Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!


ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

БІБЛІЯ — НАСТОЛЬНАЯ КНІГА ВЕРЫ

Слова падчас прэзентацыі першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове Новага Запавету ў Навагрудскай раённай бібліятэцы
г. Навагрудак, 29 лістапада 2018 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, хто прыняў запрашэнне на прэзентацыю першага афіцыйнага каталіцкага выдання Новага Запавету, які быў падрыхтаваны Камісіяй па перакладзе афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнецыі Каталіцкіх Біскупаў на Беларусі і выдадзены Выдавецтвам Pro Christo, за што ім шчыра дзякую.

Хачу таксама выказаць падзяку ініцыятару сённяшняга мерапрыемства пробашчу Навагрудскай парафіі св. арханёла Міхала кс. Юрыю Жэгарыну.

Шчыра дзякую Навагрудскай раённай бібліятэцы за прадстаўленую магчымасць ажыццявіць гэту ідэю.

З вялікай радасцю і ўдзячнасцю вітаю прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, дзяржаўных уладаў г. Навагрудка, а таксама свету культуры і навукі. Гэта знак дынамічнага развіцця міжканфесійных і міжрэлігійных адносін і адкрытасці беларускага грамадства на духоўнасць і плённае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай.

2. Мінулы 2017 год адзначыўся не толькі святкаваннем 500-годдзя выдання Бібліі нашага першадрукара Францішка Скарыны, але таксама адначасовым выданнем першага афіцыйнага перакладу Новага Запавету на сучасную беларускую мову Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што з’яўляецца пацвярджэннем супольнага клопату нашых цэркваў пра духоўнае адраджэнне беларускага народа.

Ужо адбыўся шэраг прэзентацый каталіцкага выдання Новага Запавету. Вельмі важна, што ў гэтым шэрагу таксама і старажытны Навагрудак, які ўвайшоў у нашую гісторыю як адзін з галоўных палітычных, культурных і рэлігійных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.

Навагрудак быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Ён таксама адыграў вялікую ролю ў евангелізацыі гэтых земляў. Дастакова сказаць, што ў пачатку XIV стагоддзя было створана рукапіснае ілюстраванае Лаўрышаўскае Евангелле для праваслаўнага Лаўрышаўскага манастыра пад Навагрудкам. Гэта выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай духоўнай кнігі ў Беларусі эпохі Сярэднявечча.

У Навагрудку ў 1415 г. праваслаўным мітрапалітам Вялікага Княства Літоўскага быў абраны Грыгорый Цамблак. У 1422 г. у фарным касцёле кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла браў шлюб з Сафіяй Гальшанскай, што дало пачатак дынастыі Ягелонаў. Пасля Брэсцкай уніі тут з’явілася катэдра грэка-каталіцкага мітрапаліта. У XVI стагоддзі горад становіцца адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1597 года па 1775 г. у ім праходзілі пасяджэнні Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.

Багатая гісторыя Навагрудка нагадвае аб тым, што тут пражывалі праваслаўныя, католікі, юдэі і мусульмане. Гэта найлепшае сведчанне рэлігійнай талерантнасці гэтага горада. Так ёсць і ў наш час. Тут побач з праваслаўнымі братамі і сёстрамі мірна жывуць і моляцца прадстаўнікі іншых веравызнанняў, у тым ліку і католікі, аб чым сведчыць дзейнасць славутай Навагрудскай фары, касцёла св. арханёла Міхала, кляштара сясцёр назарэтанак і шмат іншага.

У Навагрудку нарадзіўся наш славуты зямляк Адам Міцкевіч, які сказаў вельмі павучальную фразу: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў Батлеемскіх яслях, але бяда табе, калі ён не народзіцца ў тваім сэрцы».

3. Гэтыя словы сусветна вядомага паэта вельмі добра пасуюць да сённяшняй падзеі — прэзентацыі перакладу Новага Запавету, бо Езус прыходзіць у нашыя сэрцы найперш праз Божае слова.

Каталіцкі Касцёл вельмі вялікую ўвагу прысвячае Святому Пісанню, яго вывучэнню і выкарыстанню ў набажэнствах, асабліва ў цэлебрацыі Эўхарыстыі і Літургіі гадзінаў.

Сацыяльна-палітычныя перамены 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынеслі свабоду рэлігіі пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна ўключыўся ў працэс духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, які немагчымы без адпаведнай літургічнай, тэалагічнай, гістарычнай і біблійнай літаратуры. Усё гэта выклікала вострую неабходнасць у яе падрыхтоўцы, што патрабуе адмысловых перакладаў, у тым ліку і Бібліі.

У гэтай галіне беларускія святары праявілі шмат ініцыятывы, каб падрыхтаваць біблійныя тэксты, якія выкарыстоўваюцца ў набажэнствах. Асабліва трэба адзначыць святой памяці кс. Уладзіслава Чарняўскага, які пераклаў на беларускую мову ўсю Біблію. Яго можна назваць беларускім Геранімам, які першы пераклаў Біблію з арыгінальных моваў на лацінскую. Пераклад св. Гераніма называецца Вульгата, што азначае пераклад на зразумелую ў тыя часы лацінскую мову. Да гэтага самага імкнуліся шматліеія святары і свецкія перакладчыкі.

