Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


КСЁНДЗ ЮЗАФ БАРАДЗЮЛЯ


C’EST LA CONFIANCE

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя кнігі Вацлава Бурылы
«Павінен быць хтосьці»

13 ліпеня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася прэзентацыя паэтычнай кнігі ксяндза Вацлава Бурылы «Павінен быць хтосьці» (выдавецтва «Pro Christo», 2009). Талент тонкага лірыка ў асобе кс. Вацлава праявіўся яшчэ падчас святой Імшы а 13-й гадзіне, якую ён цэлебраваў і якая папярэднічала прэзентацыі яго кнігі. Прысутныя вернікі былі натхнёныя глыбокім казаннем гэтага святара, дзе пераказ рэальных жыццёвых гісторый падмацоўваўся вершаваным роздумам кс. Вацлава:

ракавінка дастаная з вады шуміць морам
вяртаюцца ў ёй усе прылівы і адлівы
і ціша таемных глыбіняў

а чалавек усё не хоча шумець Богам

Можна сказаць, што прэзентацыя кнігі «Павінен быць хтосьці» з яе шчырай атмасферай дала святару магчымасць падзяліцца з вернікамі самым таемным, што жыве ў яго душы: духоўным роздумам, аздобленым у ракавінку паэтычнай мастацкай формы — ракавінку, якая «шуміць Богам».

Чытанне кс. Вацлавам вершаў на польскай мове суправаджалася іх перакладам на беларускую, зробленым і агучаным пісьменніцай Крыстынай Лялько. Зборнік «Павінен быць хтосьці» («Musi byж ktoњ»), у які ўвайшлі выбраныя вершы кс. Бурылы з кніг «Dogoniж њwiatіo», «Czіowiekowi z miіoњci№ do twarzy», «Czіowiek potrzebuje czіowieka», выдадзены на дзвюх мовах — польскай і беларускай.

Словы і вершы, якія прагучалі падчас прэзентацыі, дазволілі адчуць незвычайнасць і неабходнасць судакранання з Богам праз мастацтва, якое ці не адзінае дае выйсце невымоўнаму, невытлумачальнаму, нябачнаму ў паўсядзённасці. Адзін з вершаў кс. В. Бурылы наступным чынам выяўляе гэта:

паэзію нашу ў сабе
даспявае ўва мне як сляза
якая аднойчы павінна выліцца
каб прапасці без весткі
бо паэзія — гэта слова
якое павінна ўвасобіцца

Дэкламаванне і добрая традыцыя выдання вершаў паралельна з іх перакладам сведчыць яшчэ і пра тое, наколькі нам патрэбна судакрананне з іншай культурай, народам, чалавекам, каб няспынна пазнаваць саміх сябе і іншых. У сувязі з гэтым кс. Вацлаў Бурыла заўважыў, што дадзеная прэзентацыя дапамагла яму разбурыць пэўны стэрэатып пра Беларусь і яе жыхароў, які існуе за мяжою. Гэтаму паспрыяла зычлівасць і выразная зацікаўленасць мноства слухачоў.

«Любоў прыносіць шчасце. Любоў чалавеку найбольш да твару», — напісаў у адным з вершаў кс. Вацлаў Бурыла. Можна сказаць, што любоў — гэта асноўны матыў яго паэзіі: любоў да Бога і чалавека, любоў да жыцця як найвялікшага цуду, падараванага нам Створцам...

Чароўнасці прэзентацыі надало выступленне музычнага гурта «Бэнэ», які выконваў песні на італьянскай, польскай і ўкраінскай мовах. Яго выступленне добра гарманавала з вытанчанасцю і глыбінёю паэзіі кс. Вацлава.

Прэзентацыі кнігі прайшлі таксама ў Баранавічах у касцёле св. Зыгмунта, у выдавецтве «Pro Christo» і ў Івянцы.

Нагадаем, што кнігу кс. В. Бурылы «Павінен быць хтосьці» можна набыць ў кнігарні «Духоўная кніга» па адрасе: Мінск, вул. М. Багдановіча, 25.

Ганна Серэхан

Баранавічы, касцёл св. Зыгмунта.

Выдавецтва «Pro Christo».

Мінскі касцёл святых Сымона і Алены.

Фота М. Новікава

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар