Паэт, які ведае зямлю і ведае неба
У выдавецтве «Pro Christo» выйшаў паэтычны зборнік перакладаў выбраных вершаў Яна Твардоўскага — святара і паэта.
26 жніўня 2012 года ў гродзенскай мастацкай галерэі «Крыга» aдбылася першая прэзентацыя кнігі. Сабраліся больш за паўсотні чалавек мясцовай інтэлігенцыі, каб адзначыць з’яўленне цудоўнай кнігі, сустрэцца з вядомымі беларускімі паэткамі, яе перакладчыцамі: спадарынямі Крыстынай Лялько і Данутай Бічэль, паслухаць добрую паэзію. Выданне рыхтавалася амаль паўтара года, але праца над перакладамі распачалася нашмат раней, з 1994 года. Аляксандра Іваноўская, філолаг і рэдактар кніг ксяндза Яна Твардоўскага, распарадчыца спадчыны паэта, назвала беларускае выданне яго перакладаў лепшым замежным выданнем.
«Разам з Табою» — чытае Аліна Новікава, дырэктар выдавецтва «Pro Christo» |
У кнігу ўключаныя выбраныя творы паэта на дзвюх мовах, беларускай і польскай, каб паўней ацаніць глыбіню вершаў ксяндза Яна Твардоўскага і яго мастацкае бачанне свету. Акрамя гэтага, у выданні змешчаная біяграфія паэта са шматлікімі каляровымі фотаздымкамі.
Падчас прэзентацыі шмат гаварылася пра значэнне духоўнай паэзіі для чалавека.
Крыстына Лялько, пісьменніца і перакладчыца: «Няма сітуацый без выйсця: калі Бог зачыняе дзверы, Ён адчыняе вакно. Калі ў цябе бываюць моманты, што жыццё заганяе цябе ў кут, трэба разгарнуць кнігу Твардоўскага, прачытаць верш, і ты ўбачыш, што Ён даў табе падказку, як годна з гэтага кута выйсці».
Прамова пісьменніцы і перакладчыцы Крыстыны Лялько |
Данута Бічэль, пісьменніца і перакладчыца: «Ксёндз Ян Твардоўскі піша літаніі. Ён перабірае вобразы і ў гэтыя літаніі ўплятае ўсё, што навокал нас, як святы Францішак, адухаўляючы гэта <…> Як і ён, я веру Богу, як малое дзіця. <…> Ён бачыў жыццё вельмі шырока і ўсюды, і ў дробным, і ў вялікім».
Прамова пісьменніцы і перакладчыцы Дануты Бічэль |
Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, крытык і літаратуразнаўца: «У паэтаў духоўнікаў ёсць асаблівая глыбіня пазнання чалавека, таму што яны ў сілу свайго сану здольныя адчуць тую таямнічую глыбокую сувязь, якая злучае звычайнае і высокае. Ян Твардоўскі — паэт глыбока інтэлектуальны, у яго творах ёсць такія глыбокія ісціны, што недаступныя паэту не духоўніку».
Алесь Чобат, паэт, празаік, публіцыст: «Такія паэты, як Ян Твардоўскі, не паміраюць. У літаратуры не бывае мёртвых. Тут жывыя і мёртвыя разам. Карціну можна ўкрасці, святыню — знішчыць, а напісанае ўсё адно застаецца».
Айцец Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар, Гродна: « Для нас духоўная паэзія — пэўная экзотыка, бо мы прывыклі да таго, што хрысціянства — гэта, хутчэй, фізіка, чым лірыка. <…> Гэтыя вершы поўныя любові. Паэзія духоўная, але не абстрактным духам прыроды або гуманізму, а Духам Святым, які ёсць рэальнаю Асобаю, што праз гэтыя вершы прамаўляе».
Прамова грэка-каталіцкага святара з Гродна Айца Андрэя Крота |
Таццяна Маліноўская, мастацтвазнаўца: «Твардоўскі перавярнуў усё маё ўяўленне пра людзей у гэтым свеце, пра тое, які накал набывае панятак “любоў”. <…> Такая паэзія неабходная для беларусаў. Шмат для каго, хто не ведае польскай мовы, адкрыліся дзверы ў іншы свет, такога ў нашай паэзіі яшчэ не было. Дзякуючы таму, што яна была перакладзеная на беларускую мову, гэтая паэзія гучыць ужо не столькі праз голас, а праз душу, і гэта вялікая справа».
Прамова мастацтвазнаўцы Таццяны Маліноўскай |
Выхад кнігі вершаў ксяндза Яна Твардоўскага — сапраўдная падзея ў беларускай літаратуры, асабліва калі звяртаць увагу на тое, што ў нас мала глыбокай духоўнай паэзіі. Наступная прэзентацыя кнігі плануецца ў Мінску ў кастрычніку.
Крыстына Лялько: «Гэта святарская паэзія, і мы стараліся як перакладчыцы быць вельмі дакладнымі. Мы не дазвалялі сабе адыходзіць ад яго тэалогіі, хоць і было цеснавата ў гэтых тэалагічных рамках. Пры рэдагаванні і пры падрыхтоўцы да друку мы яшчэ і яшчэ раз дасылалі вершы Аляксандры Іваноўскай, бо яна ўсё жыццё была знаёмая з ксяндзом Янам Твардоўскім, жыла яго словам, яго паэзіяй. Нам хацелася, каб сэнс не быў скажоны, каб усё было вельмі дакладна. Часам гэта шкодзіць паэтычнасці перакладу, але мы хацелі быць дакладнымі і захаваць кожны нюанс паэзіі ксяндза Твардоўскага. Наколькі нам удалося гэта перадаць па-беларуску, меркаваць вам».
Зборнік вершаў можна набыць у кнігарні выдавецтва «Духоўная кніга» па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25; тэл. (017) 2931753.
Вершы: |
1. «Пра вераб’я» — чытае Данута Бічэль
2. «Адзінота» — чытае Крыстына Лялько
3. «Спяшаймася любіць людзей…» — чытае Данута Бічэль
4. «Не» — чытае Крыстына Лялько
5. «Езу, давяраю Табе…» — чытае Данута Бічэль
6. «Святая Папялушка…» — чытае Крыстына Лялько 7. «Неба» — чытае Данута Бічэль
|