Прадстаўнікі Касцёла передалі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігу «Мяне заўсёды ратавала вера…»
1 снежня 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне круглага стала на тэму «Беларускія пераклады Бібліі».
Мерапрыемства было прымеркавана да 95-годдзя выдання першай кнігі Святога Пісання на сучаснай беларускай мове і сабрала прадстаўнікоў Цэркваў і духавенства розных канфесій Беларусі, багасловаў, гісторыкаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філолагаў.
Ад Каталіцкага Касцёла ўдзел у круглым стале ўзялі ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, ксёндз канонік Францішак Рудзь і доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук.
Прадстаўнікі Касцёла падчас пасяджэння круглага стала прэзентавалі і падаравалі Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігу «Мяне заўсёды ратавала вера…» У выданні прадстаўлены ўспаміны святароў, свецкіх асоб і дзеячаў культуры аб жыцці кардынала Казіміра Свёнтка, які адышоў у дом Нябеснага Айца 21 ліпеня 2011 года. Кардынал зрабіў значны ўнёсак у развіццё літургіі на нацыянальнай мове, пакінуўшы заўважны след у гісторыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны.




