Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ТРЫ ПАСТУХІ

 

8 дзейных асобаў:

чатыры пастухіАндрэас, Томас, Якаб, Давід
і дзве жанчыныЕва і Сузанна, а таксама Юзаф і Марыя.

      (Гэтую калядную п’есу можна ставіць у школе, у касцёле ці дома перад каляднаю ялінкаю. Для яе не патрэбны кулісы — вогнішча пастухоў і хлеў у Бэтлееме акцёры ствараюць самі падчас ігры.)

Сцэна 1

(Ноч. Поле. Пастух Якаб складвае хлеб, сыр, воўну і г. д.
у хустку, затым павольна і зграбна завязвае яе. Ён неразборліва бурчыць штосьці сабе пад нос. Яго рухі і гаворка няспрытныя, і таму некаторыя пастухі лічаць яго дурнем. Злева і справа хутка падыходзяць Андрэас і Томас. Андрэас трымае ў руцэ ліхтар.)

Андрэас. Якаб! Якаб! Мне трэба штосьці сказаць табе! Штосьці цудоўнае! Ты будзеш скакаць ад радасці!

Томас (з другога боку). Якаб, гэй, стары Якаб! Ты іх таксама бачыў?

Якаб (глядзіць на аднаго, потым на другога і паказвае на клунак). Вось! Ежа і воўна. Ужо гатовыя.

Томас. Цяпер не думай пра ежу! Збярыся з думкамі і ўважліва слухай. Ці бачыў ты ў гэту ноч таксама штосьці... штосьці дзіўнае?

Андрэас (свеціць Якабу ў твар). Добры Якаб! Глядзі, Томас, ён дрыжыць. Ён таксама бачыў іх.

Якаб. Я спалохаўся… спачатку. А потым зразумеў іх. Памалу. А потым я ўзрадаваўся.

Андрэас. Што ты зразумеў, Якаб? Гэта было пасланне?

Томас. Ціха, Андрэас! Дай яму сказаць! Няхай ён раскажа нам, што перажыў. Нічога яму не падказвай. Ён жа дурны, сам ён нічога не можа прыдумаць і наплесці. Ён скажа нам праўду. Ну, што ты бачыў… і чуў?

Якаб. Іх было вельмі шмат. Яны смяяліся ад радасці. Яны сказалі: «Не бойцеся. Мы аб’вяшчаем вам вялікую радасць. Нарадзіўся Збаўца». Вось так яны сказалі.

Андрэас. Збаўца, якога мы так доўга чакалі!

Томас. Значыць, нам гэта не прыснілася. Далей, Якаб!

Якаб. І вось вам…

Андрэас (дапамагае яму далей). ...знак...

Якаб. Дзіця… у пялюшках… якое ляжыць у яслях… (Усхвалявана.) Коўдра! Коўдра! Коўдра!

Томас. Ён ужо зноў зусім збіўся з панталыку... Давай, Якаб, збярыся з думкамі. Скажы нам яшчэ што-небудзь. Яны спявалі?

Якаб. Хвала… Хвала на вышынях… Богу… а на зямлі супакой…

Андрэас. ...людзям добрай волі.

Якаб. Так, гэта было так. Менавіта так. Слова гонару.

Томас. Нарадзіўся Збаўца! Там, у Бэтлееме!... Слухайце, вы абодва! Сцеражыце маіх авечак! Я пайду ў Бэтлеем прывітаць Збаўцу!

Якаб. Так, так, так! І коўдру!

Томас. Што ён балбоча?

Якаб. Коўдра. Яслі. Мякка ляжаць.

Андрэас. Ён хоча сказаць, што мы павінны ўзяць з сабою коўдру, каб Дзіцяці ў яслях не было так мулка ляжаць.

Томас. Добра, я вазьму коўдру для Дзіцяці.

Андрэас. А я вазьму збан з малаком.

Якаб (высока падымае свой клунак). Вось. Вось. Усё падрыхтавана!

Андрэас. Я яшчэ хуценька скажу Давіду, Еве, і Сузанне, што мы бяром іх з сабою. А калі ўсе збяруцца разам, адправімся.

Томас. Стоп! Хто адправіцца?

Андрэас. Мы ўсе!

Якаб. Так, так! Усе!

Томас. Андрэас, ты гэта сур’ёзна? Ты хочаш узяць з сабою ўсіх астатніх?

Андрэас. Ясная рэч! І усім, хто яшчэ не чуў гэтай весткі, мы павінны аб’вяшчаць яе. Каб усе пастухі маглі пайсці, вялікія і малыя, старыя і маладыя. (Хоча бегчы.)

Томас (стрымлівае яго). Андрэас, ты звар’яцеў. Нельга ісці такім натоўпам! Гэта будзе толькі за­трымліваць. У Давіда хворая нага, ён можа толькі кульгаць, любы смоўж рухаецца хутчэй за яго. А Сузанна са сваім дзіцём, якое ўвесь час нечага просіць! Ды яшчэ Ева — яна ж такая баязлівая, яе заўсёды трэба супакойваць, бо ёй чуецца, як гыркаюць ільвы ці крадуцца разбойнікі! Андрэас, будзь разважлівы! Толькі аднаму можна рухацца наперад.

Андрэас. Я хаця б спытаю, ці не хочуць яны пайсці разам. (Выходзіць.)

Томас (крычыць яму ўслед). Дык сам з імі і важдайся! Я не дазволю, каб мяне затрымліваў невядома хто, я пайду без вас!

(Якаб падымаецца).

Томас. А ты, Якаб, што скажаш?

Якаб. Ісці разам!

Томас. Вось!.. Але паслухай, дарагі Якаб, ты ж, напэўна, разумееш: хтосьці павінен застацца пры авечках!

Якаб. Авечкі таксама разам!

Томас. Не! Нам жа патрэбна некалькі дзён, каб дабрацца да Бэтлеема! Якаб, ты застанешся тут. Ты дужы, наш добры Якаб, табе можна даверыць жывёлу. Гэта ж можна не кожнаму, ці ж не так?.. Прывітанне маленькаму Божаму Дзіцятку перадай праз мяне. Там трэба ўмець прыгожа гаварыць. Ты слаўны пастух, але зусім не ўмееш гутарыць.

Якаб. Я не хачу нічога казаць. Толькі маўчаць. Глядзець на Дзіця.

Томас. Але Якаб, ты такі кудлаты хлопец, Дзіця можа спалохацца цябе, ты ж не хочаш Яго напалохаць, праўда?

Якаб. Напалохаць?

Томас. Паглядзі, выпраўляюць звычайна тых, хто робіць лепшае ўражанне… А я табе ўсё раскажу, калі вярнуся. (Хутка выходзіць гаворачы.) Усё па­дра­бязна раскажу!

 Якаб (адзін). Кудлаты… Дурны… Напалохаць маленькае Дзіця… не, не! Хтосьці павінен застацца пры авечках! Гэта праўда. (Глядзіць на свой клунак.) Хм-м! Ну, так. (Выходзячы.) Разумееш, Божае Дзіцятка, хтосьці павінен клапаціцца пра авечак…

Сцэна 2

(Андрэас крочыць на чале гурту пастухоў. Яны нясуць ліхтары, коўдры і збаны. Сузанна трымае немаўля. Ева ўвесь час баязліва азіраецца. У Давіда на ступні павязка, ён ідзе з кіёчкам. Нягледзячы на гэта, ва ўсіх радасны настрой.)

Андрэас. Асцярожна, тоўсты корань.

Сузанна. Перадай далей: корань.

Ева. Гэта не змяя, Давід?

Давід (стукае сваім кіем па зямлі). Не, корань. Калі б гэта была змяя, яна б імгненна адпаўзла. Не бойся, Ева.

Ева. Добра. Ты можаш абаперціся на мяне, Давід.

Сузанна. Ой-ой, у майго маленькага Сімона зноў мокрыя пялюшкі. Ці можам мы на хвіліначку спыніцца? Калі я адразу не пераспаўю дзіця,
у яго пачырванее попа і ён расплачацца.

Андрэас. Ну, тады спавівай. Мы чакаем.

(Сузанна спавівае.)

Ева (неспакойна прыслухоўвацца ва ўсе бакі). Я не хачу вас непакоіць, але магу паспрачацца, што наперадзе хтосьці ідзе.

Давід. Ці не Томас гэта будзе?

Сузанна (спавіваючы). Не, ён, напэўна, ужо прыйшоў да маленькага Збаўцы.

Ева (прыслухоўваецца). Гэта не Томас. Па гуку падоб­на на разбойнікаў, нібы крадуцца разбойнікі!

Андрэас (робіць пару крокаў наперад з ліхтаром). Ева, ніхто тут не крадзецца!

Ева. Ну, тады прабач, калі ласка, ты ж ведаеш, што я палахліўка.

Сузанна. Такой бяды, лепш быць палахліўцам, чым хватам, які ніколі не сцеражэцца. Ну вось, мае дарагія, мы гатовы! (Высока падымае дзіця.) Калі ласка, свежы і духмяны, як належыць.

Андрэас. Наперад, ідзём далей. (Яны крочаць.)

Ева. Надта ж ужо змрочная гэтая дарога ў
Бэтлеем.

Давід. Ай! Ай-я-яй!

Андрэас. Твая ступня?

Давід. Так, мне вельмі шкада. Але, напэўна, мне трэба нанава перавязаць яе.

Сузанна. Я дам табе пялюшку Сімона, яна мяккая, акурат для павязкі. Ева, патрымай, калі ласка, малога.

Ева (бярэ дзіця і калыша яго). Лю-лі, лю-лі, лю-лі!
А-а, а-а-а! Не плач, не плач. Зараз мы пойдзем далей, да маленькага Сына Божага.

(Андрэас і Сузанна перавязваюць Давіду ступню.)

Давід. Прыкра, што я вас гэтак затрымліваю.
І што вам даводзіцца важдацца са мною.

Сузанна. Не лямантуй. Кожнаму бывае па­трэбна дапамога іншых людзей.

Андрэас. Апроч таго, мне вельмі даспадобы, што я магу табе зараз дапамагчы. Мы ж таксама хочам служыць маленькаму Збаўцы. І калі нас спытаюць: «Ці можаце вы наогул служыць?», тады мы ўпэўнена адкажам: «Так, мы ўжо крыху напрактыкаваліся!»

 Сузанна. Напрыклад, кормячы і гушкаючы дзіця.

Давід. Напрыклад, перавязваючы ступню.

Сузанна. Напрыклад, адганяючы львоў і пераконваючы ў тым, што няма чаго баяцца.

(Яны смяюцца.)

Андрэас. Вам добра смяяцца. Але мне стано­віц­ца зусім дрэнна ад хвалявання, калі я думаю пра тое, што я павінен прывітаць маленькага Збаўцу. Я не скажу ні слова.

Ева. Мы будем табе падказваць.

Сузанна. Мы будзем размаўляць з Ягонай Маці. Двум маці вельмі лёгка паразумецца. «Табе патрэбны пялюшкі? — спытаю я. — У Цябе хапае малака? Ці дапамагчы Табе купаць Дзіця?»

Давід. Ясная рэч, што жанчынам лягчэй размаўляць.

Сузанна. «Дазволь нам паглядзець на тваё Дзіця! — скажам мы. — Мы толькі бедныя пастухі, і людзі ў горадзе пагарджаюць намі. Ад нас надта моцна пахне хлявом і жывёлай. Мы наогул не адважыліся б прыйсці, калі б пасланцы ясна не сказалі: „Вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках…“»

Ева. Цс-с! Цс-с! Там, наперадзе, я нешта чую!

Сузанна. Так, там стаіць дом! У цемры яго амаль не відаць.

Андрэас. Выходзіць нейкі мужычна.

Ева. Дом? Гэта хутчэй хлеў.

Андрэас. У мужчыны ліхтар.

Ева. Прынамсі не разбойнік. Разбойнікі не ходзяць з ліхтарамі.

Андрэас. Гэй, сябра?

Юзаф. Вы шукаеце Дзіця?

Андрэас. Дзіця ў яслях, Збаўцу і Яго Маці.

Юзаф. Гэта мая сям’я. Уваходзьце!

Ева. Яго сям’я?

Сузанна. Ты думаеш, што мудры Бог пакіне свайго Сына, пакуль Той яшчэ такі малюсенькі, на свеце без добрага абаронцы? У мужчыны ветлае аблічча, давайце ўвойдзем.

Марыя (з Дзіцяткам, ветліва выходзіць насустрач пастухам). Глядзі, Дзіцятка Езус, вось прыйшлі пастухі наведаць Цябе.

(Пастухі падштурхоўваюць адзін аднаго, вельмі саро­меючыся.)

Ева (ціха). Андрэас, ты павінен павітаць Дзі­цятка.

Сузанна. Ну, скажы што-небудзь.

Андрэас (адкашліваецца). Гм-м, гм-м. (Да Давіда.) Гавары ты, калі ласка!

Давід (кавыляе са сваім кіем бліжэй). Гм-м, гм-м. Ну, вось і мы!

(Марыя і Юзаф усміхаюцца.)

Юзаф. Вы прайшлі доўгую дарогу. Вы, напэўна, хо­чаце піць. Вось... (прыносіць збан) тут вада з крыніцы.

Андрэас. Малако! Не забыцца пра малако для Дзіцяткі!

Ева. Яйкі!

Сузанна. Вось некалькі пялюшкаў, якія, напэўна, могуць Табе спатрэбіцца.

(Пастухі, задаволеныя, што яны могуць нешта зрабіць, разгортваюць свае дарункі.)

Ева. Я магу зварыць вам суп. Альбо прыгатаваць што-небудзь назаўтра, каб Табе не мучыцца.

Марыя. Так, я буду вельмі ўдзячная. Гатаваць мне яшчэ вельмі цяжка. І спавіваць, і купаць…

Сузанна. Так заўсёды, спачатку баішся, ці правільна ўсё гэта робіш. Ты яшчэ ніколі не дапамагала гадаваць дзіця і не вучылася, як трэба спавіваць?

Марыя. О, так! У сваёй залвіцы Альжбеты я добра навучылася гэтаму, я дапамагала ёй гадаваць маленькага Яна.

Сузанна (нахіляецца над Дзіцяткам Езусам). Якое прыгожае Дзіця!

Ева. Сапраўдны маленькі волат! Хіба ж не?

Сузанна. Добра, калі Ён будзе дужы да працы, якая Яго чакае! Так шмат людзей, якія спадзяюцца на Яго! (Пяшчотна дакранаецца да Дзіцяткі Езуса.) Зычым Табе ўсяго найлепшага, дарагое Дзіцятка! І каб Ты знайшоў шмат сяброў, якія будуць дапамагаць Табе!

(Жанчыны ўваходзяць у хлеў.)

Давід (ківае галавой). Ім сапраўды лёгка паразумецца, жанчынам!

Андрэас (да Юзафа). Чым мы можам дапамагчы? Дай нам якую-небудзь працу, каб мы не стаялі склаў­шы рукі. Пасячы дровы, прынесці вады, вычыс­ціць хлеў ці штосьці такое — гэта мы добра ўмеем!

Давід. Томас, напэўна, таксама добра гаварыў, вітаючы Дзіцятка!

Андрэас. Томас! Я і забыўся пра яго. (Да Юзафа.) Дарагі пане, ці быў ужо ў вас Томас?

Юзаф. Тут не было ніякага Томаса!

Андрэас. Такі высокі пастух з карымі вачыма…

Юзаф. Яго яшчэ тут не было.

Андрэас. Не можа быць. Ён жа выйшаў раней за нас.

Юзаф. Ён адзін пайшоў?

Андрэас. Адзін, каб хутчэй рухацца наперад.

Юзаф. Можа, ён заблукаў.

Давід. Ах, ён ведае дарогу ў Бэтлеем як свае пяць пальцаў. Кожны тыдзень ён прыходзіць сюды прадаваць сыр.

Юзаф. Хто адзін ідзе да Дзіцяткі Езуса, той з вялікай цяжкасцю знойдзе дарогу. Хто бярэ з сабой іншых, той не заблукае. Гэта вельмі, вельмі цяжка — знайсці дарогу толькі для сябе аднаго. (Уваходзіць з пастухамі ў хлеў.)

Сцэна 3

(Томас з патухлым ліхтаром выходзіць на пустую
сцэну.)

Томас. Ну вось, такога са мною яшчэ ніколі не здаралася! Уласна кажучы, гэта было б нават смешна, калі б так не хацелася плакаць! Я не магу знайсці дарогу. Дарогу, па якой хадзіў днём і ноччу, пры ўсялякім надвор’і! Я знайшоў бы яе нават з заплюшчанымі вачыма… так я думаў! І ліхтар у мяне патух, і няма ніводнага чалавека паблізу, каб можна было папрасіць святла! Як быццам у мяне перад тварам дошка, такім я сабе здаюся! Быццам авечка, якая заблукала, толькі яшчэ дурнейшы! (Крычыць.) Гэй! Гэй! Ці ёсць тут хто? (Выходзіць.)

Сцэна 4

(Пастух Якаб, захутаны ў свой плашч, сядзіць перад «вогнішчам». Ён выразае свісток. Час ад часу выпрабоўвае яго і штохвілінна прыслухоўваецца да начной цішы.)

Якаб. Хтосьці крычаў? (Прыслухоўваецца.) Не. Усё ціха. Такая ноч, такая доўгая, быццам тры ночы запар. (Свішча.) Вось, амаль што гатовы. (Выразае.) Ця­­пер яны ўсе стаяць вакол маленькага Збаўцы і гля­дзяць на Яго… (Свішча.) Хтосьці павінен сцерагчы авечак, ну так. Нельга пакідаць іх адных. (Прыслухоўваецца.) Аднак там хтосьці крычыць.

Томас (здалёк). Гэй!

Якаб (падымаецца). Гэй! Сюды!

Томас (спатыкаючыся, выходзіць на сцэну і з жахам глядзіць на Якаба). Якаб, гэта ты?

Якаб. Хіба я стаў яшчэ больш кудлатым, што ты мяне не пазнаеш?

(Томас стомлена сядае каля Якаба на зямлю,схаваўшы твар у далонях.)

Якаб. Цудоўна, што ты адразу прыйшоў да мяне… Ну, расказвай!.. Томас, што здарылася? (Усхвалявана, таму зноў заікаючыся.) Што здарылася…
з Дзіцяткам? Андрэас! Сузанна! Дзе?

Томас. Я не знайшоў дарогу. Я ўвесь гэты час хадзіў па крузе.

Якаб (не разумее). Га?

Томас. Я не знайшоў Дзіця. (Сядае ззаду.) Можа, мне трэба было пайсці разам з іншымі…

Якаб. Бедны Томас! Вось! Цёплы суп! Хочаш? (Томас ківае галавой.) Будзем чакаць разам. Яны нам усё раскажуць!

Томас. Я не хачу нікога бачыць. Я не хачу нікога слухаць!

Якаб (супакойваючы). Ну-ну, ну-ну!

(Марыя і Юзаф выходзяць на заднім плане з Дзіцяткам Езусам, ціха і хутка.)

Якаб. То зусім нікога няма, а то нават чужыя прыходзяць… Выглядаюць, нібы беглякі. І дзіця з імі.

Юзаф. Ці можна адпачыць каля твайго вог­нішча?

Якаб. Колькі заўгодна. (Бярэ свой плашч, рассцілае яго.) Для жанчыны.

Марыя. Дзякуй.

Якаб (павярнуўшыся да Томаса). Паглядзі на гэтых людзей!

Томас. Адчапіся. Яны мяне не цікавяць.

Якаб (паціскае плячыма, паварочваецца зноў да вогні­шча). Зараз я падкладу дроў, падагрэю супу, вось
у гэтым гаршку.
(Рязглядае сям’ю.) Уцякаеце, гэ, так?

Юзаф. Мы павінны перанесці Дзіця ў бяспечнае месца.

Якаб (здзіўлена). Але хто ж паквапіўся на не­маўлятка!

Юзаф. Той, хто дрыжыць за сваю ўладу.

Якаб. Ёсць жа вылюдкі… Але слухай, цяпер усё будзе па-іншаму. Нарадзіўся Збаўца. Ён вызваліць нас ад усяго злога. Як толькі ён вырасце, наш Збаўца! (Задумліва шукае і знаходзіць клунак.) Глядзіце, я хацеў прынесці гэта маленькаму Дзіцяці Божаму. Але яны не дазволілі. Хтосьці павінен сцерагчы авечак. (Дае клунак Юзафу.) Вам гэта таксама можа спатрэбіцца. Добры пастуховы хлеб, ён доўга за­стаецца свежым. (Ідзе да вогнішча.) Суп ужо цёплы. Вось!

Марыя. Хочаш патрымаць Дзіця, пакуль мы ядзім?

Якаб. Але ж я такі кудлаты.

Марыя. Мой Сын не зважае, кудлаты чалавек альбо не. (Марыя дае Дзіця Якабу на рукі, потым разам
з Юзафам лыжкамі ядуць суп з гаршка.)

Якаб (на пярэднім плане з Дзіцём на руках. Ён трымае Яго даволі нязграбна, але з любоўю). Ты не баішся мяне? Не? Ах так, ён хоча паглядзець на вогнішча? Вясёлае, цёплае вогнішча, так? (Трымае Дзіця так, каб Яно бачыла вогнішча.) А вось... бачыш... чорныя і белыя авечкі. Пастух сцеражэ іх. Калі адна з іх заблукае, тады пастух ідзе яе шукаць. «Бэ-бэ», — кажа авечка, якая заблудзілася. А пастух кажа: «Ну, вось ты, уцякачка», — і ён бярэ яе на плечы і нясе дадому. (Назад да Томаса.) Томас, падумай. Я магу размаўляць з дзіцем лепш, чым з якім-небудзь звычайным чалавекам. (Томас маўчыць.) Ён надзьмуўся, ведаеш, з ім трэба мець цярплівасць. (Разглядае Дзіця.) Ён надзьмуўся, бо не знайшоў Дзіця з Бэтлеема. (Раптам да Юзафа.) Адкуль вы ідзяце?

Юзаф. З Бэтлеема.

Якаб. Ведаеш, дзіцятка, я зусім дурны чалавек. Мне трэба доўга думаць, каб штосьці ўцяміць. (Павольна, ціха.) Я так хацеў наведаць Дзіця. Магчыма, Яно само прыйшло да мяне…

Марыя (падыходзіць да Якаба і пяшчотна бярэ ў яго Дзіця). Маё Дзіця радуецца, калі людзі прыходзяць да Яго. Таго, хто не можа прыйсці, Ён пойдзе шукаць. Ён будзе ісці за людзьмі, бегчы за людзьмі, пакуль усіх не знойдзе. (Глядзіць на Томаса.) А хто не пазнае маё Дзіця адразу, той, магчыма, пазнае Яго другім, трэцім, сотым разам. Маё Дзіця будзе мець Божую цярплівасць са сваімі чалавечымі братамі!

Якаб. Цярплівасць і спачуванне…

Юзаф. Бывай, Якаб.

Марыя. І вялікі дзякуй табе за ўсё.

(Якаб, нямы ад здзіўлення, глядзіць ім услед.)

Томас. Ну, гэтыя незнаёмцы нарэшце пайшлі?

Якаб. Томас, гэта было Дзіця, якое ты шукаў.

Томас. Ты вар’ят.

Якаб. Але не адчайвайся. Яно вернецца і бу­дзе шукаць цябе.

Пастухі (радасным тлумам выходзяць справа). Вось мы і вярнуліся! Эгэ-гэй, вось мы і вярнуліся!

Андрэас. Мы знайшлі маленькага Сына Бо­жага!

Якаб. Гэта Ён шукаў нас і знайшоў.

Давід. Мы хочам аб’вясціць усім людзям, што бачылі Яго.

Сузанна. Усе павінны пачуць радасную вестку.

Ева. Заспявайма, каб радасная вестка чулася паўсюль.

Давід. Калі нам усе падпяюць… (да Якаба) вы... (да гледачоў) і вы…

(Пастухі, магчыма, разам з публікаю, спяваюць якую-небудзь вядомую калядную песню, напрыклад, «Нарадзіўся, нам з’явіўся» альбо «Зямля і неба».)

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.