Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


УМЕЛАСЦІ


РАБІ З ІМ, ШТО ХОЧАШ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору ў Гродзенскай дыяцэзіі

21 лютага 2009 г. у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя першага перакладу на беларускую мову Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору, здзейсненага Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ па ініцыятыве і падтрымцы Мітрапаліта Мінска-Магіёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У прэзентацыі прынялі ўдзел святары і сёстры законныя, семінарысты і свецкія студэнты, выкладчыкі семінарыі і іншых навучальных установаў г. Гродна, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў.

На прэзентацыі прысутнічаў таксама ўпаўнаважаны па справах рэлігіі Папоў І. А. На пачатку прэзентацыі з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, Старшыня ККББ.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў пра значэнне для Каталіцкага Касцёла Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору. Таксама прадставіў галоўныя думкі Сабору, які ў першую чаргу быў Саборам пастаральным, і падкрэсліў, што яго вучэнне актуальна і сёння. Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што вывучэнне саборных дакументаў спрычыніцца да глыбейшага разумення жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла, яго місіі ў свеце, ролі ў грамадстве і адносінаў да іншых рэлігій і веравызнанняў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто працаваў над выданнем саборных дакументаў, і адзначыў, што пераклад з’яўляецца не толькі тэхнічным, але і творчым. Ксёндз д-р Ян Крэміс, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, расказаў пра этапы працы над перакладам саборных дакументаў, а таксама пра адметнасці беларускага выдання. Між іншым, ён адзначыў, што ў Тэматычна-прадметным указальніку ёсць больш за 600 розных паняццяў і тэрмінаў, якія адсылаюць чытача да таго дакумента, дзе згадваецца дадзеная праблематыка.

Падчас дыскусіі ўсе жадаючыя маглі задаць хвалюючыя іх пытанні і атрымаць адказ. Напрыканцы прэзентацыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за ўдзел у гэтай важнай для Касцёла падзеі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асабіста падпісаў і ўручыў саборныя дакументы для прадстаўнікоў бібліятэк, музеяў і навучальных установаў г. Гродна. Таксама арцыпастыр перадаў кнігі для ўсіх раённых бібліятэк Гродзенскай вобласці. Пасля благаслаўлення, якое біскупы ўдзялілі прысутным, усе жадаючыя маглі набыць Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

catholic.by
Фота Леаніда Шчаглова

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар