Пад апекай Марыі
«Марыя — выбраная дачка Айца нябеснага» — пад такім дэвізам у 2010 годзе праходзілі традыцыйныя адпуставыя ўрачыстасці ў Будславе. Яны распачалі трохгадовы перыяд духоўнай падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання цудадзейнага абраза ў будслаўскай святыні. Наступныя два гады пройдуць пад дэвізамі «Марыя — святыня Духа Святога» і «Марыя — Маці Збаўцы».
Актыўны ўдзел у будслаўскім фэсце 2010 года прынялі супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo», прапануючы прысутным сваю прадукцыю. Менавіта прэзентацыяй новых выданняў выдавецтва «Pro Christo» адзначыло свой 10-гадовы юбілей. Асаблівая ўвага была нададзена выхаду ў свет Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове. Ён быў падрыхтаваны да друку пры падтрымцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Гэты «верны і дакладны сінтэз Катэхізіса Каталіцкага Касцёла», — які па словах папы Бэнэдыкта ХVІ, — «змяшчае ў скарочаным выглядзе ўсе істотныя і фундаментальныя элементы веры», на будслаўскім фэсце прэзентаваў прысутным вернікам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што Кампендый з’яўляецца «падручнікам нашай веры» і заклікаў, каб кожны хрысціянін не толькі меў гэтую кнігу, але й звяртаўся да яе зместу, у якім ёсць «адказы на жыццёва важныя пытанні».
Прыгожыя каляровыя плакаты-расцяжкі таксама нагадвалі прысутным як пра 10-годдзе выдавецтва «Pro Christo», так і пра тое, што часопіс «Ave Maria» і «Наша вера» вось ужо 15 гадоў служаць справе евангелізацыі і катэхізацыі сваіх чытачоў. Пра гэта на прэзентацыі выданняў гаварыла галоўны рэдактар часопісаў Крыстына Лялько, заклікаючы прысутных да больш актыўнай зваротнай сувязі і творчага супрацоўніцтва.