«Беларуская мова ў сферы sacrum»: ці будзе нарэшце пачуты голас Касцёла?
21 лютага 2018 г., у дзень роднай мовы, які штогод праводзіцца па ініцыятыве ЮНЕСКА, у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць», у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Касцёла.
Ад імя старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Рыма-Каталіцкі Касцёл на навуковым форуме прадставілі старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. канонік Ян Крэміс, доктар тэалогіі, і супрацоўніца названай Секцыі доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук. Грэка-Каталіцкую Царкву па даручэнні Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі амафорнага архімандрыта Сяргея Гаека МІС прадставілі канцлер курыі Апостальскага візітатара а. Яўген Усошын і а. Андрэй Крот, магістр тэалогіі, дактарант Экуменічнага інстытута Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся член-карэспандэнт, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Алена Анісім, першы намеснік па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і прадстаўнікі духавенства.
Вітаючы арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі, кс. Ян Крэміс, між іншым, адзначыў: «Касцёл у нашай краіне адкрыты для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва ў справе пашырэння выкарыстання роднай мовы ў нашым грамадстве. <…> Словы Хрыста: „Каб усе былі адно“ з Евангелля паводле Яна не азначаюць нейкай уніфікацыі, але заклікаюць да адзінства ў разнастайнасці на карысць супольнай справы».
Прадстаўнік Касцёла ад імя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча перадаў у дар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі экземпляр афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу Новага Запавету на беларускую мову, выдадзены ў мінулым годзе — годзе юбілею Скарынаўскай Бібліі.
На пленарным пасяджэнні было прадстаўлена дзевяць дакладаў. Сярод якіх быў і даклад Марыны Пашук, супрацоўніцы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. У сваім дакладзе Марына Пашук засяродзілася на дзвюх асноўных традыцыях перакладаў біблійных тэкстаў на беларускую мову, звязаных з двума асноўнымі канфесійнымі асяроддзямі ў нашай краіне: праваслаўным і каталіцкім.
Пасля дакладаў адбыўся круглы стол на тэму «Мова і рэлігія: беларускі кантэкст», мадэратарам якога выступіў прафесар Мікалай Прыгодзіч. Да працы круглага стала далучыліся беларуская пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, а таксама супрацоўніцы выдавецтва «Pro Christo» філолаг Ганна Шаўчэнка і перакладчыца Юлія Шэдзько.
На пачатку прафесар Прыгодзіч даў кірунак дыскусіі ў сваім выступе на тэму «Звяртацца да Бога на адзінай літаратурнай мове: што (хто) перашкаджае?». Выказаная ім думка адносна неабходнасці ўніфікацыі рэлігійнай тэрміналогіі не знайшла падтрымкі ў прадстаўнікоў Касцёла, паколькі такі падыход не ўлічвае існавання ў беларускай мове розных перакладчыцкіх традыцый, пра якія ішла гаворка ў дакладзе як Марыны Пашук, так і іншых удзельнікаў канферэнцыі.
У гэтым пытанні сваё аўтарытэтнае меркаванне выказаў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта, сябра Міжнароднага камітэта славістаў, доктар філалагічных навук, прафесар Генадзь Апанасавіч Цыхун.
«Патрыярх» беларускага мовазнаўства кампетэнтна растлумачыў, што немагчыма патрабаваць прымусовай уніфікацыі лексікі без уліку жывой моўнай традыцыі.
На думку акадэміка Цыхуна, у гэтым пытанні неправамерна спасылацца на Закон Рэспублікi Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прыняты ў 2008 г., паколькі ён рэгламентуе правапіс, а не лексічны склад мовы, які вызначаецца з дапамогай корпусу тэкстаў.
Ксёндз Ян Крэміс у гэтым кантэксце адзначыў, што да сённяшняга часу тыя, хто займаецца складаннем слоўнікаў, цалкам ігнаравалі корпус тэкстаў Каталіцкага Касцёла, а між тым менавіта Касцёл больш за ўсе іншыя рэлігійныя супольнасці ў краіне выкарыстоўвае ў сваім жыцці і ў сваёй дзейнасці беларускую мову.
Крыстына Лялько падтрымала старшыню Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, падкрэсліўшы, што сучасная каталіцкая прэса выдаецца ўжо амаль чвэрць стагоддзя і не лічыцца з яе існаваннем — значыць не жадаць прыняць рэальнае становішча рэчаў з выкарыстаннем беларускай мовы ў сферы sacrum.
Дык ці ж будзе пачуты голас Касцёла беларускімі чыноўнікамі ад мовы і ці будзе нарэшце ўлічаны вялізны корпус сучаснай каталіцкай літаратуры на беларускай мове ў далейшай працы над нарматыўнымі слоўнікамі, якія пакуль што ігнаруюць не толькі моўную практыку Касцёла на Беларусі, але і юрыдычна зарэгістраваныя найменні каталіцкіх парафій?..
Пытанне немалаважнае, бо ад станоўчага адказу на яго ў вялікай ступені залежыць далейшы лёс беларускай мовы і яе нармальнае развіццё і функцыянаванне ў розных сферах жыцця.









