Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!


ПЯЦІКНІЖЖА МАЙСЕЯ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

У мінскім Чырвоным касцёле прэзентавалі рыма-каталіцкае выданне «Новага Запавету» на беларускай мове

Прэзентацыя першага поўнага рыма-каталіцкага выдання «Новага Запавету» на беларускай мове прайшла ў межах біблійнага сімпозіума «Слова Божае 1517–2017», які 25 лістапада 2017 г. праходзіў у касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску.

Першы поўны пераклад кніг Новага Запавету на беларускую мову быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Нагодай для выдання паслужыла святкаванне 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны.

Прэзентацыі выдання папярэднічала прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, прадстаўніка Праваслаўнай Царквы айца Святаслава Рагальскага, прадстаўніка Біблійнага таварыства Беларусі Ігара Міхайлава, а таксама даклады кс. ліц. Валерыя Марціноўскага і доктара біблійнай тэалогіі Марыны Пашук.

«Сённяшняя падзея заклікае адказаць на пытанне: якое месца ў нашым жыцці займае слова Божае?» – зазначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прывітальнага слова да ўдзельнікаў біблійнага сімпозіума. Іерарх узгадаў часы пераследу, калі было складана знайсці Біблію, і падкрэсліў, што сёння мы маем шмат магчымасцяў для яе вывучэння.

«Выказваю надзею, што гэтае выданне будзе спрыяць духоўнаму перамяненню ў сэрцах людзей», – заўважыў арцыпастыр. Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы айцец Святаслаў Рагальскі ў сваім слове адзначыў важнае значэнне Бібліі ў справе фарміравання народнасці. «Зараз, калі Святое Пісанне ёсць амаль у кожным доме, людзі забываюць, што яно з'яўляецца духоўным хлебам. Але толькі тады нацыя становіцца нацыяй, якая праслаўляе Бога, калі пачынае спажываць гэты "духоўны хлеб"», – падкрэсліў айцец Святаслаў Рагальскі.

Прадстаўнік Біблійнага таварыства Беларусі Ігар Міхайлаў звярнуў увагу на важнасць сімпозіума ў кантэксце святкавання 500-годдзя Бібліі Скарыны і падкрэсліў, што беларускі першадрукар ў першую чаргу быў хрысціянінам. «Сэрца Скарыны прагнула Бога, таму ён і друкаваў Біблію. І тыя, хто сёння займаецца выданнем Бібліі, могуць таксама лічыць сябе спадкаемцамі Францішка Скарыны», – сказаў Ігар Міхайлаў.

Ксёндз Валерый Марціноўскі пазнаёміў прысутных з постацямі апосталаў Пятра і Паўла, адзначыўшы іх вялікі ўклад у пашырэнне Евангелля.

Доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук выступіла з дакладам на тэму гісторыі перакладаў Святога Пісання на беларускую мову, узгадаўшы таксама пра асаблівасці лексікі, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі падчас сваёй працы, і моўныя недахопы ў мінулых неафіцыйных выданнях Новага Запавету.

Першае поўнае афіцыйнае выданне Новага Запавету прэзентаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Трэба падзякаваць кардыналу Казіміру Свёнтку за тое, што ён заснаваў гэтую Секцыю па перакладзе. Дзякую ўсім членам Секцыі. Яны вялікай ахвярай учынілі тое, што мы зараз маем. Таксама выдавецтву "Про Хрысто", якое займалася мастацкім афамленнем новага выдання Святога Пісання, і ўсім, хто спрычыніўся да выдання Новага Запавету на беларускай мове», – заўважыў іерарх.

«Будзем людзьмі Слова! Найперш – Божага слова!» – заклікаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля прэзентацыі ўдзельнікі сімпозіума прынялі ўдзел ў святой Імшы, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Напрыканцы сімпозіума была магчымасць набыць поўнае выданне «Новага Запавету». Як паведаміла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, усяго на дадзены момант было выдадзена 2 тысячы асобнікаў.

Над беларускамоўным выданнем «Новага Запавету» працавалі перакладчыкі, тэолагі і філолагі з розных дыяцэзій Беларусі: кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. прэлат Францішак Кісель, маг. Антон Кузміч, бакалаўр Марыя Барткова.

Кансультантам найбольш складаных момантаў перакладу выступіла перакладчыца Бібліі, прафесар біблістыкі ўніверсітэта Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча), доктар габілітаваная Ганна Кусьмірэк.

Макет выдання падрыхтаваны ў выдавецтве «Про Хрысто». Аўтар мастацкага афармлення выдання — Алег Глекаў, камп’ютарная вёрства — Алег Глекаў і Эльвіра Палінеўская.

Другі этап прэзентацыі першага поўнага выдання Новага Запавету на беларускай мове пройдзе 19 снежня ў 16.00 ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

«Новы Запавет» выдадзены пад агульным кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Марына Валасар (Catholic.by).

Фота Мікалая Новікава.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар