Прэзентацыя кнігі Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая»
Раман «Будзь воля Твая» распавядае чытачам ХХІ стагоддзя пра адну з трагічных старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны мінулага стагоддзя – расіцкую трагедыю. Бязмежная любоў і жорсткая нянавісць, грэх братазабойства і гатоўнасць на ахвяру дзеля бліжняга, бяздумнае бязбожніцтва і вялікая вера ў Божы Провід – усё гэта чытач сустрэне ў рамане Ірыны Жарнасек. Героямі яго з’яўляюцца як гістарычныя асобы – блаславёныя айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, так і тыя людзі, што жылі альбо маглі жыць побач з імі і сталі ўдзельнікамі гэтых страшных і адначасова такіх прыгожых у сваёй ахвярнай любові і высакароднасці падзей.
12.02.2005.
У грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Лідзе пасля суботняй літургіі адбылася сустрэча з пісьменніцай Ірынай Жарнасек, аўтаркай рамана «Будзь воля Твая». Дыякан закону марыянаў Андрэй Сідаровіч сказаў пра сваё ўражанне ад гэтага твора, потым І. Жарнасек распавяла прысутным пра росіцкую трагедыю 1943 года, якая стала асноўнай тэмай рамана, адказала на пытанні слухачоў. Закончылася сустрэча сяброўскай гарбатай.
13.02.2005.
Прэзентацыя кнігі Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» прайшла ў парафіі святога Яна Хрысціцеля на Серабранцы (г. Мінск). Перад слухачамі выступіла аўтар кнігі, якая распавяла пра гісторыю напісання рамана, прысвечанага росіцкай трагедыі. Слухачы мелі магчымасць набыць кнігу з аўтографам пісьменніцы. Дыякан закону марыянаў Андрэй Сідаровіч раздаў прысутным абразкі росіцкіх мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры з малітваю праз іх заступніцтва.
16.02.2005.
У музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку прайшла прэзентацыя рамана І. Жарнасек «Будзь воля Твая», прымеркаваная да 62 угодкаў росіцкай трагедыі. У імпрэзе прынялі ўдзел вернікі з полацкай і наваполацкай парафій, святары, творчая інтэлігенцыя. Пра кнігу гаварылі сама аўтар, а таксама а. Вячаслаў Пялінак МІС, дыякан Андрэй Сідаровіч МІС, пробашч полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Лявонці, кс. Вячаслаў Барок, паэт з Верхнядзвінска Антон Бубала і іншыя ўдзельнікі імпрэзы. Быў паказаны ўрывак з фільма «Да хвалы алтара» (рэжысёр А. Сухаржэўскі, аўтар сцэнарыя І. Жарнасек). Гучалі спевы «Salve Regina», «Росіца» (сл. І. Жарнасек, муз. а. В. Пялінак МІС), «Магутны Божа».
17.02.2005.
Малітвамі «Ойча наш» і «Вечная памяць» пачалася прэзентацыя кнігі Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» ў грэка-каталіцкім клубе інтэлігенцыі (філіял музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка»). Аўтар распавяла пра гісторыю стварэння кнігі, яе герояў і прататыпаў, пра саму росіцкую трагедыю, дакрануцца да якой слухачам дапамог і ўрывак з дакументальнага фільма «Да хвалы алтара» (аўтар сцэнарыя І. Жарнасек, рэжысёр А. Сухаржэўскі). Завяршылася сустрэча спевам «Магутны Божа».
18.02.2005.
Прэзентацыя кнігі І. Жарнасек «Будзь воля Твая» прайшла ў музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. У ёй прынялі ўдзел святары, пісьменнікі, чытачы. Пра сваю працу над кнігай распавяла аўтар. Быў паказаны фрагмент фільма «Да хвалы алтара» (рэжысёр А. Сухаржэўскі, аўтар сцэнарыя І. Жарнасек). Сваімі ўражаннямі пра кнігу падзяліліся паэт Сяргей Панізнік, літаратурны крытык Ала Сямёнава, а. Вячаслаў Пялінак МІС, рэдактар кнігі пісьменніца Хрысціна Лялько, дыякан Аляксандр Шамрыцкі МІС. Гучалі ўрыўкі з рамана, песня «Росіца» ў выкананні капэлы хора «Глёрыя». Потым вядучы прэзентацыі дыякан Аляксандр Шамрыцкі ад імя ордэна айцоў марыянаў падзякаваў аўтару за яе працу на карысць пашырэння культу росіцкіх мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры і падараваў ёй фотаздымак, на якім віцэ-генерал ордэна айцоў марыянаў а. Ян Рокам прыпадносіць у якасці падарунка кнігу «Будзь воля Твая» Святому Айцу Яну Паўлу ІІ. І. Жарнасек сказала, што гэта – лепшы для яе падарунак.
Спевам «Магутны Божа» закончылася гэта прэзентацыя.
19.02.2005.
На ўрачыстай Святой Імшы ў росіцкім касцёле Святой Тройцы, прысвечанай 62-м угодкам росіцкай трагедыі, аўтар рамана «Будзь воля Твая» Ірына Жарнасек прынесла сваю кнігу ў якасці дару на алтар.
Пасля Імшы яна сказала слова падзякі Пану Богу за тое, што Ён дазволіў ёй прапусціць праз сэрца падзеі росіцкай трагедыі і напісаць кнігу, у якой адлюстроўваюцца гэтыя падзеі і ахвяра жыццяў блаславёных мучанікаў – айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
Потым была агульная працэсія ўдзельнікаў набажэнства на пляц мучаніцкай смерці ахвяраў трагедыі.
20.02.2005.
Пасля кожнай Святой Імшы ў касцёле Святой Тройцы (на Залатой Горцы) у Мінску прайшлі кароткія прэзентацыі кнігі «Будзь воля Твая» з удзелам аўтара Ірыны Жарнасек.