Міжнародная сакральная выстава
Міжнародная сакральная выстава «Касцёлы-2004» адчыніла свае залы наведвальнікам 14 кастрычніка 2004 года ў Гданьску (Польшча). Арганізатарам гэтай выставы былі ўлады Паморскага ваеводства і Акцыянернае таварыства «МТГ». Ганаровы патранат выставы – Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Гацлоўскі, мітрапаліт Гданьскі.
Сакральная архітэктура і яе накірункі, будаўніцтва, мастацтва, музыка, рэлігійныя выдавецтвы, друкарні і майстэрні, інфармацыйныя сістэмы і мультымедыяльныя сродкі евангелізацыі – такой багатай была тэматыка «Першай міжнароднай сакральнай выставы», на якой прысутнічалі прадстаўнікі з іспаніі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы і Беларусі.
Беларусь была прадстаўлена на выставе выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo», якое арганізавала не толькі прэзентацыю ўласных выданняў, але і прапанавала наведвальнікам тры фотавыставы: «Сведка веры», «Скарбы, якія можна ўратаваць» і «Вясна Касцёла на Беларусі».
Вялікую цікавасць выклікаў «Рымскі імшал» на беларускай мове — першае і пакуль адзінае выданне “Рымскага імшала» трэцяй рэдакцыі, перакладзенае на нацыянальную мову. Шматлюдна было і каля фотавыставаў. Асабліваю цікавасцю карысталася фотавыстава «Сведка веры», прысвечаная юбілею святарства кардынала Казіміра Свёнтка. З нагоды 65-годдзя святарства і 90-гадовага юбілею іерарха Касцёла на Беларусі выдавецтва «Pro Christo» разам з друкарняй «Apostolicum» выдала альбом «Fidei testis».
Цікавым дадаткам да выставы «Скарбы, якія можна ўратаваць» з’явіўся каляндар з такою ж назвай, у якім прадстаўлены некаторыя абразы з фондаў музея старажытнабеларускага мастацтва.
![](../img/actions/2004-10-14_1.jpg)