Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


СЦЕЖКА БОЖАЙ КАРОЎКІ


ПРАСІЦЕ І АТРЫМАЕЦЕ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Будслаўскія імпрэсіі ў віцебскім Доме Польскім

Ад пачатку мая да сярэдзіны чэрвеня 2005 года ў віцебскім Доме польскім імя Папы Яна Паўла ІІ праходзіла выстава, на якой былі паказаныя карціны, створаныя падчас Будслаўскага мастацкага пленэру.

Пленэр праходзіў у траўні-чэрвені 2004 года ў мястэчку Будслаў на Мядзельшчыне, на самае мяжы з Віцебскай вобласцю. Штогод у першыя дні ліпеня туды дзеля сустрэчы з найвялікшай святыняю беларускіх каталікоў, абразом Маці Божай Будслаўскай, які мае ўжо больш за чатыры стагоддзі ўласнай гісторыі і захоўваецца ў тамтэйшым касцёле, збіраюцца тысячы вернікаў, святароў і проста цікаўных людзей. Праз гэтую традыцыю пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока касцёл з 1998 года здабыў сабе неафіцыйны статус нацыянальнага санктуарыя.

Выстава мастацкіх твораў з мінулагодняга пленэру раней экспанавалася толькі ў Мінску, але, паводле словаў кіраўніка мастацкай галерэі Дома польскага ў Віцебску Эдварда Галустава, мяркуецца, што пасля Віцебска яна працягне сваё падарожжа па краіне. Мастакі, чые працы складаюць выставу, належаць да "Мінскай мастацкай школы", што падчас экспанавання ў Віцебску выклікала цікавасць і з боку аматараў жывапісу, і з боку творцаў. Тэма выставы - нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, 500-гадовы юбілей якога быў урачыста адзначаны летась, - прыцягнула ўвагу вернікаў з усіх пяці каталіцкіх парафіяў Віцебска.

Ці не найбольшая колькасць глядацкіх водгукаў, пакінутых у адмысловым сшытку на выставе, была прысвечаная твору Сяргея Шэмета "Звеставанне". Гледачоў узрушыла тое, як мастак перадаў святло, што разлілося вакол Найсвяцейшай Панны Марыі ў момант атрымання Ёю Добрае Весткі.

"Чырвоны дыялог" у выкананні Пётры Багданава - іншы, пададзены ў трывожных і стрыманых рэмбрандтаўскіх колерах.

У такой жа колеравай гаме вытрыманая і праца найстарэйшага ў гэтым коле творцаў мастака Міколы Кірэева "Гучыць арган", якая прыцягвала ўвагу многіх наведнікаў увасобленнем удала спалучанай сілы мастацкай прыгажосці і духоўнага зместу. Дарэчы, Мікола Кірэеў звязаны з Віцебшчынай сваім творчым лёсам, тут ён пачынаўся як мастак падчас навучання ў 50-60-я гады на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута.

Ігар Гардзіёнак таксама звязаны з Віцебшчынай, але ўжо фактам свайго нараджэння на славутай і багатай на таленты вушацкай зямлі. Яму ж належала ідэя правядзення пленэра, праз кантакты з ім віцебскага Дома польскага выстава трапіла і ў Віцебск. Ён паказаў на выставе цікавы твор - "Сад". Ягоная жонка Вольга Гардзіёнак-Кірэева ўзяла за тэму сваёй працы евангельскі сюжэт уцёкаў у Егіпет. Гэты твор выклікаў ці не найбольш захаплення менавіта ў моладзевай аудыторыі, бо, выкананы ў манеры, блізкай да абстракцыянізму, уважліваму гледачу ён дарыць вобразы св. Язэпа і Маці Божай з Хрыстом.

Творы Ірыны Каваленкі вабілі раптоўнай святочнасцю, якая прабіваецца імклівым палётам птушак праз рытм дэкаратыўнасці, уражвалі яркімі колерамі. Таксама ў дэкаратыўнай манеры адлюстравала выяву Будслаўскага санктуарыя Таццяна Сіплевіч.

У цэлым шэрагу твораў цікава спалучаюцца ідылічныя сцэны штодзённага жыцця ў мястэчку і манументальная прыгажосць славутага храма, які велічна ўзвышаецца над Будславам і бачны з любога ягонага кутка. Такім чынам убачылі і ўвасобілі мясцовыя краявіды Юры Алісевіч, Ліліяна Гудава і Лада Шчасная.

Мясцовыя краявіды асабліва пяшчотна адбіваліся ў сэрцах былых пілігрымаў, а таксама ўсіх, каму давялося хоць раз пабываць у Будславе. Выстава натхняла і тых, хто рыхтаваўся да сёлетняе пілігрымкі да Будслаўскай святыні, бо вікарый віцебскай парафіі святой Барбары кс. Браніслаў Дашкевіч адмыслова праводзіў з моладдзю падрыхтоўку да пілігрымкі ў зале, дзе экспанавалася выстава.

Гэтая выстава стала трэцяй у Доме польскім за апошнія паўгода, а сведчаннем яе поспеху была шматлюднасць урачыстага закрыцця, на якое прыйшлі не менш за паўсотні віцябчанаў, сярод якіх пераважалі маладыя людзі. Гэты поспех адбыўся, на думку Э. Галустава, таксама і праз удзел і дапамогу пробашча рыма-каталіцкай парафіі св. Барбары а. Міхала Ермашкевіча ды пробашча віцебскай Васкрасенскай грэка-каталіцкай парафіі а. Зміцера Грышана.

Поспех выставы з Будслаўскага пленэру натхняе кіраўніка мастацкай галерэі віцебскага Дому польскага на арганізацыю новых падобных падзеяў у тутэйшым мастацкім жыцці. Паводле ягоных задумаў, у перспектыве аматараў жывапісу чакаюць экспазіцыі польскіх мастакоў са Львова, пецярбургскай мастачкі польскага паходжання Ірэны Бірулі, польскага графіка з Гданьска Лукаша Левандоўскага ды іншых цікавых творцаў як з-за мяжы, так і з Беларусі.

Але, на думку Эдварда Галустава, найбольш глыбокі след у Віцебску выстава твораў Будслаўскага мастацкага пленэру пакінула праз падказаную ёю ідэю правядзення падобных пленэраў у Віцебскай вобласці, у прыватнасці, у гонар абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў на Браслаўшчыне.

Віктар Сцяпанаў

 

 

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар