Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


КСЁНДЗ ЮЗАФ БАРАДЗЮЛЯ


C’EST LA CONFIANCE

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

«Ойча наш, Ойча мой!»

23 студзеня 2008 г. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшла вечарына, прысвечаная сямідзесяцігадоваму юбілею паэткі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Дануты Бічэль. Прывітаць і павіншаваць паэтку ў гэты дзень сабраліся не толькі ўдзячныя чытачы, але і блізкія ёй людзі, для якіх творчасць Дануты Янаўны — увасабленне асвечанай простасці і чысціні, шчырасці і кранальнай любові, дзе «малітва перавыточваецца ў слова, а слова перавыточваецца ў малітву», як сказаў адзін з удзельнікаў вечарыны, вядомы навукоўца Алесь Жлутка.

Словы кожнага з выступоўцаў былі прасякнуты адзінаю празрыстаю думкаю: шлях Дануты Бічэль у паэзіі, пачаты са шчырасці і тонкага прызнання ў любові да роднай зямлі, — гэта шлях да Бога. Нездарма вядучая вечарыны, пісьменніца Хрысціна Лялько, адзначыла, што на сённяшні дзень вянцом паэзіі Дануты Янаўны з’яўляецца паэтычны цыкл «Ойча наш...», які ўяўляе сабою лірычнае і вельмі асабістае асэнсаванне малітвы Панскай. Нягледзячы на гэтую асабістасць і інтымнасць, усю паэзію Дануты Бічэль, паводле выказвання паэткі і літаратуразнаўцы Ірыны Багдановіч, «можна расцягнуць на метафары, афарызмы і цытаты».

Данута Янаўна па-свойму прыходзіла ў жыццё кожнага з нас, таму кожны ўспамін, кожнае віншаванне на вечарыне прагучала як своесаблівае прызнанне паэтцы — і з вуснаў сяброў і калегаў (Уладзімір Дамашэвіч, Хрысціна Лялько, Ірына Жарнасек, Міхась Скобла і інш.), і з радкоў іх вершаў, прысвечаных Дануце Бічэль (Ірына Багдановіч, Мар’ян Дукса), і з гукаў кранальных мелодый і песняў у выкананні салісткі Белдзяржфілармоніі Галіны Сакольнік. На вечарыне прагучаў верш Дануты Бічэль «Ружанец», пакладзены на музыку Людмілай Кебіч. Песню выканалі Марыя Янушкевіч і Юлія Шэцько.

«Двойчы адзіная» — так выказаў свае адносіны да юбіляркі пісьменнік Франц Сіўко, адзначыўшы, па-першае, незвычайную зычлівасць і шчырасць паэткі, а па-другое, такую рэдкую рысу яе паэзіі, як спалучанасць простасці і ўскладненасці, што часам «ставіць у тупік» чытача ці даследчыка. Ксёндз Юры Быкаў, пробашч парафіі імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, зазначыў, што ў асобе Дануты Бічэль злучаныя не толькі шчыры чалавек і глыбокі паэт, але і мудры тэолаг і філосаф.

Гэты дзень для Дануты Янаўны быў багатым на незвычайныя падарункі. Акрамя кветак, кніг і іншых глыбока сімвалічных рэчаў, яна атрымала самы нечаканы і самы жаданы для кожнага паэта падарунак — кнігу ўласных вершаў. Выдавецтва «Про Хрысто» да юбілею Дануты Янаўны падрыхтавала вышэйзгаданы цыкл яе вершаў «Ойча наш...» у выглядзе асобнай кнігі, густоўна аздобленай ілюстрацыямі мастака Уладзіміра Вішнеўскага.

Напрыканцы вечарыны ўсхваляваная паэтка прачытала слухачам некалькі вершаў з гэтага цыклу, а пасля, у цёплай і шчырай размове з сябрамі і калегамі, дадала: «Бывае такі стан душы, калі хочацца маліцца цэлы дзень... Толькі пасля такой малітвы пішуцца добрыя вершы...». Таму яе творы застаюцца глыбока ў душы і, як сказаў паэт Міхась Скобла, «дапамагаюць утрымацца на жыццёвым раздарожжы»:

Я марнуюся днямі, я начамі не сплю.
Усё жыццё перадумаю, перамалю...
Болем сэрца складаю малітву, слязьмі...
А як б’юць мяне, Ты засланяеш грудзьмі.

І цяпер маю шмат, а здаецца — нічога...
Але збаў нас ад злога.
Амэн.

 

Ганна Серэхан
Фота М. Новікава



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар