“Сённяшняя кніга стварае будучыню…”
30 сакавіка 2017 г. у Варшаве ў Арках Кубіцкага пры Каралеўскім замку адбылося адкрыццё XXIII выставы-кірмашу каталіцкіх выдаўцоў, у якой прымае ўдзел таксама выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі “Про Хрысто”.
Галоўныя тэмы сёлетняй выставы — “Ідзіце і абвяшчайце”, 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, 300-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай... У выставе прымаюць удзел каля 150-ці выдавецтваў.
У адкрыцці гэтага вялікага выдавецкага фэсту прынялі ўдзел былы прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі Апостальскай Сталіцы кардынал Зянон Грахалеўскі, мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч, генеральны сакратар епіскапату Польшчы біскуп Артур Мізіньскі, а таксама прадстаўнікі польскага Сенату і Міністэрства культуры.
Кардынал З.Грахаўлескі, які 16 гадоў узначальваў Кангрэгацыю каталіцкай адукацыі, у сваім выступленні падкрэсліў вялікае і неацэннае значэнне каталіцкай друкаванай кнігі ў фармаванні і выхаванні маладога пакалення. Ён звярнуў увагу на важнасць і адпаведнасць выбару чытачом літаратуры і сказаў, што “толькі добрая кніга становіцца сябрам чалавека. І таму каталіцкія выдавецтвы павінны друкаваць такія кнігі, якія могуць стаць нашымі сябрамі… Сённяшняя кніга стварае будучыню”, — падкрэсліў кардынал.
На адкрыцці выставы былі названыя лаўрэаты ўзнагароды Таварыства каталіцкіх выдаўцоў “Фенікс 2017”.











