У Інстытуце тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла
4 лістапада 2011 г. у Інстытуце тэалогіі імя свв. Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха са студэнтамі і выкладчыкамі інстытута.
У сустрэчы прымалі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Напачатку сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў Генадзь Мікалаевіч Пятроўскі, прарэктар інстытута па вучэбнай частцы. Кардынал Курт Кох у сваёй прамове падзякаваў за магчымасць такой сустрэчы, таксама выказаў падзяку моладзі ў арганізацыі канферэнцыі, прысвечанай праваслаўна-каталіцкаму дыялогу, якая праходзіць у гэтыя дні ў Мінску. Іерарх распавёў аб працы ведамства, якое ўзначальвае, — Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Акрамя гэтага, прадстаўнік Ватыкана заахвоціў моладзь да працы на карысць міжканфесійнага дыялога.
Падчас сустрэчы Мітрапаліт Кандрусевіч перадаў у падарунак Інстытуту тэалогіі «Кампендый сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла» на беларускай мове, выдадзеный выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Пераклад на беларускую мову гэтага «Кампендыя» быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ па ініцыятыве і падтрымцы Мітрапаліта Мінска-Магіёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Напрыканцы сустрэчы кардынал Кох адзначыў, што цяпер, знаходзячыся ў Беларусі, ён бачыць, што адносіны паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам тут сапраўды вельмі добрыя. У гэтым, на думку іерарха, вялікая заслуга кіраўнікоў гэтых Цэркваў — Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.