Кнігі выдавецтва «Pro Christo» на ХХ Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы
З 6 па 10 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» адбылася ХХ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой прынялі ўдзел кнігавыдаўцы 23 краін свету. Ганаровым госцем выставы сёлета стала Расія.
У межах юбілейнага кірмаша новыя кнігі прадставіла і выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Сярод іх — «Святое Евангелле» на беларускай мове, прэзентаванае Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які наведаў выставу 6 лютага, у дзень яе ўрачыстага адкрыцця. Выхаду такой кнігі беларускія вернікі чакалі ўжо даўно. Гэта крытычнае выданне Новага Запавету, у якім падаюцца тэксты паводле найстарэйшых рукапісаў.
Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца таксама з кнігаю Лукаша Кубяка «Святая Імша: 100 пытанняў і адказаў», у якой тлумачыцца тэалагічны сэнс і значэнне ўсіх літургічных абрадаў і сімвалаў, літургічнага начыння і іншых сакральных прадметаў і малітваў; з І томам «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове — літургічнай кнігай, якая змяшчае ў сабе малітвы Касцёла ў перыяды Адвэнту і Нараджэння Пана; з кнігамі вядомага польскага святара, духоўнага кіраўніка Юзафа Аўгустына SJ «Даведнік па лабірынтах маладосці», «Даведнік па айцоўству», «Як любіць дзяцей: 12 прынцыпаў бацькоўскай любові» і многімі іншымі выданнямі, якія пабачылі свет у выдавецтве «Pro Christo».
У першы дзень працы выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося ўзнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2013». Выдавецтву «Pro Christo» быў уручаны дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Падручнік новага тысячагоддзя» за выданне дапаможніка па катэхезе для 5 класа катэхетычнага навучання «Гісторыя збаўлення» с. Нунэ Цітаян MSF. Выдавецтва «Pro Christo» ўжо не першы год удзельнічае ў гэтым нацыянальным конкурсе, і неаднаразова атрымлівала ўзнагароды; але ў дадзенай намінацыі яно прадставіла свае кнігі ўпершыню і адразу ж заслужыла высокую адзнаку.
Падчас кніжнай выставы-кірмаша наведвальнікі мелі магчымасць паўдзельнічаць у шматлікіх прэзентацыях, творчых сустрэчах з аўтарамі, круглых сталах, аўтограф-сесіях і іншых мерапрыемствах.