Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


СЦЕЖКА БОЖАЙ КАРОЎКІ


ПРАСІЦЕ І АТРЫМАЕЦЕ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

«Якая паэтка айчынная...»

У засяроджана-спакойным часе Адвэнту (13 снежня 2012) ў сталічным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомай беларускай паэткі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы Дануты Бічэль «Іду сцяжынаю да Бога», якая выйшла ў выдавецтве «Pro Christo».

На прэзентацыю свае кнігі з Гародні прыехала шаноўная аўтарка, у музеі сабраліся шматлікія сябры і прыхільнікі яе таленту. Сказаць добрыя словы пра юбілярку (3 снежня Данута Бічэль адзначыла сваё 75-годдзе) прыйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі.

Вёў вечарыну таленавіты паэт і журналіст, руплівы збіральнік і даследчык нацыянальнай літаратурнай спадчыны Міхась Скобла. Ён слушна адзначыў, што сваім паэтычным словам Данута Бічэль апела амаль усю Беларусь, амаль усе яе рэчкі і азёры, гарады і мястэчкі... «Па Дануціных вершах можна вывучаць паэтычную геаграфію нашай радзімы», — сказаў вядоўца, пацвярджаючы свае словы шчодрым цытаваннем вершаў паэткі.

Глыбінную народнасць і патрыятызм, а таксама хрысціянскую духоўнасць, якою прасякнуты творы новай кнігі Дануты Бічэль, адзначалі ў сваіх выступленнях Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, Сяргей Панізьнік і Язэп Янушкевіч, Крыстына Лялько і Эдуард Акулін...

Пра тое, як стваралася новая кніга, пра Гародню і родныя Біскупцы, «дзе жанчыны з удзячнасці за ўсё, што дае Бог, адначасна маліліся, спявалі і плакалі», бо «плакаць перад Богам — гэта шчасце...», распавяла аўтарка кнігі «Іду сцяжынаю да Бога». «Малітвы са слязьмі да Езуса, Маці Божай і святых я склала ў апошняе дзесяцігоддзе — яны, як і мае ранейшыя вершы, сведчаць пра тое, што я заўсёды імкнулася жыць у суладдзі са светам...» — сказала паэтка і прачытала творы з новай кнігі.

Вечарыну ўпрыгожыў сваім таленавітым духоўным спевам квартэт архікатэдральнага хору «Глёрыя».

К. Гурская

Фота М. Новікава.

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар