Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


УМЕЛАСЦІ


РАБІ З ІМ, ШТО ХОЧАШ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя кнігі А. Сафі Яннуш «Лёк» у Мінску

9 чэрвеня 2005 г. у дольным касцёле мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі падчас маладзёжнай сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі «Лёк» (ням. «Ling») — першага літаратурнага твора вядомай нямецкай журналісткі Сафі Яннуш.

Гэтая кніжка была перакладзена з нямецкай мовы вядомым беларускім перакладчыкам Васілём Сёмухам і выдадзена ў мінулым годзе выдавецтвам «Pro Christo». У аповесці «Лёк» аўтарка апавядае гісторыю матылька, вельмі шчырую і непасрэдную, поўную тонкага гумару, якая можа шмат сказаць пра сум і радасць нашага зямнога быцця.

Прэзентацыя распачалася невялікім уступным словам рэдактара беларускага тэксту кнігі Хрысціны Лялько, якую звязвае з Сафі Яннуш працяглае творчае супрацоўніцтва. Хрысціна Лялько адзначыла, што нягледзячы на невялікі аб’ём тэксту, твор атрымаўся вельмі змястоўным і глыбокім. Яна расказала, як да яе трапіў нямецкі тэкст аповесці «Лёк», якое ўражанне ён зрабіў на яе, а таксама якім чынам з’явіўся пераклад кнігі на беларускую мову. Прысутныя мелі унікальную магчымасць убачыць першы экземпляр рукапісу кнігі, аздоблены самой аўтаркай, дакладна паўтораны ў вокладцы кнігі, якую аформіў мастацкі рэдактар Алег Глекаў.

Сафі Яннуш падзякавала выдавецтву «Pro Christo» і ўсім тым, хто нейкім чынам прычыніўся да выдання яе кнігі ў Беларусі. Яна была прыемна здзіўлена такой вялікай цікавасцю да яе твора, які, як Сафі сама прызналася, яна напісала проста для сябе і для сваіх сяброў. Пішучы гэтую аповесць, яна — прафесійная журналістка — па-новаму адчула радасць творчасці, бо менавіта ў напісанні мастацкага твору атрымала найбольшую свабоду самавыяўлення.

Пасля ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць Сафі Яннуш пытанні. Моладзь найбольш цікавілі асобныя персанажы кнігі і алегорыі, якія аўтарка мела на ўвазе, аднак яна параіла ўсім проста даверыцца свайму асабістаму ўспрыманню. Хтосьці з прысутных адзначыў, што па кніжцы можна было б зняць мультыплікацыйны фільм, з чым Сафі пагадзілася, патлумачыўшы гэта тым, што найперш да яе прыходзілі вобразы, а пазней ужо з’явілася літаратурная форма. На традыцыйнае пытанне пра «творчыя планы» Сафі адказала, што яна піша цяпер яшчэ адзін твор, які будзе значна больш аб’ёмны за аповесць «Лёк» і зусім іншы.

На заканчэнне сустрэчы Сафі Яннуш падзякавала прысутным, а таксама з задавальненнем падпісала сваю кніжку ўсім жадаючым.

 

 

 

Фота М. Новікава

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар