Напярэдадні гадавіны пасвячэння біскупа Касабуцкага павіншавалі «першапраходцы» ў галіне каталіцкіх СМІ Беларусі
24 студзеня 2025, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, біскуп Юрый Касабуцкі, Старшыня Рады па сродках масавай камунікацыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
У цэлебрацыі, якую ўзначаліў іерарх, бралі ўдзел прадстаўнікі каталіцкіх СМІ Беларусі: супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo», супрацоўнікі «Радыё Марыя» Беларусь, прадстаўнікі рэдакцыі парталу Catholicnews.by, рэдакцыя парталу Касцёла ў Беларусі Catholic.by, і іншыя.
Біскуп Касабуцкі шчыра прывітаў прысутных на цэлебраці каталіцкіх журналістаў, падкрэсліўшы важнасць іх служэння ў сучасным свеце, які фармуюць інфармацыйныя тэхналогіі.
Іерарх выказаў падзяку ўсім супрацоўнікам каталіцкіх СМІ, асабліва супрацоўнікам выдавецтва «Pro Christo» на чале з яго шматгадовым дырэктарам Алінай Новікавай, якіх назваў «першапраходцамі» ў справе евангелізацыі ў медыя-прасторы.
Пасля Імшы супрацоўнікі каталіцкага выдавецтва павіншавалі біскупа Касабуцкага напярэдадні 11-й гадавіны яго біскупскага пасвячэння, а іерарх, адказны за СМІ ў ККББ, благаславіў усіх прысутных у касцёле каталіцкіх (і не толькі) журналістаў.
Мастачка Галіна Хінка-Янушуквіч падаравала біскупу Юрыю Касабуцкаму адну з дзіцячых кніг, выдадзеную у выдавецте «Pro Cristo», з яе цудоўнымі ілюстрацыямі.