Аднак здзейсненыя пераклады адрозніваліся адзін ад аднаго і не былі афіцыйна зацверджаны Касцёльнай уладай. З мэтай здзяйснення аўтарызаванага перакладу афіцыйных касцёльных тэкстаў у 1992 г. была заснавана Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры. Ад 2004 г. пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі існуе Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Трэба падкрэсліць, што адначасова з перакладам літургічных тэкстаў вёўся і пераклад біблійных. У выніку за 15 гадоў працы Камісіі быў перакладзены увесь Новы Запавет і каля 70% Старога.

4. Пераклад Новага Запавету і яго выданне — гэта вялікае дасягненне Касцёла, які, выкарыстоўваючы словы Францішка Скарыны, даў нашаму народу Божае слова на зразумелай мове.

Св. апостал Ян у Пралогу да свайго Евангелля піша, што на пачатку было Слова і яно было Богам (пар. Ян 1, 1). Уцелаўлёны Бог — Езус Хрыстус — абвяшчаў Евангелле Божага Валадарства, якое запіслі апосталы. Дзякуючы гэтаму Слова стала кнігай, у якой прадстаўлена вучэнне Хрыста.

Сімвалічна, што доктар медыцыны Францішак Скарына выдаў Біблію. Гэта яскравае сведчанне таго, што ён імкнуўся лячыць усяго чалавека: не толькі яго цела, але і душу. Менавіта таму ён даў нашаму народу Біблію на зразумелай мове, якая з’яўляецца заўсёды актуальным і жывым Божым словам (пар. Гбр 4, 12), лекам для душы і разам з Традыцыяй — крыніцай нашай веры.

Варта адзнеачыць і і тое, што першай друкаванай кнігай у гісторыі чалавецтва стала Біблія Гуттэнберга, выдадзенаая ў першай палове 1450 гадоў у Германіі. Таксама першай друкаванай кнігай на ўсходнеславянскіх землях стала выданая ў 1517 г. Біблія Францішка Скарыны.

Клапоцячыся пра новыя пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, Касцёл не толькі забяспечвае надзённыя патрэбы свайго служэння і місіі, але таксама прычыняецца да развіцця беларускай культуры, бо ўзбагачае яе новай рэлігійнай і біблійнай тэрміналогіяй.

5. Сёння мы з радасцю канстатуем, што Новы Запавет выдадзены і яго можна набыць. Але гэтага яшчэ недастакова. Кожная эпоха патрабуе новага адкрыцця багацця Евангелля ў залежнасці ад патрабаванняў і выклікаў часу. Біблія крые ў сабе ўніверсальны адказ на ўсе праблемы, з якімі спатыкаецца чалавек.

Сучасны свет верыць у тое, што свае праблемы можа вырашыць праз развіццё навукі, тэхнікі, медыцыны, культуры, СМІ і г.д. Аднак жыццё паказвае, што вырашэнне адных матэрыяльных праблем без уліку маральных і этычных нормаў вядзе да іншых. У выніку прапанаваны лек нярэдка становіцца горшым за саму хваробу.

Кожны з нас добра ведае, што недастакова купіць хлеб і пакласці ў хлебніцу. Каб наталіць голад, яго трэба есці. Недастакова толькі набыць у аптэцы выпісаны лекарам лек, каб вылечыцца. Яго неабходна прымаць.

Падобна і са Святым Пісанем. Недастаткова яго толькі набыць і паставіць на паліцу. Яго трэба вывучаць і жыць той праўдай, якая ніколі не змяняецца і заўсёды застаецца актуальнай. Таму Біблія як крыніца веры — бо «вера — ад пачутага, а пачутае — праз слова Хрыста», як кажа св. апостал Павел (гл. Рым 10, 17), — павінна стаць настольнай кнігай кожнага хрысціяніна. Перакладчык Вульгаты св. Геранім кажа, што няведанне Святога Пісанна азначае няведанне Хрыста. А ведаць Хрыста азначае жыць паводле Яго вучэння.

6. Назва горада Навагрудак, або Наваградак, паходзіць ад словаў «Новы горад». І сапраўды, ён аднаўляецца і становіцца сучасным культурным еўрапейскім горадам з добра развітой інфраструктурай.

Выказваю надзею, што выданне Евангелля на беларускай мове і сённяшняя яго прэзентацыя будзе спрыяць лепшаму пазнанню Божага слова жыхарамі гэтага старажытнага і прыгожага горада, каб ён быў вядомы ў свеце не толькі як горад Адама Міцкевіча, Замкавай гары і другіх гістарычнх славутасцяў, але як горад, дзе жывуць новыя людзі, якія фармуюць сябе паводле вечна жывога, дзейснага (пар. Гбр 4, 12) і заўсёды новага Божага слова.

Дзякую за ўвагу.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар