Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


СЦЕЖКА БОЖАЙ КАРОЎКІ


ПРАСІЦЕ І АТРЫМАЕЦЕ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя новых кніг выдавецтва «Prо Christo» ў межах выставы-кірмаша «Кнігі Беларусі — 2009»

14 лютага 2009 года ў канферэнцзале нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа» ў межах XVI Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша адбылася прэзентацыя новых кніг выдавецтва «Prо Christo» — першага перакладу на беларускую мову «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» і кнігі «Сустрэча з рэлігіямі» ксяндза прэлата доктара Яна Гурскага, прафесара Сілезскага універсітэта (Польшча). У прэзентацыі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову ксёндз доктар Ян Крэміс, магістр тэалогіі Марына Пашук, аўтар выдання «Сустрэча з рэлігіямі» кс. доктар Ян Гурскі, перакладчыца дадзенай кнігі, пісьменніца Крыстына Лялько, а таксама дырэктар выдавецтва «Prо Christo» Аліна Новікава.

Адкрываючы прэзентацыю, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў вялікае значэнне «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» ў жыцці Касцёла і між іншым адзначыў, якія задачы стаялі перад Саборам і патрабавалі свайго вырашэння: «самапазнанне Касцёла, аднаўленне яго жыцця, адзінства хрысціянаў і дыялог з сучасным светам». Такім чынам, выданне «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» ў перакладзе на беларускую мову — адна з самых актуальных патрэбаў Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Улічваючы неабходнасць дыялога з нехрысціянскімі рэлігіямі, вялікую актуальнасць мае і кніга ксяндза прафесара Яна Гурскага «Сустрэча з рэлігіямі», бо ў ёй, па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, «прыведзены не толькі вучэнні розных рэлігій, але таксама і дактрына Каталіцкага Касцёла адносна іх, што дазваляе чытачу пазнаць як асновы іх вучэнняў, так і адносіны Каталіцкага Касцёла да іх».

Мітрапаліт выказаў шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да перакладу «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» і іх выдання на беларускай мове: Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, выдавецтву «Prо Christo» і фонду «Bradley foundation».

Ксёндз доктар Ян Крэміс распавёў пра этапы працы над перакладам дакументаў Сабору, а таксама ахарактарызаваў асаблівасці беларускага выдання.

Марына Пашук, магістр тэалогіі і супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў, закранула праблематыку выкарыстання беларускай каталіцкай тэрміналогіі.

Як адзначыла Крыстына Лялько, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria», пісьменніца і перакладчыца кнігі «Сустрэча з рэлігіямі» на беларускую мову, менавіта ў гэтай кнізе ўпершыню цытуюцца дакументы Другога Ватыканскага Сабору, якія датычацца адносінаў Каталіцкага Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій і міжрэлігійнага дыялогу.

Ксёндз прафесар Ян Гурскі, шчыра ўзрушаны выхадам сваёй кнігі на беларускай мове, асаблівую падзяку выказаў выдавецтву «Pro Christo» і перакладчыцы кнігі. Выхад кнігі «Сустрэча з рэлігіямі» — яскравае пацверджанне неабходнасці міжрэлігійнага дыялогу. Як адзначыў сам аўтар, у гэтай кнізе падаецца сціслае апісанне асноўных рэлігій свету. Яна дапаможа чытачу зарыентавацца ў шматстайнасці веравызнанняў і пазнаць своеасаблівае духоўнае багацце нехрысціянскіх рэлігій.

Прысутныя на прэзентацыі мелі магчымасць набыць гэтыя дзве незвычайна важныя і актуальныя ў сучасным каталіцкім свеце кнігі: «Дакументы Другога Ватыканскага Сабору» з подпісам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і кнігу «Сустрэча з рэлігіямі» з аўтографам аўтара, ксяндза прафесара Яна Гурскага.

 

 

 

Фота М. Новікава

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар