутуюць ад мноства беспарадкаў і бязладдзя. Найсвяцейшая Панна ў Фаціме, скіраваўшы Свой Мацярынскі позірк на ўвесь свет, асаблівым чынам адзначыла Расію, прадказаўшы яе навяртанне пасля мноства цяжкіх пакаранняў і выпрабаванняў, якія закрануць усё чалавецтва.

Каб, па магчымасці, пазбегнуць іх, наблізіўшы трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі, нам трэба выкарыстоўваць сродкі, указаныя Ёю Самою: ушаноўванне Найсвяцейшага Сэрца Маці Божай, малітву, пакаянне, выкананне запаведзяў Божых. Такім чынам можна будзе не толькі знайсці вырашэнне тых альбо іншых праблемаў гэтай велізарнай краіны, але разам з духоўным абнаўленнем Расіі наладзіць у рэшце рэшт і яе гістарычны лёс.

* * *

Магчыма, гэтыя развагі ў кагосьці могуць выклікаць скептычныя альбо пагардлівыя думкі. Няверуючыя альбо малаверуючыя могуць пасмяяцца з таго, што падасца ім настолькі немудрагелістым, калі не інфантыльным спрошчваннем сённяшніх расійскіх праблемаў. Шукаць іх вырашэнне ў няхітрай вестцы, прынесенай у свет траімі непісьменнымі вясковымі дзецьмі, - хіба гэта не бязглуздзіца?

Так, сённяшні свет такі заблытаны і складаны, што праблемы яго не могуць вырашыцца толькі звыклымі сродкамі. Але паспрабуем паглядзець на іх з іншай перспектывы - той, якая адкрываецца хрысціянскай веры. Пра гэта гаварыў яшчэ благаславёны Аўгустын, апісваючы Град Божы, г.зн. сапраўды хрысціянскае грамадства. «Уявіце сабе, - піша ён, - армію, створаную з воінаў, прыбраных у вучэнне Езуса Хрыста, правіцеляў, мужоў, жонак, бацькоў, дзяцей, настаўнікаў, слуг, цароў, падаткаплацельшчыкаў і зборшчыкаў падаткаў, якія жывуць адпаведна хрысціянскаму вучэнню! І паспрабуйце (паганцы) яшчэ сказаць, што гэтае вучэнне процілеглае інтарэсам дзяржавы. Наадварот, гэтае вучэнне служыць сапраўдным выратаваннем для дзяржавы, калі людзі яго поўнасцю наследуюць» (Epist.138 al.5 ad Marcellinum, гл.2, №15).

З іншага боку, хацелася б спытаць, ці існуе такая палітычная, грамадская альбо эканамічная школа, якая, поўнасцю адмовіўшыся ад рэлігійнай асновы і цалкам адхіліўшы тыя прынцыпы, на якіх грунтуецца апісаны благаславёным Аўгустынам Град Божы, магла б пазбегнуць канчатковага развалу грамадства, што дайшло да канца па шляху нявер'я і карупцыі?

Мы спадзяемся, што, звязаўшы такім чынам вестку Фацімы з самымі актуальнымі праблемамі Расіі і ўсяго свету, мы зможам лепш зразумець тое, што адкрыецца на наступных старонках.

Уводзіны: ФАЦІМСКАЕ АБ'ЯЎЛЕННЕ

Кнігі, прысвечаныя падзеям у Фаціме, уяўляюць сабою апісанне аб'яўленняў і размоваў Найсвяцейшай Маці Божай з візіянерамі ва ўсім іх гістарычным кантэксце. Яны апавядаюць і пра тое, як аднесліся да аб'яўленняў мясцовыя жыхары, і пра апытанні візіянераў і сведкаў, і пра цудоўнае аздараўленне, і пра незвычайныя навяртанні, і пра мноства іншых павучальных фактаў, што датычаць саміх дзяцей, якім аб'яўлялася Маці Божая, і духоўнага іх развіцця, а таксама пра ўсе іншыя падзеі, звязаныя з гэтым.

Аднак ёсць нямала чытачоў, што адчуваюць патрэбу ў тэксце, які б дазволіў ім глыбей зразумець сутнасць гэтых з'яваў. Яны хацелі б перш за ўсё зразумець тую вестку, якую Маці Божая прыйшла абвясціць людзям, і больш поўна адказаць на яе патрабаванні.

Імкнучыся задаволіць такое натуральнае жаданне, мы склалі гэты аповед, які ўключае ў сябе толькі тое, што адбылося паміж Найсвяцейшай Маці Божай, Анёлам Партугаліі і дзецьмі-візіянерамі. Таму ў нашым аповедзе ўсе іншыя абставіны, якія дадаюць нейкія новыя фарбы альбо дэталі, што расквечваюць фацімскую гісторыю, былі адсунуты ўбок, а ўвага сканцэнтравана на галоўным.

Да расказу пра аб'яўленні Анёла ў 1916 годзе і Найсвяцейшай Маці Божай у 1917 годзе далучаны асаблівыя аб'яўленні, якія былі дадзены таму ці іншаму з фацімскіх візіянераў, асабліва сястры Люцыі. Паколькі яны складаюць важнае дапаўненне да аб'яўленняў у Кова да Ірыі, іх нельга прапусціць.

* * *

Пры першай рэдакцыі гэтай працы мы абапіраліся ў асноўным на дзве вельмі вядомыя работы, якія рэкамендуем чытачам, што жадаюць ведаць поўную гісторыю Фацімы. Першая, якая называецца «Our Lady of Fatima», належыць амерыканскаму каталіцкаму пісьменніку Уільяму Томасу Уолшу, аўтар другое - а.Жано дэ Маршы, называецца яна «Era uma Senhora mais brilhante que o sol...» («Жанчына, ахінутая сонцам...»).

Айцец дэ Маршы правёў тры гады ў Фаціме, апытваючы асноўных сведкаў падзей і ўважліва супастаўляючы іх сведчанні. Ён не адзін раз гутарыў з сястрой Люцыяй і меў магчымасць звярацца з яе рукапісамі, пра якія будзе ісці гаворка крыху пазней.

Уільям Томас Уолш адправіўся ў Партугалію ў 1946 годзе, каб сабраць усе факты і ўбачыцца на месцы з людзьмі. Ён гутарыў з сястрою Люцыяй і ў сваёй кнізе зыходзіў, у прыватнасці, з чатырох памятных Нататкаў, якія яна напісала.

Работы айца дэ Маршы і Уолша заслугоўваюць асаблівага даверу і ў асноўным адпавядаюць адна адной. Аднак дзеля большай упэўненасці мы супаставім іх з іншымі аўтарамі, якія дадаюць некаторыя факты і праліваюць дадатковае святло на некаторыя дэталі. Яны цытуюцца ў адпаведных месцах нашай кнігі.

Тым не менш мы не маглі атрымаць непасрэдны доступ да найбольш аўтарытэтнай крыніцы, якую, несумненна, уяўляюць сабою рукапісы сястры Люцыі. Да гэтага часу яны застаюцца нявыдадзенымі, за выключэннем некаторых асобных фрагментаў, адноўленых аўтарамі, якія мелі магчымасць вывучаць іх.

З нагоды паўвекавой гадавіны аб'яўленняў у 1967 годзе, калі выйшла першае выданне нашай працы, мы звярнуліся з заклікам, - які быў, зразумела, і заклікам усіх каталіцкіх душ, - здзейсніць поўнае выданне гэтых каштоўных рукапісаў для навучання ўсіх тых, хто прысвяціў сябе Маці Божай Фацімскай.

Мы з радасцю паведамляем, што гэтыя заклікі нарэшце шчасліва рэалізаваліся. У 1973 годзе «Нататкі і Лісты сястры Люцыі» былі апублікаваны айцом езуітам Антоніо Марыя Марцінсам (гл.бібліяграфію). Гэта даволі дакладнае выданне аднаўляе факсіміле рукапісаў сястры Люцыі, якія размешчаны ў трох калонках, дзе аднаму і таму ж надрукаванаму тэксту адпавядаюць французскі і ангельскі пераклады.

Тым не менш мы хацелі б выказаць пажаданне, каб у будучым было зроблена поўнае крытычнае выданне, у якім, акрамя Нататкаў і Лістоў, змяшчаліся б сведчанні, атрыманыя ў выніку апытанняў самой сястры Люцыі1, розныя моманты кананічнага працэсу2 і ўся яе карэспандэнцыя, якую можна знайсці3. Значэнне ўсяго таго, што датычыць Фацімы, павінна безумоўна апраўдаць такое пахвальнае намаганне.

* * *

Рознае паданне падзей, апісанае сястрой Люцыяй, звычайна пазначаецца ў Нататках пад лічбамі I, II, III, IV.

Першае з іх, напісанае ў звычайным школьным сшытку, уяўляе сабою збор асабістых перажыванняў, якія павінны служыць для біяграфіі Жасінты. 12 верасня 1935 года пры эксгумацыі цела маленькай фацімскай візіянеркі, якая памерла ў 1920 годзе, было канстатавана, што яе твар заставаўся некранутым тленам. Біскуп Лейрыі, монсеньёр Жозэ Алвеш Каррэйя да Сільва, даслаў сястры Люцыі фотаздымак, зроблены з гэтай нагоды. Яна ж у падзячным пісьме прыпомніла аб дабрадзейнасцях свае дваюраднае сястры. Тады пралат распарадзіўся, каб сястра Люцыя напісала ўсё, што яна ведае пра жыццё Жасінты. Такім чынам з'явіўся першы рукапіс, які быў завершаны прыблізна на Божае Нараджэнне 1935 года.

У красавіку 1937 года а.Айрэш да Фонсека звярнуў увагу біскупа Лейрыі на тое, што першы расказ сястры Люцыі наводзіць на думку пра існаванне іншых важных фактаў, якія датычаць аб'яўленняў і якія застаюцца невядомымі. Сястра Люцыя, паводле новага распараджэння монсеньёра Каррэйя да Сільва, у перыяд з 7 да 21 лістапада таго ж года напісала гісторыю свайго жыцця. У гэтай другой працы яна таксама, хоць і даволі сцісла, гаворыць пра аб'яўленні Найсвяцейшай Маці Божай і ўпершыню публічна расказвае пра аб'яўленні Анёла. Да гэтага часу па многіх прычынах ёй даводзілася маўчаць на гэта; з аднаго боку, гэта была парада пробашча д'Аліваля, абата Фаустыно Жозэ Жасінто Ферэйры, якому яна расказвала пра аб'яўленні, і гэта парада была пацверджана падобнымі рэкамендацыямі біскупа Лейрыі; з другога боку, крытыка і насмешкі, выкліканыя расказам пра першыя аб'яўленні Анёла вясной і летам 1916 года, гэтаксама, як і суровыя папрокі яе маці, прымусілі яе да вялікай стрыманасці і асцярожнасці. Зрэшты, калі чытаеш Нататкі сястры Люцыі, заўсёды здзіўляешся яе вялікаму нежаданню гаварыць пра сябе, а, значыць, і пра ўсё тое, што датычыць аб'яўленняў.

У 1941 годзе біскуп Лейрыі прапанаваў візіянерцы напісаць усё, што яна яшчэ магла ўспомніць аб жыцці яе кузіны, маючы на ўвазе новае выданне кнігі пра Жасінту, якое хацеў здзейсніць канонік Галамба дэ Алівейра. «Гэты загад, - піша сястра Люцыя, - закрануў маю душу да самай глыбіні, нібы прамень святла, абвясціўшы мне пра тое, што настаў час адкрыць дзве першыя часткі Таямніцы» (гл.»Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.444). Такім чынам, сястра Люцыя пачынае свой трэці рукапіс расказам пра вядомыя ўжо сёння часткі Фацімскай Таямніцы. Затым яна апісвае ўражанне, якое яны зрабілі на душу Жасінты. Расказ датаваны 31 жніўня 1941 года.

Здзіўлены гэтым адкрыццём, канонік Галамба дэ Алівейра прыходзіць да высновы, што сястра Люцыя не ўсё сказала ў папярэдніх дакументах, і таму звяртаецца з просьбаю да біскупа Лейрыі аб тым, каб той загадаў сястры Люцыі напісаць поўную гісторыю Фацімскіх аб'яўленняў: «Загадайце ёй, монсеньёр, (...) напісаць УСЁ, абсалютна УСЁ, бо ёй давядзецца зрабіць нямала кругоў у чысцы за тое, што яна пра многае маўчала». Сястра Люцыя, просячы прабачэння, спаслалася на тое, што яна заўсёды дзейнічала толькі, зыходзячы з паслухмянасці. Канонік Галамба хадайнічаў перад біскупам, каб той загадаў ёй «сказаць УСЁ, УСЁ, нічога не ўтойваючы» (відаць, мелася на ўвазе трэцяя частка Таямніцы). Біскуп у гэты момант вырашыў не браць на сябе ніякіх абавязацельстваў: «Такога я не загадваў. У тое, што датычыць таямніцаў, я не хачу ўмешвацца». Ён абмежаваўся тым, што прапанаваў с.Люцыі скласці поўны расказ пра аб'яўленні (гл.Нататкі IV, с.314, 316 - гэта падкрэслівае сама сястра Люцыя). Потым быў напісаны чацвёрты рукапіс, датаваны 8 снежня 1941 года. Упершыню сястра Люцыя выклала тут гісторыю аб'яўленняў у сістэматычнай і ўпарадкаванай форме, заявіўшы, што не прапусціла нічога з таго, што захавалася ў яе памяці, акрамя, зразумела, трэцяй часткі Таямніцы, якую яна яшчэ не атрымала загаду раскрыць (гл.Нататкі IV, с.352).

* * *

У першым варыянце гэтай працы мы імкнуліся аднавіць з найбольшаю дакладнасцю ход аб'яўленняў, абапіраючыся на асноўныя бібліяграфічныя крыніцы, якія ў нас меліся. На жаль, мы канстатавалі разыходжанні нават паміж самымі надзейнымі аўтарамі. Калі быў апублікаваны рукапіс сястры Люцыі, многія сумненні зніклі. Аднак іншыя засталіся. Было б дарэчы звярнуцца за тлумачэннем да самой візіянеркі, якая яшчэ жыла, каб яна па магчымасці магла праліць якое-небудзь святло на іх.

Каб задаволіць жаданне чытачоў, заклапочаных максімальнай аўтэнтычнасцю зместу Фацімскіх пасланняў, мы прагледзелі першае выданне гэтай работы, супаставіўшы яго з рукапісамі сястры Люцыі, якія з таго часу былі апублікаваны. Мы крыху выправілі пунктуацыю і некаторыя рэдакцыйныя недакладнасці. Што ж датычыць іншага, то расказ аб гутарках тэкстуальна аднаўляе словы візіянеркі. Зрэшты, трэба адзначыць, што нічога істотнага не было зменена ў параўнанні з папярэднім выданнем, паколькі аўтары, на якіх мы абапіраліся, таксама не адыходзілі ад арыгінальнага тэксту.

Прапаноўваючы чытачам гэтую публікацыю, мы імкнемся, каб вестка Маці Божай Фацімскай усё больш і больш станавілася прадметам вывучэння, пераймання і любові.

Глава І: АБ'ЯЎЛЕННІ АНЁЛА ПАРТУГАЛІІ

Перад аб'яўленнем Найсвяцейшай Маці Божай Люцыя, Францішак і Жасінта - Люцыя дэ Жэсус душ Сантуш і яе сваякі Францішак і Жасінта Марто, з вёскі Алжустрэл, якая ўваходзіла ў Фацімскую парафію, мелі тры візіі Анёла Партугаліі, названага таксама Анёлам Спакою.

Першае аб'яўленне Анёла

Першае аб'яўленне Анёла адбылося вясной 1916 года перад гротам на ўзгорку Кабеса, непадалёк ад Алжустрэла і, як расказвала сястра Люцыя, адбылося гэта так:

- Мы гулялі, калі раптам моцны вецер зашумеў у галінах дрэў і прымусіў нас узняць вочы. Нам было цікава, што здарылася, таму што дзень быў вельмі пагодны. І тут мы заўважылі непадалёк святло, якое лілося крыху на ўсход і было бялейшае за снег. Святло мела абрысы юнака. Яго выява была празрыстая і свяцілася ярчэй, чым крышталь у промнях сонца.
Па меры таго, як ён набліжаўся да нас, мы маглі разглядзець яго постаць. Гэта быў 14-15-гадовы юнак. Ён быў незвычайна прыгожы. Надзвычай здзіўленыя, амаль зачараваныя, мы не маглі прамовіць ні слова.
Наблізіўшыся да нас, ён сказаў:
«Не бойцеся. Я - Анёл Спакою. Маліцеся са мною».

Стаўшы на калені, ён схіліўся, дакрануўшыся чалом да зямлі. У нейкім звышнатуральным памкненні мы зрабілі тое ж самае і паўтарылі словы, якія ён прамовіў:
«Божа мой, веру, пакланяюся, давяраю і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння за тых, хто не верыць, не пакланяецца, не давярае і хто не любіць Цябе».
Тройчы прамовіўшы гэта, ён падняўся і сказаў:
«Маліцеся гэтак. Сэрцы Езуса і Марыі пачуюць голас вашых малітваў».
Потым ён знік.

Надзвычайны стан, у якім мы знаходзіліся, быў настолькі моцны, што на доўгі час мы забылі пра ўласнае існаванне: заставаліся ў той жа позе, у якой ён нас пакінуў, увесь час паўтараючы тую ж малітву. Прысутнасць Божая была настолькі захапляльнай і блізкай, што мы не асмельваліся вымавіць нават слова. На наступны дзень душы нашы знаходзіліся ў тым жа дзівосным стане, які потым доўга не пакідаў нас.
Ніхто з нас нават і не думаў гаварыць аб гэтай з'яве ці раскрываць яе сакрэт. З'ява была настолькі асабістая, што пра яе цяжка было б прамовіць хоць слоўца. Можа, гэтае ўражанне было таму такім ашаламляльным, што яно было першае?
(Гл.Нататкі II, с.114,116; IV, с.318,320; De Marchi, I.M.C., с.51-52; Walsh, с.39-40; Ayres da Fonseca, S.J., с.121; Galamba de Oliveira, с.52-57).

Другое аб'яўленне Анёла

Другое аб'яўленне Анёла адбылося летам 1916 года непадалёк ад студні каля дома Люцыі, дзе гулялі дзеці. Вось як расказвае сястра Люцыя аб тым, што сказаў Анёл ёй, Жасінце і Францішку:

«Што вы цяпер робіце? Маліцеся! Маліцеся часцей! Найсвяцейшыя Сэрцы Езуса і Марыі прагнуць абдарыць вас міласэрнасцю. Няспынна прыносьце Усявышняму малітвы і ахвяры».
«Чым мы павінны ахвяраваць?» - спытала я.
«Усё, што можаце, складайце Богу як ахвяру за грахі, якія зневажаюць Яго, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў да Бога. Так вы забяспечыце свайму краю спакой. Я - яе Анёл, Апякун Партугаліі. Асабліва ж прымайце і з пакораю пераносьце тыя пакуты, якія Бог вам пашле».
Потым ён знік.
Гэтыя словы Анёла засталіся ў нашых сэрцах, як святло, якое адкрыла нам Бога, адкрыла тое, як Ён любіць нас і прагне нашай любові; мы зразумелі значэнне нашае ахвяры і наколькі яна мілая Богу, і як, дзякуючы гэтым ахвярам, Бог навяртае грэшнікаў».

(Гл.Нататкі II, с.116; IV, с.320, 322; De Marchi, с.53; Walsh, с.42; Ayres da Fonseca, с.121-122; Galamba de Oliveira, с.57-58).

Трэцяе аб'яўленне Анёла

Трэцяе аб'яўленне Анёла было ў канцы лета 1916 г. зноў у гроце Кабеса і, як апісвае сястра Люцыя, адбывалася яно наступным чынам:

«Калі мы прыйшлі, то ўкленчылі і, дакранушыся тварам да зямлі, пачалі паўтараць малітву Анёла: «Божа мой! Веру, пакланяюся, давяраю і люблю Цябе...» Не памятаю, колькі разоў мы прамовілі гэтую малітву, калі ўбачылі таямнічае святло, якое ззяла над намі. Мы ўскочылі, каб убачыць, што гэта, і ўгледзелі Анёла, які трымаў у левай руцэ келіх, над якім была Гостыя, і кроплі крыві спадалі з яе ў келіх. Пакінуўшы келіх і аплатку, што луналі ў паветры, ён прасцёрся да зямлі побач з намі, тройчы паўтарыўшы наступную малітву:
«Найсвяцейшая Тройца, Ойча, Сыне і Дух Святы! Глыбока пакланяюся Табе і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела, Кроў, Душу і Боскасць Езуса Хрыста, якія прабываюць ва ўсіх табэрнакулюмах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтвы і абыякавасць, якімі Ты, Божа, зняважаны. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і Беззаганнага Сэрца Марыі я прашу Цябе аб навяртанні бедных грэшнікаў».
Потым, падняўшыся, ён зноў узяў Гостыю і келіх у руку, падаў мне Гостыю, а Жасінце і Францішку даў адпіць з келіха, адначасова гаворачы:
«Прыміце Цела і піце Кроў Езуса Хрыста, зняважанага людскою няўдзячнасцю. Выпраўце злачынствы іх і суцешце Пана вашага».
Ён зноў прасцёрся да зямлі і тройчы паўтарыў з намі малітву: «Найсвяцейшая Тройца...» Потым ён знік.

Нейкая звышнатуральная сіла ахоплівала нас, прымушаючы прасцірацца ўслед за Анёлам і паўтараць малітвы, якія ён прамаўляў. Сіла прысутнасці Божай была такой магутнай, што яна ахоплівала і паглынала, амаль поўнасцю нас знішчаючы. Мы адчувалі, што на працягу доўгага часу як бы пазбыліся ўсіх цялесных адчуванняў. У тыя дні ўсе ўчынкі, якія мы рабілі, былі быццам напоўнены той жа надзвычайнаю сілаю, якая пранізвала нас. Быў незвычайны спакой і шчасце, адчуванне поўнай сканцэнтраванасці на Богу, але адначасова і вялікай фізічнай знямогі.
Не ведаю чаму, але аб'яўленне Найсвяцейшай Панны выклікала ў нас розныя эфекты. Ва ўсіх была ўнутраная радасць, спакой, шчасце, але замест фізічнай знямогі быў таксама і нейкі незвычайны настрой. Замест прыніжэння, мізэрнасці ў Боскай прысутнасці - узнёслая радасць. Замест цяжкасці нешта сказаць - раптам узнікала прага гаварыць як мага болей. Аднак, нягледзячы на гэтыя пачуцці, адчувалася патрэба маўчаць, асабліва пра некаторыя рэчы. Калі ў мяне пыталіся, то ў мяне з'яўлялася пачуццё ўнутранай падказкі, якое дыктавала мне адказ, і, не даючы мне ні ў чым адхіліцца ад ісціны, яно не адкрывала таго, што павінна было застацца патаемным».

Аб'яўленням Анёла ў 1916 годзе папярэднічалі тры іншыя з'явы. Паміж красавіком і кастрычнікам 1915 года Люцыя і тры дзяўчынкі-пастушкі, Марыя Роза Маціяш, Тэрэза Маціяш і Марыя Юстына бачылі на тым жа ўзгорку Кабеса над лесам даліны, як ў паветры праплывала «нешта накшталт воблака, што было бялейшым за снег, празрыстым і мела форму чалавека». Гэта была «фігура, падобная да снежнай фігуры, якая ад промняў сонца стала амаль празрыстаю». З гэтым апісаннем супадаюць і словы сястры Люцыі...
(Гл.Нататкі ІІ, с.116; IV, с.320, 322; De Marchi, с.53; Walsh, с.42; Ayres da Fonseca, с.121-122; Galamba de Oliveira, с.57-58).

Глава ІІ: АБ'ЯЎЛЕННІ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ

На момант аб'яўлення Найсвяцейшай Панны Люцыя дэ Жэсус, Францішак і Жасінта Марто мелі адпаведна 10, 9 і 7 гадоў. Яны нарадзіліся: 22 сакавіка 1907 года, 11 чэрвеня 1908 года і 11 сакавіка 1910 года. Трое дзяцей жылі ў Алжустрэле, у мясцовасці, якая адносілася да Фацімскай парафіі. Аб'яўленні адбываліся на невялікім участку зямлі - Кова да Ірыя, - які належаў бацькам Люцыі, па дарозе ў Лейрыю, непадалёк ад Фацімы. Маці Божая аб'явілася на невялікім дрэўцы, на маладзенькім дубку - не больш за метр вышынёю. Францішак толькі бачыў Найсвяцейшую Панну, але не чуў Яе голасу, Жасінта Яе бачыла і чула. Люцыя Яе бачыла, чула і гаварыла з Ёю. Аб'яўленні адбываліся каля полудня.

Першае аб'яўленне: 13 мая 1917 года

Трое дзяцей гулялі ў Кова да Ірыі, калі іх ўвагу прыцягнулі дзве ўспышкі святла, якія былі падобныя на маланку. Потым яны ўбачылі Маці Божую на зялёным дубку. Гэта была «Пані ва ўсім белым, якая зіхацела ясней за сонца, распаўсюджвала святло больш яркае і больш моцнае, чым кавалачак крышталю, напоўнены крышталёвай вадою, і была пранізана промнямі найярчэйшага сонца», - расказвае Люцыя. Яе неапісальнай прыгажосці твар не быў «ані сумным, ані радасным, але сур'ёзным», з выразам мяккага папроку. Яе рукі, складзеныя ў малітве, былі звернуты ўверх. З правай Яе рукі звісаў ружанец. Яе адзенне здавалася сатканым са святла. Сукенка ў Яе была белая, белым быў і Яе хітон, аблямаваны золатам, які ахінаў Яе з галавы да стопаў. Што датычыць абрысаў Яе твару, то Люцыя ніколі не апісвала іх, таму што немагчыма было засяродзіцца на гэтым нябесным твары - настолькі ён быў азораны. Візіянеры былі зусім побач з Маці Божай - прыблізна на адлегласці паўтара метра, - г.зн. знаходзіліся ў коле таго ж святла, якое атуляла Яе і зыходзіла ад Яе. Вось як адбывалася іх размова4:

Маці Божая:«Не бойцеся, я не прычыню вам зла».
Люцыя:«Адкуль прыходзіш, Пані?»
Маці Божая:«Я - з Неба.» (І Найсвяцейшая Панна ўзняла руку, паказваючы на неба).
Люцыя:«Што Пані хоча ад мяне?»
Маці Божая:«Я прыйшла, каб папрасіць вас прыходзіць сюды шэсць месяцаў запар5 13-га чысла ў гэты час. Я потым вам скажу, хто Я і чаго Я хачу. Потым Я вярнуся сюды сёмы раз».
Люцыя: «А я таксама пайду на Неба?»
Маці Божая:«Так, пойдзеш».
Люцыя:«А Жасінта?»
Маці Божая:«І яна таксама»
Люцыя:«А Францішак?»
Маці Божая:«Таксама. Але ён павінен будзе многа маліцца на ружанцы».
Люцыя:«А Марыя дас Невеш ужо на Небе?»
Маці Божая:   «Так, яна там».
Люцыя:І Амелія?
Маці Божая:«Яна застанецца ў чысцы да канца свету. Ці хочаце ахвяраваць сябе Богу, прыняць кожнае цярпенне, якое Бог вам пашле, як перапрашэнне за ўсе грахі, што Яго абражаюць, і як просьбу аб навяртанні грэшнікаў?»
Люцыя:«Так, мы хочам гэтага».
Маці Божая:«Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем».

Калі Яна вымавіла гэтыя апошнія словы «Божая ласка» і г.д., то, раскрыўшы далоні, Яна паслала нам такое моцнае святло, - піша сястра Люцыя, - што яно пранікла ў нашыя грудзі і ў самую глыбіню нашых душаў. Яна дала нам убачыць нас саміх у Богу, Каторы і быў гэтым святлом, - ясней, чым у лепшым з люстэрак. І тады ўнутранае натхненне кінула нас на калені і прымусіла паўтараць: «О Найсвяцейшая Тройца, пакланяюся Табе. Мой Божа, мой Божа, люблю Цябе ў Найсвяцейшым Сакрамэнце!»

Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала:

«Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны».

Потым, - расказвае Люцыя, - Яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні неба. Святло, якое атуляла Яе, здавалася, пракладвала Ёй шлях праз зоркі».

(Гл. Нататкі ІІ, с.126; IV, с.330, 336; De Marchi, с.58-60; Walsh, с. 52-53; Ayres da Fonseca, с.23-26; Galamba de Oliveira, с.63-64).

Другое аб'яўленне: 13 чэрвеня 1917 года

Перад другім аб'яўленнем пастушкі ўбачылі бляск святла. Яны называлі яго маланкаю, але гэта была не маланка ў поўным сэнсе гэтага слова, а хутчэй водблеск святла, якое набліжалася. Некаторыя з прысутных - каля 50 чалавек, - якія прыйшлі на месца аб'яўленняў, пацвердзілі, што сонечнае святло на працягу некалькіх хвілін ад пачатку сустрэчы было не яркім, а нібы прыцемненым. Іншыя апавядалі, што верхавіна дрэўца, пакрытага лістотай, здавалася, схілілася пад нейкім цяжарам за момант да таго, як Люцыя пачала гаварыць. У часе размовы Найсвяцейшай Панны з дзецьмі многія чулі шум шалясцення, нібы гулі пчолы.

Люцыя:«О, Пані, што Вы хочаце ад мяне?»
Маці Божая:   «Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13-га чысла наступнага месяца, каб вы маліліся кожны дзень на ружанцы і каб вы навучыліся чытаць6. Потым Я скажу вам, чаго Я хачу».
Люцыя папрасіла аздараўлення для аднае хворае жанчыны.
Маці Божая:«Калі яна навернецца (да Бога. - Рэд.), то выздаравее на працягу года».
Люцыя:«Я хацела б папрасіць Вас узяць нас на Неба».
Маці Божая:«Так, хутка Жасінту і Францішка Я прывяду туды. Ты ж яшчэ нейкі час застанешся. Езус жадае, каб ты паслужыла Яму, дапамагаючы людзям пазнаваць і любіць Мяне. Ён хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто прыме гэтае набажэнства, Я абяцаю збаўленне; душы гэтыя Бог палюбіць, як кветкі, якімі Я аздабляю Яго трон».
Люцыя:«Значыць, я застануся зусім адна?»
Маці Божая:Не, дачка Мая. Ты шмат пакутуеш? Не губляй мужнасці. Я цябе ніколі не пакіну. Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога».

У той момант, калі Яна прамаўляла гэтыя апошнія словы, - расказвае сястра Люцыя, - Яна раскрыла далоні і другі раз паслала нам цудоўнае святло, якое праменіла ад Яе. У гэтым святле мы ўбачылі сябе нібы акунутымі ў Богу. Жасінта і Францішак, здавалася, знаходзіліся ў той частцы святла, якое ўзнімалася да неба, я ж была ў той частцы, што струменілася па зямлі. На правай далоні Найсвяцейшае Панны паявілася сэрца, абвітае калючкамі, якія, здавалася, убіты ў яго. Мы зразумелі: гэта Беззаганнае Сэрца Марыі, што пакутуе ад людскіх грахоў, за якія Яна прасіла пакаяцца».7

Калі гэта візія знікла, Пані, яшчэ атуленая святлом, з вялікай лёгкасцю ўзнялася над зялёным лугам і паплыла ў кірунку ўсходу, пакуль не знікла зусім. Некалькі чалавек, якія знаходзіліся зусім побач, заўважылі, што лістота на верхавіне схілілася ў тым жа напрамку, нібы пацягнутае за сабою ўбранне Пані. У такім стане лістота была некалькі гадзін, пакуль паступова не набыла ранейшы стан.

(Гл.Нататкі ІІ, с.130; IV, с.334, 336; De Marchi, с.76-78; Walsh, с.65-66; Ayres da Fonseca, с.34-36; Galamba de Oliveira, с.70).

Трэцяе аб'яўленне: 13 ліпеня 1917 года

У момант трэцяга аб'яўлення невялікае воблака, злёгку затуманенае, наблізілася да дрэва, сонца прыгасла, над галавою павеяў свежы ветрык, нягледзячы на тое, што быў разгар лета. П.Марто, бацька Жасінты і Францішка, расказвае, што ён пачуў нешта накшталт гудзення мух у пустым збане. Візіянеры ўбачылі прамень звычайнага святла, і неўзабаве пасля гэтага над дрэўцам паявілася Найсвяцейшая Панна.

Люцыя:«Пані, чаго Вы жадаеце ад мяне?»
Маці Божая:   «Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13-га чысла наступнага месяца, каб кожны дзень вы працягвалі маліцца на ружанцы у гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны, таму што толькі Яна адна можа вам дапамагчы».
Люцыя:«Я хацела б Вас папрасіць сказаць нам, хто Вы, і ўчыніць цуд, каб усе паверылі, што Вы сапраўды аб'явіліся нам».
Маці Божая:«Працягвайце прыходзіць сюды кожны месяц. У кастрычніку Я скажу вам, хто Я і чаго хачу, і ўчыню цуд, які ўсе ўбачаць, каб паверылі».

Потым Люцыя папрасіла аб навяртанні да веры, аздараўленні і іншых ласках Божых для некаторых людзей. Найсвяцейшая Панна заўсёды адказвала: маліцеся на ружанцы і атрымаеце ласкі на працягу года8.

Потым Яна сказала:

«Ахвяруйцеся за грэшнікаў і шмат разоў паўтарайце, асабліва, калі вы прыносіце якую-небудзь ахвяру: Пане Езу, гэта я раблю дзеля любові да Цябе, дзеля навяртання грэшнікаў і дзеля перапрашэння за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі».

ПЕРШАЯ ЧАСТКА ТАЯМНІЦЫ: ВІЗІЯ ПЕКЛА

«Прамовіўшы гэтыя словы, - расказвае сястра Люцыя, - Яна зноў раскрыла Свае далоні, як падчас двух папярэдніх аб'яўленняў. Святло, якое з Яе праменявала, здавалася, пранізвала зямлю, і мы ўбачылі мора агню. У гэты агонь былі акунутыя дэманы і душы, нібы раскаленыя да чырвані вуглі, празрыстыя, чорныя ці карычневыя языкі полымя, якія мелі чалавечыя абрысы. Яны ўзносіліся ў пажары, полымя агню распаўзалася навокал разам з клубамі дыму, потым разляталіся, нібы лёгкія іскры. Усё гэта было сярод стогнаў адчаю і крыкаў, якія жахалі і прымушалі чалавека ўздрыгваць ад страху і жудасці. Д'яблы адрозніваліся адзін ад аднаго жахлівымі і агіднымі абрысамі жудасных і невядомых звяроў, якія былі празрыстыя, як раскаленыя да чырвані вуглі».

Гэтая візія працягвалася не больш за імгненне, ад якога ў Люцыі са страху вырваўся крык. Яна дадала да гэтага, што калі б не абяцанне Найсвяцейшай Панны ўзяць іх на Неба, візіянеры адразу б памерлі ад жаху.

ДРУГАЯ ЧАСТКА ТАЯМНІЦЫ: КАРА І СРОДАК, ЯК ЯЕ ПАЗБЕГНУЦЬ

Поўныя страху і нібы просячы дапамогі, візіянеры ўзнеслі рукі да Найсвяцейшай Панны, Якая з мяккім сумам сказала:

Маці Божая: «Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб выратаваць іх, Бог хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца.
Калі свет зробіць тое, што Я вам скажу, - многія душы будуць збаўлены і настане спакой.
Вайна неўзабаве скончыцца, але людзі не перастануць абражаць Бога, і пры Піі ХІ пачнецца другая вайна, яшчэ горшая9. Калі вы ўбачыце ноч, асветленую невядомым ззяннем, ведайце, што гэта вялікі знак, які Бог пасылае, каб паведаміць вам аб тым, што гэтаю вайною, голадам, пераследам Царквы і Святога Айца10 Ён пакарае свет за яго злачынствы.
Каб не дайшло да гэтага, Я буду прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб перапрашальнай Камуніі ў першую суботу кожнага месяца дзеля адкуплення грахоў. Калі на просьбы Мае адгукнуцца, Расія навернецца і настане мір, калі ж не, то гэтая краіна распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце, сеючы ў ім войны і пераследаванні Святой Царквы; праведнікі стануць мучанікамі, Святы Айцец будзе шмат пакутаваць, многія народы будуць знішчаны. Але ўрэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе. Святы Айцец прысвяціць Мне Расію, якая навернецца, і на нейкі час будзе дараваны спакой.
У Партугаліі вера назаўсёды застанецца непарушнай...
Не гаварыце пра гэта нікому. А Францішку, - так, вы можаце гэта сказаць»11.

І праз хвіліну: «Калі вы моліцеся на ружанцы, то гаварыце пасля кожнай таямніцы: О мой Езу, прабач нам, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба, а асабліва тыя, якім найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць»12.

Люцыя: «Ці жадаеце Вы чаго-небудзь ад мяне?»

Маці Божая: «Не, сёння Я не прашу цябе ні аб чым».

«І, як звычайна, Яна пачала ўзносіцца ў кірунку да ўсходу, пакуль не знікла ў бязмежнасці нябёсаў».

Пасля гэтага пачуўся гук накшталт грому, які абвяшчаў канец аб'яўлення13.

(гл.»Нататкі» ІІ, с.138; ІІІ, с.218, 220; IV,.с.336-342; De Marchi, с.90-93; Walsh, с.75-77; Ayres da Fonseca, с.41-46; Galamba de Oliveira, с.72-78 і 146-147).

Чацвёртае аб'яўленне: 15 жніўня 1917 года

13 жніўня, у той дзень, калі павінна было адбыцца чацвёртае аб'яўленне, візіянеры не маглі адправіцца ў Кова да Ірыю, таму што ўпраўляючы Аурэма забраў іх. Ён хацеў сілаю вырваць у дзяцей Таямніцу, але безвынікова.

Ва ўстаноўлены час у Кова да Ірыі пачуўся удар грому, услед за якім бліснула маланка, і прысутныя ўбачылі белую аблачынку, якая некалькі хвілін затрымалася над дубком. Яны былі сведкамі таксама таго, як паслядоўна мяняўся колер на тварах людзей, на іх вопратцы, на дрэвах, на зямлі. Усё сведчыла аб тым, што Маці Божая паявілася, але дзяцей не знайшла.

15 жніўня14, калі Люцыя разам з Францішкам і другім дваюрадным братам была ў мясцовасці Валіньёс, дзе знаходзілася сядзіба аднаго з яе дзядзькоў, каля чатырох гадзін пасля полудня пачалі адбывацца атмасферныя змены, якія папярэджвалі паяўленне Найсвяцейшай Панны ў Кова да Ірыі: раптоўнае паніжэнне тэмпературы, змяншэнне сонечнага ззяння. Люцыя, адчуваючы набліжэнне нечага надзвычайнага, папрасіла паведаміць Жасінце. Яна прыйшла ў час, каб бачыць Найсвяцейшую Панну, якая, абвясціўшы пра Сябе, як і раней, водблескам святла, з'явілася над зялёным дубам, крыху большым, чым той, што быў у Кова да Ірыі.

Люцыя:«Чаго Вы жадаеце ад мяне, Пані?»
Маці Божая:   «Я хачу, каб вы па-ранейшаму прыходзілі ў Кова да Ірыю 13 чысла і працягвалі маліцца на ружанцы кожны дзень. У апошні месяц я ўчыню цуд, каб усе паверылі».15
Люцыя:«Што Вы загадаеце зрабіць з тымі грашыма, якія людзі пакідаюць у Кова да Ірыі?»
Маці Божая:«Зрабіце двое насілак. Першыя панясеш ты з Жасінтай і з дзвюма дзяўчынкамі, апранутымі ў белае. Другія панясе Францішак разам з двума іншымі хлопчыкамі. Гэтыя грошы прызначаны для свята Маці Божай Ружанцовай, і рэшта пойдзе на капліцу, якую пабудуюць»16.
Люцыя:«Я хацела б папрасіць Вас аздаравіць некалькі хворых».
Маці Божая:«Так, на працягу года я вылечу некаторых з іх».

Зрабіўшыся сумнаю, Яна зноў параіла практыку ўтаймоўвання плоці, на развітанне сказаўшы: «Маліцеся, маліцеся шмат і ахвяруйцеся ў інтэнцыі грэшнікаў, таму што многа душаў ідзе ў пекла, бо яны не маюць нікога, хто б ахвяраваўся і маліўся за іх».

«І, як звычайна, Яна пачала ўзносіцца ў кірунку Усходу».

Дзеці адрэзалі галінкі дрэўца, над якім аб'явілася ім Найсвяцейшая Панна, і прынеслі дадому. Ад гэтых галінак струменіў дзівосны прыемны водар.

(Гл.Нататкі ІІ, с.150; IV, с.342, 344; De Marchi, с.127-129; Walsh, с.109-110; Ayres da Fonseca, с.61-62; Galamba de Oliveira, с.89).

Пятае аб'яўленне: 13 верасня 1917 года

Як і раней, натоўп прысутных (прыблізна ад 17 да 20 тысяч чалавек, а, можа, нават і больш) мог назіраць шэраг атмасферных з'яў: раптоўнае пахаладанне, згасанне сонечнага святла да такой ступені, што можна было бачыць зоркі; нешта накшталт дажджу, які быў нібы з вясёлкавых пялёсткаў ці сняжынак, што знікалі каля самай зямлі. На гэты раз, у прыватнасці, быў заўважаны шар, які свяціўся, паволі і велічна рухаючыся па небе з Усходу на Захад і ў назад у канцы аб'яўлення. Як і раней, візіянеры бачылі водблеск святла, і потым Найсвяцейшая Панна паявілася перад імі над зялёным дубком.

Маці Божая:   «Працягвайце маліцца на ружанцы, каб выпрасіць канец вайны. У кастрычніку Езус таксама прыйдзе, як і Маці Божая Балесная, Маці Божая Кармэлітанская, і святы Юзаф з Дзіцяткам Езус, каб паблагаславіць свет. Бог задаволены вашымі ахвярамі, але Ён не хоча, каб вы спалі з вяроўкаю, насіце яе толькі ўдзень».17
Люцыя:«Мне многія перадавалі, аб чым я павінна папрасіць Вас: аб аздараўленні некалькі хворых і аднаго глуханямога.»
Маці Божая:«Так, Я аздараўлю некаторых, але некаторых - не18. У кастрычніку Я ўчыню цуд, каб усе паверылі»19.

І, пачаўшы ўзнімацца, Яна знікла, як звычайна.

(Гл. Нататкі, с.156; IV, с.346, 348; De Marchi, с.138-139; Walsh, с.115-116; Ayres da Fonseca, с.70-71; Galamba de Oliveira, с.93).

Шостае (апошняе) аб'яўленне: 13 кастрычніка 1917 года

Як і раней, позірк візіянераў быў прыцягнуты моцным ззяннем святла, а потым Найсвяцейшая Панна паявілася над зялёным дубком:

Люцыя:«Чаго Вы жадаеце ад мяне, Пані?»
Маці Божая:   «Я жадаю, каб тут, у гэтым месцы, у Мой гонар пабудавалі капліцу. Я - Маці Божая Ружанцовая. Штодзённа адгаворвайце Ружанец. Вайна закончыцца і тыя, хто ваюе, вернуцца дадому».
Люцыя:«Мне трэба пра многае папрасіць Вас: аб аздараўленні хворых, аб навяртанні некаторых грэшнікаў...»
Маці Божая:«Аб адных - так, аб другіх - не20. Трэба, каб яны самі змяніліся, і прасілі прабачэння за свае грахі». І, стаўшы больш сумнаю, Яна сказала: «Няхай больш не зневажаюць Бога, Пана нашага, Які ўжо столькі выцерпеў знявагаў»21.

Затым, раскрыўшы далоні, Найсвяцейшая Панна працягнула іх да сонца, і, пакуль Яна ўзнімалася, адбітак Яе ўласнага святла падаў на сонца.

І тады Люцыя ўсклікнула: «Паглядзіце на сонца!»

Перш чым Найсвяцейшая Панна знікла ў бяскрайнасці неба, візіянеры былі сведкамі трох сцэнаў, першая з якіх сімвалізавала радасныя таямніцы Ружанца, другая - балесныя, і трэцяя - хвалебныя (толькі Люцыя бачыла ўсе тры сцэны, Францішак і Жасінта бачылі толькі першую).

Яны ўбачылі, як пры сонцы паявіліся святы Юзаф з Дзіцяткам Езус і Маці Божая Ружанцовая. Гэта была Святая Сям'я. Маці Божая была ўбрана ў белае, на Ёй быў блакітны плашч, святы Юзаф быў таксама ў белым, а Дзіцятка Езус - у ярка-чырвоным. Святы Юзаф паблагаславіў натоўп, тройчы ўчыніўшы знак крыжа. Езус зрабіў тое ж самае.

Затым паявіліся Маці Божая Балесная і Пан Езус, засмучаны і збалелы на шляху на Галгофу. Пан паблагаславіў народ, учыніўшы знак Крыжа. Маці Божая не мела мяча, які пранізаў Яе Сэрца. Люцыя бачыла толькі верхнюю частку цела Пана Езуса. У канцы у цудоўнай візіі з'явілася Маці Божая Кармэлітанская, укаранаваная Каралеваю неба і зямлі, з Дзіцяткам на руках.

У той час, калі гэтыя вобразы праходзілі адзін за другім перад вачыма візіянераў, велізарны натоўп (тысяч 50-70) быў сведкам цуду сонца.

На працягу ўсяго аб'яўлення ішоў дождж. У канцы размовы Люцыі з Найсвяцейшай Паннай у той момант, калі Маці Божая пачала ўзнімацца, а Люцыя ўсклікнула: «Гляньце на сонца!» - хмары расступіліся, адкрыўшы сонца ў выглядзе велізарнага срэбнага дыска. Яно ззяла з надзвычайнаю сілаю, але пры гэтым не асляпляла. Гэта працягвалася толькі момант, затым велізарны шар пачаў «танцаваць». Нібы гіганцкае вогненнае кола, сонца раптам завіравала. Яно на нейкі час спынілася, перш чым зноў пачаць абарочвацца вакол сябе з галавакружнай хуткасцю. Потым яно стала чырванець па краях і плысці па небе, кружачыся, як віхор, і кідаючы вакол сябе чырвоныя снапы полымя. Гэтае святло адбівалася на зямлі, на дрэвах, на кустах і нават на тварах людзей і на іх вопратцы, афарбоўваючы ўсё яркаю фарбаю розных колераў. Здавалася, што пад уздзеяннем нястрымнага руху вогнены шар задрыжаў і затросся, нібы збіраўся ўпасці зігзагам на замерлы ад страху натоўп.

Усё гэта працягвалася прыблізна 10 хвілін. У канцы сонца зігзагападобным рухам перамясцілася на сваё месца, і зноў, спакойнае як штодня, пачало свяціць.

Цуд скончыўся.

Многія заўважылі, што іх вопратка, прамоклая ад дажджу, раптам высахла.

Сонечны цуд назіралі таксама шматлікія сведкі, якія знаходзіліся за 40 кіламетраў ад мясцовасці, дзе адбываліся аб'яўленні».

(Гл.Нататкі ІІ, с.162; IV, с.348; De Marchi, с.165-166; Walsh, с.129-131; Ayres da Fonseca, с.91-93; Galamba de Oliveira, с.95-97).

Глава ІІІ: НЕКАЛЬКІ ПРЫВАТНЫХ АБ'ЯЎЛЕННЯЎ

На працягу нядоўгага часу, які пражылі дзеці на гэтай зямлі пасля аб'яўленняў і нават у той час, калі яны адбываліся, Францішак і асабліва Жасінта, мелі прыватныя аб'яўленні. Тут мы раскажам пра найважнейшыя - візіі Жасінты.

«Я бачыла Святога Айца...»

Аднойчы, недзе блізка полудня, каля студні, што непадалёк ад хаты бацькоў Люцыі, Жасінта спытала ў яе:

- Ты бачыла Святога Айца?
- Не.
- Я не ведаю, як гэта адбылося, але я бачыла Святога Айца ў вялікім доме на каленях перад сталом. Ён закрыў твар далонямі і плакаў. На вуліцы перад домам было многа людзей. Адны кідалі ў яго каменнем, другія асыпалі яго праклёнамі і нецэнзурнай лаянкай. Бедны Святы Айцец, нам трэба шчыра маліцца за яго.

(Гл.Нататкі ІІІ, с.228; De Marchi, с.98-99; Walsh, с.85; Ayres da Fonseca, с.136).

Аднойчы, у жніўні 1917 года, пасля абеду, калі візіянеры сядзелі на скалах на ўзгорку ў Кабеса, Жасінта раптам пачала чытаць малітву, якой навучыў яе Анёл. Пасля глыбокай цішы, яна сказала сваёй стрыечнай сястры:

- Ці ты не бачыш, колькі дарог, перапоўненых людзьмі, якія плачуць з голаду, таму што ім няма чаго есці? І Святога Айца ў касцёле ў малітве перад Беззаганным Сэрцам Марыі, і многіх людзей, якія моляцца з Ім?

(гл. Нататкі ІІІ, с.228; De Marchi, с.99; Walsh, с.84; Ayres da Fonseca, с.137).

Аднойчы дома ў Жасінты Люцыя знайшла яе ў глыбокай задуменнасці і спытала:

- Жасінта, пра што ты думаеш?

- Пра вайну, якая павінна пачацца. Столькі людзей загіне, і амаль усе трапяць у пекла. Шмат дамоў будзе разбурана і шмат святароў забіта. Паслухай, я пайду на Неба, але ты, калі ўбачыш святло ў сярэдзіне ночы, пра якое гаварыла тая Пані, што яго ўбачаць раней, - ты таксама бяжы на Неба (гл. Нататкі ІІІ, с.228; De Marchi, с.238; Walsh, с.85; Ayres da Fonseca, с.161-162).

Апошнія візіі Жасінты

У канцы кастрычніка 1918 года Францішак і Жасінта амаль адначасова захварэлі. Прыйшоўшы да іх, Люцыя ўбачыла Жасінту ў вельмі радасным настроі. Жасінта растлумачыла:

- Найсвяцейшая Панна прыходзіла да нас і сказала, што неўзабаве прыйдзе па Францішка, каб узяць яго на Неба. Яна спытала мяне, ці хачу я яшчэ навяртаць грэшнікаў? Я сказала Ёй, што так. Яна сказала мне, што я паеду ў шпіталь і буду там шмат пакутаваць, таму што патрэбна, каб я пакутавала ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў, каб перапрасіць за ўсе грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі і дзеля любові Езуса. Я спытала ў Яе: ці адправішся Ты са мною? Яна адказала мне, што не. Мне гэта было цяжэй за ўсё. Яна сказала мне, што са мною пойдзе мама, але потым я застануся там адна.

(Гл. Нататкі І, с.70; De Marchi, с.227; Walsh, с.146; Ayres da Fonseca, с.153).

У часе хваробы Францішка і Жасінты Люцыя часта наведвала іх. Яны доўга гутарылі пра ўсё, што здарылася, пра ўсе падзеі, што з імі адбыліся. Мы раскажам тут пра некаторыя заўвагі Жасінты:

- У хуткім часе я пайду на Неба. Ты застанешся тут, каб сказаць людзям пра тое, што Бог хоча распаўсюдзіць ў свеце набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Панны Марыі. Калі настане час сказаць аб гэтым, не хавайся, скажы ўсяму свету, што Бог абдарае нас ласкамі праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі. І мы павінны прасіць іх, бо Сэрца Езуса прагне быць умілаваным разам з Беззаганным Сэрцам Марыі. Няхай свет просіць Сэрца Марыі аб спакоі, бо Ёй даверыў гэта Бог. О, калі б толькі я магла ўліць у сэрцы людскія гэты агонь, які спальвае мяне і прымушае з такой сілай любіць Сэрца Езуса і Сэрца Марыі (гл.Нататкі ІІІ, с.234; De Marchi, с.244; Walsh, с.156).

- Слухай, ці ведаеш, што Пан Езус наш вельмі журботны? Найсвяцейшая Панна прасіла, каб мы болей не абражалі Яго, бо Ён выцерпеў ужо столькі знявагаў. Людзі не слухаюць і працягваюць рабіць адны і тыя ж грахі (гл. Нататкі ІІІ, с.236; De Marchi, с.243; Walsh, с.257).

У канцы снежня 1919 года Найсвяцейшая Панна зноў аб'явілася Жасінце. Жасінта расказала пра гэта сваёй стрыечнай сястры:

- Яна сказала мне, што я пайду ў Лісабон22, у іншы шпіталь і што я цябе болей не ўбачу, як і сваіх бацькоў. Што, адмучыўшыся, я памру зусім адна, але каб я не баялася, таму што Яна прыйдзе, каб узяць мяне на Неба (гл.Нататкі 1, с.74, 76; De Marchi,с.245; Ayres da Fonseca, с.162).

«Хто навучыў цябе гэтаму?»

Пасля таго, як яе перавезлі ў Лісабон, Жасінта заставалася напачатку ў касцёле Маці Божай Цудоўнай, а потым у шпіталі Дона Эстэфанія. У сіроцкім прытулку ёю апекавалася маці Марыя Годзіньё, якая, хоць і не заўсёды даслоўна, натавала яе апошнія словы.

Мы прыводзім некаторыя з іх. Яны прасякнуты прарочым тонам і напоўнены глыбокаю пашанаю і павучэннямі. Дэ Маршы апублікаваў іх, тэматычна згрупаваўшы.

ПРА ВАЙНУ

Маці Божая сказала, што ў свеце будзе шмат войнаў і разладу.
Войны - гэта пакаранне за грахі свету.
Маці Божая не можа больш утрымліваць над светам караючай рукі Яе ўлюбёнага Сына.
Патрэбна пакаянне. Калі людзі пакаюцца, Пан Езус можа пашкадаваць свет, але калі яны не зменяцца, - прыйдзе кара. Пан Езус глыбока гневаецца за грахі і злачынствы ў Партугаліі. Вось чаму жахлівыя сацыяльныя катаклізмы пагражаюць нашай краіне і асабліва гораду Лісабону. Мне здаецца, што мы ўбачым, як разгараецца анархічна-камуністычная грамадзянская вайна, яе будуць суправаджаць грабяжы, забойствы, пажары і розныя спусташэнні. Наша сталіца зробіцца сапраўдным пеклам. Калі зняважаная Божая Справядлівасць спашле такую жахлівую кару на Лісабон, няхай ўсе, хто зможа, уцякаюць з гэтага горада. Вестка пра гэтае пакаранне павінна распаўсюджвацца паступова, з належнаю стрыманасцю
(гл.De Marchi,с.255; Walsh, с.160-161).
Калі людзі не выправяцца, то Маці Божая спашле на свет пакаранне, якога яшчэ не было ў гісторыі чалавецтва, спачатку на Іспанію, потым на іншыя краіны (гл.De Marchi, с.92).

Жасінта гаварыла таксама пра «вялікія сусветныя падзеі, якія павінны распачацца каля 1940 года» (гл.De Marchi, с.92).

ПРА СВЯТАРОЎ І ПРАВІЦЕЛЯЎ

Хросная, маліся шчыра за грэшнікаў!
Маліся шчыра за святароў!
Маліся шчыра за манахаў і манашак!
Святары павінны займацца толькі справамі Царквы.
Святары павінны быць чыстымі, вельмі чыстымі.
Непаслухмянасць святароў і законнікаў у адносінах да іх духоўных зверхнікаў і Святога Айца вельмі абражае нашага Пана Езуса.
Хросная, шчыра маліся за правіцеляў!
Бяда тым, хто пераследуе рэлігію Пана нашага!
Калі правіцелі дадуць Царкве мір і свабоду вызнання святой рэлігіі, Бог благаславіць іх
(гл.De Marchi, с.255-256; Walsh, с.161).

ПРА ГРЭХ

Грахі, якія больш за ўсё вядуць душы ў пекла - гэта грахі плоці.
Прыйдзе мода, якая будзе вялікаю абразаю для Пана Езуса.
Людзі, якія служаць Богу, не павінны ісці за модаю. У Царквы няма моды. Наш Пан заўсёды адзін і той жа.
Грахі свету вельмі вялікія.
Калі б людзі ведалі, што такое вечнасць, то змянілі б сваё жыццё.
Людзі гінуць, таму што не думаюць пра смерць Пана нашага і не каюцца.
Ёсць многа нядобрых сем'яў, якія не ад Бога і не падабаюцца Богу.

ПРА ХРЫСЦІЯНСКІЯ ДАБРАДЗЕЙНАСЦІ

Хросная, не імкніся да раскошы, унікай багацця. Сябруй са святою беднасцю і цішынёю. Будзь міласэрнай, нават у адносінах да тых, хто злосны. Не гавары дрэннага ні пра кога, пазбягай тых, хто зласловіць. Будзь вельмі цярпліваю, таму што цярплівасць вядзе нас у Неба. Утаймаванне плоці і ахвяры вельмі падабаюцца Пану Езусу.
Споведзь - гэта таямніца міласэрнасці. Вось чаму трэба падыходзіць да спавядніцы з даверам і радасцю. Без споведзі - няма збавення.
Маці Божая прагне больш цнатлівых душаў, якія звязаны з Ёю абяцаннем цноты.
Каб быць манашкаю - трэба быць вельмі чыстаю душою і целам.
- Але ці ведаеш ты, што азначае быць чыстай? -
спытала яе маці Годзіньё.
- Так, ведаю. Быць чыстаю целам - гэта азначае захоўваць чысціню. Быць чыстым душою - азначае не грашыць, не глядзець на тое, на што не трэба глядзець, не красці, ніколі не ілгаць, заўсёды гаварыць праўду, чаго б гэта ні каштавала. Хто не выконвае абяцанняў, дадзеных Маці Божай, ніколі не будзе шчаслівы ў тым, што робіць.
Дактары не ведаюць, як лячыць хворых, таму што не любяць Бога.
- Хто навучыў цябе гэтаму? -
спытала яе маці Годзіньё.

- Гэта Маці Божая навучыла, але пра некаторыя рэчы я сама так падумала. Я люблю думаць (гл.De Marchi, с.254; Walsh, с.161-162).

Прыкмеціўшы, што многія наведвальнікі размаўлялі і смяяліся ў капліцы сіроцкага прытулку, Жасінта папрасіла маці Годзіньё зрабіць ім заўвагу за недахоп пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту, і, паколькі гэта не дало станоўчага выніку, яна папрасіла, каб паведамілі кардыналу: «Маці Божая не жадае, каб у цэрквах размаўлялі» (гл.De Marchi, с.252; Walsh, с.160).

Апошнія дні Жасінты

На працягу свайго нядоўгага побыту ў шпіталі Жасінта мела яшчэ некалькі аб'яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, Якая абвясціла ёй дзень і час, калі дзяўчынка павінна памерці. За чатыры дні перад тым, як узяць Жасінту на Неба, Найсвяцейшая Панна выбавіла яе ад усялякага болю.

Напярэдадні смерці, калі нехта спытаў яе, ці хоча яна бачыць сваю маці, Жасінта адказала:

- Мая сям'я прабудзе тут некаторы час, і неўзабаве мы сустрэнемся ў Небе... Маці Божая аб'явіцца яшчэ раз, але ўжо не мне, бо я паміраю, як Яна прадказала... (гл. De Marchi, с.252).

Маці Божая забрала Жасінту на Неба 20 лютага 1920 года. Францішак аддаў душу Богу 4 красавіка годам раней.

Жасінта была пахавана на могілках у Віла Нова дэ Аурэм. Францішак - на могілках у Фаціме. 12 верасня 1935 года цела Жасінты было перанесена на Фацімскія могілкі і пакладзена ў новую грабніцу, прыгатаваную для яе і брата. На магільным камяні быў высечаны наступны надпіс: «Тут спачываюць астанкі Францішка і Жасінты, якім аб'явілася Маці Божая».

Пазней (адпаведна ў 1951 і 1952 гг.) іх астанкі былі перанесены ў крыпту базылікі ў Фаціме, дзе яны знаходзяцца і цяпер.

Кананічны працэс падрыхтоўкі бэатыфікацыі двух фацімскіх візіянераў афіцыйна распачаўся ў 1949 годзе. Інфармацыя аб ласках, атрыманых праз пасрэдніцтва Божых служак Францішка і Жасінты, павінна быць даслана віцэ-пастулатару кананічнага працэсу на адрас: Paco Episkopal, Leiria, Portugalia.

Глава IV: МІСІЯ СЯСТРЫ ЛЮЦЫІ

У часе другога аб'яўлення на просьбу Люцыі аб тым, каб яе ўзялі на Неба разам з яе стрыечнай сястрой, Найсвяцейшая Панна адказала:

- Так, Жасінту і Францішка Я хутка забяру, але ты некаторы час застанешся на зямлі. Езус хоча, каб ты паслужыла Яму, дапамагаючы людзям пазнаваць і любіць Мяне, Ён хоча ўстанавіць на зямлі набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца.

Гэтыя словы выразна ўказваюць на тое, што Люцыя застанецца на зямлі не толькі як уладальніца Таямніц, адкрытых ёй Найсвяцейшаю Паннаю, але і для асаблівай місіі.

Трэба таксама памятаць, што ў першым аб'яўленні 13 мая Маці Божая абвясціла:

- Я прыйшла, каб папрасіць вас прыходзіць сюды шэсць месяцаў запар 13 чысла ў адзін і той жа час. Я скажу вам потым, хто Я і чаго Я хачу. Затым Я вярнуся сюды ў сёмы раз.

Значыць, павінна адбыцца яшчэ сёмае аб'яўленне Маці Божай у Кова да Ірыі. Калі? Што прагне Маці Божая абвясціць людзям у тым аб'яўленні? Такім чынам, можна меркаваць, што сястра Люцыя павінна быць і на гэты раз даверанаю асобаю Маці Божай у Кова да Ірыі.

Калі лічыць, што гэтае сёмае аб'яўленне яшчэ не адбылося (хіба што таемна), тады яно - адно з галоўных чаканняў, звязаных з Фацімскім цудам.

Лёс Люцыі

17 чэрвеня 1921 года Люцыя пакінула Алжустрэл, каб паступіць у калегіум сясцёр святой Дароты ў Вілары - прыгарадзе Порто. 24 кастрычніка 1925 года яе прымаюць паслушніцай у кляштар гэтай жа кангрэгацыі, які знаходзіцца ў Туі (Іспанія), побач з партугальскай граніцай. 2 кастрычніка 1926 года яна складае свае першыя шлюбы як сястра-паслушніца. Праз шэсць гадоў, у першы дзень кастрычніка, яна складае шлюбы вячыстыя і прымае манаскае імя сястры Марыі Балеснай.

У часе камуністычнай рэвалюцыі ў Іспаніі яе пераводзяць - для бяспекі - у калегію Сардано ў Віла Нова дэ Гайя, дзе яна прабыла некаторы час.

Пазней, 20 мая 1946 года, сястры Люцыі ўдаецца вярнуцца на месца аб'яўленняў, у Кова да Ірыю, у грот Кабеса, а таксама ў мясцовасць Валіньёс.

25 сакавіка 1948 года яна пакідае інстытут святой Дароты, каб уступіць у кармэліцкі кляштар святога Юзафа ў Каімбры і прыняць імя Марыі Люцыі ад Беззаганнага Сэрца23. 13 мая гэтага ж года яна прымае хабіт святой Тэрэсы і 31 мая 1949 года становіцца кармэліткаю босай.

Аб'яўленні пасля 1917 года
Пяць першых суботаў

У Таямніцы ў ліпені Маці Божая сказала:

- Я прыйду прасіць прысвячэння Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб перапрашальнай Святой Камуніі ў першыя суботы.

Такім чынам, Фацімская вестка не закончылася з цыклам аб'яўленняў у Кова да Ірыі ў 1917 годзе.

10 снежня 1925 года Найсвяцейшая Панна разам з Дзіцяткам Езус на бліскучым воблаку аб'явілася сястры Люцыі ў яе келлі ў кляштары святой Дароты ў Понтэвэдра. Усклаўшы ёй адну руку на плячо, Яна паказала ў другой сваё сэрца, абвітае цернем. Дзіцятка Езус, указваючы на яго, заклікаў візіянерку наступнымі словамі:

«Злітуйся над Сэрцам тваёй Найсвяцейшай Маці, абвітым калючкамі, якія няўдзячныя людзі ўбіваюць зноў і зноў, і няма нікога, хто б сваім перапрашэннем падаставаў іх».

Найсвяцейшая Панна дадала: «Паглядзі, дачка Мая, на Маё Сэрца, абвітае калючкамі, якое людзі кожнае імгненне раняць сваімі блюзнерствамі і няўдзячнасцю. Хоць ты пастарайся суцешыць Мяне і перадай усім, што ў гадзіну смерці Я абяцаю прыйсці з дапамогаю з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да тых, хто на працягу пяці месяцаў паспавядаецца, прыме Святую Камунію, адгаворыць адну частку Ружанца і прысвяціць Мне 15 хвілін медытацыі аб пятнаццаці таямніцах Ружанца ў інтэнцыі перапрашэння».

(Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.400; Ayres da Fonseca, с.350-351; Walsh, с.196; De Marchi, с.152-153, англ.выданне; Fazenda, с.Х-ХІ).

15 лютага 1926 года Дзіцятка Езус зноў аб'явілася сястры Люцыі ў Понтэвэдра, пытаючыся ў Люцыі, ці сумела яна распаўсюдзіць па ўсім свеце набажэнства да Яго Найсвяцейшай Маці. Люцыя растлумачыла, што хоць і прабавала, яе спаведнік ствараў перашкоды. Сястра Люцыя сказала, што яе маці-ігумення гатова працаваць дзеля гэтай справы, але адносна таго святара сама ігумення нічога зрабіць не можа. Езус адказаў: «Безумоўна, што твая зверхніца сама нічога зрабіць не можа, але з Маёю ласкаю зможа зрабіць усё». Сястра Люцыя прадставіла Езусу пэўныя праблемы, якія маюць вернікі, што спавядаюцца ў суботу, і папрасіла, каб спавядацца можна было на працягу 8 дзён. Пан Езус адказаў: «Так, споведзь можа быць сапраўднаю нават больш як 8 дзён, пры ўмове, што тыя, хто Мяне будуць прымаць, - будуць у стане асвячальнае ласкі і выкажуць інтэнцыю перапрашэння за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі». Сястра Люцыя згадала яшчэ пра некаторых асобаў, якія могуць забыць аб выказванні інтэнцыі ў момант споведзі, на гэта Пан Езус адказаў: «Яны могуць гэта зрабіць на наступнай споведзі, пры першай магчымасці паспавядацца».

(Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.400; Ayres da Fonseca, с.351; De Marchi, с.153, англ.выданне; Fazenda, с.ХІ-ХІІ).

У ноч з 29 на 30 мая 1930 года Пан Езус у духовай размове з сястрой Люцыяй вырашыў наступную праблему: «Выкананне гэтага набажэнства дапускаецца таксама і ў нядзелю пасля першай суботы, калі Мае святары - па слушных прычынах - дазволяць гэта».

Тады ж Пан Езус даў адказ сястры Люцыі і на іншае пытанне: «Чаму пяць суботаў, а не дзевяць альбо сем у гонар балесцяў Маці Божай?»

- Дачка Мая, матыў вельмі просты: ёсць пяць відаў знявагаў і блюзнерстваў супраць Беззаганнага Сэрца Марыі:

  1. Блюзнерства супраць Беззаганнага Пачацця;
  2. Супраць цнатлівасці Маці Божай;
  3. Супраць Боскага Мацярынства і адначасова непрызнаванне Яе Маткаю рода чалавечага;
  4. Блюзнерства тых, хто імкнецца публічна пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Найсвяцейшай Маці;
  5. Блюзнерства тых, хто абражае Яе ў святых выявах.

(Гл. «Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.408-410).

Абвяшчэнне Таямніцаў

17 снежня 1927 года Люцыя наблізілася да табэрнакулюма ў капліцы кляштара св.Дароты ў Туі, каб запытаць у Пана Езуса, як выканаць загад, дадзены яе духоўнікам, - пісьмова расказаць пра некаторыя ласкі, якія яна атрымала ад Бога, калі яны звязаны з Таямніцамі, даверанымі ёй Найсвяцейшаю Паннай. Езус выразным голасам сказаў:

- Дачка Мая, напішы пра тое, аб чым цябе просяць, і пра ўсё тое, што адкрыла табе Найсвяцейшая Панна ў часе аб'яўленняў, калі Яна гаварыла аб набажэнстве (да Беззаганнага Сэрца Марыі). Што датычыць астатніх Таямніцаў, - працягвай захоўваць маўчанне.

(Гл. «Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.400; Ayres da Fonseca, с.34).

Такім чынам, атрымаўшы загад, Люцыя адкрыла тое, аб чым было сказана ў чэрвеньскім аб'яўленні.

Пазней, у 1941 годзе, па распараджэнні біскупа Лейрыі яна ўспомніць усё, што магло б дапоўніць аповед для новага выдання гісторыі жыцця Жасінты, візіянерка адкрыла, пасля атрымання дазволу з Неба, дзве з трох частак ліпеньскай Таямніцы.

Вось яе словы:

- Таямніца складаецца з трох розных частак, з іх я адкрыю дзве. Першая - гэта візія пекла.

Затым яна апісвае дзве першыя часткі Таямніцы, якія мы прыводзім у адпаведным месцы, расказваючы пра ліпеньскае аб'яўленне (Гл.Нататкі ІІІ, с.216, 220; Ayres da Fonseca, с.43-44; Galamba de Oliveira, с.146).

Трэцюю частку Таямніцы (гл.заўвагу 11) сястра Люцыя апісала паміж 22 снежня 1943г. і 9 студзеня 1944г. у лісце да біскупа Лейрыі Жозэ Карэйра да Сільва, які перадала праз біскупа Мануэля Марыя Феррэйра да Сільва, яе ранейшага спаведніка ў Порто. Гэты дакумент, які, паводле заявы сястры Люцыі, не павінен быць апублікаваны раней 1960 года24, быў даручаны монсеньёрам Жано П. Венанцыо, у той час дапаможным біскупам Лейрыі, у апостальскую нунцыятуру ў Лісабоне. Адтуль нунцый Фернандо Цэнто, будучы кардынал, адвёз яго ў Рым (у перыяд паміж кастрычнікам 1958г. і лютым 1959г.), дзе ён быў прачытаны Папам Янам ХХІІІ і кардыналам А.Аттавіані, - тагачасным прэфектам святой Кангрэгацыі Супольнасці Santo Officio. Потым дакумент быў скіраваны ў тайныя архівы Ватыкана.

(Гл.Reis, P. Sebastiдo Martins dos. , «Sнntese critique de Fatima: Incidйncias e Repercussхes» , с.69; A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.70).

З надзейных крыніцаў вядома, што сястра Люцыя напісала гэтую частку Таямніцы па патрабаванні біскупа Лейрыі тады, калі яна цяжка захварэла (гл.Walsh, с.185-186).

Прысвячэнне Расіі Найсвяцейшаму Сэрцу Марыі

13 чэрвеня 1929 года сястра Люцыя перажыла цудоўную візію Найсвяцейшай Тройцы і Беззаганнага Сэрца Марыі, падчас якой Маці Божая сказала ёй, што настаў момант, каб Люцыя паведаміла Святой Царкве, што Маці Божая жадае прысвячэння Ёй Расіі і абяцае навярнуць гэту краіну. Сама Люцыя піша:

«Я папрасіла дазволу ў маіх кіраўнікоў і ў майго спаведніка і з іх дазволу вырашыла зрабіць Святою Гадзінаю час паміж 11 вечара і поўначчу кожны чацвер. Прабываючы ноччу ў адзіноце, я ўкленчыла каля балюстрады пасярод капліцы і паўтарала малітву Анёла. Адчуўшы стому, я ўстала і працягвала маліцца з разведзенымі рукамі.

Адзіным святлом было святло лямпы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Раптам уся капліца азарылася надзвычайным святлом, і над алтаром узнік прамяністы крыж, які дасягаў ажно столі. Пры больш ясным святле можна было бачыць на верхняй частцы крыжа мужчынскую постаць да пояса (Бог-Айцец), на грудзях Яго быў голуб са святла (Дух Святы), да крыжа было прыбіта цела другога мужчыны (Езус Хрыстус). Крыху ніжэй - келіх з вялікай Гостыяй, якая лунала ў паветры, на Гостыю з твару Укрыжаванага і раны на Яго боку сплывала кроў, а з Гостыі - у келіх.

Пад праваю перакладзінаю крыжа стаяла Маці Божая (гэта была Фацімская Маці Божая). Яна трымала Сваё Беззаганнае Сэрца ў левай руцэ, без мячоў і ружаў, але з каронаю з калючак і полымя(...) Пад леваю перакладзінаю вялікімі літарамі, нібы зробленымі з празрыстай вады, што сцякала на алтар, быў надпіс: Ласка і Міласэрнасць.

Я зразумела, што мне паказана Таямніца Найсвяцейшай Тройцы. Я атрымала таксама тлумачэнне, якое датычыць гэтай Таямніцы, але мне не дазволена адкрыць яе.

Затым Найсвяцейшая Панна сказала мне: «Час настаў. Бог просіць у Святога Айца, каб у адзінстве з усімі біскупамі свету прысвяціў Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы такім чынам уратаваць яе. Столькі душаў, якія Божая справядлівасць карае за грахі, учыненыя супраць Мяне, што Я прыходжу сама прасіць, каб перапрашалі: аддай жа сябе гэтай інтэнцыі і маліся» (гл.»Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.462, 464)25.

Пры пасрэдніцтве сваіх спаведнікаў і біскупа Лейрыі, сястра Люцыя дамаглася, каб просьба Найсвяцейшай Панны ўжо ў той жа год была перададзена Папу Пію ХІ. Папа абяцаў падумаць аб ёй (гл.De Marchi, с.311; Walsh, с.198).

У лісце, датаваным 29 мая 1930 года, с.Люцыя расказвае свайму спаведніку а.Жозэ Бернардо Гонсалвешу TJ, што Бог даў ёй адчуць у глыбіні сэрца Яго Боскую прысутнасць, натхніў яе, каб папрасіла ў Святога Айца адабрэння перапрашальнага набажэнства першых суботаў месяца. Вось словы візіянеркі: «Калі я не памыляюся, добры Бог абяцае пакласці канец пераследаванням у Расіі, як толькі Святы Айцец захоча і загадае ўсім біскупам каталіцкага свету здзейсніць урачыста і публічна акт перапрашэння і прысвячэння Расіі Найсвяцейшым Сэрцам Езуса і Марыі, а таксама адобрыць і рэкамендуе практыку гэтага перапрашальнага набажэнства» (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.404).

Пазней, у адной з наступных размоваў, Пан Езус паскардзіўся сястры Люцыі на тое, што прысвячэнне Расіі яшчэ не было зроблена: «Маёй просьбы не хацелі выканаць. Будуць шкадаваць аб гэтым, як некалі французскі кароль, і нават выканаюць яе, але будзе ўжо запозна.26 Тады Расія распаўсюдзіць ужо свае памылкі па свеце, выклікаючы войны і пераследаванні супраць Царквы: Святы Айцец нямала пацерпіць (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.464).

21 студзеня 1935 года ў лісце да а.Жозэ Бернарда Гонсалвешу TJ, сястра Люцыя паведамляе, што «Пан Езус быў вельмі незадаволены, бо Яго просьба да гэтага часу не выканана» (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.412).

У другім лісце да а.Гонсалвеша ад 18 мая 1936 года сястра Люцыя тлумачыць: «Што датычыць другога пытання - ці павінны мы настойваць на прысвячэнні Расіі, я адкажу практычна тое, што я гаварыла і раней. Я шкадую аб тым, што просьба Бога яшчэ не выслухана, але той самы Бог, Які настойваў на яе выкананні, дапусціў, што яна не была выканана. (...) Ці трэба настойваць? Не ведаю. Мне здаецца, што калі б Святы Айцец зрабіў гэта цяпер, Пан Езус прыняў бы гэта і выканаў Сваё абяцанне. Няма сумнення, было б тое вялікай радасцю для Яго і для Беззаганнага Сэрца Марыі.

Духоўна размаўляючы з Панам Езусам на гэтую тэму, я спытала ў Яго: Чаму Ён не наверне Расію (да Бога. - Рэд.) без прысвячэння Яго Святасцю. Таму што Я хачу, - адказаў Пан, - каб уся мая Царква прызнала, што гэтае прысвячэнне - трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі, каб потым распаўсюдзіць набажэнства да яго разам з набажэнствам да Майго Боскага Сэрца». «Але, мой Божа, Святы Айцец не паверыць мне, калі Ты не абдарыш яго асаблівым натхненнем». «Шчыра маліся за Святога Айца! Ён зробіць гэта, але будзе занадта позна. Тым не менш, Беззаганнае Сэрца Марыі ўратуе Расію, бо Расія даручана Яму» (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.412-414).

24 красавіка 1940 года яна піша а.Гонсалвешу: «Калі Ён (Пан Езус) захоча, Ён можа прыспешыць гэтую справу, але, каб пакараць свет, Ён дазволіць ёй ісці марудна. Яго справядлівасць, абражаная нашымі грахамі, патрабуе гэтага. Яго часта засмучаюць не толькі вялікія грахі, але і наша лянота, наша абыякавасць і нядбайнасць у выкананні Яго просьбаў.

(...) Злачынстваў шмат, але яшчэ большая цяпер нядбайнасць тых душаў, ад якіх Ён спадзяваўся, што будуць палымяна служыць Яму! Колькасць жа душаў, якія пры Ім, вельмі абмежаваная» (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.420, 422)27.

Сястра Люцыя вяртаецца да такіх самых думак 18 жніўня 1940 года ў лісце да а.Гонсалвеша: «Я мяркую, што нашаму Пану прыемна, каб заўсёды быў нехта побач з Яго вікарыем на зямлі, хто чувае над выкананнем Яго пажаданняў. Але Святы Айцец не зробіць гэтага неадкладна. Ён сумняваецца ў іх ісціннасці і на гэта ёсць свае прычыны. Наш добры Бог мог бы праз нейкі цуд паказаць яму, што гэта Ён просіць. Але Ён выкарыстоўвае гэтую адтэрміноўку, каб Сваёю справядлівасцю пакараць свет за вялікае мноства грахоў і падрыхтаваць да больш поўнага вяртання да Яго28. Доказ, што гэта Ён просіць, - асаблівая апека Беззаганнага Сэрца Марыі над Партугаліяй, дзякуючы акту прысвячэння Ёй гэтай краіны29.

Гэтыя людзі, пра якіх Айцец гаворыць, маюць падставы баяцца. Усё гэта здарылася б з намі, калі б нашыя біскупы не адказалі на просьбы добрага Бога і ад усяго сэрца не прасілі б міласэрнасці і апекі Беззаганнага Сэрца нашай найлепшай Нябеснай Маці. Але на нашай радзіме ёсць яшчэ шмат злачынстваў і грахоў, і цяпер, калі настаў час Боскай Справядлівасці над светам, трэба працягваць маліцца. Вось чаму я лічу, што трэба глыбока ўнушыць людзям вялікі давер да міласэрнасці добрага Бога нашага і апекі Беззаганнага Сэрца Марыі, а таксама неабходнасць малітвы і ахвяры, асабліва тых, якія патрэбны, каб пазбегнуць граху (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.420).

У лісце ад 2 кастрычніка 1940 года сястра Люцыя звяртаецца непасрэдна да Папы Пія ХІІ па загадзе яе духоўных настаўнікаў, просячы Яго Святасць, каб ён благаславіў набажэнства першых суботаў і распаўсюджванне яго на ўвесь свет. Яна дадае: «У 1929 годзе Маці Божая ў часе іншага аб'яўлення папрасіла прысвяціць Расію Яе Беззаганнаму Сэрцу, абяцаючы навярнуць Расію і перашкодзіць распаўсюджванню яе памылак.

(...) У многіх духоўных размовах Пан не пераставаў настойваць на гэтай просбе, абяцаючы, што калі Ваша Святасць згодзіцца здзейсніць прысвячэнне свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі з асаблівым упамінаннем Расіі і загадае, каб адначасова з Вашаю Святасцю гэта зрабілі таксама ўсе біскупы, Ён скароціць дні мукі, якімі Ён вырашыў пакараць народы за іх злачынствы вайною, голадам, пераследаваннямі Святой Царквы і Вашай Святасці» (гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.436; De Marchi, с.312; Galamba de Oliveira, с.153).

31 кастрычніка 1942 года ў пасланні, адрасаваным Партугаліі з нагоды заканчэння юбілейнага года Фацімскіх аб'яўленняў, Папа Пій ХІІ прысвяціў Царкву і ўсё чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

У 1943 годзе сястра Люцыя расказвае ў лісце да а.Гонсалвеша, датаваным 4 мая таго ж года, пра яшчэ адну размову з Панам Езусам: «Я павінна па загадзе біскупа (тытулярнага біскупа Гурзы Мануэля Марыя Феррэйры да Сільва) перадаць арцыбіскупу Вальядолі просьбу Пана Езуса да біскупаў Іспаніі, а таксама да біскупаў Партугаліі. Дай, Божа, каб усе пачулі Яго голас. Бог хоча, каб іспанскія біскупы сабраліся для разважання і прынялі рэформы, якія датычаць свецкіх, духавенства і манаскіх ордэнаў, таму што ў пэўных манастырах!.. таксама многія іншыя!.. Айцец разумее? Бог хоча, каб вернікам ясна было пададзена, што праўдзівае пакаянне, якога Ён цяпер чакае і прагне, складаецца, перадусім, з ахвяравання, якое кожны павінен здзейсніць, каб выканаць свае рэлігійныя і жыццёвыя абавязкі. Ён абяцае хуткі канец вайны, як адказ на здзейснены акт, якога Ён чакаў ад яго Святасці. Але паколькі той акт не быў даведзены да канца, навяртанне Расіі адбудзецца пазней. Калі іспанскія біскупы не выканаюць Яго жадання, то Расія стане яшчэ раз бічом, каторым Бог пакарае іх» (гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.446).

7 ліпеня 1952 года ў Апостальскім Лісце «Sacro Vergent Anno» Папа Пій XII прысвяціў народы Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

У часе Другога Ватыканскага Сабора 510 арцыбіскупаў і біскупаў з 78 краін падпісалі петыцыю, у якой яны просяць вікарыя Хрыста прысвяціць увесь свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі з асаблівым і выразным упамінаннем Расіі і іншых краін, што знаходзяцца пад уладаю камунізма, раячы, каб у адзінстве з Папаю гэта зрабілі ў той жа дзень усе біскупы свету. Гэты дакумент быў асабіста ўручаны Святому Айцу Паўлу VI бразільскім арцыбіскупам Дыямантыны Жэральдо дэ Проэнса Сігауд у часе прыватнай аўдыенцыі 3 лютага 1964 года. Ініцыятыва гэтай гістарычнай петыцыі належыць гэтаму арцыбіскупу, а таксама біскупу Кампос Антоніо дэ Кастра Майер.

Папа Павел VI, закрываючы ІІІ сесію Другога Ватыканскага Сабора 25 лістапада 1964 года, «прысвяціў увесь род чалавечы» Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Тым жа актам, пад воплескі ўсіх саборных айцоў ён абвясціў Найсвяцейшую Панну «Маткаю Царквы» (гл.Mater Ecclesiae).

Ян Павел ІІ здзейсніў два прысвячэнні свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Адно прысвячэнне было зроблена ў Фаціме 13 мая 1982 года, другое - у Рыме 25 сакавіка 1984 года. Абодвум актам папярэднічала прапанова Святога Айца, звернутая да ўсіх біскупаў, паяднацца з ім у гэтых двух актах. Аднак з поўнай упэўненасцю мы не можам сказаць, у якой меры біскупы ўсяго свету сапраўды саўдзельнічалі ў гэтым прысвячэнні ў адзінстве з Папаю, - у 1982 ці ў 1984 годзе. Ні ў адным з іх Расія не была намінальна ўспомнена.

Аднак сястра Люцыя заўсёды сцвярджала (аж да сярэдзіны 1989 года), што ні адно з гэтых прысвячэнняў не было дзейсным (г.зн., не адпавядала ўмовам, пра якія гаварыла сама Найсвяцейшая Панна). Аднак з 1989 года сястра Люцыя стала прызнаваць дзейснасць прысвячэння, зробленага Янам Паўлам ІІ 25 сакавіка 1984 года.

Аб гэтым змяненні яе пазіцыі спрачаюцца і цяпер. Некаторыя прымаюць яе новы погляд, іншыя застаюцца вернымі мінулым выказванням.

Праблема занадта складаная, каб мы маглі прысвячаць ёй гэтыя старонкі. Дастаткова толькі адзначыць, што, супастаўляючы гэтае прысвячэнне з надзвычайнымі падзеямі, якія азнаменавалі крушэнне камунізму ва Усходняй Еўропе ў канцы 1989 года, - а менавіта яно і змяніла думку сястры Люцыі, - яна з поўнаю пэўнасцю сцвярджае, што выказвае толькі ўласнае меркаванне, а не перадае нейкае асаблівае аб'яўленне.

Пра гэта вельмі важнае пытанне мы рыхтуем асобную працу, якая ў адпаведны момант будзе апублікавана.

Нам жа трэба з поўным даверам маліцца аб тым, каб усе невядомыя да гэтага часу часткі Фацімскай весткі, давераныя сястры Люцыі, маглі быць данесены да ўсіх веруючых дзеля вялікага іх дабра, дзеля хутчэйшага крушэння эгалітарнай і гнастычнай рэвалюцыі і праслаўлення Найсвяцейшай Панны Марыі.


  1. Абат Себасцьяно Марцінс душ Рэйш у сваёй кнізе «Фацімская візіянерка расказвае і адказвае на пытанні пра аб'яўленні» прыводзіць наступныя дакументы:
    а) шэраг размоваў віконта дэ Монтэлла з візіянерамі ў часе саміх аб'яўленняў;
    б) інтэрв'ю айца Х.І.Ёнгена, які сустракаўся з сястрою Люцыяй 3 і 4 лютага 1946г., апублікаванае ў тым жа годзе ў нумарах часопіса «Mediatrice et Reine» («Пасрэдніца і Каралева»);
    в) ідэнтыфікацыя гістарычных мясцінаў Фацімы, выкананых самою візіянеркаю 20 мая 1946 года;
    г) анкета д-ра Ж.Ж.Гоулвена, якому сястра Люцыя пісьмова адказала 30 чэрвеня 1946г. (а. Себасцьяно Марцінс душ Рэйш паведамляе, што сястра Люцыя даслала рукапіс біскупу Лейрыі, які перадрукаваў яго ў трох экзэмплярах. Кожны з іх быў падпісаны самою візіянеркаю і меў наступны лёс: адзін быў уручаны д-ру Гоулвену, другі застаўся ў самой Люцыі, трэці - у архіве разам з арыгіналам пад наглядам біскупа Лейрыі);
    д) анкета а. Жозэ Пэдро да Сільва (будучага біскупа Візеі), якому с.Люцыя адказвала 1 жніўня 1947 года.
    Акрамя гэтых сведчанняў і гутарак з айцом Маршы і Уолшам, пра якія мы ўжо згадвалі, сястра Люцыя мела шэраг размоваў на працягу пяці дзён (з 16 да 20 верасня 1935 года) з пісьменнікам Антэро дэ Фігейрэдо, пра якія яна ўспамінае ў сваіх Нататках (IV, с.368-376).
  2. Кананічны працэс, што зацягнуўся на восем гадоў, на працягу якіх сястру Люцыю шмат разоў апытвалі, прыйшоў да высновы, вельмі спрыяльнай для пацвярджэння сапраўднасці аб'яўленняў. Біскуп Лейрыі Жозэ Каррэйя да Сільва ў пастырскім лісце ад 30 кастрычніка 1930 года выказаўся так: «На падставе разважанняў, пададзеных да нашага ведама(...), пакорна прызываючы Духа Святога, аддаючы сябе заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама выслухаўшы айцоў - кансультантаў нашай дыяцэзіі - лічым сваім абавязкам заявіць:
    а) прызнаць верагоднымі аб'яўленні Найсвяцейшай Панны ў Кова да Ірыі дзецям Фацімскай парафіі нашай дыяцэзіі трынаццатага чысла з мая месяца па кастрычнік;
    б) афіцыйна дазволіць культ Маці Божай Фацімскай» (
    гл. «Асвячэнне Касцёлам культу Маці Божай Фацімскай» айца Францішка Рандэйро TJ, у кнізе: «Фаціма - алтар свету», т.2, с.79-180).
  3. Да выдання «Нататак і Лістоў с.Люцыі» а.Антоніо Марыя Марцінс TJ далучае некалькі лістоў візіянеркі да яе духоўніка а.Жозэ Госалвеша TJ і адзначае, што гэта той, «у каго з візіянеркаю была найбольш каштоўная перапіска. Большасць гэтых пісьмаў датычыць пытанняў сумлення, і па гэтай прычыне яны не могуць быць апублікаваны цяпер» (с.399). У прадмове да тае ж кнігі (с.ХХ) айцец Марцінс гаворыць, што візіянерка, апрача Нататак, напісала «тысячы пісьмаў, якія ў пераважнай большасці напісаны пасля ўступлення ў кармэліцкі кляштар Святой Тэрэсы ў Каімбры 25 сакавіка 1948 года».
    Адносна яе перапіскі з а.Гонсалвешам сястра Люцыя аднойчы ўпамінае пра накладзеную цэнзуру, якая складала пэўную перашкоду для таго, каб гутарыць аб праблемах сумлення. Вось што яна піша ў пісьме да таго ж айца (21 студзеня 1940г.): «Я даўно ўжо хацела Вам напісаць, але многае перашкаджала. Галоўнаю перашкодаю была цэнзура. Пісаць, не гаворачы пра тое, што трэба сказаць, падавалася мне марнотаю Вашага часу, пісаць пад цэнзураю было немагчыма. Неабходнасць была часам вельмі вялікаю, але - пачакайце! Усё гэта прайшло, і добры Бог паклапаціўся пра ўсё і на кожную рану выпісаў сродак. Ён добра ведае, што Ён - адзіны лекар на гэтай зямлі. Шчыра прызнаюся Вам: я сумнявалася ў тым, што Вы захочаце траціць час на мяне. Я вельмі дзякую Вам за Ваша пісьмо і за міласэрнае ўказванне мне дарогі. Няхай Бог адплаціць Вам за гэта» («Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.418).
  4. У часе размовы з с.Люцыяй Уолш запытаў: ці паўтарыла яна дакладна словы Анёла і Маці Божай, альбо толькі перадала іх агульны сэнс. Сястра Люцыя адказала: «Словы Анёла валодалі непахіснай перакананасцю, нейкай надзвычайнай рэальнасцю так, што іх немагчыма было забыць. Мне здавалася, яны адбіліся дакладна і непазбыўна ў маёй памяці. Са словамі Маці Божай усё было інакш. Я не ўпэўнена, ці перадала дакладна кожнае слова. Хутчэй, я захавала іх сэнс і выказала словамі тое, што я зразумела. Гэта нялёгка растлумачыць...»(Walsh, англ.выданне, с.224).
    Сутыкнуўшыся з гэтай цяжкасцю - перадаць чалавечымі словамі тое, што яна пачула ад Маці Божай, - нярэдкі выпадак у некаторых містычных з'явах - сястра Люцыя, аднак, імкнулася як найдакладней перадаць словы, якія паведаміла ёй Найсвяцейшая Панна. Гэта выразна праявілася ў пытаннях, якія ёй задаў а.Ёнген: «Вы перадалі агульны сэнс таго, што Найсвяцейшая Панна сказала Вам наконт Таямніцы, ці дакладна паўтарылі Яе словы?»
    «Калі я гавару пра аб'яўленні, то перадаю агульнае значэнне слоў, але калі я пішу пра іх, то, наадварот, - стараюся цытаваць даслоўна. Таямніцу я запісала дакладна, слова ў слова.»
    «Ці Вы ўпэўнены, што ўсё запомнілі?»
    «Я думаю, што так.»
    «Значыць, словы Таямніцы былі перададзены Вамі менавіта ў тым парадку, у якім яны былі Вам паведамлены?»
    «Так.»
    (De Marchi, с.308-309).
  5. Дзеці - сведкі аб'яўленняў - заўсёды разумелі так, што апошняе аб'яўленне Маці Божай адбудзецца ў кастрычніку, што, зрэшты, было ім ясна сказана ў жнівеньскім аб'яўленні. «Шэсць месяцаў запар», - маецца на ўвазе разам з першым аб'яўленнем. Сёмае, пра якое будзе ісці гаворка пазней, не належыць да гэтай колькасці.
  6. Заўсёды разумелася так, што загад «навучыцца чытаць» датычыў толькі Люцыі, таму што іншыя візіянеры, як абяцала Маці Божая ў гэтым аб'яўленні, у хуткім часе павінны быць ўзятыя на Неба.
  7. Дзеці захоўвалі ў таямніцы тое, аб чым гаварылася ім ў чэрвеньскім аб'яўленні пра пакланенне Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Яны гаварылі нават, што Маці Божая адкрыла ім Таямніцу. У сваіх Нататках сястра Люцыя тлумачыць, што, уласна кажучы, Найсвяцейшая Панна не прасіла іх захоўваць гэта ў сакрэце. «Але мы адчувалі, што Бог схіляе нас да гэтага», - дадае Люцыя (Нататкі, IV, с.236)''.
  8. Многія аўтары паведамляюць пра некаторыя дэталі адносна тых ласкаў, аб якіх Люцыя прасіла ў Маці Божай. Адной з іх было аздараўленне паралізаванага сына Марыі Каррэйра. Найсвяцейшая Панна адказала, што Яна не аздаравіць яго і не пазбавіць ад беднасці, але параіла штодзённа моліцца на ружанцы з усёю сям'ёю, і Яна паклапоціцца, каб ён заўсёды меў сродкі на жыццё (гл.De Marchi, с.91; Ayres da Fonseca, с.42). Яшчэ адзін калека прасіў Маці Божую аб тым, каб Яна хутчэй забрала яго на Неба. Маці Божая адказала, што ён не павінен спяшацца і што Яна добра ведае, калі павінна прыйсці па яго (гл.De Marchi, с.91). Уолш расказвае, што «Жасінта гаварыла (сваім бацькам) пра жаданне Маці Божай, каб кожная сям'я штодзённа адгаворвала Ружанец».
  9. У лютым 1946 г. у пісьме да айца Ёнгена сястра Люцыя пацвердзіла, што Маці Божая прамовіла імя Пія ХІ, але Люцыя не ведала тады, пра каго ідзе гаворка - пра Папу ці пра якога-небудзь караля.
    Той факт (на яго звычайна ўказваюць даследчыкі), што вайна пачалася пры пантыфікаце Пія ХІІ для сястры Люцыі не стварае праблемаў. Анэксія Аўстрыі - а таксама іншыя палітычныя падзеі, што адбываліся ў канцы пантыфікату Пія ХІ, - уяўляе для Люцыі выразны пачатак катастрофы, жудасны размах якой разгарнуўся крыху пазней (гл. гутарку з а.Ёнгенам у De Marchi, с.309).
  10. Люцыя сцвярджала, што бачыла ў незвычайнай яснасці «вялікі знак», які астраномы прынялі за паўночнае ззянне (яно асвятляла неба Еўропы ў ноч з 25 на 26 студзеня 1938 года з 20 гадзін 45 хвілін да 1 гадзіны 15 хвілін з невялікімі перапынкамі). Перакананая ў тым, што сусветная вайна, якая «будзе жахлівай, жахлівай», неўзабаве выбухне, яна падвоіла намаганні для таго, каб дамагчыся задавальнення просьбаў Маці Божай, якія - як мы ўбачым у IV частцы - былі ёй з гэтаю мэтаю паведамлены. Люцыя напісала ліст непасрэдна да Папы Пія ХІ па гэтай справе (гл. De Marchi, с.179-181; Ayres da Fonseca, с.45).
  11. Візія пекла і прароцтва, якое за ёю следуе, складаюць дзве вядомыя часткі Фацімскай Таямніцы, атрыманай дзецьмі ў часе аб'яўлення ў ліпені. У прадмове да бразільскага выдання Нататак сястры Люцыі а.Антоніо Марыя Марцінс TJ катэгарычна сцвярджае, што трэцяя частка Таямніцы, «тэкст якой не быў яшчэ абнародаваны», датычыць толькі таго, што называюць «крызісам Царквы» (цыт.с.XVII). Аўтар не гаворыць, якім чынам ён даведаўся пра гэта, і больш нічога не тлумачыць. Ва ўсялякім выпадку, гэта інфармацыя настолькі праўдападобная, што цяжка дапусціць, якім чынам Таямніца магла б не датычыць гэтай праблемы. Магчыма, гэта і ёсць прычына таго, што трэцяя частка Фацімскай весткі да нашага часу не абнародавана, нягледзячы на вялікае чаканне ўсяго свету.
    Цікава адзначыць, што ў Нататках ІІІ сястра Люцыя заканчвае расказ пра другую частку Таямніцы наступнымі словамі: «і свету будзе падараваны пэўны перыяд спакою». У Нататках IV яна тут жа дадае ў выглядзе заключэння: «У Партугаліі заўсёды будзе захаваны догмат веры і г.д.» Адсюль лагічная выснова: «догмат веры» занікне ў такіх велізарных маштабах свету, што заслугоўвае спецыяльнага ўпамінання пра яго захаванне ў Партугаліі. Але што азначае захаванне ці незахаванне догмату веры ў дадзенай краіне - вызначыць цяжка. Тым не менш ясна, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб крызісе веры. Такім чынам, гэтае пытанне датычыць непасрэдна той выключна сур'ёзнай праблемы, якую ўяўляе сабою крызіс Царквы, таму што крызіс веры ляжыць у самым сэрцы гэтага крызісу.
    Зрэшты, і «г.д.», якім сястра Люцыя завяршае раздзел Нататак IV, наводзіць на думку, што трэцяя частка Таямніцы адносіцца менавіта да гэтай часткі яе аповеду і арганічна звязана з цытаваным вышэй сказам. Адсюль вынікае, што наступае эпоха крызісу каталіцкае веры на свеце, і ў такім выпадку дапушчэнне таго, што крызіс Царквы сапраўды складае трэцюю частку Таямніцы, становіцца ўсё больш і больш праўдападобным.
    Аднак, калі мы пакінем межы дапушчэнняў, зрэшты, зусім верагодных, і наблізімся да рэальнасці, то прызнаем, што адзін з найбольш выразных аспектаў крызісу Царквы заключаецца менавіта ў інфільтрацыі левых у каталіцкае асяроддзе. Гэты аспект у 1968 годзе быў настолькі трывожным, што тады 1 600 000 бразільцаў, 280 000 аргенцінцаў, 105 000 чылійцаў і 25 000 уругвайцаў падпісалі пасланне, звернутае да Яго Святасці Папы Паўла VI, з просьбаю прыняць энергічныя меры, каб затрымаць інфільтрацыю (памятныя петыцыі былі складзены таварыствамі Абароны Традыцыі, Сям'і і Уласнасці ў кожнай з гэтых краінаў).
    Такім чынам, камунізм - менавіта тое бедства, якім Бог хоча пакараць свет. Найсвяцейшая Панна гаворыць у другой частцы Таямніцы, што «Расія распаўсюдзіць свае памылкі па ўсім свеце». Калі на нашых вачах гэтыя памылкі дасягаюць найсвяцейшых закуткаў каталіцкай Царквы ў такой ступені, што Павел VІ заявіў пра тое, што ён адчувае, як «сатанінскі дым праз нейкую трэшчыну пранік у Храм Божы» (пропаведзь 29 чэрвеня 1972 года), то цяжка ўстрымацца ад думкі, што існуе некаторая сугучнасць паміж другою і трэцяй часткамі Таямніцы, калі трэцяя частка сапраўды датычыць крызісу Царквы.
    Нарэшце, сама сястра Люцыя падкрэслівае, што «Таямніца складаецца з трох РОЗНЫХ частак» (гл.Нататкі ІІІ, с.218). Першая частка - візія пекла, другая - вестка пра пакаранне і сродкі, як яго пазбегнуць, трэцяя - паводле сцверджання а.Антоніо Марыя Марцінс TJ і па нашым меркаванні, - крызісу Царквы як фактару вечнага асуджэння незлічонай колькасці душаў (першая частка Таямніцы), - адной з прычынаў кары, што абрушыцца на свет (другая частка Таямніцы).
  12. Існуе некалькі тэкстаў гэтай малітвы. Невялікае разыходжанне сустракаецца нават у рукапісах і размовах з сястрою Люцыяй. Тэкст, які мы прыводзім, узяты з Нататак IV, с.340-342. Ён быў пацверджаны самою Люцыяй у размове з Уолшам (с.197). У Нататках ІІІ, с.220, узнікае такое малое адрозненне, што яно не перадаецца пры перакладзе (нават на французскую мову); гэтая ж версія змешчана ў лісце да а.Бернарда Гонсалвеша TJ (гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.442). Аднак у адказе на пытанні д-ру Гоульвену апошняя фраза сфармулявана наступным чынам: «і спяшайцеся з дапамогаю да тых, каму гэта найбольш патрэбна» (гл.Reis, P. Sebastiдo Martins dos. A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.39). Як бачым, гэтая апошняя версія найбольш адрозніваецца ад іншых, і на ёй Люцыя настойвае менш за ўсё, паколькі яна паяўляецца толькі ў адным дакуменце. Зрэшты, невядома, ці а.Себасцьяно Марцінс душ Рэйш, які апублікаваў яе, перапісваў непасрэдна з рукапісу альбо з перадрукаванай копіі. У апошнім выпадку было б цікава параўнаць рукапіс з копіяй тэксту, каб праверыць, ці не зроблена якая-небудзь памылка пры перапісванні.
    У адным можна быць упэўненымі: дзеці, адгаворваючы гэтую малітву, лічылі, што яна адносіцца да душаў чысцовых. Сястра Люцыя пацвярджае гэта ў лісце ад 8 мая 1941 года да а.Гонсалвеша: «Гэтую малітву пераклалі, прыстасоўваючы апошнюю просьбу да душаў у чысцы, паколькі перакладчыкі, як яны казалі, не зразумелі сэнсу апошніх слоў. Але мне здаецца, што Маці Божая скіроўвала яе за душы, якім найбольш пагражае небяспека вечнага асуджэння. Уражанне, якое засталося ў мяне, магчыма, складзецца і ў вас пасля прачытання апошняй часткі Таямніцы» (пар.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.442). Вось чаму малітва «О Езу, прабач нам, захавай нас ад агню пякельнага, спашлі палёгку душам у чысцы і асабліва найбольш пакінутым», - у пэўным сэнсе недакладная.
  13. Дзеці, атакаваныя пытаннямі аб тым, што сказала ім Найсвяцейшая Панна, заявілі: «Гэта Таямніца». - «Добрая ці дрэнная?» - дамагаліся суразмоўцы. - «Добрая для адных, дрэнная - для другіх», - адказалі дзеці (гл.De Marchi, с.94; Walsh, англ.выданне, с.84). Перад апошнім аб'яўленнем, калі канонік д-р Мануэль Нунеш Фармігао запытаў у Францішка і Жасінты, ці «засмуціліся б людзі, калі б даведаліся пра Таямніцу», дзеці адказалі: «Так» (гл.De Marchi, с.151-152; Walsh, с.121).
    Ці кара, прадказаная ў ліпеньскім аб'яўленні, азначала вайну 1939-1945 гадоў? Аналіз тэкста яўна прыводзіць нас да высновы, што другая сусветная вайна была толькі пачаткам альбо прэамбулай вялікага пакарання.
    Сапраўды, Маці Божая папярэджвае, што «многія народы будуць цалкам знішчаны». Многія народы былі жорстка пакараныя ў часе вайны і пасля яе, але нельга сказаць, што яны былі цалкам знішчаны.
    Зрэшты, сястра Люцыя ў сваёй размове з Уолшам пасля заканчэння вайны (15 ліпеня 1946 года) заявіла: «Калі гэта здзейснім, (прысвячэнне Расіі), Яна (Найсвяцейшая Панна) наверне Расію, і настане мір. Калі ж не, - памылкі Расіі распаўсюдзяцца па ўсім свеце». - «Вы мяркуеце, - запытаў Уолш, - гэта азначае, што ўсе краіны без выключэння будуць заваяваны камунізмам?» - «Так», - адказала візіянерка (Walsh, англ.выданне, с.225).
    Экспансія камунізма і распаўсюджванне яго ідэалогіі па ўсім зямным шары стала больш відавочным пасля заканчэння II сусветнай вайны. Такім чынам, можна меркаваць, што пакаранне, абвешчанае Маці Божай, ужо адбываецца.
    Урэшце, калі б пакаранне ўжо адбылося, то павінна была б здзейсніцца таксама і другая частка паслання - тая, дзе гаворыцца аб перамозе Найсвяцейшай Панны Марыі і ўстанаўленні Яе Каралеўства: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе». Адзінае, што можна сказаць, - гэтага яшчэ не адбылося.
    Беручы пад увагу ўсе гэтыя прычыны, зазначым, што велізарныя цярпенні, выкліканыя другою сусветнаю вайною, павінны прымацца як пачатак таго пакарання, пра якое абвясціла Маці Божая і якое пакуль што не закончылася.
  14. Аднак ёсць сумненні, якія датычаць даты. Сама сястра Люцыя добра не памятае: у Нататках ІІ і IV яна ўказвае на гэтую дату, але ў сваім адказе д-ру Гоулвену называе дату 19 з наступнаю заўвагаю на палях: «Гэтая дата падаецца мне больш верагоднаю, бо калі б гэта было 15, то мы заставаліся б у турме толькі адзін поўны дзень. Але я памятаю, што мы прабылі там даўжэй» (Reis, P. Sebastiдo Martins dos., A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.43).
    8 ліпеня 1924 года у кананічнай анкеце Люцыя адказвае падрабязна, дзень за днём, пра сваё зняволенне (а таксама і іншых дзяцей) і гаворыць, што ўсе трое вярнуліся з Аурэма 16 чысла. Такім чынам, многія з аўтараў лічаць найбольш верагоднаю датаю 19 жніўня, якая прыпадала на нядзелю, паколькі с.Люцыя ўспамінае, што аб'яўленне адбылося ў святочны дзень.
    Таксама ў сваіх Нататках ІІ і IV, як і ў кананічнай анкеце, Люцыя катэгарычна сцвярджае, што аб'яўленне ў Валіньёс адбылося ў той самы дзень, калі яна вярнулася з Віла Нова дэ Аурэм. Калі б аб'яўленне адбылося 19 чысла, гэта сведчыла б аб шасцідзённым прабыванні дзяцей ў турме, што, аднак, з'яўляецца перабольшваннем, паколькі іх забралі трынаццатага.
    Пры такіх абставінах Галамба ды Алівейра (с.83) спыняецца на даце 15, указваючы на магчымасць разыходжання на 1 дзень і на 1 ноч, што засведчана ў аповедзе Люцыі, зробленым перад кананічнай камісіяй у 1924г.
  15. У гэтым месцы Дэ Маршы дадае да словаў Маці Божай: «Калі б вас не забралі б у вёску (тады так называлі мясцовасць Віла Нова дэ Аурэм), - цуд быў бы яшчэ большым». Ніякі іншы аўтар не прыводзіць гэтых слоў, якія не сустракаюцца таксама і ў Нататках сястры Люцыі.
  16. Паводле апісання гэтага аб'яўлення, якое 21 жніўня 1917 года зрабіла с.Люцыя пробашчу Фацімскай парафіі і якое было пацверджана на кананічнай камісіі 8 ліпеня 1924 года, - гэтыя апошния словы былі сказаны ў часе не чацвёртага, а пятага аб'яўлення, што падкрэслівае Дэ Маршы (гл. De Marchi, с.127).
  17. Дзеці пачалі насіць замест валасяніцы, кавалак грубай вяроўкі, якую не здымалі нават нанач. Гэта часта перашкаджала ім спаць, і яны амаль не спалі. За гэта хваліла іх Маці Божая.
  18. Дэ Маршы так дапаўняе словы Маці Божай: «Паколькі Пан наш не давярае ім». У адказах д-ру Гоулвену сястра Люцыя гаворыць, што не прыпамінае гэтых слоў (гл.Reis, P. Sebastiдo Martins dos., A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.45).
    Дэ Маршы змяшчае тут наступную просьбу с.Люцыі да Найсвяцейшай Панны: «Многія людзі кажуць, што я падманваю, што заслугоўваю шыбеніцы альбо вогнішча. Учыніце цуд, каб усе мне паверылі».
    Ніводнай з гэтых фраз няма ў Нататках сястры Люцыі.
  19. Дэ Маршы дадае наступны дыялог:
    Люцыя: Людзі далі мне два лісты для Вас і флакон адэкалону.
    Маці Божая: Для Неба гэта зусім не мае вартасці.
    Адказваючы на пытанне а.Жозэ Пэдро да Сільва, сястра Люцыя гаворыць, што не прыпамінае, каб яна прапаноўвала «духмяную ваду» Найсвяцейшай Панне (гл.Reis, P. Sebastiдo Martins dos., A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.63). Гэтага няма таксама ў яе Нататках.
  20. У лісце ад 18 мая 1941 года да а.Жозэ Бернарда Гонсалвеша TJ сястра Люцыя сцвярджае: Найсвяцейшая Панна сказала, што адным Яна падаруе ласку Божую праз год, іншым жа - не (гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.442).
  21. Дэ Маршы падае завяршэнне гэтага аб'яўлення наступным чынам:
    Люцыя: «Вы больш нічога не хочаце мне сказаць?»
    Маці Божая: «Больш Я нічога не хачу сказаць».
    Люцыя: «Я таксама больш не хачу нічога».

    Гэты маляўнічы дыялог не фігуруе ў Нататках сястры Люцыі.
  22. У ліпені 1919г. Жасінта была адпраўлена ў шпіталь Віла Нова Аурэма, дзе прабыла два месяцы.
  23. Некаторыя аўтары гавораць толькі - сястра Марыя ад Беззаганнага Сэрца.
    Адносна прычыны, па якой сястра Люцыя пакінула інстытут святой Дароты, каб паступіць у кармэліцкі кляштар у Каімбры, біскуп-граф гэтага горада піша ў лісце 27 мая 1948г. да а.Жозэ Апарыцыо TJ, былога спаведніка візіянеркі: «Сапраўды, с.Люцыя паступіла ў кармэліцкі кляштар гэтага горада, таму што па яе просьбе Святы Айцец загадаў, каб не стваралі перашкодаў пры яе пераводзе, паколькі спакой сястры парушалі шматлікія візіты, сярод якіх здараюцца іншы раз вельмі нахабныя і цікаўныя і якія нікому не прыносяць карысці (...) Сястра гаворыць, што ніколі не адчувала столькі спакою і такой радасці, як у гэтым прытулку, які яна не памяняла б ні за што на свеце. Выконваючы просьбу Святога Айца, с.Люцыя не прымае ні лістоў, ні візітаў, але я паведамляю ёй аб просьбах людзей, якія звяртаюцца да яе. Да гэтага часу не было ніводнага выключэння з гэтага правіла. (...) Наведаць яе могуць толькі тыя, хто атрымаў дазвол Апостальскай Сталіцы (гл.«Фаціма, дзе сонца дакранулася да зямлі», а.Луіс Гонзага Марыс TJ, с.32).
  24. Гл.Reis, P. Sebastiдo Martins dos., A vidente de Fбtima dialoga e responde pelas Apariзхes, с.82. Пытанне а.Ёнгена.
  25. Нататкі а.Жозэ Бернардо Гонсалвеша TJ, перапісаныя з рукапісу сястры Люцыі.
  26. Спасылка, якая датычыць абяцання Пана Езуса Людовіку ХІV праз пасрэдніцтва святой Маргарыты-Марыі Алякок абдараваць яго шчаслівым жыццём і вечнай хвалою, а таксама перамогай над усімі ворагамі, калі кароль прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу і зробіць Яго каралём свайго палаца і намалюе Яго выяву на сваіх харугвах і на гербе.
    Просьба, якую Пан Езус так сфармуляваў, не была яшчэ выканана, калі ў 1792 годзе Людовік ХVІ, ужо як вязень, даў абяцанне прысвяціць Сэрцу Езуса самога сябе, сваю сям'ю і сваё каралеўства, калі яму будуць вернуты свабода, карона і каралеўская ўлада. Было ўжо занадта позна: кароль пакінуў турму толькі для таго, каб узысці на эшафот.
  27. Як бачым, сястра Люцыя дакладна сочыць за тым, што адбываецца ў свеце, суадносячы падзеі з просьбамі Пана Езуса і Маці Божай. Але не заўсёды яна знаёміцца з фактамі звычайным чынам. Вось што яна піша ў лісце да а.Гонсалвеша 21 студзеня 1941г. : «Што датычыць такіх рэчаў (гаворка ідзе пра некаторыя артыкулы, якія, нібы, яна абавязана прачытаць), то я маю звычку чытаць толькі тое, што рэкамендуюць чытаць мае духоўныя ўлады (...) Зрэшты, мае зверхнікі лічаць за лепшае, каб я не ведала таго, што адбываецца, і мяне гэта задавальняе, я не цікаўная. Калі Пан хоча, каб я даведалася аб нечым, - я даведаюся ад Яго Самаго. Сродкаў у Яго багата!» (Гл.«Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.420).
  28. У другой частцы Таямніцы Маці Божая абвясціла, што трыумф Яе Беззаганнага Сэрца павінен наступіць пасля кары, якая абрушыцца на свет за яго злачынствы. У гэтым дакуменце сястра Люцыя гаворыць аб «поўным навяртанні» свету да Бога. Усё гэта цудоўна адпавядае прароцтву аб Каралеўстве Марыі, якое прадказаў святы Луі-Марыя Грыньён дэ Мантфорт у сваім вядомым «Трактаце аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны», а таксама ў не менш вядомай «Палымянай малітве». У Каралеўстве Марыі, па словах гэтага святога, Багародзіца зойме цэнтральнае месца ў духоўным і свецкім жыцці грамадства і асабліва запануе над душамі; тады настане надзвычайны росквіт Святога Касцёла і хрысціянскай цывілізацыі. Фацімская вестка - цудоўнае абяцанне рэалізацыі гэтага прароцкага аб'яўлення ў нашыя дні.
  29. У маі 1936г. епіскапат Партугаліі, які сабраўся ў Фаціме, даў абяцанне арганізаваць тут урачысты сход, калі краіна будзе захавана ад чырвонай небяспекі, якая зусім блізка пагражала (камуністычная рэвалюцыя ў Іспаніі лёгка магла перакінуцца на суседа). Пасля таго, як небяспека была цудоўным чынам прадухілена, біскупы Партугаліі вярнуліся ў Кова да Ірыю 13 мая 1938г., каб выканаць сваё абяцанне. Яны наладзілі ўрачыстую цырымонію падзякі за цудоўную апеку Найсвяцейшай Панны над іх краінаю. Тады ж было адноўлена прысвячэнне партугальскага народа Беззаганнаму Сэрцу Марыі, учыненае сем гадоў раней (гл.«Вялікія дні Фацімы» о.Марэйра дас Невеш; «Фаціма - алтар свету», т.2, с.249-257).
    У адказ на гэтае прысвячэнне Пан Езус абяцаў асаблівую апеку над Партугаліяй у часе ІІ сусветнай вайны, дадаўшы, што гэтая апека будзе доказам тых ласкаў, якія Ён спашле іншым народам, тым, што, падобна Партугаліі, будуць Яму прысвечаны («Нататкі і Лісты сястры Люцыі», с.236, 438).
    Аднак ласкі, падараваныя Партугаліі ў 30-х і 40-х гадах, не азначалі, што гэтая краіна была назаўсёды пазбаўлена ад чырвонай небяспекі і пакарання войнамі. Зрэшты, гэта вынікае з ранейшых публікацый - з ліста візіянеркі ад 18 жніўня 1940 года да а.Гонсалвеша, з іншых лістоў, якія надрукаваны ў «Нататках і Лістах сястры Люцыі» (пар. с.438, 440, 442), а таксама з пасланняў, перададзеных Жасінце, пра якія мы расказваем у трэцяй частцы гэтай кнігі.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.