Першы зборнік салезіянскіх малітваў на беларускай мове прэзентавалі ў Бараўлянах
Выдавецтвам «Про Хрысто» ўпершыню ў Беларусі быў выдадзены Малітоўнік салезіянскіх малітваў на беларускай мове «Воля Божая — асвячэнне вашае». Складальнікам малітоўніка з’яўляецца клерык Артур Ляшнеўскі SDB.
Малітоўнік быў прэзентаваны 20 верасня 2014 г. падчас адкрыцця новага араторыя ў Бараўлянах.
Выпуск салезіянскага малітоўніка, як і асвячэнне новага араторыя, стаў пачаткам святкавання 200-годдзя св. Яна Боско ў Беларусі.
«Асоба кс. Боско — наша духоўная крыніца, да якой мы павінны не толькі часта звяртацца, але заўсёды мець яго ў нашай працы перад вачыма, — зазначыў рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. — 200 гадоў таму нарадзіўся чалавек, дзякуючы якому распачала існаванне вялікая салезіянская сям’і, членам якой тут, у Беларусі, з’яўляемся таксама і мы».
Паводле слоў святара, падрыхтоўка да святкавання 200-годдзя заснавальніка салезіянскай супольнасці ішла ў Беларусі на працягу апошніх трох гадоў. Чакаецца, што акрамя малітоўніка, на працягу года, будзе на беларускай мове выдана і Канстытуцыя Салезіянскай Кангрэгацыі.






