Імшал на беларускай мове
21 жніўня 2004 года дырэктар пераплётнай майстэрні «Librarium» Дамініка Свянткоўская і дырэктар выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» прадставілі Яго Эміненцыі кардыналу Казіміру Свёнтку экзэмпляр новага выдання «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі».
Як адзначыў Яго Эміненцыя кардынал Казімір Свёнтэк, выхад у свет гэтага выдання значны не толькі таму што гэта першае ў гісторыі выданне зацверджанага «Рымскага Імшала» на беларускай мове, але таксама і першае выданне трэцяй рэдакцыі «Рымскага Імшала», перакладзенага на нацыянальныя мовы.
Гэты экзэмпляр «Рымскага Імшала» Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк прадставіць Святому Айцу Яну Паўлу ІІ у верасні гэтага года.
Рымскі Імшал з’яўляецца асноўнай літургічнай кнігай для цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Тэкст Рымскага Імшала, перакладзены на беларускую мову Мінска-Магілёўскай мітрапалітальнай камісіяй па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры, быў ухвалены, а таксама дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 3 сакавіка 2003 г. Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі быў прыняты і зацверджаны Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пастановай ад 6 жніўня 2003 года — Prot. 1107/03/L.
Гэтае выданне з моманту выхаду з друку з’яўляецца ўзорным, а таксама адзіным і абавязковым для цэлебрацыі Святой Імшы на беларускай мове як на Беларусі, так і за яе межамі.