Мітрапаліт Кандрусевіч благаславіў супрацоўнікаў каталіцкіх часопісаў на новы год працы
17 студзеня 2012 г. адбылося пашыранае пасяджэнне супрацоўнікаў і аўтараў часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера». На сустрэчу быў запрошаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт благаславіў усіх прысутных і падзякаваў ім за адданую працу, пажадаўшы, каб падчас крызісу веры, які перажывае сучасны свет, рэлігійныя сродкі масавай інфармацыі былі крыніцай новай евангелізацыі, якая нясе Божае слова сваім чытачам, працягваючы традыцыю беларускага духоўнага пісьменства, закладзеную на пачатку ХХ стагоддзя святарамі Казімірам Сваяком, Адамам Станкевічам, Язэпам Германовічам і іншымі ахвярнымі беларускімі святарамі.
У сустрэчы прынялі ўдзел галоўны рэдактар часопісаў, пісьменніца і перакладчыца Крыстына Лялько, дырэктар выдавецтва «Про Хрысто» Аліна Новікава, супрацоўнікі рэдакцыі і сябры рэдакцыйнай рады, пастаянныя аўтары «Нашай веры»: паэт і перакладчык Міхась Скобла, перакладчык, лацініст Алесь Жлутка, літаратуразнаўца і пісьменнік Язэп Янушкевіч, паэтка і літаратуразнаўца Ірына Багдановіч, мастацтвазнаўца Аляксандр Ярашэвіч, радыёжурналістка Галіна Шаблінская, празаік Франц Сіўко, пісьменніца Ірына Жарнасек, мастацтвазнаўца Валерый Буйвал, рэстаўратар і навуковец Аркадзь Шпунт, графік і мастацкі рэдактар «Нашай веры» Уладзімір Вішнеўскі, а таксама маладыя аўтары каталіцкай прэсы.
Падчас сустрэчы былі таксама абмеркаваны планы часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» на новы 2012 год.