Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


СЦЕЖКА БОЖАЙ КАРОЎКІ


ПРАСІЦЕ І АТРЫМАЕЦЕ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

XII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «КНІГІ БЕЛАРУСІ — 2005»

15 лютага 2005 года ў нацыянальным выставачным павільёне «Белэкспо» распачала сваю працу XII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кнігі Беларусі — 2005». Сёлета звыш двухсот выдавецтваў з Беларусі, Расіі, Украіны, Кыргызстану, Літвы, Славакіі прынялі ўдзел у гэтым форуме кнігавыдаўцаў. Былі таксама прадстаўлены некаторыя выдавецтвы Швецыі, Францыі, ЗША, Лігі арабскіх дзяржаваў, Кітая, Германіі.

Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» ўжо другі год запар прымала ўдзел у гэтай выставе. Стэнд выдавецтва падчас выставы-кірмашу вылучаўся сярод іншых асаблівай духоўнай атмасферай, якую стваралі перш за ўсё новыя выданні, прадстаўленыя выдавецтвам. Гэта перадусім «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі», які ў мінулым годзе пабачыў свет і быў благаслаўлёны Папам Янам Паўлам ІІ. Гэта першае выданне «Рымскага Імшала» на беларускай мове і першае ў свеце выданне трэцяй рэдакцыі «Рымскага Імшала» ў перакладзе на нацыянальную мову. Прафесійныя выдаўцы і паліграфісты не маглі абмінуць стэнд з гэтым фаліянтам, не ацаніўшы складанасць, адказнасць і якасць працы выдавецтва, друкарні і пераплётнай майстэрні, якія сумесна стварылі гэта адметнае выданне. Таксама да стэнда выдавецтва прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў і выданні-дыпламанты мінулагодняга і сёлетняга Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі». У гэтым годзе былі адзначаны: «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі» — дыплом І ступені і спецыяльны дыплом «За лепшую культуру выдання»; альбом, прысвечаны Яго Эмінэнцыі кардыналу Казіміру Свёнтку, «Fidei testis» — дыплом ІІ ступені; каляндар на 2005 год «Скарбы, якія можна уратаваць» — дыплом ІІ ступені; кніга нямецкай журналісткі Андрэа Сафі Яннуш у перакладзе Васіля Сёмухі «Лёк» — дыплом ІІІ ступені. Гэтыя выданні разам з іншымі дыпламантамі конкурсу дэманстраваліся на спецыяльным стэндзе.

У першы дзень працы выставы-кірмаша яе наведалі Яго Эмінэнцыя ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк і Яго Эксцэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка. У першую чаргу яны азнаёміліся са стэндам «Лепшыя выданні Беларусі па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі — 2005”». Затым ганаровыя госці наведалі стэнд выдавецтва «Pro Christo». У гэты час там знаходзіліся народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы паэтка Данута Бічэль, якія са шчырасцю і ўдзячнасцю прывіталі шаноўных наведвальнікаў. Пасля шаноўныя госці наведалі стэнд друкарні «Прынткорп» і некаторыя іншыя.

Шматлікія наведвальнікі выставы на стэндзе выдавецтва «Pro Christo» змаглі набыць новую кнігу народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча «На флейце самоты» і атрымаць аўтограф непасрэдна ад аўтара. Было таксама шмат жадаючых атрымаць аўтограф лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Купалы Дануты Бічэль — паэткі, апошнія зборнікі вершаў якой былі таксама ўбачылі свет у выдавецтве «Pro Christo».

Арганізатары выставы ў межах конкурсу «Мастак і кніга» знайшлі магчымасць ацаніць творы мастакоў, якія працуюць у галіне кніжнай графікі. Між іншым, мастак Ігар Гардзіёнак прадставіў на конкурс свае ілюстрацыі да кнігі Ірыны Жарнасек «Спрэчка анёлаў», што выйшла ў выдавецтве «Pro Christo».

На другі дзень стэнд выдавецтва наведаў вядомы беларускі перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа Васіль Сёмуха. Ён з’яўляецца перакладчыкам кнігі «Лёк», якую напісала нямецкая журналістка А. С. Яннуш. Васіль Сёмуха падпісваў наведвальнікам выставы гэтую новую кнігу, што выйшла ў выдавецтве «Pro Christo», і якая на сёлетнім конкурсе кнігі атрымала дыплом ІІІ ступені. З гэтай нагоды Васіль Сёмуха даў інтэрв’ю карэспандэнту Рэспубліканскага радыё, расказаў аб сваёй працы над гэтым творам.

17 лютага, апошні дзень працы выставы, прынёс яшчэ адну неспадзяваную, але прыемную навіну. Ігар Гардзіёнак па выніках конкурсу «Мастак і кніга» за ілюстрацыі да кнігі «Спрэчка анёлаў» атрымаў дыплом «Тоеснасць» — вышэйшую адзнаку конкурсу. Пасля абвяшчэння вынікаў конкурсу Ігар паспяшаўся да стэнда «Pro Christo», каб гэтай радаснай навіной падзяліцца з супрацоўнікамі выдавецтва і пісьменніцай Ірынай Жарнасек, аўтарам кнігі «Спрэчка анёлаў». Ірына Жарнасек у гэты дзень падпісвала жадаючым свой новы гістарычны раман «Будзь воля Твая» які распавядае пра трагічныя старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны мінулага ХХ стагоддзя — пра росіцкую трагедыю. Стэнд выдавецтва наведалі таксама Марыя Вайцяшонак і Ала Сямёнава, якія падпісвалі чытачам свае кнігі, што ўбачылі свет ў выдавецтве «Pro Christo».

Падчас выставы карысталіся папулярнасцю і перыядычныя выданні Каталіцкага Касцёла, якія таксама рыхтуе да друку выдавецтва: гэта часопісы «Наша Вера» і «Ave Maria», галоўны рэдактар якіх — пісьменіца Крыстына Лялько — падчас працы выставы актыўна гутарыла аб планах часопісаў з беларускімі літаратарамі, якія наведалі выставу. Дзіцячы часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай» супрацоўнікі выдавецтва дарылі маленькім наведвальнікам.

А. Глекаў,
фота М. Новікава

 

 

 

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар