У Гомелі прайшла прэзентацыя кнігі Уладзіміра Васькова
7 верасня 2012 г. ў Гомельскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла прэзентацыя кнігі Уладзіміра Васькова «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны. Гісторыя Гомельскага дэканата», выдадзенай у выдавецтве «Pro Christo».
Манаграфія Уладзіміра Васькова — унікальнае выданне па гісторыі горада Гомель і Гомельскай вобласці ў аспекце ўзнікнення і развіцця каталіцтва, аднога з асноўных накірункаў хрысціянства ў Беларусі.
Аўтар кнігі, ураджэнец Гомельшчыны, які амаль 20 апошніх гадоў жыве і працуе ў г. Туле (Расія), чалавек з тэхнічнай адукацыяй, узяўся за складаную і малавядомую тэму па гісторыі Усходняй Гомельшчыны, якая раней чамусьці мала цікавіла мясцовых гісторыкаў.
Будучы фізічна далёка ад Беларусі, прыязджаючы толькі на час адпачынку, Уладзімір Васькоў амаль 10 гадоў па крупінках збіраў раскіданыя па розных архівах (Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны), кнігах, артыкулах і ўспамінах малавядомыя і невядомыя факты, грунтуючыся на якіх, з уважлівасцю прафесійнага гісторыка здолеў паказаць цікавую, захапляльную і часта трагічную гісторыю католікаў на ўсходзе сучаснай Гомельскай вобласці.
Глыбіня ведаў аўтара па тэме даследавання (якой пазайздросцяць і многія прафесійныя гісторыкі), а таксама форма і якасць пададзеных у ёй гістарычных матэрыялаў робяць яе адной з лепшых кніг па гісторыі Гомеля і Усходняй Гомельшчыны.




