Падчас святкавання 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі ў ружанскім касцёле адбылася прэзентацыя кнігі архітэктара Аляксея Яроменкі «Каталіцкія святыні. Пружанскі дэканат»
Важнай пляцоўкай святкавання 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі стаў старадаўні касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах. 28 верасня 2024 г., пасля святой Імшы і працэсіі з рэліквіямі святога Казіміра вернікі на чале з іерархамі ўзялі ўдзел у афіцыйным адкрыцці юбілейнага года Пінскай дыяцэзіі на тэрыторыі парафіяльнага касцёла. Прывітальнае слова да вернікаў скіраваў біскуп Антоні Дзям’янка, пасля сабраныя пачулі даклад па гісторыі Пінскай дыяцэзіі, які прадставіў увазе сабраных ксёндз доктар Юрый Дрозд.
Прысутныя таксама сталі ўдзельнікамі прэзентацыі ўнікальнай кнігі пра багатую сакральную спадчыну мясцовага рэгіёна: «Каталіцкія святыні. Пружанскі дэканат». Гэтае выданне, падрыхтаванае дзякуючы руплівай даследчыцкай працы архітэктара Аляксея Яроменкі, стала сапраўднай падзеяй і імпульсам для працы над кнігамі пра архітэктурную спадчыну іншых дэканатаў Пінскай дыяцэзіі.
Выданне прымеркавана да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у склад якой уваходзіць Пружанскі дэканат. Можна лічыць, што гэта вельмі годны крок у рамках святкавання юбілею, бо сабраная інфармацыя мае надзвычайную каштоўнасць для кожнага верніка не толькі Пружаншчыны, але і ўсёй Беларусі, а таксама для нашых нашчадкаў, якія напэўна будуць неабыякавыя да жыцця Каталіцкага Касцёла.
Кніга густоўна ілюстраваная гістарычнымі картамі, архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі святыняў, выявамі праектаў і чарцяжоў сакральных будынкаў — усё гэта суправаджаецца разгорнутымі подпісамі і тлумачэннямі на палях кніжных старонак, што дапамагае чытачу добра арыентавацца ў пададзеным матэрыяле, паслядоўна праводзіць яго ўнутраны позірк праз мінулыя стагоддзі і выразна паказвае, які адбітак на сакральных помніках — дый на чалавечых лёсах — пакінулі час, войны, дзесяцігоддзі атэізму і нявер’я.







