Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


СЦЕЖКА БОЖАЙ КАРОЎКІ


ПРАСІЦЕ І АТРЫМАЕЦЕ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

«РЫМСКІ ІМШАЛ»
для Музея беларускага кнігадрукавання

9 сакавіка 2005 г. прадстаўнікі выдавецтва «Pro Christo» урачыста перадалі Музею беларускага кнігадрукавання экзэмпляр свайго новага выдання — «РЫМСКІ ІМШАЛ для дыяцэзій на Беларусі».

Дырэктар Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, куды ўваходзіць і Музей беларускага кнігадрукавання, Ільніцкі Мікалай Мікалаевіч, адкрываючы ўрачыстасць, подкрэсліў вялікае значэнне для Беларусі выхаду гэтага выдання.

Дзекан Полацкага дэканата, пробашч парафіі св. Андрэя Баболі Полацку, сябра Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў ксёндз пралат Францішак Кісель зачытаў ліст кардынала Казіміра Свёнтка, Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у якім, у прыватнасці, гаворыцца:

«...Рымскі Імшал з’яўляецца асноўнай літургічнай кнігай, якой карыстаецца Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце для здзяйснення абрадаў святой Імшы паводле лацінскага абраду. У гэтай кнізе сабраныя неабходныя прадпісанні адносна правядзення набажэнстваў, каляндар рэлігійных святаў, а таксама малітвы і іншыя тэксты на ўсе перыяды і дні літургічнага года.

На працягу сямі год спецыяльная камісія, што складалася са святароў і дасведчаных філолагаў з каталіцкага асяроддзя, працавала над перакладам Рымскага Імшала на беларускую мову. І вось у 2004 годзе выйшаў у свет «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі» — першае ў гісторыі падобнае афіцыйнае выданне на беларускай мове, зацверджанае і высока ацэненае ў Ватыкане.

Яго з’яўленне стала важнай падзеяй як для беларускай культуры і рэлігійнага жыцця ў нашай краіне, так і для ўсяго Каталіцкага Касцёла, паколькі гэтае выданне стала першым у свеце надрукаваным перакладам новага Рымскага Імшала, уведзенага Папам Янам Паўлам ІІ. Менавіта яму быў прынесены ў дар першы экзэмпляр Імшала на беларускай мове.

З гонарам я перадаю адзін з экзэмпляраў «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі» Музею беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Спадзяюся, што гэтае выданне, якое з’яўляецца выдатным працягам слаўных традыцый беларускага кнігадрукавання, распачатага нашым вялікім асветнікам Францішкам Скарынам, паспрыяе духоўнаму развіццю нашага народа, захаванню яго хрысціянскіх каранёў, а таксама зойме годнае месца ў яго гісторыі і ў экспазіцыі музея.

Супрацоўнікі выдавецтва адзначылі, што на конкурсе «Мастацтва кнігі», які адбыўся падчас выставы «Кнігі Беларусі-2005», «РЫМСКІ ІМШАЛ для дыяцэзій на Беларусі» быў адзначаны дыпломам І ступені і дыпломам за высокую выдавецкую культуру.

Прымаючы гэтае каштоўнае выданне, загадчыца Музея беларускага кнігадрукавання Шумовіч Алена Уладзіміраўна, выказала удзячнасць Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку за тое, што ён палічыў неабходным перадаць асобнік «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі» і абяцала зрабіць у музеі экспазіцыю аднаго выдання.

Урачыстая перадача выдання «РЫМСКІ ІМШАЛ для дыяцэзій на Беларусі» выклікала вялікую зацікаўленасць як мясцовых сродкаў масавай інфармацыі так і рэспубліканскіх. Сюжэт з гэтай падзеі быў паказаны ў «Навінах» па Першым Рэспубліканскім канале Беларускага тэлебачання.

Пасля ўрачыстасці прадстаўнікі выдавецтва і ксёндз пралат Францішак Кісель пазнаёміліся з экспазіцыямі Музея беларускага кнігадрукавання і Мастацкай галерэі ў Нацыянальным полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

А. Глекаў

Прапануем паглядзець відэа-сюжэт Нацыянальнай Дзяржаўнай Тэлерадыёкампанiі пра перадачу Імшала Музею беларускага кнігадрукавання:

 

 

 

Фота М. Новікава

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар