Выдавецтва «Pro Christo»
ў ХІХ Мінскай Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы
З 8 па 12 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» адбылася ХІХ Мінская Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой прынялі ўдзел выдавецтвы больш чым 20 краін свету. Акрамя выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo», хрысціянскую літаратуру на выставе прадстаўлялі Выдавецтва Беларускага Экзархата і Выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі. Ганаровым госцем сёлетняй выставы была Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла.
8 лютага, падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця, выставу наведаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Біблія — гэта найважнейшая кніга, — зазначыў арцыпастыр. — Памятаючы пра тое, што Каталіцкі Касцёл рыхтуецца да Года веры, трэба ведаць, што менавіта ў кнігах Бібліі мы знаходзім праўды веры, маральныя нормы. Разам з тым кожны хрысціянін павінен быць высокаадукаваным, культурным чалавекам, таму без навуковай і мастацкай літаратуры яму таксама не абысціся. Хочацца, каб нашыя вернікі больш зацікавіліся літаратураю».
Сярод новых кніг, якія выдавецтва «Pro Christo» прапанавала ў гэтым годзе наведвальнікам выставы, трэба найперш адзначыць «Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла», упершыню выдадзены на беларускай мове; фотаальбом «Fiat voluntas Tua», прысвечаны 30-годдзю святарства арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага (на беларускай і англійскай мовах); альбом «Ad majorem Dei gloriam» («Дзеля большай хвалы Божай»), прысвечаны аднаўленню і рэстаўрацыі галоўнага алтара ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя; дзіцячая кніга «Біблійныя загадкі: Дзяцінства Пана Езуса», у якой прадстаўлены тэксты і ілюстрацыі да тых фрагментаў з Евангелля, дзе распавядаецца пра нараджэнне і дзяцінства Езуса Хрыста, у кнізе таксама прапануюцца загадкі на гэтую тэму.
Альбом «In Nomine Domini» («У Імя Пана»), выдадзены ў «Pro Christo» і прысвечаны 300-годдзю кансэкрацыі мінскай архікадэтры, знайшоў сваё ганаровае месца на калектыўных стэндах «”Кнігі–лаўрэаты VIII Міжнароднага конкурса „Мастацтва кнігі“ дзяржаў-удзельнікаў СНД» і «Кнігі-лаўрэаты Нацыянальнага конкурса „Мастацтва кнігі-2012“». На апошнім са стэндаў быў прадстаўлены таксама альбом «Падрыхтуйце дарогу Пану», прысвечаны візіту Дзяржаўнага сакратара Святога Пасада кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў Беларусь у чэрвені 2008 года (падрыхтаваны выдавецтвам «Pro Christo» сумесна з Пасольствам Мальтыйскага Ордэна).
Падчас працы выставы каля стэнда выдавецтва «Pro Christo» штодзень працавала «Сямейная кансультацыя». Ірына Шмак, кансультант па пытаннях сям’і і сужэнства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама псіхолаг Надзея Баяшова давалі карысныя і кампетэнтныя парады тым, хто звяртаўся да іх па дапамогу ў вырашэнні сямейных ці сужэнскіх праблем.
У насычаную праграму ХІХ Міжнароднай кніжнай выставы ўвайшлі таксама шматлікія прэзентацыі, сустрэчы аўтараў з чытачамі, конкурсы, лекцыі, майстар-класы, семінары, аўтограф-сесіі, «круглыя сталы» і іншыя мерапрыемствы, у якіх маглі паўдзельнічаць усе наведвальнікі НВЦ «Белэкспа» ў тыя марозныя лютаўскія дні.