Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


УМЕЛАСЦІ


РАБІ З ІМ, ШТО ХОЧАШ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі, уручаны папскія медалі

18 cнежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося ўручэнне папскіх медалёў «Bene merenti» — «Заслужаным» — асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў нашай краіне: Аліне Новікавай, Крыстыне Лялько і Івану Гумоўскаму. Высокія ўзнагароды Святога Айца ўручыў у прысутнасці Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Аліна Новікава — дырэктар выдавецтва «Pro Christo». Крыстына Лялько — пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера». Іван Гумоўскі — фундатар касцёла св. Антонія ў Мар’інай Горцы.

«Я вельмі рады, што магу зрабіць гэты жэст», — прызнаўся Апостальскі Нунцый падчас цырымоніі ўручэння ўзнагародаў. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што «Касцёл, як нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, — гэта перадусім народ Божы». «Мы, духавенства, знаходзімся на службе гэтаму Божаму народу», — дадаў прадстаўнік Святога Айца.

Па словах Нунцыя, без народа Касцёл быў бы галавой без цела, і менавіта вернікі ствараюць Цела Хрыстова. «І гэта цудоўна, што некаторыя з вас робяць такі вялікі ўклад у жыццё Касцёла», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што адчувае гонар з таго, што ў Касцёле ў Беларусі ёсць такія людзі.

Ад імя ўзнагароджаных медалямі «Bene merenti» словы падзякі выказала Крыстына Лялько. «„Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны…“ (Лк 6, 45). Нашыя сэрцы сёння напоўнены глыбокаю ўдзячнасцю», — адзначыла прамоўца. Крыстына Лялько папрасіла Апостальскага Нунцыя перадаць «шчырую ўдзячнасць Святому Айцу Бэнэдыкту XVI», перадаць «нашу глыбокую пашану, любоў і адданасць, а таксама нашу заўсёдную малітоўную падтрымку і памяць».

«Гэта прыгожая матывацыя для нашай далейшай працы, — падкрэсліла рэдактар каталіцкіх часопісаў, кажучы пра высокія папскія ўзнагароды. — Ад самага пачатку мы ўспрымалі і ўспрымаем сваю працу як служэнне на хвалу Пана Бога і дзеля дабра Яго святога Касцёла». Як дадала Крыстына Лялько, «дзеля Хрыстовай любові і ў імя яе, калі дазволіць Божая міласэрнасць, мы будзем рупліва працаваць і далей, каб дапамагаць нашым беларускім чытачам адкрываць багацце і глыбіню каталіцкай веры ў „яе паўнаце і з адноўленаю перакананасцю”, праз каталіцкія выданні будзем садзейнічаць новай евангелізацыі і пашырэнню Хрыстовага валадарства любові ў гэтым азяблым свеце».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў асаблівы ўдзел Аліны Новікавай, Крыстыны Лялько і Івана Гумоўскага ў адраджэнні і станаўленні Касцёла ў нашай краіне. «Спадарыні Аліна Новікава і Крыстына Лялько стаялі ля вытокаў выдавецтва рэлігійнай літаратуры на беларускай мове і ўвогуле каталіцкай выдавецкай працы. Спадар Іван Гумоўскі вельмі дапамог у тым, каб парафія Св. Антонія ў Мар’інай Горцы мела сваю святыню. Іх прыклад — гэта прыклад адданага служэння свецкіх людзей Касцёлу», — адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт падзякаваў Аліне Новікавай, Крыстыне Лялько і Івану Гумоўскаму за ахвярнасць і працу і пажадаў поспехаў у жыцці і ў далейшай дзейнасці.

Анастасія Грышан

Фота В. Палінеўскага

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар