Прадстаўнікі Касцёла на Беларусі сталі лаўрэатамі прэміі «За духоўнае адраджэнне» за пераклад і выданне Новага Запавету на беларускай мове
9 студзеня 2019 г. ў Палацы Рэспублікі ў Мінску адбылося ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2018 г. Сярод лаўрэатаў — прадстаўнікі Касцёла на Беларусі.
Па выніках мінулага года былі прысуджаны чатыры прэміі «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Адна з прэмій была прысуджана двум калектывам: “Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы” і “Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі”, за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны.
Прэмія і дыплом «За духоўнае адраджэнне» была ўручана кс. д-р Яну Крэмісу, старшыні “Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі”. У склад “Секцыі…” таксама ўходзяць: д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. Францішак Кісель, маг. Антон Кузьміч, Марыя Барткова.
Праца калектыву ўключала ў сябе не толькі карпатлівую працу ў галіне перакладу тэкстаў Бібліі, але і актыўны ўдзел членаў групы ў сімпозіумах, канферэнцыях, круглых сталах і выставах.













