Выcтава каталіцкіх выдавецтваў у межах І Кангрэсу каталіцкіх СМІ Беларусі
Падчас І Кангрэсу каталіцкіх СМІ, які праходзіў у Гродне з 24 да 26 жніўня 2012 года, працавала выстава каталіцкіх выдавецтваў: выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі і выдавецтва «Pro Christo». Удзельнікі кангрэсу мелі магчымасць пазнаёміцца з іх новымі выданнямі. Людзі з цікаўнасцю разглядалі і набывалі кнігі, часопісы і календары, прапанаваныя на выставе.
Сярод іншага, чытачам быў прадстаўлены зборнік выбраных вершаў ксяндза Яна Твардоўскага ў перакладзе на беларускую мову, які незадоўга перад тым выйшаў з друку. Чытачы мелі магчымасць сустрэцца з перакладчыцамі: паэткамі Данутай Бічэль і Крыстынай Лялько, атрымаць аўтографы. Некалькі экзэмпляраў зборніка былі падораныя рэктару Гродзенскай семінарыі, ксяндзу Юзафу Станеўскаму, для семінарыйнай бібліятэкі. Была прадстаўлена таксама кніга, прысвечаная гісторыі Гомельскага дэканата «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны», аўтарам якой з’яўляецца гісторык і даследчык Уладзімір Васькоў.
Падчас Кангрэсу старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч і арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказалі падзяку некаторым прадстаўнікам СМІ за шматгадовую адданую працу ў галіне каталіцкіх медыяў.