Выдавецтва «Pro Christo» адзначана дыпломамі на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі-2012»
7 лютага у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылася цырымонія ўручэння ўзнагародаў LI (пяцьдзясят першага) Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012». Падчас цырымоніі былі названыя пераможцы і дыпламанты па трынаццаці намінацыях. У лік дыпламантаў увайшло і выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Адметна тое, што гэты конкус адбыўся на пачатку года, які ў Рэспубліцы Беларусь абвешчаны Годам кнігі.
Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» ўпершыню прыняло ўдзел у Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» ў 2004 годзе і атрымала за свае выданні першыя тры дыпломы. Пасля гэтага выдавецтва штогод удзельнічала ў конкурсе і за гэты час было ўзнагароджана адзінаццаццю дыпломамі.
На сёлетні конкурс выдавецтва прадставіла 8 выданняў у чатыры намінацыі. Два з іх прайшлі адбор кампетэнтнага журы і былі намінаваныя на прысваенне ганаровых узнагародаў.
У намінацыі «Духоўнасць» сярод выданняў духоўна-асветніцкага кірунку дыпломам ІІ ступені быў адзначаны фотаальбом «Падрыхтуйце дарогу Пану», выдадзены сумесна з Пасольствам Мальтыйскага Ордэна. У ім распавядаецца пра візіт у Беларусь Яго Эмінэнцыі кардынала Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI.
Яшчэ адзін дыплом ІІ ступені прысуджаны выдавецтву ў намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны». У гэтай катэгорыі быў адзначаны альбом «In Nomine Domini» («У Імя Пана»), прысвечаны 300-годдзю мінскай архікадэдры. Ад выдавецтва «Pro Christo» на цырымоніі ўручэння ўзнагародаў прысутнічаў і атрымліваў дыпломы мастацкі і тэхнічны рэдактар Алег Глекаў.
Журы конкурсу адзначыла і іншыя хрысціянскія выдавецтвы, у прыватнасці Спаса-Ефрасінеўскі жаночы манастыр Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (пераможца ў намінацыі «Духоўнасць»), выдавецтва Беларускага Экзархату Маскоўскай Патрыярхіі (пераможца ў намінацыі «Садружнасць» і дыплом І ступені ў намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны»), выдавецтва «Брацтва імя святога Архістраціга Міхаіла ў г. Мінску» (дыплом І ступені ў намінацыі «Духоўнасць»), выдавецтва Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра ў Мінску (дыплом І ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём»).
Усе выданні, адзначаныя ўзнагародамі і дыпломамі на конкурсе «Мастацтва кнігі-2012», на працягу года будуць прадстаўляць Беларусь на рэспубліканскіх і міжнародных кніжных кірмашах, а таксама экспанавацца на Дні беларускага пісьменства. Пасля заканчэння Года кнігі гэтыя выданні будуць перададзеныя ў Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку.