«Кнігі Беларусі — 2006»
У нацыянальным выставачным павільёне «Белэкспа» з 9 па 12 лютага 2006 года праходзіла XІII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі — 2006».
Трэці год запар у выставе-кірмашы прымала удзел і выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».
У першы дзень працы выставы стэнд выдавецтва наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка, які з цікавасцю пазнаёміўся з прадстаўленымі на стэндзе выданнямі і пажадаў супрацоўнікам плённай працы. Пасля шаноўны госць наведаў эксапзіцыі іншых выдавецтваў.
Непасрэдна на стэндзе выдавецтва ўсе жадаючыя мелі магчымасць набыць кнігі, якя пабачылі свет у 2005 годзе і некаторыя з папярэдніх выданняў.
На стэндзе выдавецтва былі прадстаўлены таксама і перыядычныя выданні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія рыхтуюцца да друку выдавецтвам «Pro Christo»: часопісы «Наша вера», «Ave Maria», «Маленькі рыцар Беззаганнай».
Падчас выставы праходзіў конкурс кніжнай ілюстрацыі «Мастак і кніга –2006», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На гэты конкурс падалі свае працы 16 беларускіх мастакоў-ілюстратараў. Сярод прадстаўленых на конкурс ілюстрацый былі таксама ілюстрацыі да кніг, якія выйшлі ў выдавецтве «Pro Christo». Гэта ілюстрацыі да кнігі Ленэ Майер-Скуманц «Францішак Асізскі і яго паплечнікі» мастака Юрыя Алісевіча, працы мастачкі Марыны Мароз да кнігі Ніла Гілевіча «Разумная дзевачка» і творы мастака Ігара Гардзіёнка, якія ён рыхтаваў да кнігі Андрэа Сафі Яннуш «Лёк» (кніга выйшла з ілюстрацыямі аўтара). На вялікі жаль, гэтыя працы Ігара Гардзіёнка зніклі са стэндаў экспазіцыі конкурсу да пасяджэня журы і таму не былі разгледжаны і адзначаны. Як сумна пажартавалі на гэты конт самі мастакі, – «Вышэйшая адзнака для мастака – гэта калі крадуць твае творы».
Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося 12 лютага, у апошні дзень працы выставы. Галоўную узнагароду — Дыплом І ступені ў намінацыі «Тоеснасць» атрымаў мастак Валерый Славук за ілюстрацыі да энцыклапедыі «Беларускі фальклор» (выдавецтва Беларуская энцыклапедыя). Дыпломам І ступені ў намінацыі «Родныя напевы» узнагароджаны мастак Юрый Алісевіч за цыкл іллюстрацый да кніг Ленэ Майер-Скуманц «Францішак Асізскі і яго паплечнікі» (выдавецтва «Pro Christo») і Уладзіміра Ягоўдзіка «Выбранае» (Выдавец – М. Ягоўдзік).
фота аўтара