Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

Мар’ян ДУКСА
ПРЫЙСЦI ДА АЛТАРА

  • Прыйсцi да алтара
  • Пасланне да Святога Айца Яна Паўла II
  • Вярнуцца на бераг зыходны...
  • Месяц май
  • Панна мiлосцi...
  • Ты побач са мною
  • I плакаў Езус...
  • Наблiзiцца да аблiчча Бога ...
  • Тваё ззянне
  • Пра бездарожжа
  • У кожнага шлях свой да Бога...
  • Гэту дарогу раннюю...
  • Твая цярплiвасць
  • Перашкаджае слухаць Бога...
  • Слова - у Бога...
  • Святар не шкадуе, што стаў святаром...
  • Мiласць
  • Любоў да Цябе
  • Адна дарога, i яна - да Бога...
  • Прыпадымi...
  • Да Мацi Божай Будслаўскай
  • А наш народ не выракся Цябе
  • Пярэдадзень
  • Бухта вечнасцi
  • Родны край
  • Дзень Велiкодны
  • Да Першай Камунii
  • У касцёле
  • Мастак на касцельных рыштаваннях
  • Касцельныя вежы
  • Найперш, чым свой лёс, нiбы плот, гарадзiць...
  • Паэзiя, цi не задужа рана...
  • О, розум, сэрца i сумленне...
  • Пакiнуўшы студэнцкi iнтэрнат...
  • Млосна на сэрцы...
  • Хто цябе так пашкадуе, як я...
  • Страшная праўда
  • Вельмi даймае яго нечаканая смага...
  • Нямецкiя могiлкi
  • А ў гэтай хацiне нiхто не жыве...
  • Вось чалавек...
  • Ты адвярнуўся да сцяны...
  • Прыйдзiце
  • Памяцi айца Уладзiслава Чарняўскага
  • Ахвярная любоў
  • Казiмiр Сваяк
  • Айцец Вiталiй
  • Чырвоны, трапяткi i жвавы...
  • Фантазiя Творцы
  • Грае шматлiкiмi фарбамi дзень каляровы...
  • Пацiхенечку, памаленечку...
  • Яблыня, сонца, хмурынка, сiнiчка...
  • Хоць адзiн некалькi гадзiн...
  • Маліцеся за цішыню...
  • Між гумнаў і хат
  • Рай стыла-галодны...
  • Мажорнае
  • Пакіньце мне маю адзіноту...
  • Калі баліць душа, як цела...
  • Ах, расчараванне поўнае...
  • Дзень, як вечар. Шэры, цьмяны...
  • Электронны вампір
  • Ах, ці дагоніць гнеў мой злых тыранаў?...
  • Сейбіты смутку
  • Вайна
  • Слізгаюць сняжынкі...
  • Святыя Пётра і Андрэй...
  • Злосць на пляцы
  • Гогаль на каленях
  • Табой я пагарджаю, стадыён...
  • Можа, як-небудзь свае параўняю барозны...
  • Святло
  • Воля
  • Ці ўзвысіцца мой кволы галасок...
  • Пад нябесным вогнішчам
  • Можа, з зорнага каўша...
  • Мокрага снегу у неба ніхто не прасіў...
  • А чым я лепшы за цябе...
  • Яшчэ адну...
  • Пыл пад нагамі...
  • Ідал-збавіцель
  • Ты хрыстапрадаўцаў вышукваеш клятых...
  • Пры дапамозе слоў
  • У бездань скідваючы злое...
  • «Спыніцеся!» - з апошніх сіл крычу...
  • Штось яблыні на Марсе не цвітуць...
  • Размыты сэнс - нібы нязменны вырак...
  • Вось ты прыходзіш...
  • Няведанне, нібы няўцямны страх...
  • Арханёльская труба
  • Ад касцельнай брамы да нябеснай
  • ПРЫЙСЦI ДА АЛТАРА
    Прыйсцi да алтара,
    калi заззяе ранне
    i знакам веры стане
    свiтальная зара.

    Прыйсцi яшчэ тады,
    як радаснае сэрца
    крынiцай гулка б'ецца,
    не знаючы бяды.

    Прыйсцi да алтара,
    з адданасцю укленчыць,
    як ападзе на плечы
    зямных турбот пара.

    Ад клопатаў усiх
    заныюць ногi-рукi.
    I часам прыйдуць мукi
    ў душу на нейкi мiг.

    Прыйсцi да алтара,
    як згаснуць сонца чары
    i зацвiце на твары
    вячэрняя зара.

    Хоць ходзiш ты цяжэй,
    стамляе ўжо дарога,
    але цяпер да Бога
    табе блiжэй, блiжэй...

    Найлепшая пара -
    адчуць з абдымкаў змогi,
    што ўсе твае дарогi
    вялi да алтара.

    ПАСЛАННЕ
    ДА СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА II
    Ушанаваны i светам усiм прывiтаны,
    пастыр любiмы i самы найбольшы мудрэц.
    Слухаем голас сардэчны, што йдзе з Ватыкана,
    гэта мы чуем твой голас, Свяцейшы Айцец.

    Праўда Хрыста ў тваiм карануецца слове,
    праўда, якая жыве i кiруе людзьмi.
    Рымскi Айцец, ты апостал вялiкай любовi,
    ад Беларусi удзячныя словы прымi.

    Сейбiт нястомны, ты сееш лагоду i згоду.
    Голуб нябесны, што мiр нам нясе на крыле.
    Вечны вандроўнiк, яднаеш i лучыш народы.
    I Беларусь захапленне табе сваё шле.

    Наш рулявы, капiтан велiзарнага чоўна,
    буры i ветры лiхiя ацiхнуць прымусь.
    Ў новае тысячагоддзе вядзi нас любоўна.
    Сiлы i моцы жадае табе Беларусь.

    Шчыры заступнiк усiх i гаротных, i бедных.
    Добры й ласкавы заўжды, апякун маладых.
    Ты - як надзея у нашых блуканнях i бедах,
    ты - як апора для хворых, самотных, старых.

    Нашыя сэрцы запоўнi ты замiлаваннем,
    голас душы абудзi, калi стане нямы.
    Як ты ахвярна за ўсiх спавясцiў пакаянне!
    О, беларусы, таксама пакаемся мы.

    Богу i людзям штодзённа ты служыш аддана,
    верай людскою малiтвы твае прараслi.
    Шчодра лiецца i ззяе святло з Ватыкана,
    робiцца ясна i цёпла на цэлай зямлi.

    Змрок прападае пацiху ў паветры празрыстым,
    i блаславёная радасна ўсходзiць зара.
    Як ты мацуеш старанна Касцёл прамянiсты,
    што збудаваўся ад першай цаглiнкi Пятра.

    Болей i болей вакол дабрынi i мiлосцi.
    Сонца ўстае i суцешлiва песцiць акно...
    Пастыр любiмы! Да нас ты наведайся ў госцi,
    бо Беларусь цябе вельмi чакае даўно.

    * * *
    Вярнуцца на бераг зыходны
    сваёй чысцiнi.
    Развеяць, раздзьмухаць
    туман i дажджлiвыя днi.
    Праскочыць праз восень,
    пажухлыя дрэвы й палi.
    Прарвацца праз хмары,
    што сэрца завалаклi.

    Вярнуцца на бераг зыходны
    сваёй чысцiнi.
    Да першых вытокаў цяпла
    i лагоды раднi.
    Уцiснуцца ў ясныя кветкi,
    упасцi ў траву.
    Да мацi, яшчэ маладой,
    прытулiць галаву.

    Ты хочаш вярнуцца на бераг
    сваёй чысцiнi?
    Спачатку ты суд, нiбы цуд,
    над сабой учынi.
    Хоць плач-галасi,
    а ўсю сажу з сумлення страсi.
    I трыста начэй
    даравання у Бога прасi.

    МЕСЯЦ МАЙ
    Свет, што абдораны сонцам зычлiвым,
    зрання ўжо радасны выгляд прымае.
    Цешыцца ён, незвычайна шчаслiвы,
    што да Твайго датуляецца маю.

    Як прамянiста ўсмiхаюцца дзецi -
    чыстае неба iм гэтаму собiць.
    Як закiпела ясная квецень -
    трэба ж Твой месяц найлепей аздобiць.

    Цёплы вятрыска над полем i лесам,
    холад назойлiвы даўся упрочкi...
    Вунь як стараюцца яблыня з бэзам
    гожа сплясцi Табе цуда-вяночкi.

    Хай у Тваiм застанецца паглядзе
    замiлаванасць, што людства баронiць.
    Колькi пялёсткаў адданых у садзе
    прагне ў Тваёй апынуцца кароне!

    Ах, як стараецца гай шматгалосы -
    гiмнам Цябе прывiтаць яму рупiць...
    О Найсвяцейшая! Выглянь з нябёсаў,
    пераканайся: усе Цябе любяць.

    * * *
    Панна мiлосцi,
    Панна спакою,
    ведаеш думкi ўсе нашы i мары.
    Нашы ўсе болесцi
    Божай рукою
    намаляваныя
    на Тваiм твары.
    Бачыш Ты сэрцаў
    кожны закутак.
    Твар Твой -
    любовi адбiтак яскравы.
    Радасцю поўнiцца
    цiхi Твой смутак,
    калi мы робiм
    добрыя справы.
    Зноў у вачах Тваiх
    ззяюць iскрынкi -
    шчырая ўцеха
    вось-вось уваскрэсне...
    Сёння Табе мы
    найлепшыя ўчынкi,
    як падарунак сардэчны, прынеслi.

    ТЫ ПОБАЧ СА МНОЮ
    Як думаю гожа
    i з чыстай душою -
    о мiлы мой Божа,
    Ты побач са мною.
    Ты недзе ўжо блiзка,
    зусiм недалёка,
    спускаешся нiзка -
    я не адзiнокi.
    Як iншых люблю я
    i iм спачуваю -
    з Табою сябрую,
    Цябе адчуваю.
    Тады асаблiва
    Ты блiзкi i родны,
    калi я зычлiвы
    i вельмi лагодны,
    суцешваю кволых,
    усiх занядбаных,
    наведваю хворых,
    выходжваю слабых -
    не трэба i клiкаць:
    Ты побач бываеш
    i ласкай вялiкай
    мяне ахiнаеш.
    I думкi салодзiш,
    як плачу я ў скрусе.
    I ў сэрца ўваходзiш,
    калi я малюся.

    I ПЛАКАЎ ЕЗУС...
    I плакаў Езус, хоць з'яўляўся Богам,
    вялiкi жаль Яго даняў раптоўна.
    Бо смерць, што ў дзверы стукае гвалтоўна,
    ля роднага спынiлася парога.
    I ясным днём, i ў поцемкi густыя
    чацвёрты дзень наўкруг запанавала.
    I цэдзiць смутак той бяда-навала,
    што п'юць пакорна Марта i Марыя.
    А iх журба каторую ўжо змену
    зацялася i не выходзiць з дому.
    Iх родны брат, iх Лазар нерухомы
    ляжыць, ляжыць, даўно ў абдымках тлену.
    I плакаў Езус, хоць сабе пярэчыў,
    i гэты плач гучаў надзвычай глуха.
    Ён Духам увабраў зямную скруху,
    боль спасцiгаў Ён целам чалавечым.
    Па правiлах зямнога вымярэння
    маркоту вызнаваў Ён нервам кожным.
    Ах, чалавек ты, Божае стварэнне -
    якi ж усё-ткi ты бездапаможны!
    Ах, доля людства сумная якая,
    як хочацца ратунак несцi свету!
    Ён ведае: страшнейшая за гэту
    Яго Самога смерць даўно чакае.
    Слязьмi звычайнымi i незямнымi
    заплакаў Езус, цвёрды i нязломны,
    над Лазарам халодна-непрытомным,
    хоць добра знаў: вось-вось яго падыме.
    Той, хто ляжыць, iзноў на ногi ўстане.
    Убок труну ён ад сябе адсуне -
    i новы дзень зазелянее рунню,
    i сэрца зноў прадоўжыцца хiстанне.
    Заплакаў Езус: цуд Ягоны марны,
    як гэты плач. Нiбы агонь на кухнi,
    iскра жыцця калi-небудзь патухне,
    i час праб'е, жахлiвы i пачварны.
    Паўторацца пакуты ўсе i цернi,
    i згасне дзень не па сваёй ахвоце.
    Ахутае сляды любiмай плоцi
    дасужая назойлiвая цемра...
    А Божы жаль iзноў нас сёння тулiць,
    хоць у збавенне мала верым самi.
    I плача Езус зараз памiж намi
    на скрыжаваннi ўсiх дарог i вулiц.
    Як доўга вар'яцее свет варожы
    i множыць зло, хоць i крычым пра гэта.
    I плача Езус. Ён людзей дагэтуль
    для неба ажывiць нiяк не можа.

    * * *
    Наблiзiцца да аблiчча Бога
    цi пашанцуе калi-небудзь нам?
    Рэкамендацыю мо й выдасць храм,
    каб ззяння не баялiся святога.

    Што заслужыла ты, душа глухая, -
    палёт крылаты ў неба цi прыгон?
    Зямля - выпрабавальны палiгон -
    табе ўслед шапкай клёну памахае.

    Якое ў наваколлi бездарожжа,
    якiя ямы, курганы ў душы!
    Хоць збольшага кiрунак пакажы
    на цвёрды грунт, наш мiласэрны Божа.

    Пакуты ўсе, адпушчаныя цернi
    мы выцерпiм, пакуль гарыць зара.
    Ды без Твайго нам нельга лiхтара -
    мы, як сляпыя, сноўдаемся ў цемры.

    Нас падтрымай нябачнымi дарамi,
    каб мы маглi адолець цяжкi шлях,
    каб факел веры, як агнiсты сцяг,
    выратавальна палыхаў над намi.

    ТВАЁ ЗЗЯННЕ
    Шлях адшукаць не ўдаецца нiяк,
    ходзiць i едзе зямля пад нагамi.
    Езу, ты мой найсвятлейшы маяк,
    хоць да Цябе я й плыву кругамi.

    Лепей Ты сонца i зыркай зары
    ззяеш вандроўнаму люду з нябёсаў.
    Зносiлi хвалi, здзiмалi вятры
    човен майго легкаважнага лёсу.

    Выйсцi са змроку й балота на груд
    цяжка, як вынырнуць з цёмнага лесу.
    Гiбельны
    ноч вынаходзiць маршрут -
    ззянне ж Тваё выратоўвае, Езу.

    Шчыльную цемру рассуне далонь,
    стане вiдушчаю сцежка глухая.
    Шчодры, ласкавы, далёкi агонь
    вечнай любовi Тваёй палыхае.

    Факелы блiзкiя ўводзяць у зман...
    Клiчам Тваiм прывiтанае зрання,
    сэрца плыве праз iскрысты туман
    да векавечнага чыстага ззяння.

    ПРА БЕЗДАРОЖЖА
    Ступаем зноў па грунце грубым...
    Даруй нам, мiласэрны Божа,
    за тое, што бяздумна любiм
    пакутлiвае бездарожжа.
    З хаосам нiбы хочам злiцца,
    нырнуць у свет бязладны нейкi,
    сышоўшы з бiтага гасцiнца,
    з даўно аб'езджанай шасейкi.
    Як хочацца падацца ўпрочкi
    на пошук мройнага адхлання.
    Ах, як палоняць сэрца ўзбочкi,
    крутыя адгалiнаваннi!
    Як вабiць нас хмызняк калючы,
    магнiтам цягне ўзгорак дзiкi,
    чаруе моцна лес дрымучы,
    дзе ноччу, замест песень, крыкi,
    дзе сыплецца няспынна лiсце -
    скрываўленая пазалота, -
    адкуль не надта проста выйсцi,
    настолькi ўсмоктвае балота.
    Няма нi ходу, нi разбежкi,
    тут як бязногi, як бязрукi.
    I выгiнастыя ўсе сцежкi
    няшчадна джаляць, як гадзюкi.
    I шэпчам мы з адчайным тварам:
    «Навошта нас пакiнуў, Божа?»
    Як апантана ў змроку марым,
    што выберамся з бездарожжа.
    I гэта ўжо як сон салодкi -
    паўзцi праз боль i утрапенне,
    каб зноўку выкацiцца ўсё-ткi
    на шлях, якi нясе збавенне.

    * * *
    У кожнага шлях свой да Бога,
    адметны, адзiны, як лёс, -
    цi веццем спавiты бяроз,
    цi пылам гасцiнца старога.
    Той шлях выпадае нядобры -
    ад тупкiх дарог убаку,
    цярэбiцца па цалiку
    праз лужыны, снег i калдобы.
    У кожнага шлях непаўторны -
    праз сонца, сутонне iмжы,
    праз музыку светлай душы,
    праз смутак, маўклiвы i чорны.
    I тут не паробiш нiчога -
    на гладкiя надта шляхi
    твае не пускаюць грахi...
    У кожнага шлях свой да Бога.

    * * *
    Гэту дарогу раннюю
    з памяцi, з грунту не змыць.
    Самай прыемнаю ранаю
    так настальгiчна шчымiць.
    Нават зусiм не палохае
    гойсаннем частых ваўкоў.
    Гусценька мройнай чаромхаю
    апаясана з бакоў.
    Пахнуць лiсцём вербалозiны,
    сцелецца дух верасоў.
    Закалыханае возера
    гляне з калыскi лясоў.
    Птаства з галля шматгалосае
    хвалiць раскошу цяпла.
    Гэта дарога шматвёрстная
    надта ўжо спеўнай была.
    Гэту дарогу нядзельную
    ты не забудзеш нiяк.
    Вабiла вежа касцельная
    з далечынi, як маяк.
    Паружавелая зранку,
    зырылася чысцiнёй.
    Думкi - крылатыя жаўранкi
    так i кружылi над ёй.
    Бегла дарога, кацiлася,
    як парыванне з душы.
    Як жа ты, сэрцайка, бiлася
    у прадчуваннi Iмшы!..

    ТВАЯ ЦЯРПЛIВАСЦЬ
    Цярплiвасць Твая
    не падлягае нiякаму вымярэнню.
    Гэта звышцярплiвасць,
    якая не ўсвядомлена нашым розумам.
    Страх падумаць, колькi разоў
    не апраўдалi мы Тваiх спадзяванняў,
    засталiся глухiмi
    да Тваiх ушчуванняў i напамiнкаў.
    З якой неахвотай, лянотай, няшчырасцю
    Сына Твайго
    пускаем у хату i ў сэрца.
    Колькi ўжо тысячагоддзяў
    скачам па Тваiх запаведзях,
    трымаючы меч у руцэ
    i камень за пазухай!
    Няшчасныя фарысеi - каемся, каемся
    i зноў бяромся за сваё.
    Мы заслужылi таго,
    каб вадою, агнём i ветрам
    зямля ачысцiлася ад неслухаў...
    А нам - пакiнуты шанц.
    Чакалi канца свету ў двухтысячным.
    Нiчога не адбылося кепскага.
    Які Ты міласэрны!
    I верыш, што выплывем
    на сонечны бераг Тваiх спадзяванняў.

    * * *
    Перашкаджае слухаць Бога -
    сумысля гэта робiць нiбы! -
    грымучая штодзень дарога,
    якая аж калоцiць шыбы.

    Перашкаджаюць слухаць Бога
    экран, што скача i рагоча,
    жаночы лямант за парогам,
    працяглы кашаль апаўночы.

    I смех, салодкi i юрлiвы,
    i рэха недарэчных чутак,
    хаос, шумлiвы i вiрлiвы,
    маiх незацугляных думак.

    I не ўдаецца слухаць Бога -
    заплакаць хочацца з адчаю.
    Нiбы ад вэрхалу людскога
    душу праветрыць не жадаю.

    Было б так проста слухаць Бога,
    зацяўшыся ў пакоi сцiпла,
    калi б да чэрава зямнога
    душа так моцна не прылiпла.

    * * *
    Слова - у Бога
    было напачатку.
    Для племя людскога
    не лiшняя згадка.
    А Слова - ад Бога.
    Праклюнула ў часе.
    Зямная Дарога
    з Яго пачалася.
    А Слова - ад Бога.
    Хто, можа, здзiўлёны:
    наш голас - нiчога,
    мы ўсе эпiгоны.
    А Слова - ад Бога.
    Яго ж мы у шале
    без страху святога
    сабе прыпiсалi.
    Люд хiтры i бурны
    наўкруг яго сее.
    Нясуць на трыбуны
    усе фарысеi.
    Плывуць пад аблокi
    пракляццi й прамовы.
    Трашчаць лжэ-прарокi
    пад выглядам Слова.
    А Слова - у Бога,
    як мудрасць i веды.
    Ад слова людскога
    i хлынулi беды.

    * * *
    Святар не шкадуе, што стаў святаром,
    што перасялiўся ў Божы ён дом.
    Ён любiць марозную нават зiму -
    у золкай закрыстыi цёпла яму.
    Ля Езуса кволасць адужаць лягчэй.
    Малiтваю нiшчыцца смутак начэй.
    Святар не шкадуе, што стаў святаром.
    Пранiзаны ён незвычайным святлом.
    Сыходзiць таемна ў душу з алтара
    заўсёды нябеснага ззяння зара.
    Самоты не ведае ў прыцемках дзён -
    з людзьмi, як i з Богам, заручаны ён.
    I дзецi, i дзецi непадалёк -
    яго атуляе iх яркi вянок.

    МIЛАСЦЬ
    Як цяжка быць турыстам - палiць
    мне ногi попел зруйнавання.
    Смылiць адкрытай ранай памяць,
    i радасцi ў душы - нi звання.
    Як мала бачу весялосцi
    сярод старых калон i залаў.
    Ах, колькi раз пачвара злосцi
    па гэтых месцах прапаўзала!
    Палiла, бiла i крышыла,
    з жыцця здзiрала чысты глянец.
    З агню i дыму саван шыла,
    выконваючы дзiкi танец.
    Як пець мiнуламу рулады,
    калi праз тысячныя вёрсты -
    адны сляды працяглай звады,
    сляды нянавiсцi i помсты.
    Свет упадаў пасля навалы
    ў глыбокi смутак i паныласць.
    Ды разам з iмi iснавала
    у катакомбах рымскiх мiласць.
    О мiласць, твае ззяюць фарбы,
    ты зыркiм сонейкам здаешся.
    Ты самым даражэйшым скарбам
    цяпер i заўтра застаешся.
    Мяняе век свае абрысы -
    ты ззяеш, ззяеш дыяментам,
    i клiчуць, клiчуць з-за кулiсаў
    цябе iзноў апладысменты.
    Сярод герояў самазваных,
    сярод стральбы i палявання
    ты раптам блiснеш на экранах,
    усiм нам дорачы адхланне.
    О мiласць, добрага нiчога
    не будзе, як цябе адрынем.
    Не знойдзем без цябе дарогу,
    усе заблудзiмся i згiнем.

    ЛЮБОЎ ДА ЦЯБЕ
    Любоў да Цябе -
    не абмежаваная прасторай i часам,
    адной душой i людскiм векам.
    Яна абсалютная,
    як сама прастора i час.
    Любоў да Цябе -
    як бяздонны акiян,
    якi ўвабраў шматлiкiя моры,
    рэкi, азёры, крынiцы й дажджы.
    Любоў да Цябе -
    шматаблiчная, унiверсальная,
    як велiзарны калейдаскоп,
    якi днём i ноччу ззяе
    водблiскамi,
    што йдуць з нашых сэрцаў.
    Любоў да матулi, да блiжнiх,
    да птушак, жывёл, да сонца -
    гэта ж любоў да Цябе.
    Мiласць да хворых, самотных i бедных -
    гэта ж любоў да Цябе.
    Любасць да нашых каханых выбраннiц -
    гэта ж любоў да Цябе.
    Яна - як дар персанальны,
    як зыркi праменьчык святла,
    якi мы ўдзячна прыносiм
    у Бэтлеемскую стаенку.

    * * *
    Адна дарога, i яна - да Бога.
    Якая ўсё ж у гэтым яснасць духа!
    Адна дарога, хоць iх вельмi многа.
    Адна - мiж iншых варыянтаў руху.

    Ёсць добрае, прыкiньце самi, выйсце
    з блукання, утрапення i пакуты.
    Навокал стрэлкi клiчуць нас кудысьцi,
    убок так цягнуць iншыя маршруты.

    Маўчаць яны пра свой нiкчэмны фiнiш,
    пра блiзкi попел гонару людскога.
    А сэрца мудрае нiчым не спынiш...
    Адна дарога, i яна - да Бога.

    * * *
    Прыпадымi
    людзей ляжачых, вера,
    вазьмi за рукi
    i прыпадымi.
    Паклiч у змрок,
    што густа, як хiмера,
    пануе i звiсае над людзьмi.
    Пясочак цёплы
    сцежкi цiхаходнай
    таемным чынам
    будзе ўсiх лячыць,
    пакуль агеньчык
    зоркi пуцяводнай
    наперадзе
    мiж дрэў не заблiшчыць.
    Памкнуцца ў сэрца
    думкi-меданосы,
    задыхае
    у твар яшчэ раз май...
    Жывая вера,
    ты - нябесны посах.
    Хоць крышачку
    люд хiлы падтрымай.

    ДА МАЦI БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ
    I адчувалi мы спрадвеку
    цераз увесь працяглы час
    Тваю ласкавую апеку,
    увагу шчырую да нас.

    Заўжды прыносiла параду
    i Божы асвятляла храм.
    I цёплую сваю спагаду
    Ты, шчодрая, дарыла нам.

    I так было ужо спрадвечна:
    праз нашых мук туман густы
    Ты усмiхалася сардэчна,
    нам пасылала знакi Ты.

    Нам пасылала ў будзень шэры
    свой незвычайны светлы цуд,
    каб у сябе i Бога верыў
    заўсёды беларускi люд.

    I з радасцю мы ўсе, жывыя,
    да Божых горнемся святынь.
    О, Найсвяцейшая Марыя,
    Ты нас i сёння не пакiнь.

    I азары нам цёмны будзень,
    прамення дай маёй зямлi.
    Калi нам вельмi цяжка будзе,
    Ты нас да сэрца прытулi.

    А НАШ НАРОД НЕ ВЫРАКСЯ ЦЯБЕ
    А наш народ асiлiць бездарожжа,
    хоць доўгi час блукаў ён у жальбе.
    Цябе заўсёды помнiў, мiлы Божа.
    А наш народ не выракся Цябе.

    Я да Цябе усёй душой хiнуся.
    Ты сонцам ззяеш у маiм жыццi.
    Ах, Божа, паспрыяй жа Беларусi
    на роўны шлях нарэшце узысцi.

    Цярпелi мы ад лютасцi варожай,
    ды ў муках мы не страцiлi сябе.
    Мы выжылi усё-ткi, мiлы Божа,
    i наш народ не выракся Цябе.

    Вось-вось закаласiцца наша збожжа -
    мы доўга шчыравалi на сяўбе.
    Нам шчасце свецiць, свецiць, мiлы Божа,
    бо наш народ не выракся Цябе.

    Дзень наступае радасна i гожа,
    душа ўжо не сцiскаецца ў журбе.
    Ты нас трымаеш моцна, мiлы Божа,
    мы верылi i верым у Цябе.

    ПЯРЭДАДЗЕНЬ
    Жыццю Ўсявышнi цi абвесцiць «годзе!»,
    цi яшчэ раз прабачыць нашу злосць?..
    I брама новага тысячагоддзя
    пацiхеньку расчынiцца вось-вось.
    Ужо цяпер мы тоўпiмся ля брамы
    (чакаюць там, за брамай, барышы!),
    усе свае сюды прынёсшы плямы,
    якiя залягаюць на душы.
    Стаяць пад ёю юды i забойцы
    i тыя, хто душу кiдае ў гразь...
    Цярплiвы Бог. I Ён жа «любiць тройцу» -
    яшчэ адно тысячагоддзе дасць.
    Як зразумець Яго замiлаванне?
    Мы здрадзiлi Яму каторы раз.
    Яшчэ адно пашле выпрабаванне,
    але яно апошнiм будзе ў нас.
    О, колькi ёсць пра будучыню згадак -
    тысячагоддзе расшыфруй, мудрэц...
    Хоць i сустрэнем мы яго пачатак -
    цi адсвяткуем мы яго канец?
    Утаймаваць свой цёмны шал цi зможам?
    Цi будзем нанава спрыяць бядзе?
    Мы самi рукi на сябе наложым,
    цi проста кара з неба ападзе?
    Да раю абяцанага цi ямы -
    куды ты, людства, сёння забрыло?
    Як б'ецца сэрца ля таемнай брамы,
    што цэдзiць нетутэйшае святло.

    БУХТА ВЕЧНАСЦI
    Сумуючы па дабрынi й лагодзе,
    змрок азарыўшы, ды не змогшы страх,
    канае роднае тысячагоддзе
    i дагарае свечкай у руках.

    Кладуцца мякка водблiскi на твары.
    Падлiчваць страты цi узважваць плён
    цяпер, калi шматлiкiя пачвары
    на мiг упалi ў летаргiчны сон.

    Здаецца, свежы вецер вее з цемры,
    гасцiнна свецiць месяц малады.
    Ах, праз якiя д'ябальскiя цернi
    прайшлi невiнаватыя гады!

    Ах, як iх сiла злая шкуматала,
    рвучы жывога часу абалонь,
    як з радасцю пажадлiвай вiтала
    свайго кумiра вечнага - агонь!

    I помнiць неба велiчнае люстра
    пару здзяйсненняў i пару няўдач.
    Нясе ў крывi цяперашняе людства
    свайго былога неспатольны плач.

    Наш розум нiбы засцiлае слота,
    i думак змрочных носiцца гайня.
    Блукае цень назойлiвай маркоты
    у светлых зрэнках сённяшняга дня.

    А заўтра нас, хто паклянецца згодзе,
    у далеч клiкне першая вярста.
    Прычал пакiне зноў тысячагоддзе,
    узняўшы над сабою сцяг Хрыста.

    Суцеш надзеяй свой трывожны дух ты,
    што затрымцiць, як птушка ў сiняве,
    калi яно з чарговай цiхай бухты,
    з нябеснай бухты ў вечнасць адплыве.

    Ёсць вецер спадарожны ў Божым Слове -
    яно гучыць i ў цемры нездарма.
    Бо, акрамя мiлосцi i любовi,
    нiякiх iншых ветразяў няма.

    РОДНЫ КРАЙ
    Ахвяра часу.
    А ты ўсё ж аклямаўся.
    I наступае
    новы твой свiтанак.
    Няшчасны край,
    дзе панавалi дэманы,
    быў кiнуты на дно,
    нiбы «Тытанiк».
    Якою сiлай злой
    была ўрачоная
    душа,
    дзе адбывалася зацьменне?
    Цябе трымала доўга
    прорва чорная,
    адпужваючы Боскае збавенне.
    Цябе ўжо iл
    з вялiкай нецярплiвасцю
    глытаў,
    табой жадаючы паснедаць...
    Хто палiчыў,
    як шмат у Бога лiтасцi
    да тых, хто дно
    сам захацеў адведаць.
    Хто ўсё-ткi ўспомнiў
    сонца паднябеснае,
    хто трызнiў ноччу
    зоркай яснавокай.
    О, любы край,
    зямля мая балесная,
    ты выплываеш
    з цеменi глыбокай.
    О, край,
    якая гэта радасць урачыстая -
    тапелец-люд
    жывы, уратаваны!
    Ты, вераю азораны,
    святлiстаю,
    вяслуй, вяслуй
    пад музыку аргана.

    ДЗЕНЬ ВЕЛIКОДНЫ
    Дзень - любаванне.
    Дзень - заглядзенне.
    Перапаўняюць яго летуценнi.
    У пазалочаны ранак вясеннi
    сонца спраўляе сваё узнясенне.

    Сонца святкуе сваё усплыванне
    па-над зямлёю,
    дзе смутку нi звання.
    Неба трапечацца, зведаўшы ззянне.
    Сэрца прасветлена замiлаваннем.

    Не замiнаюць нам радасцi лiшкi.
    Зашчабяталi ўсе птушкi ў зацiшку.
    На вербалоззi, пагрэўшыся крышку,
    нiбы чмялi, прыўзнялiся пупышкi.

    З грунту сцяплелага сочацца травы -
    хочацца свету зялёнай аправы.
    Лёгенька дыхае свет маладжавы
    i акунаецца ў светлыя справы.

    Будзь блаславёны ты, мiг спасцiжэння,
    што наступiла пара суцяшэння,
    глебы i сумнай душы абуджэння,
    кветак i добрых надзей нараджэння.

    I расступiлася цемра згасання,
    нам перамогу прынесла свiтанне.
    I падарыла нам уратаванне
    сёння дзiвоснае Змёртвыхпаўстанне.

    Замардаваны i жорстка забiты,
    зноў для вачэй i для сэрца адкрыты,
    нашай любоўю, як хмелем, спавiты,
    Езу, жывы Ты, вечнажывы Ты!

    Смерцi ланцуг на свiтаннi раскуты.
    Езу, да нас Ты iдзеш праз пакуты.
    I да канца яшчэ намi не ўчуты...
    Людства няўдзячнае любiш чаму Ты?

    Нам, як траве, кожны раз абудзiцца
    i жыватворнай забулькаць крынiцай,
    чыстай душой у нябёсы узвiцца -
    нанава нiбы на свет нарадзiцца.

    Езу, даруй за правiны людскiя.
    Недзе Ты блiзка ў хвiлiны такiя...
    Ў нашыя сэрцы прыйдзi веснавыя -
    разам з Табою мы вечнажывыя.

    ДА ПЕРШАЙ КАМУНII
    На старыя сцены
    ззяе адусюль
    белы мак сукенак,
    белы снег кашуль.
    I глядзiць праз хмары
    сонейка ў акно.
    Радасныя твары
    свецяцца ажно.
    Стала б светла ноччу,
    калi б ноч была -
    столькi зораць вочы
    зыркага святла!
    Столькi прамянiстых,
    ясных шчочак-руж
    i крынiчна-чыстых
    маладзенькiх душ!
    У якiх разлiта
    шчырая любоў.
    Першая малiтва.
    Свежы водар слоў.
    Часам голас кволы
    задрыжыць на мiг...
    Добрыя анёлы
    пырхаюць мiж iх.
    Хвалявання многа
    шле арганны гуд.
    А спатканне з Богам -
    найвялiкшы цуд!

    У КАСЦЁЛЕ
    Святло распаўсюджвае
    кожны малюнак касцёльны.
    Уважлiвы Езус
    глядзiць на мяне невясёлы.
    I некуды знiк
    акаляючы свет навакольны.
    I лётаюць, лётаюць
    перад вачамi анёлы.
    I ззяннем нябесным
    мяне ахiнае скляпенне,
    ад шыб каляровых
    кладуцца праменняў карункi.
    На вулiцы тлумнай
    пакiнуў сваё утрапенне,
    я перад дзвярамi пакiнуў
    будзённыя думкi.
    I вось апынуўся прад Богам
    я раненька-рана,
    пакорна-шчаслiва
    я ў храм акунаюся Боскi.
    I ўвесь замiраю
    насупраць старога аргана,
    дрыготка лаўлю
    я яго залацiстыя ўсплёскi.
    I россыпы гукаў,
    што коцяцца ўнiз вадападам,
    мой боль зацяжны
    паступова, пацiхеньку гояць.
    На голас нябесны,
    пранiзаны велiчным святам,
    я скрыпку душы
    намагаюся цiха настроiць.

    МАСТАК НА КАСЦЕЛЬНЫХ РЫШТАВАННЯХ
    Пётру Сергiевiчу
    Шурпатых дошак свежазбiты мост,
    дарэшты не пазбаўлены хiстання.
    У неба уздымаецца наўпрост,
    разбуджаны шматсонечным свiтаннем.

    I глухне пошчак ад сухiх драбiн,
    нячутныя, нiбы дыханне, крокi.
    На самым версе ты цяпер адзiн,
    але ж зусiм, зусiм не адзiнокi.

    З усiмi разам ты, наадварот.
    З усiмi ты душой i целам злiўся.
    Сярод габрэйскiх постацяў, барод
    ты з пэндзалем няўрымслiвым спынiўся.

    Насупраць тых уражаных вачэй,
    дзе задумення, утрапення многа.
    Ты ўсё зрабiў, каб iм было лягчэй
    убачыць i адчуць жывога Бога.

    Як ашаломлены тамтэйшы люд!
    А ты стаiш i радуешся збоку.
    З тваiм удзелам вось адбыўся цуд -
    ног ажыўленне i вяртанне зроку.

    Узрушыўся касцёл увесь на мiг -
    ад пакаяння аж галосяць сцены,
    бо змусiў, навучыў заплакаць iх,
    высока ўзнёсшы слёзы Магдалены.

    О, дзiўнай фарбы лёгкiя мазкi!
    I фарба ажыла, загаварыла.
    Лягло на мур, узнiкшы з-пад рукi,
    аблiчча Арханёла Гаўрыiла.

    Ах, як табе суцешлiва, скажы!
    Ствараеш вобраз Дзевы без прынукi.
    Працягам блаславёнае душы
    становяцца прасветленыя рукi.

    Ад хвалявання - па спiне мароз.
    Ты сэрца стук у замiраннi слухай.
    Вось-вось закончыш свой апафеоз -
    вiдовiшча ўгары Святога Духа.

    I Дух Святы цябе праняў наскрозь,
    патроiў тройчы радасныя сiлы.
    I ты адчуў збянтэжана: вось-вось
    нябачныя цябе прыўзнiмуць крылы.

    Бездапаможна не ўпадзеш на дол.
    Злягчэла плоць. I страху анi звання.
    Ты, нiбы наваяўлены анёл,
    якому не патрэбна рыштаванне.

    А раптам гэта праўда: узляцiш,
    памiж малюнкаў палунаеш трошкi,
    iм дадасi усё, што прыйдзе звыш...
    Бо дацягнуцца надта цяжка з дошкi...

    КАСЦЕЛЬНЫЯ ВЕЖЫ
    На ўзроўнi палёту птушак
    i першых праменняў сонца.
    Яны б паплылi i вышэй,
    каб не помнiлi пра нас,
    пра нашыя нiцыя думкi i мары.
    Разбураныя не раз
    недавяркамi i снарадамi,
    зноў вырастаюць, харашэюць, свецяцца
    прыемнымi колерамi.
    Абавязковы элемент ландшафту,
    яго ажыўленне, падпiтка i завяршэнне,
    яго канчатковы сэнс i разгадка.
    На iх, спагадлiвых,
    адпачываюць маркотныя вочы
    i стамлёнае сэрца.

    * * *
    Найперш, чым свой лёс, нiбы плот, гарадзiць,
    падумай:
    за ўсё давядзецца плацiць.
    За злосць i за крыўды,
    за здзеклiвы смех,
    за кожны
    свядома учынены грэх.
    Не вельмi надзейся:
    а можа, мяне
    усё ж неадступная кара мiне.
    Наiўны,
    свае спадзяваннi адпрэч:
    дастане усiх справядлiвасцi меч.
    Жыццё, як маланка,
    мiльгне, праляцiць.
    А потым...
    за ўсё давядзецца плацiць.
    Запомнi:
    нячыстымi справы былi -
    заплацiш спачатку
    i тут, на зямлi.
    А потым заплацiш за сумнай мяжой
    не тленнай купюрай,
    а вечнай душой.

    * * *
    Паэзiя, цi не задужа рана,
    пакрыўджаная, ты пайшла з экрана?
    Паэзiя, цi не занадта мiла
    сваё ты месца iншым уступiла?
    Успомнi, як цябе вiталi дружна,
    а ты ўзяла i знiкла маладушна.
    Паэзiя, твой воблiк летуценны,
    куды накiраваўся з авансцэны?
    На месцы тым, дзе быў твой вобраз чысты,
    i днём, i ноччу скачуць гiтарысты,
    праз чорны ход прыйшоўшы самазванна...
    А ты да нас нябёсамi паслана.

    * * *
    О, розум, сэрца i сумленне -
    бяздонныя крынiцы тры.
    Яны - святло i наталенне,
    нябёс ахвярныя дары.
    Яны спрадвечна ў цемры свецяць,
    i iмi плённы кожны мiг.
    Усё, што лепшае на свеце, -
    ад iх, зрабiлася праз iх.
    Iх не губi нiякiм часам,
    не разрывай i не разводзь.
    Найлепей - iм трымацца разам.
    Яны - адна жывая плоць.

    * * *
    Пакiнуўшы студэнцкi iнтэрнат,
    я прыязджаў у свой дамок халодны,
    дзе лёд заўсёды плаваў у вядры,
    дзе гасла радасць у вачах фатальна.
    Тужлiва дзверы адчыняў на кухню...
    Растурзанае сэрца млела ў шчасцi:
    жывая мацi! О прамiлы Бог!
    Адсунулася страшная гадзiна.
    За стол садзiўся, поўны парашкоў,
    таблетак i флаконаў распачатых.
    Бядою пахла, вечнаю аптэкай,
    i дыхала ўсё болем беспрасветным.
    Сцiскалася душа ў парыве жалю,
    ад скрухi непрытомнела, але
    упарта ўсё пыталася: чаму?
    Чаму пакут iдзе размеркаванне
    так здзеклiва - да сэнсу не дапяць?
    Бо iх камусьцi выпадае кропля,
    а некаму - суцэльны акiян.
    Нябесныя цi так працуюць шалi?
    Мо д'ябал, што прыкiнуўся анёлам,
    iх раскруцiў i што-небудзь разладзiў,
    каб вырас у грудзях маiх пратэст.
    Затурканы, загнаны хрысцiянiн,
    засмечаны хлуснёй i непакорай,
    я петрыць толькi-толькi пачынаў,
    што цяжкi крыж - найлепшы Божы дар,
    пашаны знак i ласкi асаблiвай...
    Ты, Божа, мне паслаў выпрабаванне -
    Твае любiць загадкi-парадоксы.
    Я згодзен, крыж - нiбыта ўзнагарода,
    каб годнасць нашу выявiць i сцвердзiць
    такiм вось чынам - з рызыкай для веры.
    Шчаслiвы той, хто ўсё-ткi спрычынiўся
    да Незвычайнага Эксперыменту...
    Ды як жа часта я малiўся, мацi,
    каб ты свой крыж згубiла па дарозе.

    * * *
    Млосна на сэрцы,
    нiбы яго палiць сухмень.
    Мацi, куды ты прапала
    аднойчы ў лiпеньскi дзень?
    З думак маiх
    усё сочыцца смутак, бы з ран.
    Мацi, чаму беззваротна
    ў нябесны сплыла акiян?
    Гэты самотны i горкi
    выжальваю верш
    з думкаю кволаю,
    што напаверх усплывеш.
    Прывiдам хоць бы
    ў вачах варухнешся маiх,
    яснай выявай
    у iх адаб'ешся на мiг.
    Хтосьцi мне шэпча:
    «Нябеснае царства не руш
    i не трывож
    гэта светлае сховiшча душ»,
    Мацi, ўсплывi...
    i са мною мой боль адгаруй.
    Я табе тройчы
    яшчэ не прамовiў «даруй».

    * * *
    Хто цябе так пашкадуе, як я,
    блудны твой сын, у пару пакаяння.
    I не засвецiць сляза нiчыя
    так, як мая, ў часе познiх прызнанняў.

    Хто мяне так супакоiць, як ты,
    з далечынi, што набракла смугою.
    З вечнасцi льецца ў пакой мой пусты
    любасць твая, што спавiта тугою.

    Божа, як жалiцца сэрца маё -
    ранiць твой лёс яго, нiбы кап'ё.

    СТРАШНАЯ ПРАЎДА
    Страшная праўда за мной валачэцца.
    З дзён малалецтва. З ранiцы даўняй.
    Разам са мною расла i буйнела.
    Хоць неаднойчы мяне адпускала
    велiкадушна на стрэчы футбольныя
    i на спатканнi з дзяўчынаю першай.
    Некалi хмаркай у сэрцы плыла,
    лёгкай, як пух, i не шкодзiла сонцу.
    Зараз жа воблакам робiцца хмурым -
    шчыльным, удушлiвым i беспрасветным.
    Воблакам, што набрыняла пагрозай.
    Страшная праўда з'ядналася з плоццю,
    як пустазелле, яна разраслася.
    Крочу - яна небасхiл засцiлае.
    Сяду - накiдвае цёмную коўдру.
    Лягу - душу апускае ў кашмары.
    Свiсну я пугай - адскочыць паблажлiва,
    вернецца тут жа, прытулiцца зноўку.
    Чарку ўзнiмаю - смяецца, зараза.
    Кiнуся ў танец - хiхiкае, падла.
    Толькi калi на каленi ў нядзелю
    перад Хрыстом апушчуся пакорна -
    трохi адыдзецца ўбок, прападае...
    Страшная праўда.
    Праўда нябыту.

    * * *
    Вельмi даймае яго нечаканая смага,
    кроў палыхае i шумам iдзе ў галаве.
    Штосьцi нябачнае цiсне, i робiцца блага,
    свет у вачах недарэчна i хiстка плыве.

    Мусiць, i праўда, жыццё - не бясконцая рэчка,
    высахне зараз, хоць сохнуць даўно пачала.
    Ах, запалiце хутчэй вы грамнiчную свечку.
    Кiнем услед яму шчодрыя промнi святла.

    Хiба душа яго ў ззяннi святым схаладзее?
    Водблiскi здольныя цемру вакол пакарыць.
    Тлее ў агеньчыку ясным людская надзея:
    не, не душа -
    гэта свечка адна дагарыць.

    НЯМЕЦКIЯ МОГIЛКI
    Мохам аблюбаваныя плiты,
    зацалаваныя лiтары мохам.
    Царства травы, сасняку i самоты.
    Чужая рана
    на целе тутэйшай зямлi,
    а смылiць больш, чым свая.
    Бедныя юныя гансы,
    дзе вашы муттэр i фатэр?
    Iхнiя слёзы цi ўпалi
    тут хоць аднойчы?
    Адно што восенню плача
    дождж беларускi спагадлiвы -
    кiдае зверху слязiнкi.
    Мусiць, у сэрцы кайзера,
    пэўна, ў душы iмператара
    часам адсутнiчаў Бог.
    Вось у такiя хвiлiны
    лезлi гвалтоўна туды
    цугам прыдворныя дэманы,
    каб спавясцiць сваiм голасам
    пачатак крывавай бойнi.

    * * *
    А ў гэтай хацiне нiхто не жыве,
    а ў гэтай хацiне ёсць радасцi дзве...
    Ёсць сонца - самоты збавенне адно,
    што стукае ранiцай цёпла ў акно.
    I потым на схiле ружовага дня
    ёсць радасць - вячэрняй пары цiшыня.
    I цэлую ноч, ад цямна да цямна,
    на скрыпцы пакiнутай грае яна.
    Як сонцу прыемна сябе растрасцi
    у гэтай хацiне, альбо ў забыццi.
    У ёй, што людзей ужо помнiць ледзь-ледзь,
    усё, што астыла, хоць трохi сагрэць.
    Як соладка-одумна хаце начной,
    якая абгорнутая цiшынёй.
    I ёй па-сапраўднаму можна спачыць,
    бо музыка вечнасцi ў цiшы гучыць.

    * * *
    Вось чалавек,
    каго нiхто не любiць,
    каго нiхто ўжо не бярэ ў абдымкi.
    Сядзiць адзiн i ўсё мiнулым блюзнiць,
    перабiраючы былыя здымкi.

    Вось чалавек,
    якi паклаў на сэрца
    таемных дум калючы цяжкi скрутак.
    Душою квола мацае бяссмерце
    i п'е штодзённа свой гаркавы смутак.

    Вось чалавек,
    каго не цешыць ранне,
    самотай дзённай сыты без вячэры.
    Яго ратуе гойнае адхланне,
    што сочыцца
    з яго жывучай веры.

    * * *
    Ты адвярнуўся да сцяны,
    адгарадзiўшыся ад свету.
    Табе свет здрадзiў ледзяны,
    цябе забыла ўся планета.

    Злiлася разам са сцяной
    твая апушчаная змога.
    За нерухомаю спiной
    не засталося ўжо нiчога.

    Ты выбраў свой лiмiт пакут,
    а лiшнi здзек прымаць не хочаш.
    I як прыемна - вочы ў кут,
    каб сонца не сляпiла вочы.

    Адчай душу праткнуў, як нож...
    Але ж як верыцца чамусьцi,
    што цуд адбудзецца усё ж -
    хтось на плячо руку апусцiць.

    Даняты крыўдай i журбой,
    не бачыш у вячэрняй цiшы:
    анёл схiлiўся над табой
    i цяжкi смутак твой калыша.

    ПРЫЙДЗIЦЕ
    Прыйдзiце, ўсе самотныя,
    пакiнутыя, з крыўдамi,
    адцiснутыя дужымi,
    з няспраўджанымi мроямi,
    з вачамi-папялiшчамi...
    Прыйдзiце, доляй гнаныя,
    адвергнутыя, бiтыя,
    аднойчы патаптаныя,
    параненыя, сцятыя,
    да крайнасцi ўтрапёныя,
    каго цягнiк жыццёвы наш
    пакiнуў на абочыне, -
    нiбыта ў храм прыцiшаны,
    прыйдзiце ў верш, расчынены
    для вас i днём, i вечарам,
    дзе будуць вам падораны
    адхлань нябеснай музыкi
    i гойны ветрык вечнасцi.

    ПАМЯЦI АЙЦА
    УЛАДЗIСЛАВА ЧАРНЯЎСКАГА
    Цалкам аддаў ён сябе
    справе ахвярнай i ўзвышанай.
    Тужыць у цiхай журбе
    асiрацелае Вiшнева.

    Мусiла iншым ты стаць,
    як адпяванне наладзiла.
    Гэта адразу вiдаць -
    нешта iстотнае страцiла.

    Быў ён, як шчыры сваяк,
    у непаўторнай простасцi.
    Вочы не знойдуць нiяк
    самай прыветлiвай постацi.

    Ў час пераследу i з iм
    шлях ён трымаў у закрыстыю.
    Людствам прыгрэты сваiм,
    выцкаваны камунiстамi.

    Ўсё ён для Бога рабiў,
    лёс не падправiў карэкцыяй.
    Папам прывечаны быў,
    хвалены iнтэлiгенцыяй.

    Як ён лагодна казаў
    цёплыя словы сардэчныя.
    Як ён старанна вязаў
    справы зямныя i вечныя.

    Iншых тулiў-саграваў,
    цешыў душою дабрэйшаю.
    Як ён любiў-шанаваў
    мову нашу тутэйшую.

    Мову, дзе столькi святла
    небам для радасцi дадзена.
    Як жа яна расцвiла
    Бiблiяй, iм перакладзенай...

    Птушкi прачнуцца ўгары,
    выблiсне ясная ранiца.
    Зноўку касцёла муры
    ў твары людзей узiраюцца.

    Чуйна чакае алтар:
    крокам нячутна-прыцiшаным
    родны падыдзе святар,
    кiнуць не здолеўшы Вiшнева.

    АХВЯРНАЯ ЛЮБОЎ
    Маналог сясцёр назарэтанак з Наваградка,
    расстраляных немцамi ў 1943 г.
    i ў 2000 г. абвешчаных благаславёнымi.

    Божа, жыццё распачнi нам спачатку,
    зноў акунi у цяпло i святло...
    А ў Наваградку, а ў Наваградку
    лiха гуляе i сеецца зло.

    Кулi спяваюць i льюцца пагрозы,
    кожнаму добрае сэрца балiць.
    Ах, як нам цяжка ўсiм выцерцi слёзы,
    бедных сiрот да грудзей прытулiць.

    Божа-Ўладар i зямны абаронца,
    нас прыпынi на журботнай вярсце...
    Мы не шкадуем... Згасi наша сонца,
    хай яно ў лёсах чужых расцвiце.

    Хай яно ззяе у блiжнiх на твары,
    хай яно ўзыйдзе над iншымi зноў.
    Езу, вазьмi нашы сэрцы ў ахвяру,
    сэрцы, якiя спазналi Любоў.

    Хай жа праменiцца сонца ў зенiце,
    радасць усiм пасылае з iмжы...
    Божа, о Божа, вазьмi нашы жыццi,
    толькi нявiнных людзей зберажы.

    P.S. Вас нагадаем малiтваю зранку -
    свецяцца вашы аблiччы праз час.
    Назарэтанкi, назарэтанкi,
    сёстры любiмыя, помнiм пра вас.

    Болей не будзе нiхто адзiнокiм,
    кожнаму з нас вы любоў аддалi -
    нашы заступнiцы ў небе высокiм,
    нашы заступнiцы тут, на зямлi.

    КАЗIМIР СВАЯК
    Ты наша слова, што было вясковым,
    што са святлiц выкiдвалася вон, -
    нiбы букет шчымлiвы васiльковы,
    так урачыста вынес на амбон.

    Вакол луналi ўцешна херувiмы.
    I гэта быў сардэчны твой парыў.
    Ты так хацеў, каб Езус твой любiмы
    па-беларуску ўсё ж загаварыў.

    I хоць было тады крамолай гэта,
    дзень заўтрашнi не страшыў анiяк.
    Святар - па веры, па душы - паэт ты,
    рамантык чысты, Казiмiр Сваяк!

    I хоць слабелi, адступалi сiлы,
    ты быць хацеў руплiваю пчалой.
    О наш анёл, о наш лятун двухкрылы,
    лунаў ты памiж небам i зямлёй.

    Якой - зямной, нябеснаю дарогай
    дайсцi найлепш у запаветны рай?
    Адно крыло узносiла да Бога,
    другое несла ў беларускi край.

    I там i тут - любоўю наталенне.
    I там i тут - сумленне не скрабе.
    Прыемнае такое раздваенне,
    напэўна, вельмi цешыла цябе.

    Тваё жыццё так рана адвiрыла,
    ды чуем сёння голас твой i спеў.
    Хоць i спалiў свае ў палёце крылы -
    да Бога i да нас ты даляцеў.

    АЙЦЕЦ ВIТАЛIЙ
    Ступаеш на святы парог -
    званы вiтаюць.
    Калi ж цябе паклiкаў Бог,
    айцец Вiталiй?

    Як ты ўзiраўся на абраз
    у зыркай раме?
    Як апынуўся першы раз
    у зычным храме?

    Сярод мячоў i шайбаў рос
    i ты, няйначай.
    Але свяцiўся нiмб нябёс
    вакол душы дзiцячай.

    Здавалася, маленства днi
    лiлiся марна.
    I чуўся голас з вышынi:
    жывi ахвярна!

    Табе нiчога не скрабе
    ў развазе сталай?
    Бо дваццаць з хвосцiкам табе,
    айцец Вiталiй.

    Якi пагляд з вiтрын-акон
    красунi русай!
    Куды нi глянеш - навакол
    адны спакусы!

    Схацець згасiць тэлеэкран
    сваёй рукою.
    I сэрца вогненны фантан
    залiць вадою.

    Рашуча здзьмухнуць чад i тло,
    мiг цёмны згораць,
    каб ухапiцца за святло,
    што зверху зорыць.

    Бацькi, настаўнiкi i лёс
    не прагадалi -
    ты перамог зямны хаос,
    айцец Вiталiй.

    Шлях выбраны нарэшце. Цi ж
    не дар нябесны -
    каб несцi урачыста крыж
    за свет балесны.

    Любоўю ўзвышанай трымцець
    над злосцю свету.
    I альбу белую надзець
    на торс аскета.

    * * *
    Чырвоны, трапяткi i жвавы,
    як надзiмаўся, буйна рос!..
    Вялiкi шар былой дзяржавы,
    ты сёння звергнуты з нябёс.

    Прысуд i вырак беззваротны:
    твае закончылiся днi.
    Было ганебным i грымотным
    тваё падзенне з вышынi.

    Што пацягнула ўнiз фатальна
    цябе, расфарбаваны шар?
    Цi вецер збiў цябе абвальны,
    цi даканаў грахоў цяжар?

    I ты рассыпаўся, як бачыш.
    Табе сказала неба: згiнь,
    надзьмуты i хлуснёй, i плачам,
    i дымам горкiм ад святынь.

    Упаў ты з вышынi вялiкай,
    сваiм рыззём услаўшы дол...
    Таму што вогненнаю пiкай
    цябе праткнуў святы анёл.

    ФАНТАЗIЯ ТВОРЦЫ
    Ты глянула з-пад веек, як з-за дрэў -
    душу з грудзей ужо вядзеш кудысьцi.
    Шапоча сукня лёгкая, як лiсце,
    твой голас - птушкi дасканалы спеў.
    Цвiцення белапеннага дзiця,
    нiбы з нябеснай прыплыла калыскi.
    Ах, валасы -
    яны парыў вятрыскi,
    што ў твар ляцiць з азёрнага трысця.
    Твой трапяткi нячутны дотык рук -
    як дакрананне веццейка бярозы.
    Твой светлы сум
    калышуць нiца лозы,
    страсаючы яго на цёплы брук.
    Твой мiмалётна кiнуты пагляд -
    як сноп прамення,
    што зайграе ўраннi.
    А ў iншы час - як месячнае ззянне,
    якое ты бярэш з сабой у сад.
    Кранешся ты - i сэрца запяе,
    глыбокае адчуўшы узрушэнне.
    Тваё
    з прасторы мройнай наблiжэнне -
    дыханне вечнасцi,
    жывы усплёск яе.
    Не траць нiколi хараства свайго.
    Ты не Адам, што нарадзiўся з глiны -
    тварэнне Бога ў лепшыя хвiлiны,
    нябесная фантазiя Яго...

    * * *
    Грае шматлiкiмi фарбамi дзень каляровы,
    свята цяпла абнародвае жаўранак слынны...
    А на паляне сунiчнай, такой чабаровай
    вунь падсуседзiўся цiхенька кусцiк палынны.
    Кусцiк палынны, няпрошаны госць на паляне,
    тут ты шукаеш прытулку i сонечнай ласкi.
    Ты ўсё чакаеш, што нехта спагадлiва гляне,
    той, хто нацеўшыся, можа, сунiчнаю ласкай...
    Гэткая чыстая рэчанька-рэчка, а вось ты
    згодна трымаеш i круцiш у плынi пярынку.
    Яснае неба, калышаш хмурынку навошта?
    Скуль яна бралася - гэта чужая хмурынка?
    Ах ты мая на ўсю моц весялiцца няздатнасць.
    Стрыманы бег мой, бы цiсне калючы абутак...
    Як толькi помню, ў маю найвялiкшую радасць
    нехта падмешвае цэлымi лыжкамi смутак.

    * * *
    Пацiхенечку, памаленечку
    ад свiтальнай пары да змяркання
    час мой цэдзiцца, як праз леечку,
    у няўцямным святле чакання.

    Па драбнюткай, ледзь бачнай кропельцы
    час няўмольны ўсё капае, капае.
    I ў душы штосьцi жаласна робiцца -
    вечнасць, мяккай пагладзь мяне лапаю.

    Песня часу гучыць манатонна,
    але ж сэрцу так хочацца бiцца.
    Ах, чаму ж ты, скажы, не бяздонная,
    майго лёсу жывая вадзiца?

    Ззяй мне сонейкам, лецейка-любачка.
    Распагоджаны свет абдымаю.
    Колькi ж кропель у тым маiм кубачку,
    што анёл нада мною трымае?

    * * *
    Яблыня, сонца, хмурынка, сiнiчка
    i пад нагамi трава маладая.
    Цiха жыццё адцвiтае, як дзiчка,
    дрэва, з якога лiсцё ападае.

    Яблыня, сонца, хмурынка, сiнiчка,
    ветрык лагодны i майскiя спевы.
    Штосьцi жыццё мiльганула, як знiчка, -
    родныя людзi й таварышы, дзе вы?

    Яблыня, сонца, хмурынка, сiнiчка,
    вечны, нязводны ручай за кустамi.
    Самая добрая моцная звычка -
    не расставацца, як з iншымi, з вамi.

    Вы спадарожнiкi радасцi й жалю,
    днi нашы разам ядналiся ў згодзе.
    Вы на свiтаннi мяне прывiталi,
    не пакiдаеце пры адыходзе.

    * * *
    Хоць адзiн некалькi гадзiн.
    Дапяў да родных палестын...
    Дайшоў да тых сваiх слядоў,
    што знiклi ў дзiрване гадоў.
    Шкада.
    Цi помнiце хоць трошкi
    мяне-чмялі, мурашкі, мошкі?
    Чужое возера ляжыць…
    Ах, Божа мой, да рук бяжыць!
    Мой сум плыве ў азёрным люстры.
    Я тут адзін - асколак людства,
    чый свет за лесам, - за мяжой.
    Тут толькі неба над душой.
    З якой уцехай паплыву,
    успомніўшы, што я жыву.

    * * *
    Маліцеся за цішыню,
    за сонцадайную пагоду -
    яны прыносяць асалоду
    і лёсу, і любому дню.

    Маліцеся за цішыню.
    Яна адна - душы падмога.
    Яна вядзе душу да Бога
    і прыўзнімае ў вышыню.

    Маліцеся за цішыню
    і не палохайцеся суму.
    Яна адна штурхае думы
    у глыбіню і ў даўжыню.

    Не здзьмухне ў мора беды ўсе
    шалёны і раптоўны вецер.
    Вы плённасці яго не верце,
    палёгкі ён не прынясе.

    Пасля яго - пара няўдач
    і поле без зялёнай руні...
    Няма рамантыкі ў тайфуне -
    там, дзе стаіць і трэск, і плач.

    МІЖ ГУМНАЎ І ХАТ
    Янку Брылю
    Не чую дыхання людскога,
    ні смеху, ні звад.
    Прыслухайся: проста нікога
    між гумнаў і хат.

    Які ж ён абложыста-сумны
    падворак нямы.
    Няўжо ж гэта вымерлі гумны,
    сканалі дамы?

    Чакае жытнёвы палетак
    і клін яравы.
    О, сейбіты ўсе з-пад паветак,
    дзе дзеліся вы?

    Маглі б малаткамі гаворку
    працягваць, касцы?
    Усю вы скурылі махорку,
    дзяды-мудрацы?

    Плыве непрыемна ля вуха
    сырая імгла.
    З нябёсаў вялікая скруха
    упала-лягла.

    Што ў позняй любові бажыцца -
    хто гэтаму рад?
    Якая трава лапушыцца
    між гумнаў і хат!

    І сочыцца радасць між жалю,
    б'е ў сэрца-набат -
    якія тут вішні палалі
    між гумнаў і хат!

    О, хлопцы, хоць вы і паснулі,
    наведайце сад -
    якія гулялі красуні
    між гумнаў і хат!

    Тут падалі водбліскі раю
    і дзьмула жуда.
    Уся тут няшчаснага краю
    ступіла бяда.

    Зямля - яна спраўна загорне
    слязінак гарох.
    Тут сотні адбіліся ў дзёрне
    няпрошаных ног.

    Усіх тут прымалі са страхам -
    сваіх і чужых,
    бо кожны стараўся з размаху
    ударыць пад дых.

    Са смакам, балюючы нібы,
    скакалі - і шмат! -
    чырвоныя д'яблы-талібы
    між гумнаў і хат.

    На голым дварышчы бязвер'я
    пакору паслі...
    Штодзённа ўздымалася пер'е -
    так хаты траслі.

    Як лісце, як сонца і стомы
    зжаўцелі гады.
    Упалі ў глыбокую кому
    будынкі й сады.

    Чамусьці ніхто тут да зоркі
    не йдзе да варот.
    Такія пустыя падворкі,
    як душы сірот!

    А часу шматлікія лёсы
    як лёгка спісаць.
    Даўно нечапаныя косы
    ў застрэшшы вісяць.

    Ніколі не бачныя зблізку,
    не знаючы страт,
    гайдаюцца нашы калыскі
    між гумнаў і хат.

    * * *
    Рай стыла-галодны
    ўзвышаючы свой,
    прыходзіць у памяць
    маё малалецтва,
    дзе крыўда з-пад сэрца
    расла крапівой,
    ды звягаць не ўмела
    на ўсё чалавецтва.
    Там піў я з нябёсаў,
    нібы з гладыша,
    штосьці хмельнае -
    і выбаўляўся ад злога...
    Тады мая ўзнятая
    сонцам душа,
    відаць, найбліжэй
    узлятала да Бога.

    МАЖОРНАЕ
    Радасць якая ў паветры разліта,
    канулі ў Лету завеі і зімы.
    Разам з табою хвалюецца жыта,
    лашчыцца сонца - які ты любімы!

    Спешна пакінь свой адчужаны кокан,
    кінься даверліва ў свет разгайданы.
    Пчолы і птушкі спяваюць навокал -
    ты ім патрэбны і ты ім жаданы.

    Цёплае ўзлессе сагрэе трывогі,
    лісцікам гойным пагладзіць зычліва.
    Цэлыя маеш і рукі і ногі,
    помні пра гэта - які ты шчаслівы!

    Воблік твой ясны калыша азерца.
    Плямка хмурынкі не вартая ўвагі.
    Жаўранкам спеўным трапечацца сэрца...
    Дробязь якая - ўсе крыўды і звягі.

    * * *
    Пакіньце мне маю адзіноту,
    сплецены з вецця ціхі будан.
    Баюся я зведаць чарговы падман,
    найлепш з галавой акунуцца ў самоту.

    Пакіньце мне маю адзіноту.
    Я праўду сваю расцугляю тады.
    Угледжу сябе я ў люстэрку вады -
    і твару спакойнаму ўсцешуся ўпотай.

    Пакіньце мне маю адзіноту,
    якая, як мак, расцвіце у глушы.
    Вясенняй мелодыі ўласнай душы
    не адпавядаюць вашыя ноты.

    Пакіньце мне маю адзіноту,
    якая, як радасны мак, расцвіце.
    І ў сэрцы, і ў сэрцы няўзнак прарасце
    яшчэ раз, яшчэ раз світальная цнота.

    * * *
    Калі баліць душа, як цела,
    сумленне вечарам смыліць,
    ты людства ўсё
    і свет наш цэлы
    не дакарай.
    Хай пабаліць.
    І не распальвай утрапення,
    спакою ў вечнасці пазыч.
    Пакліч дакору і цярпенне
    і мудрасць гойную пакліч.
    А раптам з болю
    сонца злепіш,
    ёсць шанц грахі ўсе замаліць...
    Скажы,
    яшчэ ці будзе лепей,
    калі нічога не баліць?

    * * *
    Ах, расчараванне поўнае
    ў пладах мітусні людской.
    Прыемна цябе апаноўвае
    жаданы такі спакой.
    Калі ўжо надзея страчана
    апошняя - радасны міг:
    душа ўся наскрозь перайначана,
    і боль твой назойлівы сціх.
    Ужо ушчуванні і покрыкі
    на плаху сваю не завуць.
    Па твары штодзённыя воблакі,
    як некалі, больш не плывуць.
    Зямная ваколіца гожая
    цяпер не паддасца жальбе...
    Здаецца, што ласка Божая
    нарэшце шукае цябе.

    * * *
    Дзень, як вечар. Шэры, цьмяны.
    Ды ад суму не бяжы.
    Дзень, ад сонца прыхаваны,
    вельмі блізкі для душы.
    І душа не рвецца птушкай,
    не напружвае крыло.
    Дзень асенні - як падушка,
    у якой сваё цяпло.
    Час пранёсся, як камета,
    і дабіўся ён свайго -
    зруйнавана радасць лета,
    толькі шкельцы ад яго.
    Гэта ціхае сутонне
    лістападаўскага дня -
    нібы вечнасці прадонне,
    дзе спакой і цішыня.

    ЭЛЕКТРОННЫ ВАМПІР
    Мройна глядзім, як на дзіўны абраз,
    зрання ў квадрат ружавата-зялёны...
    Кожнаму Богам адпушчаны час
    смокча і смокча павук электронны.

    Хтосьці балбоча спакусліва... Каб
    вершаў і цёплых лістоў не пісалі.
    Колькі праграм, столькі мае і лап,
    што нашу волечку апаясалі.

    Не папытаўшы, валочыць у вір,
    дзе закалыхвае цемра густая.
    Самаздаволены хатні вампір
    мілай усмешкай ахвяры вітае.

    * * *
    Ах, ці дагоніць гнеў мой злых тыранаў?
    Бо ім даўно душа перакіпела.
    Бо злосць, якую я глушыў старанна,
    змялела і да помсты не даспела.

    Хоць зноў расце, як вецер, абурэнне,
    як новага мярзотніка пабачу...
    Стаміўся я ад д'ябальскіх стварэнняў,
    ад прыніжэння нашага і плачу.

    Расце любоў на роднай глебе вечна,
    а гвалт і здзек таксама востраць лемех...
    Адзінае, што маю, - боль сардэчны
    за наша апаганенае племя.

    СЕЙБІТЫ СМУТКУ
    Як знепрытомнела цёплае месца падворка,
    як пахадзіла па ім чорных д'яблаў гайня...
    Тут недарэчная сёння людская гаворка,
    слоў не прымае, не слухае іх цішыня.

    Сонца ні з кім тут ужо не гуляе у жмуркі,
    зыркія блікі адну забаўляюць траву.
    Некалі моцныя, звонкія цуда-падмуркі
    ад безнадзейнасці ўпалі даўно ў крапіву.

    Бедныя дрэвы, забытыя людствам і Богам,
    лёс іх таксама пакрыўдзіў і кінуў на злом.
    Дзікія яблыні ўсе абкідаліся мохам,
    неба вясенняе раняць пасохлым галлём.

    Птушак і тых не відаць у аглухлым закутку,
    птушак жальба не пускае ў пустыя двары.
    Папрацавалі вы здорава, сейбіты смутку,
    плачам заліўшы панішчаныя хутары.

    Ці прычакала вас плата-расплата якая,
    ці прытуліла нябесная вас сінява?
    І на магілах у вас крапіва хутарская
    ці не буяе - удзячная вам крапіва?

    ВАЙНА
    Ніводная з мільёнаў даўніх стрэл
    у рай зямны не паказала сцежку.
    Парахавы яшчэ ніводзін стрэл
    у дзюбцы кулі не прынёс усмешку.

    Не сее звада жыта ля дарог,
    і танк-пачвара сіні лён не сее.
    А сыплецца з вачэй людскіх гарох,
    як пачынаюць спрэчку фарысеі.

    Яны заўжды падмешваюць чыгун
    у харч зямны і збажыне, і вербам.
    Іх фанабэрны гонар, як бягун,
    заўсёды скача пад дзяржаўным гербам.

    Ім, нібы цётка добрая - вайна,
    што раздае чыны, кватэры, зоркі...
    У іх і сёння тактыка адна -
    ракетна-кулямётныя разборкі.

    * * *
    Слізгаюць сняжынкі
    у выстылай цішы.
    І зорак над імі
    цяплее пагляд.
    Кружляюць сняжынкі.
    Іх мякка калыша
    паветра -
    пуховых сваіх немаўлят.
    У небе ім лёгка,
    раздольна, прасторна.
    Жаданне ж адно -
    даляцець да сасны.
    І ўпаўшы на голле,
    глыбока й пакорна,
    стуліўшыся разам,
    заснуць да вясны.

    * * *
    Святыя Пётра і Андрэй,
    хвала вам чыніцца вякамі.
    Былі вы проста рыбакамі,
    што веславалі ў ветравей.
    Ды рэзка вас з'іначыў лёс,
    перамяніў занятак сталы.
    Лавіць вы чалавекаў сталі...
    На гэта блаславіў Хрыстос.

    Мой лёс, і ты мяне прыгрэй,
    удачаю пацеш хоць зрэдку.
    Зірніце на маю вы сетку,
    святыя Пётра і Андрэй.
    Не старанна й шчыра плёў,
    ткаў вечарамі і начамі.
    І вось яна перад вачамі -
    сабраная з патрэбных слоў
    і звітая з найлепшых дум...
    І вось яе цераз хвіліну
    з надзеяй у натоўп закіну -
    у чалавечы вір і тлум.
    А радасць у мяне адна:
    як невадам, я словам дужы
    шматлікія тапельцы-душы,
    глядзіш, і выцягну са дна.

    ЗЛОСЦЬ НА ПЛЯЦЫ
    Яна заўжды
    з пачырванелым тварам
    вітае крык,
    які за ўсё мілей.
    Яна так пахне дымам і пажарам,
    што ўспыхне тут
    і кінецца далей.
    Злосць зацяжная,
    помнячы няўдачы,
    настырна прэ,
    разважлівасць хіне.
    Вірліва ходзіць,
    па-вар'яцку скача -
    як кіпень
    у вялікім чыгуне.
    Яна, як порах,
    дзікі гвалт падпаліць,
    любоў-спагаду
    ўдарыць па баку.
    З задавальненнем
    кожнага ашпарыць,
    хто трапіцца ёй часам
    пад руку.

    ГОГАЛЬ НА КАЛЕНЯХ
    Якая рызыка -
    тварыць, як Бог,
    сфасоніць вобраз
    з пеўчай моўнай гліны.
    Яму ж
    у запаветныя хвіліны
    сваю душу аддаць,
    каб дыхаць мог.
    Якая дзёрзкасць -
    думаць, як Тварэц,
    і падарыць
    сваім героям волю -
    хай дзейнічаюць
    пад наглядам болю
    і самі свой
    вышукваюць канец.
    Апломб які -
    свае ўзвышаць правы,
    раўнёю быць
    ажно самога Бога.
    Жывых істотаў
    майстраваць з нічога,
    зямных людзей
    выдумваць з галавы.
    У гэтым грэх
    недаравальны ёсць -
    даверыцца
    спакусліваму здзеку,
    смяцца па-майстэрску
    з чалавека,
    смяяцца,
    бы Ўсявышняму на злосць.

    * * *
    Табой я пагарджаю, стадыён,
    дзе пахнуць майкі потам калектыўным,
    дзе крык стаіць шалёны і надрыўны -
    ачэплены міліцыяй раён,
    дзе ўскокваюць узбуджаныя масы,
    агульны твар свой крывячы грымасай.

    У рог любові лепей не трубі,
    тут не любоў свой баль вялікі правіць.
    Схавай сваю таблічку добрых правіл.
    Адносна кволых ёсць прысуд: «Дабі!»
    Супернік, не разлічвай на падножку -
    табе ўступаю я сваю дарожку.

    Душу маю пранізвае спакой -
    у ёй, напрыклад, не бывае стрэсу,
    калі чужыя колы «Мерседэса»
    шлях травяны перасякаюць мой.
    Каб мільгацелі людзі і сасонкі -
    як прыкра ўсё ж ляцець наперагонкі!

    Прэч адыдзі, жаданняў мітульга!
    Не буду бегчы нават пад прымусам.
    Зацята баранюся ад спакусы -
    да вашага дапасці пірага...
    Пасыплю хлеб свой чорны белай соллю.
    Ашчадна з'ем. І запяю пра волю.

    * * *
    Можа, як-небудзь свае параўняю барозны.
    Я не араў, а па полі пасноўдаўся.
    - Позна!

    Курчыў не раз я, не раз я фальшывую позу.
    Буду звычайным і шчырым я з іншымі.
    - Позна!

    Стану я добрым, спагадлівым, нават жалосным.
    Маці сваю не пакіну самотнаю...
    - Позна!

    Ах, як падумаю, ажно мне зробіцца млосна.
    Вось бы свой дзень распачаць мне па-іншаму.
    - Позна!

    Але ж прашу я, вымольваю доўга і слёзна:
    доля, дай шанец мне жыць спадзяваннямі.
    - Позна...

    Але ж яшчэ не атрымліваў з вечнасці позвы...
    - Хто яго ведае,
    можа, яшчэ і не позна.

    СВЯТЛО
    Святло пагасла электрычнае -
    свет адляцеў у час Гамера.
    Усталявалася лірычная
    ў маім пакоі атмасфера.
    Плывуць жывыя побач поцемкі,
    душу таемна ціша кратае.
    Яшчэ б сюды дабавіць ходзікі,
    што цікалі ў пяцідзесятыя.
    Зазыўна зорка дзесьці бліскае,
    ліецца Млечны шлях праз шыбіну.
    Мне гэта цемра вельмі блізкая,
    нібы вада марская рыбіне.
    Мне радасна, што ноч сустрэла
    мяне сваёй салодкай скрухаю,
    што лямпачка перагарэла
    і я дыханне неба слухаю.

    ВОЛЯ
    Галоўны сэнс жыцця ўсяго людскога,
    найлепшае, чым ганарыцца доля,
    найдаражэйшы падарунак Бога,
    Яго ахвяраванне - наша воля.
    Хвалу Тварцу за нашае ўзвышэнне
    удзячнымі мы ўзносім галасамі.
    І лёгкія, і цяжкія рашэнні
    са згоды сэрца мы прымаем самі.
    Расчыненыя насцеж небасхілы,
    няма ні меж, ні ланцугоў для руху.
    Не існуе на свеце цэлым сілы,
    якая крылы б абламала духу.
    Тваё жыццё - як воляй наталенне.
    Ды што за воля без дарожных знакаў?
    Ідзі туды, куды вядзе сумленне,
    усё рабі, абы ніхто не плакаў.
    Абы нікому не было балюча
    ад злосных слоў альбо нязграбных крокаў.
    Каб на Дабро усёй істотай лучыў,
    плыла душа нашмат вышэй аблокаў.

    Сам выбірай - ці гонар, ці няславу.
    Ты сам сабе важак і сам вядучы.
    Ты для сябе і права, і дзяржава,
    кароль, генсек, і прэзідэнт, і дучэ...
    Нябёсамі навек падаравана
    нам вольная бяскрайняя Дарога...
    Ах, вось чаму шматлікія тыраны
    даўно і шчыра неўзлюбілі Бога!

    * * *
    Ці ўзвысіцца мой кволы галасок
    над гімнамі пушчанска-баравымі?
    Мае ўсе думкі пойдуць у пясок,
    а я пакінуць іх хачу жывымі.

    Хвалююся за іх кароткі век,
    ім лепшай долі сэрца ў Бога просіць.
    Я знаю, час бяздушны чыніць здзек -
    мае парывы, як салому, скосіць.

    Ва ўладзе ўсё Вярхоўнага Суддзі -
    і тайны сэнс, і яснае натхненне.
    Пад лісцем дзён не згінь, не прападзі,
    пакутных думак цёплае насенне.

    Круг не адзін зрабі яшчэ ў жыцці.
    Пакліканае з цемры жаўрукамі,
    заварушыся ў змроку, прарасці
    і паўтарыся зноўку каласкамі.

    ПАД НЯБЕСНЫМ ВОГНІШЧАМ
    Пад нябесным вогнішчам
    цьма стагоддзяў сыдзецца.
    Над натоўпам-зборышчам
    вечны попел сыплецца.

    Круцяцца і паляцца
    леты хуткацечныя.
    Чэзнуць разам з памяццю
    палыханні млечныя.

    Толькі-толькі ўзвысяцца -
    троны й вежы рушацца.
    А людскія высілкі
    зноў квітнеюць ружамі.

    Знішчанае котлішча
    прарастае яблыняй.
    Пад нябесным вогнішчам
    сок бруіцца ядрана.

    Як там зоркі маюцца
    ды на Божым поплаве?
    Душы намагаюцца
    вырвацца з-пад попелу.

    * * *
    Можа, з зорнага каўша
    выпадкова заляцела
    у збянтэжанае цела
    птушка вечнасці - душа.

    Выпала з нябёс сваіх,
    некаму зрабіла ласку,
    трапіўшы ў зямную пастку,
    затрымаўшыся на міг.

    Лёгка, нібы мімаходзь,
    для прыгоды ці забавы
    увайшла у нашы справы,
    азарыўшы небам плоць.

    Кроплю скінула цяпла
    у пахмурны дзень балесны.
    Шчодрая, агонь нябесны
    сэрцу цёмнаму дала.

    Хутка - зноў у родны дом.
    Бо не хочацца адчайна
    быць заўжды несумяшчальнай
    з каламутным нашым дном.

    Кліча млечная шаша.
    Праз надзею і бяссілле
    слізгаціць нячутным крыллем
    птушка вечнасці - душа.

    * * *
    Мокрага снегу у неба ніхто не прасіў.
    Ды не пытаецца неба у некага згоды.
    Што яму прыкрасць твая ці чыя асалода!
    Што яму з тога: смяяўся ты ці галасіў...

    Нізкія хмары. Свінцовая цісне смуга.
    Кожную шчыліну свету запоўніла слота.
    Запанавала на вуліцы толькі балота.
    Запаланіла душу аж да донца туга.

    Вернецца восень ці ляжа нарэшце зіма -
    справа пабочная. Ты не адчайвайся з гора.
    Тчэцца і тчэцца
    танюсенькі панцыр пакоры...
    Вось і прэтэнзій ніякіх да неба няма.

    * * *
    А чым я лепшы за цябе,
    зімовы дзяцел?
    Жывеш ты ў радасці-жальбе
    у сцюжнай хаце.

    І лёсу свой птушыны крыж
    нясеш ахвотна.
    Адзін на дрэве ты. Такі ж,
    як я, самотны.

    Не знойдзеш, з кім пагаварыць.
    Адно жаданне -
    у музыку ператварыць
    сваё сняданне...

    Твая вось дзюбка штось скрабе -
    такая звычка.
    А чым я лепшы за цябе,
    сястра-сінічка.

    Што знойдзеш песню на сасне,
    табе здаецца.
    З надзеяй, быццам у мяне,
    ах, сэрца б'ецца.

    З дзівоснай злучана красой
    і ў снег, і ў слоту.
    Няма нічога за душой,
    апроч палёту.

    Ты ўпадабала свет без меж -
    свет вольны лашчыць.
    З якою слодыччу пяеш,
    бывае, нашча.

    Заўжды любіць свой лёс і час
    і радасць гушкаць...
    Нічым не лепшы я за вас,
    лясныя птушкі.

    Ад сэрца смутак адарву.
    Свяці, цярпенне!
    Я тым шчаслівы, што жыву,
    як вы, імгненне.

    * * *
    Яшчэ адну
    сваю напішаш кнігу...
    Дзядоўнікам
    залапушыцца гонар.
    Слых заказыча
    спачувальны гоман:
    твой цёплы вецер
    людству шле адлігу...
    Яшчэ адзін
    шпурнеш рулон пісьмёнаў
    у свет з надзеяй -
    хтосьці возьме ў рукі.
    Вось знойдзецца
    аматар задумённы,
    які чужыя
    паважае мукі.
    Ты на радок ніжы сваю трывогу,
    смакуючы
    уцехі мройнай яблык.
    Што робіш ты?
    Аддана служыш Богу
    ці патураеш,
    чарнакніжнік, д'яблу?

    * * *
    Пыл пад нагамі.
    І неба над намі.
    Вязнямі чуемся
    вольных дарог.
    Вецер усюды ёсць -
    бура, цунамі.
    Радасць адзіная -
    сонца і Бог.
    Дзікі, дрымучы,
    як джунглі, закутак,
    расфарбаваны
    неонамі пляц
    не прыхаваюць
    твой жаласны смутак -
    з лесу густога
    ён прыйдзе ў палац.
    Лёс не гані
    пугаўём, нібы пікай -
    ўсюды аднолькава
    зоркі гараць.
    Розніцы
    надта не бачу вялікай,
    дзе нам маліцца
    і дзе паміраць.

    ІДАЛ-ЗБАВІЦЕЛЬ
    Спачатку ён муціць ваду,
    ён рушыць парадак спачатку,
    падкладвае ўсюды ўзрыўчатку,
    сам ходзіць у белых пальчатках
    і нешта балбоча нашчадкам,
    пасеяўшы ў полі бяду.

    Калі ўрэшце мор настае,
    хістае насельніцтва голад,
    трасе ліхаманкаю холад,
    бязлюддзем задыхае горад -
    ахвяры ён, збаўца і волат,
    зноў лустачку хлеба дае.

    Спявае ад радасці свет,
    яго выхваляючы слёзна,
    святым яго лічыць сур'ёзна.
    А ён, наваспечаны бонза,
    не супраць пакінуць у бронзе
    драпежніцкі свой сілуэт.

    * * *
    Ты хрыстапрадаўцаў вышукваеш клятых,
    што рай на людскім будавалі гарбе.
    Навошта з магіл падымаць вінаватых?
    Найпершы рахунак - рахунак сабе.

    Ах, гэтыя пошукі зла за пагоркам,
    ах, гэтая святасць на ўласным ілбе.
    Хай сорамна будзе, няхай сабе горка,
    а самы пякучы - рахунак сабе.

    Шчымлівая ганьба твая - паратунак.
    Калі ўжо сумленне ўнутры заскрабе,
    ты выстаў вар'яцкаму свету рахунак.
    Ды самы галоўны - рахунак сабе.

    ПРЫ ДАПАМОЗЕ СЛОЎ
    Сябе ўсяго разварушу,
    каб уваскрэснуць зноў -
    агучыць сцятую душу
    пры дапамозе слоў.

    Прыўзняць прытомленую плоць,
    каб смерці не чакаць.
    Надзець на волю зноў аброць
    і ўдалеч паскакаць.

    Раскалыхаць здранцвенне зім,
    паклікаўшы буслоў,
    і сонца падарыць усім
    пры дапамозе слоў.

    Назваць каханай, залатой -
    адна з прыемных спраў -
    і крылле даць дзяўчыне той,
    што лёс табе паслаў.

    Таго, каму баліць, шчыміць,
    калі ўжо стыне кроў,
    яшчэ раз трэба ажывіць
    пры дапамозе слоў.

    Суняць варожасці раку
    і блаславіць любоў,
    спыніць разбойніка руку
    пры дапамозе слоў.

    Не адпусціць таго на звод -
    паднесці слоў бальзам,
    хто сам ідзе на эшафот,
    хто нішчыць сябе сам.

    За ўсе грахі адгаласіць
    прад Богам у журбе
    і даравання папрасіць
    за ўсіх і за сябе.

    Яшчэ душу ўтрапёны люд,
    як зерне, не змалоў.
    Яшчэ тварыць мы будзем цуд
    пры дапамозе слоў.

    * * *
    У бездань скідваючы злое,
    усё, што не пасуе нам,
    душа, ты тою стань скалою,
    дзе веры узнясецца храм.

    Тым маналітам цвёрда-шчыльным,
    які не здольны на разрыў -
    апорай у служэнні шчырым,
    каб час яе не пакарыў.

    Асенняй і парой вясновай,
    калі стыхія горы рве,
    будзь той магутнаю асновай,
    якая ўніз не паплыве.

    Душа, не будзь жа той скалою,
    дзе сохне веры вінаград,
    дзе нават цёплаю вясною
    халодны снег застацца рад.

    Скалою стань такой, якая
    ад сонца роднага й дажджоў
    заўсёды парастка чакае.
    І гэты парастак - любоў.

    * * *
    «Спыніцеся!» - з апошніх сіл крычу,
    нібы ў нябёсы, у сярэднявечча.
    І ажно цёмна робіцца ўваччу -
    распачынаецца ўсё роўна сеча.

    І радасныя ўсе звіняць мячы,
    і, нібы бубны, іх вітаюць латы...
    Тут, мусіць, будуць біцца да начы -
    зусім не слухаюць мяне вар'яты.

    Не хочуць ведаць пра маю мальбу.
    Напружваючы моцна карак дужы,
    так уляглі ў крутую малацьбу,
    якая вытрасае з целаў душы.

    Жалеза стук, натужны сёдлаў рып,
    адчайны стогн і дзікі тупат конскі.
    «Спыніцеся!» - ад крыку я ахрып,
    на ўсіх палях пабыўшы кулікоўскіх.

    Надрыўны кліч не чуюць ваяры,
    усё жывое звальваючы ўдарам,
    і шчэраць зубы, быццам бы звяры,
    ад Бога засланіўшыся штандарам.

    Журботу абмінаючы маю,
    бягуць далей праз папялішча-горад...
    Не помню, дзе і ў час які стаю,
    а на далоні стыне мёртвы голуб.

    * * *
    Штось яблыні на Марсе не цвітуць,
    як абяцала колішняя песня.
    Уверх-уніз там дужа скача ртуць...
    І квецень там засохне ці замерзне.
    Ніхто не хоча ў госці да зямлян.
    Хіба што рухне мёртвы астэроід.
    Ніяк дасюль на наш тэлеэкран
    не прыйдзе абяцаны гуманоід.
    А тое, што «нябесныя талеркі»
    ў апошні час заслізгацелі хутка...
    Як для дзяцей салодкія цукеркі,
    патрэбны нам страхотлівыя чуткі.
    Каб розуму падкінуць свежы клопат,
    каб гэтыя ўсе чуткі не звяліся -
    прашу цябе, пачварны біяробат,
    хоць раз на падаконніку з'явіся.
    Калі ж я ўбачу зблізку ці здаля
    твой дзіўны шлем, нацягнутую робу?..
    Якая ты самотная, Зямля!
    А зоркі ўсе - яны твая аздоба.
    Ты дзейсніш лёс свой велічна-зямны
    і верыш мала ў іншыя стасункі.
    Сусветы навакол гараць - яны
    ў тваёй кароне зыркія карункі.
    ...Хоць Богу ад людзей мізэрны плён.
    Глядзець абрыдла, як мы ўпалі нізка.
    У нейкі міг ці не захоча Ён
    падвесіць дзесьці іншую калыску?

    * * *
    Размыты сэнс - нібы нязменны вырак.
    Размыты сэнс хістаецца ва ўсім.
    Куды ні глянь - адзін шматлікі вынік,
    а як дапетрыць, што стаіць за ім.

    Шматколерна навокал ззяюць кветкі,
    траву і дрэвы бласлаўляе дол.
    Мы дзівімся - уражлівыя сведкі
    таго, што адбылося навакол.

    Плыве ў нябёсах сонца ў пазалоце
    і з намі не ўзгадняе ўласны рух.
    Нібы агонь, жывучы, ў нашай плоці
    трапечацца зусім не бачны дух.

    Прыцягваюцца атамы й нейтроны,
    планеты ліпнуць да сваіх арбіт.
    Правальваецца ў цемру свет зялёны,
    ды свежым сокам сочыцца нябыт.

    А прага знаць - бяссіллю горкі выклік,
    бо розум не жадае на спачын.
    Мы смокчам, як цукерку, бачны вынік,
    спазнаць не змогшы смак першапрычын.

    * * *
    Вось ты прыходзіш
    і мне не гаворыш нічога.
    Сон - як пустыня.
    Ружовая ціша і гладзь.
    Я разумею:
    цябе не пакінула змога.
    Я адчуваю:
    пакутліва ногі баляць.
    Штосьці жадаеш сказаць мне,
    стаўшы пад плотам.
    Ты змізарнелая.
    Лёгка на рукі вазьму.
    Маці, матуленька,
    што адбываецца - што там?
    Зноў ты маўчыш.
    Не тлумачыш ніколі чаму.
    Можа, чакаеш
    якой малітоўнай падмогі,
    штосьці патрэбнае страціла
    ў гэтым жыцці?
    ...Божа, Ты ўсё ж пашкадуй
    яе бедныя ногі.
    Каб не стаяла,
    хутчэй да Сябе дапусці.

    * * *
    Няведанне, нібы няўцямны страх,
    чым больш жыву, даймае ўсё мацней.
    Штодзённа праплываюць у вачах
    абрысы дрэў і постаці людзей.

    Ідзе натоўпу марная кружня.
    Што прытварацца і нашто хлусіць?
    Бяздонная, як вечнасць, вышыня,
    як меч дамоклаў, над зямлёй вісіць.

    І халадок, што ходзіць па спіне,
    аднойчы ператворыцца ў адчай.
    У зман уводзіць іншых і мяне
    звычайных думак просценькі ручай.

    А вышыня, што выблісне з акна,
    зноў пра сябе нагадвае крадком.
    Як хітра з намі дражніцца яна,
    але сябе трымае пад замком.

    Усё, што з прагнасцю ўбірае зрок, -
    свет шматаблічны, гучны і нямы -
    не больш таго, як кволенькі намёк
    на нешта, што ніяк не бачым мы.

    АРХАНЁЛЬСКАЯ ТРУБА
    Ці чуеце? Трубіць труба -
    паправіць жыццё сваё позна...
    Вось трубіць... і гэта сур'ёзна,
    ніякая тут не гульба.
    У сэрцы спалоханы грук,
    Малітвы усхліп шматгалосы.
    Узносяцца самі ў нябёсы
    мільёны працягнутых рук.
    Ці чуеце? Трубіць труба -
    грахі высыпайце на вагі...
    Спыніліся крыкі і звягі,
    нікчэмная ўся барацьба.
    Натоўп ашаломлены сціх.
    Адпала згрызота зямная.
    Нарэшце шчымліва яднае
    хвіліна апошняя ўсіх.
    ...Мацней жа, о наша мальба.
    Збавіцель дагэтуль нас любіць -
    не трубіць, пакуль што не трубіць
    у небе святая труба.

    АД КАСЦЕЛЬНАЙ БРАМЫ
    ДА НЯБЕСНАЙ
    1
    Ад касцельнай брамы да нябеснай -
    гэта самы пакручасты шлях.
    Па гарах, узгорках, па палях
    ён імчыцца ручаінай весняй.

    Ён гасцінцы роўныя мінае,
    пнецца між кустоў і між балот.
    І ягоны новы паварот
    гасіць хуткасць і маршрут мяняе.

    Проста ў неба яснае чамусьці
    ён не любіць бегчы нацянькі.
    Ён ляціць, крыўляючы ўбакі,
    покуль шал нарэшце не адпусціць.

    І тады ён паслухмяны самы,
    хоча роўным і звычайным быць.
    Як жа цяжка выбіць і адмыць
    пыл і гразь ля запаветнай брамы.

    2
    Ад касцельнай брамы да нябеснай -
    гэта час, як з сэрца б'е фантан.
    Неспакойны твой душэўны стан,
    і заўсёды ў запаведзі цесна.

    Дзе налева - хочацца направа,
    дзе святліста - хочацца ў імжу.
    Моцна цягне перайсці мяжу
    самых добрых і надзейных правіл.

    Кроў звініць у жылах, як сірэна,
    да шчаслівых дзён рукой падаць...
    Не спыняюць ні рака, ні гаць.
    Што яны! І мора па калена...

    Вецер сціхне сумнага буяння -
    зжухне беглай радасці трава.
    І сама кладзецца галава
    на святую плаху пакаяння.

    3
    Ад касцельнай брамы да нябеснай
    цягне нас да ўсіх зямных уцех.
    Вабіць сэрца бесклапотны смех,
    што пануе ў гутарцы гарэзнай.

    З радасцю якой замілаванай
    кружымся спакуслівай вясной!
    Песцім прывід ласкі незямной,
    ласкі той, што стане занядбанай.

    Толькі б сэрца на пасля хапіла,
    каб адчуць Нябесную Любоў.
    А яно вось выйшла з берагоў
    І бальшак да Бога затапіла.

    Сэрца, беспрытульна не каціся
    і зямны спакой не варушы.
    Як хутчэй да кінутай душы
    сцішана, пакорліва вярніся.

    4
    Ад касцельнай брамы да нябеснай
    горкіх дзён і хвіляў не злічыць.
    Нібы нехта хоча пагарчыць
    нашу долю, каб не стала прэснай.

    Нібы хтосьці сыпле соль на раны,
    зверху на кашулю сыпле соль.
    Ад укусаў лёсу моцны боль -
    хтось яго падпітвае старанна.

    Як ні клічам - шчасця ані звання,
    ад яго - адзін туман ці дым.
    Мы ўздыхаем і штодзень гарым
    на агні сваіх расчараванняў.

    Горка думаць, што твой век кароткі,
    хоць жыццё бяскрайняе, як стэп.
    Ты забыўся пра нябесны хлеб,
    вечны хлеб, які заўжды салодкі.

    5
    Ад касцельнай брамы да нябеснай -
    россыпы маркотныя няўдач.
    І плыве, плыве нязводны плач
    гулкаю мелодыяй балеснай.

    Колькі галасоў аб дапамозе
    чуеш! І які тут неабходны лек?
    Колькі слабых, хворых і калек
    журыцца на выбітай дарозе!

    І вядзе іх доля, як сляпая,
    хіба ёй ты скажаш: «Выручай!»
    Як сабака, круціцца адчай,
    самых кволых за душу хапае...

    Ах, бядак, чакаеш дабрадзея,
    ты ў надзеі змучана стаіш.
    Ты на долю, як на ўласны крыж.
    абапрыся - тут твая надзея.

    6
    Ад касцельнай брамы да нябеснай
    адчувай цяпло чужых плячэй.
    Іншых грэй. І будзе шмат лягчэй
    у бядзе і ў радасці сумеснай.

    Не журыся на зямлі без меры -
    з позіркам, апушчаным у дол.
    Паглядзі: пасталі навакол
    сёстры і браты твае па веры.

    Нібы снег, твае растануць мукі -
    гэта дзіва спасцігаеш сам.
    Бо заўсёды лечаць, як бальзам,
    на цябе пакладзеныя рукі.

    Шчодрасць сэрца вычарпай да донца,
    стань жывой крыніцай у жыцці.
    Добрым сэрцам іншым пасвяці,
    стань для іншых запаветным сонцам.

    7
    Ад касцельнай брамы да нябеснай
    скрозь вясну ступаеш і зіму.
    Радуйся расчулена ўсяму,
    што тваё жыццё табе прынесла.

    Калі будзеш ты аблюбаваны
    весялосцю чыстай ці журбой,
    хай заўжды стаяць перад табой
    Воблік Бога, маці і каханай.

    Цемра шляху стане значна меншай,
    абміне твая дарога гаць,
    калі будзе прамяніста ззяць
    над табою Вобраз Найсвяцейшай.

    Радуйся такому паяднанню!
    Цешыцца яму заўжды душа,
    хоць была і сумнаю спярша.
    І змярканне стане, як світанне.

    8
    Ад касцельнай брамы да нябеснай -
    гэты шлях між брамамі дзвюма.
    Хай жа стане у Тваё імя
    праспяванай урачыстай песняй.

    Хай жа будзе ў гэтай песні злітным,
    паяднаным на усё жыццё
    нашае дыханне-пачуццё
    з радаснымі словамі малітвы.

    Каб адчуць у цішыні глыбокай,
    што па нотах сонечных сыграў.
    Рэха ўсіх тваіх будзённых спраў
    стане хай мелодыяй высокай.

    Перажыўшы ўсе зямныя драмы,
    перамогшы стомленасць і зло,
    лёгка як упасці на святло,
    што зыходзіць ад нябеснай брамы.

     

    Publishing House PRO CHRISTO
    Copyright © 2003 PRO CHRISTO
    Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
    без якіх-небудзь зменаў,
    з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.