ХІ Кірмаш каталіцкіх выдаўцоў
1 красавіка 2005 года ў Варшаве распачаў працу чарговы ХІ Кірмаш каталіцкіх выдаўцоў. Беларускае выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Pro Christo ўжо другі год запар прымае удзел у гэтым сапраўдным фэсце каталіцкай кнігі. На кірмаш прадстаўляць выдавецтва прыехалі дырэктар выдавецтва Аліна Новікава, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, мастацкі рэдактар выдавецтва Алег Глекаў, і фотакарэспандэнт Мікалай Новікаў.
Робячы экспазіцыю, супрацоўнікі выдавецтва Pro Christo зрабілі акцэнт на свае новыя выданні. Гэта, перадусім, літургічныя кнігі — выданне новага Імшала для дыяцэзій на Беларусі і «Парадак хросту дзяцей», дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі», а таксама альбом «Fidei testis» — пра жыццё кардынала Казіміра Свёнтка, іерарха Касцёла на Беларусі, і новы гістарычны раман «Будзь воля Твоя» пісьменніцы Ірыны Жарнасек. Акрамя вышэй названых на стэндзе можна было ўбачыць увесь спектр выданняў выдавецтва, якія пабачылі свет за апошнія два-тры гады, — кнігі, брашюры і часопісы.
Падчас працы кірмаша прафесару Варшаўскага каталіцкага універсітэта, айцу дамініканіну Яцэку Салію былі ўручаны аўтарскія экземпляры яго кнігі «Гаданне, астралогія, рэйнкарнацыя...», выдадзенай на рускай аснове ў выдавецтве Pro Christo.
Праца кірмаша праходзіла ў няспыннай малітве, кожную гадзіну супольна адмаўлялася частка Ружанца ў інтэнцыі хворага Святога Айца Яна Паўла ІІ. Познім вечарам 2 красавіка з Ватыкана прыйшла сумная вестка аб адыходзе ў вечнасць Святога Айца Яна Паўла ІІ. У сувязі з жалабай апошні дзень працы выставы быў адменены. Разам з арганізатарамі кірмаша ўсе экспаненты прынялі ўдзел ў ранішняй жалобнай Імшы за Святога Айца Яна Паўла ІІ ў касцёле айцоў марыянаў.